Алег Півавараў. Ноеў каўчэг

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

Адзін з гасцей сёлетняй «Панарамы» -- заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, галоўны рэдактар часопіса «Театральная жизнь» Алег ПІВАВАРАЎ. Наша гутарка з ім -- пра тое, што сёння ўяўляюць сабою тэатральныя фестывалі.

 /i/content/pi/mast/6/152/Pivavarau1.jpg

Алег Іванавіч, якое месца ў жыцці чалавека, на вашу думку, займае цяпер тэатральнае мастацтва?
-- У правінцыі, якая мне бачыцца адным з апірышчаў традыцыйнай культуры, вельмі распаўсюджаны тэатр-дом, тэатр, дзе ўсе пачуваюцца як блізкія і сваякі. Гэта, нягледзячы на нялёгкія перыпетыі нашага часу, дапамагае гледачам выхоўваць у сабе пачуццё прыгожага, дае разуменне таго, што ёсць гармонія. І ёсць, на жаль, камерцыйны тэатр, які разбэшчвае і існуе па прынцыпе «чосу», дзе галоўнае, як кажуць акцёры, «насекчы капусты» ці «зарабіць бабла».
Ці не атрымліваецца так, што тэатр-дом, разлічаны перш за ўсё на свайго, «хатняга» гледача, мала ўдзельнічае ў міжнародным тэатральным, фестывальным жыцці, якое, на жаль, часта акурат і засведчвае ўзровень тэатраў прэзентацыйнага, камерцыйнага кшталту?
-- Вы не маеце рацыі. Гэта абсалютна не так -- сучасныя тэатральныя рэаліі крыху іншыя. Праўда, зніклі старыя добрыя гастролі, якія былі раней. Але сёння іх шмат у чым замянілі менавіта тэатральныя фестывалі. Без перабольшання скажу, што сучасная Расія -- радзіма вялікай колькасці фестываляў, яны сёння ладзяцца ў кожным, нават не вельмі вялікім горадзе. І ёсць насамрэч цікавыя, у іх з задавальненнем і сістэмна бяруць удзел лепшыя тэатры з Масквы, Пецярбурга, іншых гарадоў не толькі Расіі, але, дарэчы, і з Беларусі, і з дальняга замежжа.
Вы лічыце, што актыўнае фестывальнае жыццё здольнае кампенсаваць адсутнасць паўнавартасных тэатральных гастроляў?
-- Чаму не? Я чалавек тэатральны і добра ведаю, што такое паўнавартасныя тэатральныя гастролі. У іх афішы поруч з цікавымі, яркімі спектаклямі траплялі і пастаноўкі сярэдняга ўзроўню, і нават няўдалыя -- тэатр імкнуўся паказаць усё, што ён зрабіў. Удзел жа ў фестывалях прадугледжвае іншы творчы падыход, строгі адбор: калектывы імкнуцца паказаць самае лепшае, свае сапраўдныя творчыя дасягненні. Да таго ж, фестывалі даюць унікальную магчымасць убачыць квінтэсэнцыю сучаснага тэатральнага жыцця, адчуць тэндэнцыі і накірункі развіцця таго ж рускага, беларускага, еўрапейскага тэатральнага мастацтва...
Пры аналізе беларускіх тэатральных фестываляў апошніх гадоў асабіста ў мяне складаецца ўражанне, што глядач сёння цікавіцца не столькі рэжысёрскімі эксперыментамі, колькі самім драматургічным матэрыялам, сцэнічным прачытаннем той ці іншай тэатральнай гісторыі.
-- Не магу з вамі пагадзіцца. Што такое рэжысёрскі эксперымент? Для мяне «Вішнёвы сад», які мы з вамі бачылі сёлета ў Брэсце на «Белай Вежы», -- гэта сапраўдны яркі і цікавы эксперымент выдатнага львоўскага рэжысёра Яраслава Федарышына. Але адначасова гэта і чысты, ясны, класічны спектакль. Прычым, цікавы не толькі для спецыялістаў, але і для шараговага гледача, які сёння, на жаль, не заўсёды ведае драматургічны матэрыял. Гэта наш боль: мы, якія не так даўно лічыліся самым чытаючым народам, маем у Расіі ўжо каля 7 мільёнаў непісьменных людзей. А многія ж і з пісьменных наўрад ці маюць звычку альбо ахвоту чытаць п'есы. Ды вось яны паглядзяць такі спектакль, дзе рэжысёр класічным чынам выкладае тое, пра што ідзе гаворка ў творы, і, мажліва, сёй-той наведае бібліятэку, каб пазнаёміцца з п'есай. Альбо нават знойдзе томік Чэхава ў сябе дома на кніжнай паліцы і зробіць невялічкае «адкрыццё». Сапраўдны рэжысёрскі спектакль ніколі не пярэчыць аўтару, галоўная зарука яго поспеху -- творчы тандэм дзвюх гэтых асоб.
Але ж, думаецца, фестываль мусіць ставіць перад сабою і больш шырокія задачы, чым проста знаёмства гледачоў з драматургіяй.
-- Напрыклад?
Скажам, задавальняць спажывецкія інтарэсы не толькі гледачоў, але і тэатральнага люду -- прадставіць новы пастановачны досвед, новыя тэатральныя ідэі, накірункі творчага мыслення...
-- Прафесійная вучоба?.. Гэта цікавае пытанне, але, як мне падаецца, загадзя пралічыць прыкладное значэнне фестывалю, як, зрэшты, і яго поспех, практычна немагчыма. Ён можа стацца самым лепшым фестывалем у свеце, а можа і не атрымацца. Дый майстар-класам можа стаць што заўгодна -- яркая акцёрская работа, цікавая рэжысёрская трактоўка твора, нечаканае прачытанне... Калі ж разлічваць выключна на задавольванне жаданняў і патрэб тэатральных прафесіяналаў, атрымаецца замкнёны, элітарны фестываль, які насамрэч не зможа даць анічога новага для развіцця тэатра. Такія задачы патрабуюць іншых, лабараторных форм работы -- чытак, закрытых паказаў, дыскусій
Дарэчы, у рамках «Панарамы» адбудзецца шэраг мерапрыемстваў, адрасаваных менавіта прафесіяналам: навуковая канферэнцыя, прысвечаная сучаснаму становішчу тэатральнага мастацтва, і праект «On-line», які мусіць стацца своеасаблівай лабараторыяй тэатральнага крэатыву.
-- Але ж колькі б мы ні тэарэтызавалі, любы фестываль, у першую чаргу, ладзіцца для публікі, для гледачоў. Прычым, для самых розных -- і для тых, хто «ўжо» чытаў Шэкспіра, і для тых, якія не ведаюць, хто такі Гамлет.
Між іншым, тэатральны фестываль не абмяжоўваецца адно толькі эстэтычнымі функцыямі, з цягам часу ён здольны стаць і своеасаблівым складнікам сацыяльна-культурнай інфраструктуры свайго горада, нават, можна сказаць, брэндам.
-- Безумоўна, гэтак жа, як у свой час Галівуд спарадзіў Амерыку і ўсе вядомыя нам сёння амерыканскія стандарты, ідэалогію, разуменне таго, што ёсць поспех, -- аж да таго, што сапраўдны амерыканец мусіць есці і як сябе паводзіць. Так і фестывалі, у тым ліку тэатральныя, здольныя не проста задавальняць эстэтычныя патрэбы людзей, а і пэўным чынам фарміраваць іх жыццё, надаваць яму патрэбны вектар.
Галівуд стварыў для Амерыкі не толькі лад жыцця, але і свайго героя. А якога героя прапануюць нам сучасныя тэатры, у прыватнасці, у Расіі?
-- На жаль, вельмі рознага. Расійскі тэатр -- і гэта не проста словы -- вялікі тэатр. Невыпадкова кожны Чэхаўскі фестываль, які з'яўляецца свайго кшталту люстэркам сусветнага тэатральнага мастацтва, паказвае, што пакуль менавіта расійскі тэатр знаходзіцца паперадзе планеты ўсёй, займае галоўныя культурныя пазіцыі. І па-ранейшаму застаецца своеасаблівай Меккай для сусветнага тэатральнага руху.
У той жа час, ёсць і дэструктыўна скіраваныя тэатры, куды прыходзіць маладое пакаленне, якое не жадае мець нічога агульнага са сваімі вялікімі папярэднікамі. Прыходзяць неадукаваныя дылетанты і свае псеўдапошукі выдаюць за тэатральнае наватарства. У іх героях пераважае фізіялогія, крымінал, дэструктыўнасць альбо анамалія -- і гэта выдаецца за ідэал. Я заўсёды правяраю, што такое добра і што такое кепска, па Блоку: «Познай, где свет, поймешь, где тьма. /Пускай же все пройдет успешно,/ Что в мире свято, что в нем грешно, квозь жар души, сквозь хлад ума». Сёння ў так званым новым тэатры, новай драме вельмі часта выводзіцца на сцэну і спасцігаецца цемра. Безумоўна, калі не будзе яе, не будзе і святла -- любові, якая з'яўляецца, на маю думку, галоўным законам чалавечага жыцця. Але ж не суцэльная цемра! Гэтае супрацьстаянне, дарэчы, характэрнае не толькі для Расіі, але і для Еўропы.
Узнікае ўражанне, што прынцып «ліхадзеі -- больш яркія, чым станоўчыя героі» застаецца дамінуючым: пазітыўныя, шчаслівыя персанажы падаюцца тэатру нецікавымі, а інтарэс выклікаюць героі паталагічныя, дэструктыўныя, маргіналы-пакутнікі.
-- Я хрысціянін, і для мяне суперажыванне -- самае важнае, што існуе ў жыцці чалавека. Калі ён ніколі не пакутаваў, не адчуў эмоцый, ад якіх разрываецца сэрца, значыць ён не асэнсаваў зямное жыццё да канца. Толькі праз пакуты чалавек прыходзіць да ачышчэння, да таго, што робіць чалавека чалавекам. І для гэтага не трэба быць станоўчым ад нараджэння. Магу прывесці ў прыклад вялікага рускага святога Мікіту Стоўпніка, які жыў у свой час у Пераяслаўлі Залескім. Ён быў надзвычай дэструктыўным чалавекам: краў, скнарнічаў, прыніжаў, нават забіваў. Але аднойчы зразумеў, што толькі праз пакуты, праз боль ён можа вярнуцца да сапраўднага жыцця. Ён надзеў валасяніцу, вярыгі і стаяў на камені, без ежы, вады, аблеплены гнюсам. Так ён правёў некалькі месяцаў і стаў сапраўдным святым... Не так важна, які ты чалавек: пазітыўны альбо дэструктыўны, галоўнае -- ты павінен імкнуцца да святла. І тэатр мусіць да яго весці.
І ўсё ж вернемся на зямлю. Ёсць думка, што фестывальны рух уяўляе адзін з прыхаваных аспектаў тэатральнай глабалізацыі. Калектывы, актыўна ўключаныя ў фестывальнае жыццё, з часам страчваюць індывідуальнае, нацыянальна-самабытнае аблічча, а іх спектаклі ўсё больш нагадваюць тэатральны Макдональдс.
-- Вы задалі, мажліва, самае балючае і трывожнае пытанне пра стан сучаснага тэатра. Нішто так не палохае мяне, як сярэднестатыстычны, псеўдаеўрапейскі спектакль, дзе ўсё гладзенька: і драматургія нібыта ёсць, і акцёры працуюць нядрэнна, і міленькая сцэнаграфія, ды і рэжысура нішто сабе. І ўсё разам таксама «нібыта». І публіка таксама нібыта задаволеная. Як у Маякоўскага, калі адзін з герояў прыйшоў да цырульніка і просіць: «Прычашыце мне вушы». Дык вось гэта і ёсць тое самае прычэсванне вушэй.Ёсць цікавая ідэя, якая, дарэчы, магла б рэалізавацца на адной з «Панарам», -- сабраць у агульнай праграме нацыянальныя тэатры розных краін, прычым тэатры, якія сфарміраваліся і працуюць у самых розных традыцыях. Безумоўна, можна сабраць разам тэатры Францыі, Германіі, Польшчы, усе яны будуць цікавыя, але... шмат у чым падобныя -- носьбіты, так бы мовіць, адной, еўрапейскай тэатральнай традыцыі. А можна сабраць разам усходні тэатр, будысцкі, ісламскі, тэатр, які абапіраецца на язычніцкія традыцыі, шаманісцкі тэатр... Вось гэта будзе сапраўдная «жывая вада» і тэатральны эксклюзіў! І тады б мы ўбачылі не Макдональдс, а тэатральны рэстаран для гурманаў, дзе кожны ў захапленні ад вытанчанасці прапанаванай тэатральнай кухні! Вось гэта быў бы і сапраўдны майстар-клас. Мне падаецца, што ідэя «Панарамы» якраз у гэтым і заключаецца -- сабраць разам калектывы і людзей розных традыцый, але адной тэатральнай веры, аб'яднаных любоўю да мастацтва. Своеасаблівы Ноеў каўчэг, дзе можна будзе пераадолець усе тыя супярэчнасці, якія існуюць у нашым свеце, -- праз разуменне і паважлівыя адносіны да традыцый іншых народаў, іх культуры і менталітэту. Праз спробу зразумець адзін аднаго. Таму што тэатр -- гэта не толькі адкрыццё ўласнай душы, але і складаная, няпростая навука разумення іншага чалавека, яго радасцей і болю.

Гутарыла Таццяна КОМАНАВА