Экспазіцыя «Mater Dei...» сабралася з італьянскіх калекцый Акадэміі мастацтваў імя П'етра Ванучы, Нацыянальнай галерэі Умбрыі, Ашчаднага банка Перуджы і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. На ўсіх творах — вобраз Мадонны з немаўлём. Аднак гэтыя падобныя сцэны вылучаюцца вялікай разнастайнасцю. Багатая іканаграфія выявы Панны Марыі (Мадонны, Божай Маці) толькі ў нязначнай меры абавязана Евангеллям. На працягу стагоддзяў, з узбагачэннем мастацтва новым зместам, іконаграфічныя схемы неаднаразова мяняліся.
Вобраз Мадонны з немаўлём на троне, заснаваны на візантыйскіх узорах, пачаў распаўсюджвацца ў Заходняй Еўропе ў VII стагоддзі. У XII—XIII стагоддзях, падчас рэлігійнага ўздыму, выкліканага крыжовымі паходамі, шанаванне Панны Марыі стала надзвычай папулярным: той перыяд стаў эпохай культу Божай Маці.
Храналагічныя рамкі выставы ўключаюць XV—XIX стагоддзі, але асноўная частка экспанатаў звязана з Адраджэннем. У гэты час адбываецца радыкальнае абнаўленне мастацкай сістэмы, распаўсюджваюцца свецкія матывы, развіваецца партрэт, узнікае цікавасць да ўвасаблення прыроды, па-новаму, часам ледзь не ў жанравым ключы, інтэрпрэтуюцца рэлігійныя сюжэты.
Пашырэнне рэалістычнай выявы і развіццё творчай індывідуальнасці ў эпоху Адраджэння абумовілі як вольнасць тлумачэння старых іконаграфічных схем, так і з'яўленне новых, не так строга рэгламентаваных. Сярод апошніх — Панна Марыя Міласэрнасць, што ахінае грэшніка, які каецца, сваім плашчом ці стаіць на каленах перад Хрыстом на Страшным Судзе ў мальбе пра душы памерлых; Маці, Якая Смуткуе, з сямю мячамі, што працінаюць яе грудзі і сімвалізуюць сем яе жалоб, ці выяўленая з мёртвым целам Хрыста; Панна Бязгрэшнага Зачацця. З канца XVI і на працягу ўсяго XVII стагоддзя вялікай папулярнасцю карысталіся сюжэты з'яўленняў Божай Маці некаторым святым.
Увасабленне Панны Марыі, якая грудзьмі корміць немаўля, мае аналогіі яшчэ ў дахрысціянскім мастацтве. Парафразам гэтай схемы на выставе стала кампазіцыя «Мадонна з немаўлём і Іаанам Хрысціцелем» Джачынта Баканеры (1666—1746) з калекцыі Фонду Акадэміі мастацтваў імя П'етра Ванучы.
Вобраз Панны Марыі з немаўлём на троне падкрэслівае асаблівую ролю Божай Маці як знака самой Царквы, невыпадкова яна падаецца як Царыца Нябесная. У італьянскім жывапісе гэтая тэма падзяляецца на тры віды: выява Мадонны і немаўля анфас, якая прыйшла з візантыйскага мастацтва; Мадонна, што паказвае на немаўля; больш інтымны (матчын) тып, у якім Божая Маці абдымае сына.
У эпоху Адраджэння выяўленне Панны Марыі ўсё больш і больш афарбоўваецца чалавечым пачуццём, а рэлігійны сэнс змяшчаецца (асабліва ў жывапісе XV—XVI стагоддзяў) у выявах розных сімвалічных прадметаў. Яны ўвасабляюць цэлую сістэму хрысціянскай сімволікі. Сярод найбольш распаўсюджаных — яблык, плод Дрэва пазнання, які пазначае немаўля Ісуса як будучага выратавальніка роду чалавечага ад першароднага граху. Вінаград, пасудзіна для пітва ці гарлач сімвалізуюць еўхарыстычнае віно; вішня, званая райскім фруктам, — Неба; гранат — Уваскрэсенне. Птушка (часцей за ўсё шчыгол) сімвалізуе душу чалавека, якая адлятае з яго смерцю.
На выставе прадстаўлена адлюстраванне Божай Маці з постацямі святых і данатараў. У мастацтве позняга Сярэднявечча і ранняга Адраджэння гэты іконаграфічны тып быў характэрны для алтароў, дзе постаці займалі асобныя, сіметрычна размешчаныя панэлі ці створкі. У XIV—XV стагоддзях развілася адзіная выява, што атрымала назву «Святое Сумоўе», дзе святыя стаяць ці згінаюць калені ў прысутнасці Панны Марыі, якая сядзіць на троне ці стаіць на ўзвышэнні.
Вобраз Мадонны з немаўлём сустракаецца ў сцэнах Святога Сямейства (тэме, якая з'яўляецца ў хрысціянскім мастацтве даволі позна, не раней за XV стагоддзе), што ў «Духоўных гутарках» святога Францыска Сальскага разглядаецца як Зямная Троіца, адлюстраванне і зямны план Троіцы Нябеснай. Іосіф увасабляе Бога Бацьку, Ісус — Сына, пасланага ў свет, а Панна Марыя — Святога Духа. Разам са Святым Сямействам у мастацтве сталі папулярныя выявы святой Ганны, Іаана Хрысціцеля і Лізаветы. З іканаграфіяй сюжэта Святога Сямейства ў экспазіцыі знаёмяць працы П'етра Тадэскі (працаваў у 1678), Джузэпэ Каратолі (1783—1850), Джавіта Гаравалья (1790—1835) з калекцыі Фонду Акадэміі мастацтваў імя П'етра Ванучы.
Сцэна пакланення пастухоў увасаблялася мастакамі з сапраўдным і шчырым захапленнем — пачуццямі, якія прачытваюцца і на палатне невядомага творцы XVII стагоддзя, напісанага з гравюры П'етра Санці Бартолі (1635—1700) паводле арыгіналу Анібале Карачы (1560—1609), і ў гравюры Гаэтана Вашэліні (1745—1805) і Матэа Карбоні з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Храналагічна ледзь не апошнімі ў мастацтве сцэнамі, звязанымі з маленствам Ісуса, з'яўляюцца сюжэты ўцёкаў Святога Сямейства ў Егіпет і адпачынку на шляху да яго. Прыкладам гэтай іконаграфічнай схемы служыць адбітак працы невядомага гравёра XVII стагоддзя з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, выкананы паводле больш ранняй гравюры Іагана Садзелера I (?) (1550—1600), ці Жака Кало (?) (1592—1635) паводле арыгінала Федэрыка Барочы (1526/1535—1612).
Значную частку экспазіцыі складалі працы з італьянскіх збораў. Заснаваная ў 1573 годзе Акадэмія мастацтваў імя П'етра Ванучы працягвае сваю адукацыйную дзейнасць, адначасова валодаючы багатай калекцыяй твораў мастацтва. Сярод экспанатаў выставы — малюнкі былых вучняў Акадэміі, створаныя ў першай палове XIX стагоддзя.
Святлана ПРАКОП'ЕВА