Сталенне як несупыннае пераадоленне
У бясконцым пошуку актуалізацыі паняцце самаразумення мастака ператварылася ў стыгмы, такое сабе таўро для маладых аўтараў. Пры пасіўнасці арт-інстытуцый краіны, а таксама ў сітуацыі нястачы прафесіянальных даследчыкаў (адна з іх функцый — фіксаванне і архівацыя мастацкіх працэсаў), што будуюць гістарычную і структурна-інфарматыўную базу, творца пачынае вывучаць сябе сам, задаваць пытанні і падымаць праблему неназванасці рэчаў і з’яў. Па сутнасці, гаворка ідзе пра чарговую ролю ў шэрагу сама-вызначэнняў мастака: сам сабе менеджар, калекцыянер, куратар, крытык, настаўнік. Малады творца запаўняе пустыя пазіцыі на шляху да рэалізацыі ўласных задумаў і праз гэта перафарматоўвае закасцянелы склад арт-дзеячаў, узбагачае бакі, на якія ў дзяржавы альбо грамадства не хапіла сродкаў — фінансавання, кадраў, часу. Новае пакаленне працуе з гісторыяй (праект Алесі Жыткевіч «Personal is political», дзе аўтарка падагульніла найбольш важныя этапы фармавання феміністычнага руху ў мастацтве), дакументаваннем (большасць прац Жанны Гладко), крытыкай (маналогі творцаў у групавым праекце «Структурызацыя»).
У энергіі маладым аўтарам не адмовіш — не станем адмаўляць і ў даравітасці. І тым больш паказальны шлях, які сёння выбіраюць таленавітыя правінцыялы для поспеху ў сталіцы. Скажам, Анро (Смаргонь) на працягу доўгага перыяду ствараў серыю прац для адзінага праекта, папулярызаваў, распрацоўваў канцэпцыю «размытасці» ды «згубленасці» і вельмі паспяхова ўдзельнічаў у групавых выставах з работамі жывапіснага праекта «LOST» (2013—2015), дамогся ў гэтым прызнання і вядомасці. Элемент правакацыі выкарыстоўвае BAZINATO (Маладзечна), а Яўген Шадко (Барысаў), які доўгі час прытрымліваўся класічнага стаўлення да алейнага жывапісу, зрабіў першы персанальны праект, цалкам адмовіўшыся ад сваіх пазіцый на карысць эксперымента («Escape», сакавік 2015).
У працэсе навучання сучаснаму арту ўжо немагчыма аддзяляць сферу фармальнага майстэрства ад ідэалогіі. Абодва гэтыя складнікі аднолькава важныя і непарыўна звязаныя між сабой. Сёння галоўным адукацыйным элементам становіцца ўдзел пачаткоўцаў у рэалізацыі паўнавартасных праектаў. Уладзімір Грамовіч, Алеся Жыткевіч і Аліна Швядкова яшчэ падчас вучобы ў Акадэміі былі суаўтарамі групавых мерапрыемстваў (выстава «Рэпліка», 2014, праект «Becoming an artist», 2013), якія не толькі дапамаглі зірнуць на плён сваёй працы звонку, асэнсаваць свой узровень, але і зафіксавалі імёны ў шэрагах перспектыўных і цікавых майстроў; за імі пачала сачыць арт-супольнасць. Менавіта вопыт практычнай работы дае маладым творцам магчымасць ясна фармуляваць і адстойваць сваю пазіцыю. І гэтая дзейнасць дазваляе ставіць пытанне пра эфектыўнасць іх персанальных стратэгій у параўнанні са стратэгіямі іншых удзельнікаў арт-жыцця. Што робіць пачаткоўца цікавым і значным мастаком у сучаснай сітуацыі? Якія якасці прыцягваюць да яго ўвагу, з’яўляюцца цэнтральнымі ў адукацыйным працэсе?
У Беларусі ступар існуючай культурнай мадэлі — а яго ўсведамляюць нават самі ўдзельнікі афіцыйных арт-інстытуцый і структур — не прывёў да распаду савецкага шаблону: выставачныя пляцоўкі па-ранейшаму займаюцца юбілейнымі экспазіцыямі сяброў Саюза мастакоў, вядзецца барацьба за танныя майстэрні, засталася сістэма дзяржзаказаў. А з іншага боку — адчуваецца дакладная спроба рэгенерацыі айчыннага арту. Гэта відавочна і па з’яўленні маладых спецыялістаў (куратараў, крытыкаў, менеджараў ды непасрэдна мастакоў з цвёрдай пазіцыяй), і па працэсах, якія запусцілі гэтыя спецыялісты, — агучванне праблем на ўзроўні вышэйшых інстанцый, спробы ўдзелу ў сусветных мастацкіх з’явах (Венецыянскае біенале), стварэнне супольнасцей, здольных зладзіць сапраўды маштабныя і ўплывовыя выставы, як, напрыклад, «Радыус нуля» (2012).
Дыялектыка станаўлення, або Беларускі закон супярэчнасцяў
Вялікая колькасць творцаў атрымоўвае выдатную тутэйшую ды еўрапейскую адукацыю. Нават калі адсоткавыя адносіны сапраўды практыкуючага, не засмучанага доўгім навучаннем мастака да астатняй масы з «вышкай» адно для таго, каб падпрацоўваць у рэкламе ці дызайнерскім бюро, будуць раўняцца 1 да 100, дык штогадовы выпуск як мінімум аднаго якаснага арт-актывіста стаў бы неблагім вынікам. Мастацтва ствараецца ўжо не ў майстэрнях і нават не за камп’ютарам, а падчас абмеркаванняў і ўдзелу ў непасрэднай рэалізацыі канкрэтных праектаў. Змяніўся перадусім характар работы аўтара. Яго праца становіцца ўсё менш матэрыяльнай — гэта ўменне камунікаваць з іншымі, шукаць пункты сацыяльнага напружання і людзей, звязаных з паднятай праблематыкай твора, уменне далучаць іх да сумеснай творчасці, то-бок знаходзіць крэатыўных выканаўцаў для рашэння тэхнічных задач. Усё складаней зразумець, а як, уласна, вучыць сучаснага мастака і чаму? Што мець на ўвазе пад прафесіяналізмам? Ці павінен пачатковец адольваць усе акадэмічныя профільныя дысцыпліны? Пры гэтым у мастацтве ніхто не адмяняў крытэры зробленасці, фармальнай дасканаласці і ўнутранай практычнасці. Проста тэхнічныя магчымасці, якія дазваляюць дасягнуць гэтага, неверагодна выраслі, пашырыўся і набор паспяховых персанальных стратэгій. Выпрацоўка пазіцыі — цэнтральны момант сучаснай адукацыі. Большасць маладых аўтараў, што навучаюцца за мяжой, знаходзяць уласны метад выказвання яшчэ падчас студэнцтва, бо гэта адна з галоўных мэт у заходняй сістэме прафесіянальнага станаўлення. Юра Шуст удзельнічае ў беларускіх праектах ці робіць персанальныя («Рэквіем па Новым годзе», 2014), маючы ў сваім арсенале выбудаваныя тэхнікі і прыёмы, якія можна назваць абсалютна прафесійнымі. А таму ўжо падчас вучобы ў Бельгійскай акадэміі мастацтваў Шуст выстаўляецца побач з майстрамі беларускага арту без боязі пачувацца неадпаведным. У процівагу да яго можна адзначыць творчасць Аляксея Талстова, які зусім не мае мастацкай адукацыі, але тонкае пачуццё і пазнавальны аўтарскі падыход да рашэння творчых задач ставіць яго на адзін узровень з профі ад мастацтва.
Логіка маўклівасці. Куды падзеўся глядач?
Па-ранейшаму крытычным для Беларусі з’яўляецца фактар фармавання гледача, непасрэднага спажыўца мастацтва. Пачынаць адукацыю ў сферы найноўшага арту даводзіцца ад азоў, адказваючы на базавыя пытанні шараговага наведніка выстаў: хто такі творца? Што ёсць мастацтвам? У спробе пазбавіцца неартыкуляванасці, нерэфлексіўнасці і адсутнасці разумення сучаснага арт-вектара, тлумачэнні большасці мастацкіх праектаў утрымліваюць апісанні працэсаў, узаемасувязяў ды ўзаемавыключэнняў актуальнай творчасці, якая ў рамках краіны замкнулася ў лакальнасці эстэтычнага. Добрым прыкладам спробы прапрацаваць праблему была групавая міні-выстава, адмыслова праведзеная ў бары пры галерэі «Ў». Як экспанатамі сталі паштоўкі з фрагментамі работ маладых мастакоў — гульнявы спосаб данесці хаця б частку мастацкай задумы да гледача, які не жадае выходзіць са сваёй ролі, нават пераступіўшы праз парог галерэйнай прасторы.
Мастацтва, што ўжо адбылося, цікавае, бо мы можам бачыць у ім вынік гістарычнага развіцця працэсу. Аднак ад пачаткоўцаў мы чакаем выказванняў наконт заўтрашняга дня, хай не закончанага, але накіраванага ў будучыню. Таму было б слушна, каб да паказаў студэнцкіх работ, як гэта робіцца ў заходніх акадэміях, была прыкаваная пільная ўвага арт-супольнасці. Калі на Захадзе перманентна стаіць пытанне пра рэфармаванне сістэмы адукацыі, то ў мясцовай сітуацыі не ідзе гаворкі нават пра тэматызацыю пераўтварэнняў і мабілізацыю ўсіх удзельнікаў мастацкага працэсу. Адукацыйны фронт па-ранейшаму перабіваецца кароткімі перастрэлкамі і сутычкамі, не змяняючы нічога канкрэтнага. Цэлы шэраг стратэгій, што ўчора здаваліся вострасучаснымі, сёння выглядаюць як салонны арт. Творчая плынь успрымаецца ў кантэксце рашэнняў наспелых праблем. І роля маладога мастака робіцца параўнальнай з роляй сацыяльнага актывіста. Нездарма пару гадоў таму ўзнік першы незалежны сайт з такой назвай, прысвечаны сучаснаму арт-жыццю Беларусі, ініцыятарам і стваральнікам якога выступіў Сяргей Шабохін, а большасць яго рэдактараў і аўтараў таксама ўсе яшчэ носяць прыдомак «малады».
За дзясятак гадоў, як у школах прыбралі гадзіны малявання і СМК, выхавалася цэлае пакаленне гледачоў, якое не цікавіцца мастацтвам, паходы ў музеі пад кіраўніцтвам настаўніка ўспрымаюцца гэтак жа, як наведванне завода ці фабрыкі, — яшчэ адзін спосаб пазбегнуць школьных заняткаў. На фоне нарастаючай эстэтычнай глухаты малады актуальны арт выпрацоўвае тактыку актывісцкіх практык. Сучасны дзеяч — гэта абавязкова герой, бо падымае нетрывіальныя ды рызыкоўныя тэмы, і абавязкова ініцыятар, бо арт-супольнасць дзяржаўнай выпраўкі прытрымліваецца пазіцыі неўмяшальніцтва і бярэ на сябе адно ролю назіральніка і суддзі.
Цяжка не заўважыць, што замыканне элітнага мастацтва на негатывісцкіх пабудовах (іх сённяшні дыяпазон вельмі шырокі — ад чыстага інтэлектуалізму да чыстага хуліганства) нарошчвае яго антыгуманістычны складнік, а зацыкліванне масавай культуры на задавальненні найпростых запытаў прымітыўнымі спосабамі прывучае гледача рэагаваць на ўсё рэфлекторна, як сабачку Паўлава. Колеры ды непрыхаваны сімвалізм — прыгожа і мастацтва, канцэптуальная праява і ахраматычныя спалучэнні — непрымальна і не мастацтва. Акрамя ўжо адзначанага класіфікацыйнага зруху — пераходу арт-дзейнасці ў разрад нетаварнага, непрадуктыўнага, — прынцыпова важна, што твор узнікае цяпер не як вынік прафесійнай дзейнасці, а як вынік адбору, экспертызы, рэферэнцыі: патрапіла ў каталог ці на выставу — значыць, мастацтва; не трапіла — значыць, не мастацтва. У такой барацьбе маладому творцу жывецца нялёгка, бо ён найбольш неабароненая частка арт-супольнасці і не мае падтрымкі. З гэтага ўзнікаюць і саркастычныя выказванні маладых творцаў (напрыклад, трактат BAZINATO для выставачнага праекта «Структурызацыя») і спробы перацягнуць гледача на свой бок, паказаўшы яму ўласнае нутро (аўтапартрэтны праект Алёны Гайдук «Аngulum lingo»).
Несупярэчлівая паслядоўнасць — міф ці рэальнасць?
Мінск у якасці культурнай сталіцы стаміўся ад неразвітасці мастацкага асяроддзя. Тонкая афіцыёзная праслойка, збольшага закасцянелая і закрытая, складаецца з нязменнага набору асобаў, якіх прынята лічыць тутэйшай багемай, і не ўплывае не толькі на вонкавага гледача, наведніка выстаў і мерапрыемстваў, але і нават на малодшага ўдзельніка арт-працэсу — мастака-пачаткоўца.
Доўгі час лічылася, што станаўленне творцаў можа адбывацца само па сабе, што арт-тусоўка — адкрытая сістэма, і калі нехта з новенькіх зацікавіцца мастацтвам, то ён спакойна ўвальецца ў яе. Аднак маладыя асобы перасталі з’яўляцца на адкрыцці выстаў, якія ладзяцца Саюзам мастакоў ці куратарскімі групамі дзяржаўных музеяў, і гэта ёсць адным з галоўных сімптомаў праблемы пераймання альбо дэлегавання нацыянальных мастацкіх традыцый і выпрацаваных пазіцый.
І тут на першы план выходзіць стварэнне актывісцкіх цэнтраў, у якіх аўтары новай генерацыі адразу ж уключаліся б у працэс, выступалі ў дыялогу са старэйшымі і больш дасведчанымі калегамі. Калі б кожны, хто сёння лічыць сябе мастаком, узяў на сябе адказнасць працаваць з некалькімі студэнтамі, то ўжо праз пару гадоў мы б апынуліся ў сітуацыі іншай, чым цяпер. Нават мінімальныя інвестыцыі ў маладое пакаленне дадуць плён. Выйграюць усе — і пачаткоўцы, і майстры.
Трэці закон дыялектыкі адлюстроўвае вынік пэўнага цыклу развіцця і яго накіраванасць. Паступальна-паўтаральны характар арт-працэсаў сведчыць пра стабільны і лагічны рух грамадства, яго гатоўнасць прымаць будучыню і цікавіцца новым. Адмаўленне адмаўлення вызначае: пераход з аднаго якаснага стану ў іншы адбыўся пасля пераадолення першапачатковага знішчэння старой якасці. Спаленне мастоў, любых узаемасувязяў, жаданне пачаць усё з чыстага аркуша кажуць пра немагчымасць перапрацоўкі праблем і адсутнасць патрэбы быць іх часткай.
Глабальная крыза беларускай сітуацыі крыецца і ў тым, што апошнім часам мы павінны пераскокваць праз цэлыя перыяды развіцця мастацтва. Натуральна, у свеце, дзе «time is money», адзіна каштоўным абвяшчалася мастацтва, здольнае востра ўлоўліваць выклік часу і аператыўна рэагаваць на яго. Рамантычнае ўспрыняцце гэтых працэсаў пабудавана на веры ў тое, што аднаго пункту гледжання хопіць на ўсё жыццё і, утульна ўладкаваўшыся, можна падабраць сабе любімых аўтараў, не пакідаючы прасторы на новую мастацкую мову і кантэкст. Але ў сітуацыі жорсткай канкурэнцыі і разбурэння хоць трохі ўстойлівых крытэраў спатрэбілася мастацтва, што дакладна і аператыўна рэагуе на кіруючыя ўстаноўкі, мабільнае, жывое, адкрытае. Прысутнасць такіх працэсаў у грамадстве — а яны лёгка падхопліваюцца і генеруюцца маладым пакаленнем — кажа аб прагрэсіўнай свядомасці і пазітыўным варыянце развіцця, якое шануе карані і скіроўваецца на адкрыцці новага.
Адным з самых цытаваных беларускіх твораў сучаснага мастацтва застаецца графічнае выказванне Аляксея Лунёва «Нічога няма». Ім можна завяршыць і гэты тэкст, але мне б хацелася пакінуць пытальнік у канцы словазлучэння. Ці сапраўды нічога няма?
Ці лёгка сёння быць маладым творцам, бо перад ім жа, здавалася б, раскрываюцца ўсе шлях? Наколькі запатрабаваныя тутэйшай арт-прасторай яго высілкі і памкненні?