Арт і гендар

№ 3 (385) 01.03.2015 - 31.03.2015 г

Сумнеў, недавер, паблажлівасць
З часоў Феспіда, які, дзякуючы Плутарху, застаўся ў гісторыі першым вядомым акцёрам, еўрапейскі тэатр быў не для жанчын. Стагоддзямі. Спачатку забаранялася яго наведваць. Потым — браць удзел у спектаклях. Эпохі абсалютызму і асветы дужа намагаліся нешта змяніць, і колькі часу таму нарэшце — у ХХ стагоддзі — сёе-тое змянілася! Акрамя артыстаў і артыстак, сучасны тэатр займеў патрэбу ў процьме размаітых прафесій, традыцыйна ўважаных за нежаночыя, але кабеты паспяхова асвойталіся з імі. Аднак сумнеў, недавер і паблажлівасць — ці не першыя пачуцці, якімі часцяком сустракаюць жанчын-адмыслоўцаў на тэат­ральнай вытворчасці. Альбо яшчэ раней, падчас прафесійнага навучання? Калі жанчына ўпершыню сутыкаецца з імі? Як выпраўляе становішча? На гэтыя пытанні адказваюць дасведчаныя спецыялісткі розных тэатральных пакаленняў.

 «НАЙЛЕПШАЯ ЗБРОЯ — ГЭТА НАША ПРАФЕСІЯ»

Лідзія Манакова, рэжысёр-пастаноўшчык, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

Мне моцна пашэнціла ад пачатку прафесійнага навучання: я трапіла на рэжысёрскі курс, які набіраў сам Канстанцін Саннікаў. Дыпломны спектакль ставіла ў Гомелі пад кіраўніцтвам Іосіфа Папова. Складаны, шматнаселены, пачуццёвы — яго прызналі ўдалым, і Папоў, не вагаючыся, запрасіў мяне працаваць у Гомельскім абласным драматычным тэатры. Пяць гадоў, трынаццаць спектакляў, аніводнага выпадку сумневу, недаверу альбо паблажлівасці. Уладзімір Маланкін (а ён пільна назіраў за маёй самастойнай дзейнасцю) выклікаў у Мінск з тым, каб я ўзялася выкладаць у Тэатральна-мастацкім інстытуце. Я ўзялася... Гожыя, разумныя, дасціпныя, самадастатковыя мужчыны, якія выкшталцілі мяне прафесійна і тым самым зрабілі шчаслівай! Менавіта пад іх уплывам я пераканалася, што тэатр павінен стварацца толькі аднадумцамі і толькі студыйна!

...У сярэдзіне 1970-х гэтае перакананне змусіла мяне распачаць стварэнне Маладзёжнага тэатра ў Мінску. Пра тое, каб адчыніць студыю альбо антрэпрызу, за савецкім часам нават гаворкі не ішло, таму давялося хадзіць у Міністэрства культуры як на службу, пераконваць прадстаўнікоў улады і кіруючай партыі. І, як ні дзіўна, яны цудоўна зразумелі ўсю неабходнасць падобнай мастацкай установы. Я паспела падрыхтаваць і выпусціць два акцёрскія курсы, калі ў 1984 годзе мяне выклікалі ў Міністэрства культуры і ўрачыста аддалі паперу з пастановай пра адкрыццё Маладзёжнага тэатра ў Мінску. Мне прапанавалі як мага хутчэй рыхтаваць штатны расклад і рэпертуар! Я падрыхтавала...

Але новае кіраўніцтва Савета Міністраў раптоўна змяніла стаўленне да маёй асобы — настолькі, што на чале тэатра хутка зацвердзілі кіраўніка-мужчыну. Яго не цікавілі ні студыйнасць, ні эстэтыка, затое чыноўнікі мне выдалі: «Ведаеце, жанчына на чале тэатра...» Ну і што гэта было, як не гендарная дыскрымінацыя?

Цвёрдае і рашучае «Ну?! Жанчына?!» пачула ўся кафедра рэжысуры ад рэктара Тэатральна-мастацкага інстытута, калі даўмелася вылучыць маю кандыдатуру на загадчыка. Я вярнулася ў Гомельскі абласны тэатр і... ачоліла яго як галоўны рэжысёр, а праз два гады, праз чарговыя змены ў кіраўніцтве інстытута, давялося ўзначаліць і кафедру. На дваццаць тры гады.

Гэтыя гісторыі з жыцця я абавязкова распавядаю сваім студэнткам: папярэджаныя — значыць, узброеныя. Хоць найлепшая зброя — гэта наша прафесія.

«ТЭАТР ПАЧЫНАЕЦЦА... З ПОЛУ»

Вікторыя Лазарава, рэжысёр-фрылансер:

«Дзяўчаткі, рыхтуйцеся да таго, што вам будзе няпроста. Рэжысура — не жаночая прафесія», — першае, што я пачула ад мужчыны — кіраўніка нашага курса пасля залічэння ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на аддзяленне рэжысуры. Нас было сямёра: пяцёра хлопцаў і дзве дзяўчыны. Цягам першага курса нас маральна рыхтавалі да таго, што ў Акадэміі даволі вялікі адсеў і, хутчэй за ўсё, да канца вучобы дзяўчат на рэжысуры не застанецца. Тым не менш пры канцы першага года адлічылі студэнта, а не студэнтку. Да канца трэцяга курса мы засталіся ўпяцёх, да сярэдзіны чацвёртага — учатырох, а на ўрачыстым уручэнні дыпломаў мы з аднагрупніцай — удзвюх на сцэне, гэткая рэштачка нашага патэнцыйна нежаночага курса. Абедзве — з чырвонымі дыпломамі...

Мы нічога не хацелі давесці. Тады мы думалі, як рэалізаваць сябе ў прафесіі — яна здавалася прызваннем. Але менавіта ў той момант, калі я стаяла на сцэне навучальнага тэатра Акадэміі мастацтваў і рэктар асабіста ўручаў мне дыплом з адзнакай, я ўпершыню падумала: не бывае мужчынскіх ці жаночых спецыяльнасцей. Бывае недастаткова старанняў, матывацыі, таленту, урэшце. Ну і, вядома, не ўсе вытрымліваюць ціск стэрэатыпаў. Як ні парадаксальна, гендарныя стэрэатыпы нам навязвалі менавіта на занятках па рэжысуры. На тых самых занятках, дзе метадычна мусілі з любымі стэрэатыпамі змагацца. У выніку свежа і небанальна імкнуліся глядзець на свет дзяўчаткі, а іх намаганне паводзіць сябе «па-мужчынску» вынікала хіба з пераканання, што інакш ім у прафесіі «будзе складана». Яны ламалі стэрэатыпы — і самі ламаліся пад іх цяжарам.

Пасля вучобы я прыйшла ў тэатр з упэўненасцю: тут ёсць месца толькі творчасці! Да ўсяго, галоўным рэжысёрам была жанчына! Але з парога пачула: «Ізноў нейкая дзяўчынка будзе тут штосьці ставіць?» «Нейкая дзяўчынка» літаральна пераследавала мяне. Пра яе паўтаралі то здзіўлена, то грэбліва, то з відавочнай абуранасцю. Па першым часе не было і знаку субардынацыі, акцёры зрывалі рэпетыцыі, адмаўляліся выконваць тое, што я прасіла, высмейвалі мяне. Выключэнне склалі артысты старэйшага пакалення. Дагэтуль памятаю, як адзін з іх сказаў: «Хоць яна і выглядае як пятнаццацігадовая дзяўчынка, яна рэжысёр, і мы мусім яе слухаць». Я да сёння яму ўдзячная, але пацвярджаць права звацца рэжысёрам даводзілася самой. Паступова я ўсё ж заслужыла пэўны аўтарытэт, хоць некаторыя выканаўцы да апошняга не жадалі лічыцца з маім меркаваннем. Тым не менш прэм'ера прайшла паспяхова. Я нават чула, як хтосьці пытаў: «Няўжо гэта нейкая дзяўчынка паставіла?»

Вядома ж, мужчыны і жанчыны думаюць па-рознаму, а значыць, і жаночая рэжысура адрозніваецца ад мужчынскай. Але пакуль існуе звычка прамаўляць словазлучэнне «жаночая рэжысура» як лаянку, ніякай гендарнай справядлівасці ў тэатры не будзе. Жаночая рэжысура, рыхтык як мужчынская, можа быць і дрэннай, і добрай.

«Я ЛЮБЛЮ ПРАЦАВАЦЬ З УЗАЕМНЫМ ДАВЕРАМ...»

Алеся Сарокіна, галоўны мастак Нацыянальнага тэатра 
імя М. Горкага:

«Каму лягчэй у тэатры — жанчынам ці мужчынам?» — спыталіся ў мяне студэнты. Я адказала, што калі ты ў прафесіі, такога пытання проста не існуе: альбо ты прафесійнік, альбо —не. А калі не, ідзі адсюль...

Мой настаўнік Барыс Федасеевіч Герлаван, знакаміты мас­так-сцэнограф, прафесар Акадэміі мастацтваў, прызнаваў­ся, як хацеў быў набраць на курс толькі хлопцаў (а курс сцэнографаў набіраецца раз на шэсць гадоў). Але на ўступ­ных іспытах мацнейшыя — дзяўчаты. Падчас навучання больш цягавітыя і цярплівыя — дзяўчаты. На выпускных — тое самае...

Мастак-сцэнограф — гэта тэатральны звянчак. Мяркую, ягоная роля не першая, а другая; сцэнограф — праваднік ідэй рэжысёра. Задача мастака — як бы распусціцца ў тым, што прапануе рэжысёр, адчуць яго напоўніцу...

Спачатку я рабіла спектаклі паводле логікі: чытаеш п’есу, слухаеш пажаданні рэжысёра — выяўляеш. Але хутка высветлілася: зазвычай тое, што ўзята логікай, атрымліваецца... як ва ўсіх. Трывіяльна. Такія «лагічныя ідэі» ляжаць на паверхні. Я вырашыла «патануць у рэжысёры» (якім бы ён ні быў), у яго разуменні і ўвасабленні той ці іншай тэмы, і гэта было маё адкрыццё: калі падключыць падсвядомасць і пачуцці, што часцей і болей уласціва жанчыне, ідэі вылузваюцца куды цікавейшыя ды глыбейшыя, а іх уздзеянне адначасова і далікатнае, і мацнейшае. І цяпер мне здаецца: жанчыне гэтак рабіць прасцей, бо яна ўмее слухаць і адчуваць, яна лепшы дыпламат: можа не прымаць пазіцыю рэжысёра, але зразумець яе — гэта і ўмова, і задача, і прафесійны абвязак. А з чалавекам на адной творчай хвалі ўсё прыдумваецца з такім імпэтам, вынаходзіцца з такой хуткасцю! Нават пытання «А ці можна гэта тэхнічна ўвасобіць?» не ўзнікае. Я люблю працаваць з узаемным даверам. Тады нават самы нясмелы чалавек выяўляе большую кемлівасць, спагадлівасць, зацікаўленасць.

З такім стаўленнем рэжысёр часам і не заўважае, што вось гэта і гэта не ён прыдумаў-прапанаваў, а сцэнограф, а я шчаслівая — абы на карысць спектаклю. Вядома, выдаткі выхавання часам азываліся няўпэўненасцю, асабліва калі трэба было вырашаць тэхнічныя задачы: тэатр, як вядома, вымагае бясконца вынаходзіць нават самыя простыя рэчы. На абмеркаваннях я маўчала, хоць і мела што сказаць. Загаварыла толькі тады, калі зрабілася відавочным: прапанаваныя (мужчынамі — Ж.Л.) тэхнічныя рашэнні больш складаныя і каштуюць даражэй. Напрыклад, для «Пане Каханку» трэба было прыдумаць пасоўванне канструкцый вялікіх птушак вышынёй у чатыры метры, але з боку кулісы, не карыстаючыся штанкетам (былі і іншыя абмежванні). Я прыдумала. Звярнуліся па ўвасабленне ў канструктарскую ўстанову — і яны пакінулі маю распрацоў­ку без адзінай папраўкі. Сказалі, што прыдумана вельмі прос­та і дасціпна. Асабліва іх уразіла тое, як я зрабіла гэта ў макеце спектакля — цвічкамі ды вяровачкамі.

 

Па шчырасці, канешне, у нашай справе трэба ўмець карыстацца і жаночым абаяннем. Бо калі табе надта ўжо хочуць дапамагчы альбо навучыць — ну няхай дапамогуць, няхай навучаць, калі ласка, але як толькі ўзнікае нейкае абвостранае непаразуменне, што псуе працу, вельмі хутка ўсё можна выправіць, давёўшы і свае веды, і свой досвед у справе.

Аўтар: Жана ЛАШКЕВІЧ
рэдактар аддзела тэатра