У нейкай ступені звяртацца да жанру ню цяпер — сапраўды авантура. Яго гісторыя пачынаецца там жа, дзе і гісторыя чалавецтва, і за гэты час практычна ўсё, што можна было сказаць пра аголенае цела, ужо выказана. Кожны гістарычны перыяд мае свае асаблівасці ў інтэрпрэтацыі аголенасці, і найноўшае мастацтва не выключэнне. Але на першы план выходзіць не прага цялеснай прыгажосці, а, хутчэй, актуалізацыя праблемы ўспрыняцця цела як такога — свайго, чужога, рэкламнага, мадэльнага, натуральнага. Мастакі ставяць эксперыменты над сваім целам (Сідні Шэрман, Марына Абрамавіч) альбо ўвасабляюць сапраўдную, не абцяжараную чаканнямі і сацыяльнымі ўмоўнасцямі натуру (Люсьен Фрэйд, Джэні Савіль).
Афіша «Авантуры» запэўнівала: глядач убачыць на палотнах авангард + аголенасць. Гэтае матэматычнае спалучэнне кірунку і жанру крыху насцярожыла, але абмежаванні гаспадара калекцыі былі не толькі ў дакладным памеры прац. Спроба зрабіць зрэз арт-авангарда ў межах аднаго жанру — паказнік таго, з якой групай мастакоў працаваў Андрэй Плясанаў. Экспазіцыя выставы складалася з работ, падпісаных вядомымі імёнамі, а таксама з твораў, чые аўтары зрэдку з’яўляюцца на публічным гарызонце беларускага арту. Сітуацыя, дзе ўсе знаходзяцца ў роўных умовах — памер, тэма, нават тэхніка, аднолькавы падыход у экспанаванні твора, — так ці інакш вымушае гледача параўноўваць, ацэньваць. І Плясанаў, магчыма, меў самыя добрыя намеры, аднак зрабіў мастакоў закладнікамі гледача. Куратар «Авантуры», ён апрыёры пазбавіў мажлівасці інтэрпрэтаваць калекцыю як жывую субстанцыю, дзе ролі размяркоўваюцца ў залежнасці ад пляцоўкі і аўдыторыі. Пры ідэнтычных умовах нават слабое звяно ланцуга застаецца звяном, якое нельга схаваць.
Бадай што, маё меркаванне пра жывапісныя палотны «Авантуры» прадыктавана ўласным бачаннем жанчыны. Ці не прайшлі часы, калі яна была толькі музай, аб’ектам сузірання? Сёння паненкі не хаваюць сваёй схільнасці знаходзіць прыгажосць у мужчынскім ню, аб’ектыўна ацэньваюць і жадаюць уплываць на праблему ўспрымання аголенага цела. І таму ў пэўнай ступені іранічны і дэкаратыўны (нават у сэнсавым плане) падыход да выяўлення аголенасці змушае мяне рабіць выснову: рэдкі мастак паставіўся да тэмы сур’ёзна. Цела, несумненна жаночае, намалявана як аб’ект пажады: круглявыя азадкі, какетліва падкрэсленыя ножкі і вусны — эратызм не самага высокага гатунку.
Жанр ню мае на ўвазе малюнак любога аголенага цела — мужчынскага, жаночага, маладога, старога. Як было б цікава ўбачыць цела пажылога чалавека, жывы ландшафт часу, ці цела мужчыны, які не хавае сябе, цела чалавека ў агульным яго ўспрыняцці. Шчыры ў выказванні і трапны ў абазначэнні роляў твор Артура Клінава. Ён «агаліў» тэму цалкам праз дэманстрацыю жанчыны-лялькі ў руках мужчыны-мастака. Усяго толькі лялька, аб’ект для гульняў у мужчынскім свеце, авантура ў чыстым выглядзе.
Жаночае бачанне несумненна адрозніваецца ад мужчынскага. Погляд гледача скіроўваецца не толькі на абалонку, але чапляе больш глыбокія пласты, звязвае з целам асобу. Дзівосна дакладныя для такога ўспрыняцця працы Людмілы Русавай. Трыпціх яе аўтарства распавядае пра пераўтварэнне аголенай жанчыны ў слімака. Безабароннае жаночае цела сціскаецца пад позіркамі публікі, згортваецца ды, у рэшце рэшт, хаваецца ў ракавіну. І толькі вочы глядзяць на нас з-пад панцыра: «Вы яшчэ тут?»
Вольга Сазыкіна ў сваёй экспанаванай працы таксама прыкрывае цела вонкавым аб’ектам — кракадзільчыкам.
Выбітныя на фоне эратычнай падачы выявы гераінь на карцінах Генадзя Хацкевіча, дзе роля багіні дамінуе над аголенасцю і распранутасць робіцца натуральнай, не выклікае пытанняў. Адам Глобус звярнуўся да гэтай жа тэмы з іншага ракурсу: яго багіні — сучасныя палеалітычныя венеры. Адваротны бок трактоўкі жаночага цела — прыземленасць, натуральнасць — падкрэсліў Віталь Чарнабрысаў. Ён прывязаў ню да сапраўднасці, а не да мужчынскіх мараў пра яго.
Апраўдаць калекцыю ўдзелам геніяў беларускага мастацтва не атрымалася. Авантура засталася авантурай — сумнеўнай справай з хісткай надзеяй на поспех. Але аддамо належнае: назва выставы папярэджвае, што да гэтага ніхто нават не збіраўся ставіцца сур’ёзна.
Сафія САДОЎСКАЯ