Аматары дэманструюць гледачу тое, што спазнаецца ў працэсе наведвання міжнародных варштатаў і фестываляў, дасканаліцца шляхам спробаў і памылак і за што не выдаецца дыплом аб вышэйшай адукацыі: кірункі пластычнага, танцавальнага, вулічнага тэатра. «Непрафесіяналы» складаюць рух, які ў Беларусі набірае моц і мае вялікае кола паслядоўнікаў. Прыкладам, «SKVO`s dance company», «Karakuli», «ІnZhest» — вядомыя калектывы, што працуюць у эксперыментальных стылях. Яны робяць тэатральны прадукт найвышэйшай якасці і... лічацца аматарскімі.
Апошнія два гады аматарскі тэатр Беларусі звяртаецца да інтэрактыўных формаў, калі глядач перастае быць простым назіральнікам, а робіцца актыўным удзельнікам і нават стваральнікам сцэнічных падзей. «Чацвёртая сцяна» — паміж глядзельняй і спектаклем — знішчаецца абсалютна, што, бясспрэчна, вымагае зменаў у тэхніцы акцёрскага выканання. Адразу зазначу: інтэрактыўны тэатр не адмаўляе сістэмы Станіслаўскага, але да звыклай псіхалогіі вобраза ў якасці надбудовы дадае наўпростае ўзаемадзеянне з публікай. Такім чынам, традыцыя ўзбагачаецца новым элементам.
Сёння інтэрактыўны айчынны тэатр існуе ў некалькіх варыянтах: у адным з тыпаў вулічных спектакляў, у адзінкавых спектаклях закрытай прасторы і ў выглядзе форум-тэатра — кірунку, які мы адкрылі ў 2004 годзе дзякуючы ініцыятыве моладзевага грамадскага аб’яднання «Новыя абліччы». Тады разам са шведскім партнёрам «Аркен тэатр» распачаўся непаўторны для краіны праект пад назвай «Форум-тэатр у Беларусі» і зладзіліся майстар-класы па невядомай на той час інтэрактыўнай методыцы — на мяжы тэатра, педагогікі і псіхалогіі. Зладзіліся для розных мэтавых аўдыторый, у тым ліку і для студэнтаў Універсітэта культуры і мастацтваў. У выніку форум-тэатр прыжыўся ў эксперыментальным тэатры «EYE» з Мінска і народным маладзёжным тэатры «Кола» з Віцебска (кіраўнікі тэатраў таксама ўдзельнічалі ў праекце). З 2009 года гэтыя калектывы паказалі больш за шэсцьдзясят спектакляў паводле методыкі форум-тэатра. «EYE» і «Кола» карыстаюцца ёй па-свойму.
Вулічны інтэрактыў завітаў да нас са славенскім тэатрам «KUD Ljud» і спектаклем «Invasion» у 2009-м на Міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа»: ружовыя іншапланетнікі апантана ўзаемадзейнічалі з мінакамі, гледачамі, асяроддзем і нават з прадстаўнікамі міліцыі. Хутка ружовыя наведалі Мінск — фэст эксперыментальных тэатраў «Той самы фестываль» у 2011-м і Магілёў — «М@рт-кантакт» у 2012-м. «KUD Ljud» працуе паводле методыкі пабудовы непасрэднага дыялогу: артысты выклікаюць рэакцыю публікі на свае дзеянні. У гэтым выпадку (у адрозненне ад форум-тэатра) паміж гледачом і артыстам не існуе ніякай рэфлексійнай прасторы, што абумоўлена самой спецыфікай вулічнага тэатра: спектакль крочыць да аўдыторыі і ладзіць з ёю поўны фізічны кантакт. Такім чынам, інтэрактыў вулічнага тэатра — не частка агульнай дзеі, а непасрэдны метад.
Дзякуючы варштатам славенцаў нарадзіліся два айчынныя інтэрактыўныя стрыт-калектывы — «Moustache» і «42». Цяпер іх можна заспець на фестывалях вулічных тэатраў Славеніі, Расіі, Францыі, Польшчы. Вельмі цешыць і тое, што «42» утварыў лабараторыю вулічнага інтэрактыўнага тэатра, дзе каля шасцідзесяці добраахвотнікаў вывучаюць азы майстэрства. Сваю налаўчонасць яны засведчылі ІІІ Мінскаму форуму вулічных тэатраў сёлета напачатку траўня.
Другі год запар Мінскі форум вулічных тэатраў ладзіўся ў Верхнім горадзе — адрэстаўраваным старым квартале ў самым цэнтры сталіцы. Сёлета фэст выйшаў за межы муніцыпальных святаў і нарэшце стаў самастойным незалежным дзействам (нагадаю: Другі форум рабіўся як іміджавае і забаўляльнае мерапрыемства падчас Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску ў 2014-м, а Першы збіраўся для святкавання Дня горада ў 2013-м). Па сутнасці — адбылося афіцыйнае прызнанне вулічнага тэатра Беларусі як самастойнай мастацкай з’явы. На трох пляцоўках Верхняга горада сабраліся вулічныя тэатры з Беларусі, Расіі, Польшчы, Прыднястроўя. Адметнасцю сталася нечаканая для многіх прысутнасць дзяржаўнага тэатра — Нацыянальнага акадэмічнага імя М.Горкага (Мінск) з пастаноўкай «Viva Сommedia!». Спектакль зроблены ў жанры камедыі дэль артэ — традыцыйнага народнага італьянскага вулічнага дзейства з захаваннем усіх адпаведных элементаў эстэтыкі. Усіх, акрамя галоўнага — вуліцы. 1 траўня, у вечар адкрыцця форуму, трупа тэатра сыграла твор на плошчы — там, дзе ён мусіць існаваць паводле ўсіх канонаў жанру. Фантазія трупы і пастаноўшчыкаў перанесла гледачоў у Венецыю, дзе спраўдзілася яскравая і жыццесцвярджальная гісторыя кахання, поўная сюрпрызаў, прыгодаў і таямніц.
Наступны сюрпрыз фэсту — цырк! У Беларусь прыехалі тры акрабаты з цырку імя Жуля Верна з Ам’ена. Дарэчы, для французаў вулічны цырк — з’ява даволі звыклая, бо ён гадаваўся разам з сучасным вулічным тэатрам з часу студэнцкіх хваляванняў 1968 года і даўно набыў статус прафесійнага. Для прасторы СНД тое яшчэ новы і маладаследаваны феномен, хоць у Расіі намаганнямі Славы Палуніна і Цэнтра імя Ус. Меерхольда гэты жанр актыўна засвойваецца.
Спецыяльная праграма ад Белдзяржцырку, якой завяршаўся фестываль, таксама зазнала аншлаг! На імправізаванай арэне выступілі жанглёры, гімнастка, сілавыя атлеты і клоўнскі дуэт. Паўнавартая пастаноўка ці не ўпершыню адбылася па-за межамі арэны.
Што да тэатральнай праграмы, дык яе склалі пастаноўкі беларускіх калектываў у кампаніі тэатра «3,5» (Польшча), творчых аб’яднанняў «Карнавальчык» і «Вамкнам» (Расія) і вулічнага тэатра «Тук-тук» (Прыднястроўе). Па бальшыні сваёй спектаклі і перформансы спарадзілі тэатразнаўчы парадокс: Мінскі форум вулічных тэатраў нельга назваць ні фэстам прафесійных тэатраў, ні аматарскім мерапрыемствам. Постсавецкія вулічныя трупы — усе да адной — можна смела залічваць у аматарскія, бо артысты не маюць адпаведнай адукацыі ды статусу, а калі казаць пра еўрапейскіх удзельнікаў фестывалю, дык па нормах Польшчы і Францыі (дзвюх краін з наймацнейшай у Еўропе школай вулічных перфарматыўных мастацтваў) да нас завіталі самыя сапраўдныя прафесіяналы.
Тым не менш сёлета форум прадэманстраваў значны рост як у якасці праграмы, так і ў глядацкім успрыманні: выступоўцы з радасцю адзначалі, што гледачы сталі больш добразычлівымі. А гэта значыць, культура ўспрымання вулічных артыстаў пакрысе фармуецца... І айчынны тэатр, які доўга і не заўсёды паспяхова шукаў сродкі наўпроставай камунікацыі з публікай, можа іх атрымаць праз намаганні аматараў.
Уладзімір ГАЛАК