«Чайка» Пінігіна «становіцца на крыло» і выпроствае ганарлівую спіну паступова. У дэкарацыях літоўскага мастака Марыюса Яцоўскіса праглядаецца відавочны мінімалізм — стэрыльны і халодны; тэмпераментная музыка Андрэя Зубрыча, наадварот, нагадвае эмацыйную класічную школу мінулага стагоддзя. Зоя Белахвосцік (Аркадзіна), Віктар Манаеў (Сорын), Аляксандр Падабед (Дорн), Валянціна Гарцуева (Ніна) іграюць паводле класічнага канону. Нейкую долю ўзбуджанасці і псіхадэлічнага пачатку спакваля ўносіць Аляксандр Казела, выканаўца ролі Трэплева.
Месцамі насуперак рэжысёрскай канцэпцыі ўзнікаюць нечаканыя гэгі. Тут во Медзвядзенка мерае крылы, што пакінула пасля няўдалага выступу Зарэчная — няўжо і ён марыць пра сцэну? Там во Дорн караскаецца па драбінах і ловіць радыёантэнай «варожыя» галасы, ні на хвіліну не адцягваючыся ад таго, што адбываецца навокал.
Рэжысёрская канцэпцыя пінігінскай «Чайкі» тлумачыцца ў першым акце — падчас дачнага спектакля ў сцэне маналогу Ніны Зарэчнай, чытаным на фоне апакаліптычнай відэаінсталяцыі, якой са свайго ноўтбука, мабыць, кіруе Трэплеў, седзячы на падлозе. Трэплеў, варта заўважыць, лысы, але вочы гараць. Трэба звыкнуць і асвойтацца.
Выяўляецца, што да маналогу, які ў Іскандэра Сакаева быў перакручаны і ператвораны ў фарс (калі не ў фарш), Мікалай Пінігін ставіцца падкрэслена сур’ёзна і крыху сумна. Калі ў папярэдніх працах дэклараваны рэжысёраў песімізм не адчуваўся, дык у «Чайцы» ён прасякнуў паветра. Выдае, Пінігін і напраўду верыць, што «ўсе жыцці, здзейсніўшы свой сумны круг», рана ці позна згаснуць. І вера гэтая мае долю кранальнасці. Калі ж вы глядзіце на рэчы больш аптымістычна і справядліва лічыце, што бліжэйшыя пяцьсот гадоў апакаліпсіс матухне Зямлі не пагражае, вам будзе складана ўбудавацца ў рэжысёрскую сістэму каардынат. А што? Навакольнае асяроддзе забрудзілі, парніковы эфект наблізілі, мірны атам ашчэрыўся зусім не мірна. Прадчуванне апакаліпсісу ў «Чайцы» — стрыжань спектакля. Яно тлумачыць і некаторыя ўсхліпы, і маторыку персанажаў, перабольшаную ў асобных сцэнах. А мо галоўны апакаліпсіс ужо надышоў? Ці гэта простыя магнэсавыя буры? А мо апакаліпсіс у тым, што маці не жадае зразумець і пашкадаваць сына, а сын неўзаемна закаханы ў тую, якая закахалася ў іншага? Тады ўжо ўсё адно — хай усё скрозь дна праваліцца, бо з гэтымі людзьмі ніякай рады не дасі.
Нягледзячы на чорную меланхолію, рэжысёр акуратна вывуджвае з п’есы ўвесь наяўны гумар. Як заўжды, кранае сваім запозненым каханнем да доктара Дорна Паліна Андрэеўна (мне давялося ўбачыць выкананне Юліяны Міхневіч). Як каштоўнае зелле нясе сваю мізантропію змрочная і ўзлаваная Маша (Вікторыя Чаўлытка) — насамрэч яна, вядома, проста закахалася ў Трэплева, а ён яе не заўважае. Ці знайшоў штосьці новае ў Трыгорыне артыст Раман Падаляка? Ягоны Трыгорын у меру інтэлігентны, у меру прынцыповы. Да якога мы і прызвычаіліся.
«Чайка» — той рэдкі спектакль, які трэба глядзець абавязкова. І на два склады выканаўцаў, каб параўнаць. Надта ўжо розныя па сваіх індывідуальнасцях артысты, занятыя ў ім. Трыгорыны Рамана Падалякі і Паўла Харланчука будуць зусім рознымі. Як і Дорны Аляксандра Падабеда ды Ігара Сігова. Як Паліны Андрэеўны Юліяны Міхневіч і Алены Сідаравай.
«Чайка» дае нагоду для разваг. Пасля рамонту, рэканструкцыі і рэстаўрацыі гэты спектакль стаў бадай першым у шэрагу самых сур’ёзных з рэпертуару. Першым сярод вялікіх ансамблевых твораў («Пан Тадэвуш», «Дон Жуан»), дзе вельмі шмат залежыць ад звыклага пачуцця локця. І «Местачковае кабарэ», і «Ноч на Каляды», і «Лістапад. Андэрсен» збольшага задуманы як акцёрскія калажы ці ронда на зададзеную тэму ды лёгка разбіраюцца на складнікі. «Чайка» — іншая. Не падхопіць артыст патрэбную інтанацыю, спудлуе — і ўтворыцца эмацыйная яма, на якую так проста латку не паставіш...
Нягледзячы на тое, што гарнітуры персанажаў вытрыманы, як той казаў, «у духу», трактоўку п’есы можна зразумець і гэтак: дзеянне адбываецца ў іншасвеце. Так бы мовіць, ужо пасля Апакаліпсісу. А ўсе капялюшыкі і фальбонкі — хіба згадкі пра мінулае, пра цудоўныя дні на лецішчы. Морак і насланнё. Бо напраўду жывога ў гэтым спектаклі мала. Мне здаецца, аніводная праца Пінігіна па ступені негатыўнай энергетыкі не набліжалася настолькі да літоўскага тэатра: гэта Чэхаў без святла ў канцы тунэля. Змрочны, без выйсця.
Чэхава называюць пачынальнікам п’есы абсурду. З гэткай версіяй «Чайкі» драматурга можна назваць і пачынальнікам постапакаліптычнай літаратуры — згадаем школу «паўднёвай готыкі» разам з Кормакам Макарці, Фланеры О’Конарам, Тэнесі Уільямсам, Труманам Капотэ. У Чэхава з імі шмат агульнага — і ў тэмах, і ў раскрыцці характараў. Амаль ва ўсіх п’есах Уільямса і Чэхава людзі, якія апынуліся ў адной замкнёнай прасторы, пачынаюць выяўляць не лепшыя якасці сваіх характараў (спачатку стамляюцца — а потым адбываецца выбух). «Чайка» Пінігіна ўпісана ў гэты культурны кантэкст. Яна пастаўлена для гледача дваццаць першага стагоддзя, які, вядома, і Капотэ, і Уільямса чытаў.
Мяркую, спектаклю не зашкодзіла б трошкі хаосу. І ў гэткім Чэхаве неяк зусім мала рускага. А мо і не павінна быць? Ён ідзе на выдатнай беларускай мове — пераклад Марыны Казлоўскай, а ўсе ахвочыя могуць скарыстацца сінхронным перакладам на англійскую. Праўда, на прэм’ерным паказе ніводнага замежніка ў слухаўках я не заўважыў. Можа быць, яны яшчэ падцягнуцца.
Хочацца, каб тэатр працягнуў абраную лінію. Апакаліпсіс? Некамунікабельнасць? Напрамілы бог. Мы толькі парадуемся. Досыць нам кабарэ, шоу, рэканструкцый і іншых гулікаў. Вымагаем сур’ёзных, хоць і песімістычных, спектакляў, і хай усё скрозь дна праваліцца. Урэшце, рэжысёрскі песімізм таксама аплачваецца.
Валянцин ПЕПЯЛЯЕЎ