Валянцін Губараў пра сына:
Як правіла, дзеці мастакоў вызнаюць у мастацтве тыя ж ідэі, што і бацькі, пад іх наглядам спее іх майстэрства. У нашым выпадку такой відавочнай пераемнасці няма. Па сутнасці, маючы агульную вяршыню, кожны з гэтых двух вертыкальных вуглоў існуе ў сваёй сістэме эстэтычных каштоўнасцей. Але я падкрэсліваю: яны абсалютна раўнапраўныя, і мне б хацелася, каб глядач выставы гэта ўсвядоміў. Хоць цалкам разумею, што неспрактыкаванага аматара выяўленчага мастацтва жывапіс Аляксея можа нават збянтэжыць.
Але для мяне яго творчасць цікавая і каштоўная ўжо таму, што яна не спантанная і не павярхоўная, а мае пад сабой прадуманую ідэалогію. Яна будуецца на падмурку ўласнага досведу і паводле выразнай эстэтычнай канструкцыі. Цалкам відавочна: праславуты крытэр «прыгожа» для яго не з’яўляецца вызначальным і патрапляць «добрым густам» ён не збіраецца. Часта гэта нават супраць плыні. Напрыклад, калі жанчына прымярае капялюшык ці сукенку, ёй кажуць: «О, вам пасуе!» Дык вось Аляксей наўмысна стварае рэч, якая «не пасуе». Наўмысна, і за гэта я яму ўдзячны. Яму мала трактаваць сюжэт (які сам па сабе радыкальна лапідарны) у выключна антыгламурнай форме, ён яшчэ і вызваляе сябе ад пошуку каляровай гармоніі ды, крый божа, вытанчанага каларыту. Мяне прыводзіць у неверагоднае захапленне яго напісаны пальцамі жывапіс, дзе, растаптаўшы ўсе прапанаваныя да выкарыстання каляровыя спектры, Аляксей размяшчае карычневае на чырвоным, зялёнае на барвовым, а срэбра на жоўтым. Гэта сведчыць пра наяўнасць вялікай волі: адмовіцца ад прыемных воку каляровых спалучэнняў, вытанчаных ліній і вывераных прапорцый.
Калі ведаеш, куды ісці, абавязкова прыйдзеш. Галоўнае сам шлях, сама дарога. У свой час Пікаса прасіў напісаць на яго надмагільным камені: «Я памёр, спрабуючы ўзляцець». Выдатна, што нават у такім старэчым узросце ён адчуваў, што яшчэ не дасягнуў мэты.
Атрымаць акадэмічную адукацыю і авалодаць майстэрствам — не значыць стаць мастаком. Пакуль гэта толькі прафесія. Некаторым гэтага досыць, толькі не Аляксею. Ён у пастаянным пошуку, і я ў яго веру. Таму мне важны яго погляд і на маю творчасць. Аднойчы я завёў з ім гутарку: «Скажы, Лёша, ці не здаецца табе, што я моцна адстаў ад сучаснага мастацтва і ў лепшым выпадку еду ў апошнім вагоне? Бо я магу працаваць па-іншаму, выйсці на вялікую дарогу, а плятуся па сваёй вузкай каляіне». Ён мне адказаў: «Пра гэта марыць кожны мастак: знайсці сваю, па-за агульным “трэндам” дарогу, стварыць свой мікракосм, дзе ўсё жыве па табой прыдуманых законах, мець эксклюзіўны почырк. У гісторыі мастацтваў запамінаюцца менавіта такія». Я яму веру, таму гэта мяне супакойвае, і я зноў уступаю на сваю сцежку. Калі казаць пра ўзаемаўплыў адзін на аднаго, дык, пэўна, гэта якраз той выпадак.
Агульнае існуе не толькі на роднасным узроўні. Як дзве самастойныя лініі пры скрыжаванні ўтвораць агульную кропку, так і тыя дарогі ў мастацтве, па якіх мы ідзем з Аляксеем, маюць агульнае прыцягненне. Выкарыстоўваючы выяўленчую мову наіўнага ўспрымання, я свядома ігнарую лінейную і паветраную перспектывы, маштабную адпаведнасць і правільныя прапорцыі. Часта валёрны каларыт саступае месца прымітыўнай, дэкаратыўнай маляўнічасці.
Гэтак жа і Аляксей, імкнучыся да эмацыйнай яснасці і выразнасці, адкідае ўсё непатрэбнае, стварае свой «канцэптуальны прымітывізм».
Вось такім чынам і рознымі шляхамі часам сыходзяцца дзве лініі.
Аляксей Губараў пра бацьку:
Ініцыятарам нашай сумеснай выставы выступіў мой бацька, Валянцін Губараў. Я ўжо доўгі час жыву і працую ў Чэхіі, мы рэгулярна кантактуем, але прапанова прагучала для мяне нечакана. У гутарцы па «Скайпе» дзесьці ў канцы зімы ён раптам сказаў, што ёсць магчымасць зрабіць выставу ў памяшканні Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску. Ну, раз ёсць такая магчымасць, чаму б ёй не скарыстацца, падумаў я. Хоць гэта патыхала авантурай: прац у Мінску ў мяне амаль не засталося, і адзіным варыянтам было зняць палотны з падрамнікаў у Чэхіі і прывезці іх у Беларусь. Няясна было, ці трэба неяк афіцыйна афармляць карціны, якія я браў з сабой. Маглі паўстаць праблемы на мытні. Але ў выніку ўсё атрымалася, і я задаволены.
На мяжы мяне рассмяшыў мытнік: ён увасобіў сваёй рэакцыяй агульнае стаўленне да сучаснага мастацтва ў нашай краіне. Спытаўшы, што вязу, і мімаходам зірнуўшы на мае працы, ён нядбайна кінуў: «А, Малевіч» — і ніякіх фармальнасцей ад мяне не запатрабаваў. З такой жа лёгкасцю можна было б правезці працы Пікасо ці Кандзінскага, выдаўшы за свае студэнцкія пошукі.
Увогуле гэта, вядома, глупства, але я задумаўся. Мытнік жартам зрабіў мне камплімент, дапамог пазначыць адно з самых галоўных адрозненняў нашых з татам творчых вектараў. У двух словах я сфармуляваў гэта так: калі яго працы не выклікаюць пытанняў, бо для большасці яны адносяцца да катэгорыі мастацтва, то ў мяне іншая сітуацыя: пытанні ёсць і іх шмат. І тут важна ўсвядоміць розніцу ў пытаннях, якія мы з ім задаем сабе, займаючыся мастацтвам. Першае з іх «што?», і тут мы сыходзімся, бо нам абодвум важна, што маляваць на палатне. Але вось у другім пытанні мы рэзка разбягаемся ў бакі. Бо другім істотным пытаннем для Валянціна як мастака з’яўляецца «як?», а для мяне «навошта?» ці «чаму?». Атрымліваецца, што відавочная палярнасць нашай творчасці абумоўлена адным разыходжаннем у пастаноўцы ўнутранага пытання да мастацтва.
Вельмі ўдала пасавала да нашай канцэпцыі назва выставы — «Вертыкальныя вуглы». Як вядома, у іх вяршыня агульная, а бакі аднаго вугла складаюць працяг бакоў іншага.
З майго дзяцінства мы з татам часта размаўлялі пра мастацтва, спрачаліся, у чымсьці згаджаліся, у чымсьці не. Але заўсёды былі паразуменне, талерантнасць, павага з яго боку да таго, што я раблю. Калі ён зразумеў, што мяне рэзка пацягнула кудысьці ўбок ад, скажам так, звыклай яму формы творчай рэалізацыі, то ніколі не душыў сваім аўтарытэтам, не навязваў свой пункт гледжання. Я дасюль дзіўлюся, згадваючы, наколькі мудра ён паставіўся да майго рашэння не паступаць у нашу Акадэмію мастацтваў за тыдзень да ўступных іспытаў.
Дзіўна, але ў нас амаль ніколі не даходзіла да сур’ёзных канфліктаў на глебе прафесійнай дзейнасці. Мне здаецца, гэта праз тое, што мы разумеем адну важную рэч: мастацтва можа і павінна быць розным. Разнастайнасць — неад’емная частка працэсу, які дынамічна развіваецца. Адкрытасць да ўсяго новага, шырыня поглядаў і ўспрымальнасць да размаітасці жыцця — адны з самых важных якасцей мастака. Валодаючы імі, ён можа выкарыстоўваць разнастайнасць для асобаснага і прафесійнага росту, убіраючы толькі самае карыснае для сябе.
У нас дома былі стосы часопісаў, мноства кніг пра мастакоў і іншых артэфактаў, з якімі новае пакаленне развучылася працаваць. Гэта быў аналаг Інтэрнэту, хатняя «Вікіпедыя». Падчас вучобы ў мастацкім ліцэі мяне не аднойчы выручала татава падборка польскіх часопісаў «Sztuka». Колькі памятаю, тата рупліва працаваў. Вечарамі, седзячы ля тэлевізара, корпаўся ў гэтых часопісах, маляваў эскізы, днём — у майстэрні. І так практычна кожны дзень.
Калі мяне раней пыталі, ці падабаюцца мне карціны бацькі, я не ведаў, што адказаць. Адчуваў — не маё, але і сказаць бяздумна, што зусім не падабаецца, таксама не мог. Правільнае стаўленне да татавых палотнаў я выбудаваў потым, калі пачаў больш-менш усвядомлена займацца творчасцю, вызначыўся з тым, якое месца займае мастацтва ў маім жыцці. Павага — менавіта тое правільнае слова, што характарызуе маё да яго стаўленне. Можа быць, мяне не зусім чапляе тая мастацкая мова, на якой ён размаўляе, не праяўляецца ўсярэдзіне настальгія пры разгляданні сюжэтаў яго карцін, але, як калега, я не магу не паважаць яго за талент, унікальнасць абранага выяўленчага шляху і зацятасць, з якой ён па ім ідзе. Нягледзячы на рознасць абраных намі дарог, для мяне ён заўсёды быў і застаецца своеасаблівым маяком, арыенцірам, мастаком з вялікай літары. Бо якімі б рознымі ні былі нашы творчыя шляхі, рухаемся мы ўсё ж да адной мэты.