Інга Бухвалава — музыкант, менеджар. Нарадзілася ў Паўднёва-Сахалінску ў сям’і вайскоўца-беларуса. Вучылася ў Сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Белдзяржкансерваторыі, скончыла Беларускую акадэмію музыкі па класе фартэпіяна Рыгора Шэршэўскага. У 1994 годзе разам з мужам пераехала ў Нью-Ёрк. У 2009-м заснавала канцэртнае агенцтва «Equilibrium Arts» і распачала праект «Джазавы мост». За гэты час у Беларусі адбылося каля 30 канцэртаў, на якіх вядомыя выканаўцы Амерыкі і Еўропы выступалі з беларускай групай «Apple Tea». З 2012-га «Equilibrium Arts» займаецца падборам замежных музыкантаў для ўдзелу ў фестывалі «Джаз ля ратушы».
Да джазавай музыкі музыкант з акадэмічнай адукацыяй Інга прыйшла шмат у чым выпадкова, калі жыла ўжо за акіянам. У Нью-Ёрку завязаліся знаёмствы з джазавымі выканаўцамі, што ў далейшым дапамагло Інзе ў будаванні «джазавага моста». Паехаць у невядомую краіну і выступіць там з мясцовымі музыкантамі, як сказала арганізатарка, ахвотных аказалася шмат. Сярод іх быў і Грэгары Портэр, які ўжо пасля выступу ў Мінску стаў уладальнікам «Грэмі» за лепшы джазавы альбом 2014 года.
Але называць джаз паспяховым бізнэсам Інга адмаўляецца: «Аніякай выгады “мост” не прыносіць. Ён абапіраецца на асабістыя кантакты, сяброў і зацікаўленасць музыкантаў выступіць у Беларусі. Джаз наогул ва ўсім
свеце — занятак беспрыбытковы. Вядомых выканаўцаў спансуюць розныя фонды, банкі, а менш вядомыя выкручваюцца хто як можа».
Інга ўпэўнена, што ў параўнанні з Амерыкай сітуацыя з джазам у Еўропе куды больш спрыяльная, бо ў шмат якіх краінах улады падтрымліваюць музыку. У сваю чаргу, як спадзяецца Бухвалава, цікавасць да джаза перадусім сярод маладой аўдыторыі павялічваецца. Праілюстраваць гэтую тэндэнцыю змогуць чарговыя канцэрты цыкла «Джазавы мост», якія «Equilibrium Arts» плануе распачаць у кастрычніку гэтага года.
«Джазавы мост» — гэта рух у абодвух напрамках. Аднак спробы паказаць беларускіх музыкаў за мяжой поспеху амаль не мелі. Толькі летась «Apple Tea» выступілі ў Швецыі. Інга тлумачыць: заходні джазавы рынак перанасычаны. Нягледзячы на тое, што многія нашыя выканаўцы ні ў чым не саступаюць замежным калегам, прабіцца на Захадзе вельмі складана. Але яна не пакідае спробаў наладзіць на «Джазавым мосце» сустрэчны рух.
—Для мяне джаз — гэта нейкая лабараторыя сённяшняга музычнага быцця. Цяпер не так шмат музыкі, якую можна называць сучаснай класічнай.
А тое, што не трапляе пад гэтае вызначэнне, можна адносіць да джаза. Таму ўсе гарманічныя, фармальныя пошукі прафесійнае вуха чуе менавіта ў джазе. І я яго слухаю з задавальненнем, хоць мне не пашанцавала ў тым сэнсе, што я як музыкант выконваюць яго зусім не магу.
10 пытанняў
Апошняя кніга, якую вы прачыталі.
— «Тры таварышы» Рэмарка. Наогул часта яе перачытваю.
Працы якога мастака заўсёды прыцягваюць вашу ўвагу?
—Мадзільяні.
Якую музыку вы часцей за ўсё слухаеце ў вольную хвіліну?
—Моцарта.
З кім з дзеячаў мастацтва вам хацелася б шчыра пагутарыць
сам-насам?
— З Моцартам!
Якія падзеі, рэчы, асобы моцна паўплывалі на вашу творчасць?
— Канцэрт групы «Earth, Wind and Fire», на які я трапіла ў Амерыцы. Уражанне было наймацнейшае! Дагэтуль не пакідаю думкі пра тое, каб прывезці гэтых музыкантаў у Мінск.
Назавіце тры рэчы, якія вы абавязкова ўзялі б з сабой у падарожжа.
— Абавязкова камп’ютар, без якога ўжо зусім ніяк. Яшчэ добрую кнігу і свайго мужа, хоць ён зусім не рэч (смяецца).
Любімы выраз, афарызм, які дапамагае вам у працы.
— Напэўна, «Ніколі не здавайся!».
З якім акцёрам/актрысай вам хацелася б сфатаграфавацца?
— З Чарлі Чаплінам.
Які сайт адчыняецца першым, калі вы заходзіце ў Інтэрнэт?
— Такога, відаць, няма, але заўжды зазіраю на tut.by.
Казачнае пытанне: назавіце тры свае жаданні залатой рыбцы.
— Каб у маім доме заўсёды ўсё было добра; як ні банальна — міру ва ўсім свеце; каб у Беларусі ўсё наладжвалася і заставалася месца для музыкі.