У работах Анастасіі адлюстраваныя будні сляпой ад нараджэння дзяўчыны Наталлі, сама ж Наталля таксама прадстаўляе свае фатаграфіі, зробленыя з дапамогай адмысловай праграмы ў айфоне. Але, акрамя фотаздымкаў, Наталля прапануе гледачам паглыбіцца ў яе свет, пачуць грымотны горад, пахі, якія распавядаюць не менш, чым шыльды ў крамах, паслухаць мяккі жаночы голас праграмы, што апісвае прадметы на фота. Калі не пабаяцца прайсці адмысловую экскурсію з завязанымі вачыма і кіем сляпога, то можна зразумець, што сцены і бардзюры могуць быць важнымі, як сама дарога і прастора, а тактыльныя адчуванні часта больш вострыя за візуальныя. Можна паспрабаваць зразумець зусім іншы свет з іншай сістэмай каардынат, якая абапіраецца на гукі і пахі, а не на знакі. Невялікую залу з фотаздымкамі Наталлі аддзяляе ад калідора цяжкая фіранка — тэатральная заслона? Не, гэта хутчэй фіранка на вакне — нам дазволілі зазірнуць у гэты дом, у гэты свет, паглядзець, як тут усё ўладкавана, пражыць свой адрэзак часу ў прыватнай незвычайнай атмасферы.
Калі ідзеш на выставу, што закранае вострасацыяльныя пытанні, заўсёды чакаеш убачыць боль, дыскамфорт, адчай, і тут трэба быць не толькі ўважлівым гледачом, але спачуваць ды суперажываць. Заўсёды крыху трывожышся, што атрымаеш дозу невербальнай маралі на тэму непрыдатнасці грамадства да прыняцця праблемных тэм. Павучальныя ідэі яшчэ са школьнай лавы навяваюць тугу, а ў абсалютнай большасці спрацоўвае неўсвядомлены эвалюцыйны (магчыма, завостраны савецкім «ідэальным» часам) механізм самаабароны ад цяжкіх гісторый чужых людзей. Выстава ўнікальная тым, што, працуючы са складанымі тэмамі абмежаванняў і пераадолення, яна не заходзіць на поле пакуты. Гэта гісторыя магчымасці, а не барацьбы за магчымасць, гісторыя чалавека, які зразумеў: яго асаблівасць — не страта, але спосаб адчуваць інакш, індывідуальна, непадобна, а таму цікава і запатрабавана.
Нам жа прапануецца выйсці з зоны візуальнага камфорту і спазнаць рэальнасць, але без кропак гледжання — наогул без гледжання, ракурсаў і адценняў. Мастацтва ўжо даўно не служыць «прыгожаму» і нават наадварот — усё часцей кажа пра самыя складаныя і нязручныя рэчы. Авангард спрабаваў сысці ў іншую рэальнасць, дзе існуюць толькі колер, плоскасць, фігуры, але цяпер мастак хоча ствараць свет, мяняць гэтую рэальнасць, і фарбы ўжо дрэнна спраўляюцца з задачай. Сучасны арт агаляе забароненае, адкрывае схаванае і распавядае нам пра забытае. Невідушчыя людзі ёсць той самай прыхаванай гісторыяй. Мы рэдка сустракаем іх на вуліцы, ва ўніверсітэце, у краме, таму што прабіцца скрозь наша візуальнае асяроддзе складана. Вельмі складана. Нашмат прасцей проста не выходзіць з дому. Але Наталля выйшла, пайшла вучыцца ва ўніверсітэт, узяла тэлефон і пачала перакладаць словы ў фатаграфіі, прыйшла на адкрыццё выставы і кантактавала з наведнікамі.
Камерная гісторыя. І галоўны герой тут не слепата, але сама Наталля, яе свет. Гук і пах фармуюць карцінку: яскравы свет без колеру, інфарматыўны без дэталяў, жывы без відавочных рухаў. «Твар, які займае кветку» — аповед пра тыя магчымасці, што адкрываюцца людзям, не падобным да большасці, пра пачуцці, якія відушчым цяжка зразумець, але можна прыняць. Выстава ў прасторы «ЦЭХ» зрабілася ласкавым запрашэннем зазірнуць у свет гераіні: паглядзелі, здзівіліся, палюбаваліся, але цяпер не трывожцеся і вяртайцеся да сваіх справаў. Па аглядзе выходзіш з думкай: «Добра, ну а як жа безбар’ернае асяроддзе? Я застаюся нешта павінен гэтай сітуацыі і гэтай ініцыятыве?»
Нас запрашалі сюды не для таго, каб мы цяпер нешта мянялі, трымалі пад локаць і дапамагалі.
Глядзі, гэты свет нічым не горшы за твой. Ён проста іншы.
Сафія САДОЎСКАЯ