Калі імя рэжысёра пакуль мала вядомае, ніхто загадзя не скажа, як глядач і кінаграмадскасць будуць рэагаваць на карціну. Пачатак абнадзейваў: фільм атрымаў некалькі ўзнагарод на прэстыжных міжнародных кінафестывалях, у тым ліку ўзяў «Залатога Віцязя». Такі рэзананс прымусіў яшчэ больш уважліва паставіцца да наступных работ Шпартавай.
У сучаснага чалавека безліч візуальных уражанняў, якія абрыньваюцца штодня, — тэлеканалы, сацыяльныя сеткі. Адшукаць у шматстайным навакольным свеце тэмы, сюжэты, герояў, якія адкрываюць штосьці нязведанае, чым далей, тым больш складана.
У 2014 годзе Аляксандра Шпартава запрасіла на прэм’еру новага арт-праекта, які ладзіўся ў зале ўсходняга мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея. Невыпадкова там — бо галоўным героем дакументальнай стужкі «Твар» стаўся сучасны кітайскі паэт і каліграф Лі Цзо. У яго маналогах, вершах і графічных працах выяўлялася іншае, шмат у чым нязвыклае для нас светаўспрыманне. Стужка існавала нібыта «на стыку» дзвюх розных культур, кітайскай і беларускай, адлюстроўвала іх узаемаўплывы і працэсы ўзаемаспасціжэння. Увасобіць у канкрэтным лёсе такія шырокія паняцці — немалая творчая ўдача. Што пацвердзілі прызы, заваяваныя фільмам на міжнародным маладзёжным фестывалі «Святло свету» і Адкрытым фэсце дакументальнага кіно «Кунакі».
Сёлета вясной Аляксандра прэзентавала наступную працу — эксперыментальную стужку «Усмешкі за кубкам гарбаты». Яе прэм’ера адбылася ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Фільм вытрыманы ў малавядомым нам, але распаўсюджаным у іншых краінах жанры «паэтроніка», калі структурнай асновай карціны з’яўляюцца вершы.
«Усмешкі…» уражваюць нечаканым спалучэннем. Паэтычныя радкі, якія гучаць за кадрам, адразу ўзнікаюць белым шрыфтам на цёмным фоне. Адначасова ў кадры разгортваецца няспынная танцавальная дзея, што ўспрымаецца як зрокавае ўвасабленне напружана-драматычнай музыкі. Гэта сола кантрабаса з твораў італьянца Джавані Батэзіні і беларуса Дзмітрыя Даўгалёва. Фільм увасабляе чалавечыя стасункі. Як заўжды, Ён і Яна, гісторыя кахання, што пачалася са звычайнага кубка гарбаты.
Сюжэтная аснова карціны — вершы сучаснага амерыканскага паэта Сэма Окленда. Ён прыязджаў у Мінск, выкладаў у нашым лінгвістычным універсітэце. Быў знаёмы са стваральнікамі стужкі — Аляксандрай і яе маці Таццянай Шпартавай, якая ў свой час пераклала з англійскай кнігу яго вершаў. Тое выданне і дало назву фільму. Нечакана разумееш: амерыканскі паэт успрымае свет гэтаксама, як беларускія гледачы стужкі, прысвечанай яму! Бо мова пачуццяў універсальная...
Аднак рэжысёр сцвярджае, што візуальная мова для выяўлення эмоцый, адлюстраваных у вершах, была знойдзена пасля працяглых пошукаў. У выніку яна спынілася на пластычнай кантактнай імправізацыі. Удакладню: Аляксандра Шпартава вучылася ў нашым харэаграфічным каледжы ды выконвала невялікія партыі ў балетах «Страсці» і «Пацалунак феі» на сцэне Тэатра оперы і балета. Так што з пластычнай падрыхтаванасцю ў яе ўсё ў парадку.
Нягледзячы на кароткі метр (10 хвілін), фільм успрымаецца разгорнутым і ёмістым. За пластычнымі сцэнамі надзвычай цікава сачыць. Бо кожны асобны ракурс — закончаная візуальная «карцінка». Імправізацыйны характар «Усмешак…» патрабаваў здымаць іх адначасова некалькімі камерамі. Але аператар Ілля Дыянаў здолеў зрабіць гэтую справу адзін, выкарыстоўваючы розныя прыёмы здымак. Верагодна, стужка — нават пры сціпласці першага паказу — можа пакласці пачатак новаму жанру. Хтосьці паспрабуе рухацца ў тым жа кірунку. Адзінае — для належнага выніку трэба, каб і складнікі (вершы, музыка, танец) мелі сур’ёзную каштоўнасць і адпавядалі адно аднаму.