Мяркуйце самі. Пракоф'еў, Брытэн, Шастаковіч — бліскучае трыа. А дакладней — семантычны трохкутнік перасячэнняў-скрыжаванняў лёсаў, творчых стыляў, мастацкіх пошукаў. Тры віяланчэльныя санаты — міні-анталогія ідэй, эксперыментаў і наватарства неспакойна-трывожнага ХХ стагоддзя. Уся праграма вечара была аб'яднаная тэмай дуэта-дыялогу. Паміж музычнымі культурамі першай паловы мінулага веку (расійскай і брытанскай), кампазітарамі і выканаўцамі (Шастаковіч і Брытэн, Пракоф'еў — Растраповіч, Брытэн — Растраповіч), інструментамі (віяланчэль і фартэпіяна).
Імёны Аляксея Кісялёва і Аляксандра Музыкантава ўжо даўно атаясамліваюцца з высокім прафесійным узроўнем і ўспрымаюцца як сапраўдны брэнд нашага акадэмічнага выканальніцкага мастацтва. Музыканты атрымалі выдатную адукацыю ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы, далей працягнулі навучанне ў Каралеўскім каледжы музыкі ў Лондане. Сёння Кісялёў — канцэртмайстар Каралеўскага нацыянальнага аркестра, прафесар Каралеўскай кансерваторыі ў Шатландыі. Музыкантаў — саліст Белдзяржфілармоніі, выкладчык Акадэміі музыкі. Яны ўпершыню сыгралі разам яшчэ падчас вучобы ў гімназіі больш за 12 гадоў таму ды працягваюць сумесна музіцыраваць і рэалізоўваць творчыя праекты на самых розных пляцоўках еўрапейскіх краін.
Гэтаму дуэту можна сапраўды спяваць оду! Іх выканальніцкую манеру вылучае тонкае разуменне стылю кожнага кампазітара, высокая культура інтанавання. У інтэрпрэтацыі трох віяланчэльных опусаў прываблівалі адточанасць фактуры, ідэальная ансамблевая сінхроннасць, адчуванне партытуры і партнёра, якое літаральна сцірае межы паміж віяланчэллю і фартэпіяна, ствараючы нейкі новы, «актуальны» інструмент. Пасля выступу музыканты распавялі, як з'явілася ідэя аб'яднаць у адным канцэрце такіх розных і адначасова блізкіх кампазітараў.
Аляксей Кісялёў: Абраныя санаты — адна з выканальніцкіх вяршынь у віяланчэльным рэпертуары ХХ стагоддзя. А ў вызначэнні канцэпцыі для нас была важная драматургія.
Аляксандр Музыкантаў: Нам даўно хацелася пазнаёміць беларускага слухача з канцэптуальнай і некамерцыйнай праграмай. Пракоф'еў і Шастаковіч жылі ў адзін час, але прадстаўляюць два розныя вектары ў рускай музыцы мінулага стагоддзя. Брытэн быў неабыякавы да рускай культуры. Ён сябраваў з Шастаковічам, Растраповічам, Рыхтэрам. Таму саната Брытэна апынулася ў цэнтры «Cello Sonatas».
Наталля Ганул: Віяланчэльная саната Пракоф'ева стваралася ў 1949-м, у той час, калі дзясяткі савецкіх кампазітараў знаходзіліся пад уздзеяннем разбуральнай партыйнай пастановы 1948 года.
Аляксей Кісялёў: Так, але музыка опуса прасякнута меладычнымі абаротамі, характэрнымі для вобразаў дзяцінства, казак, яркіх балетных персанажаў Пракоф'ева.
Аляксандр Музыкантаў: Саната паказальная для позняга пракоф'еўскага стылю. У ёй напор, энергетыка і гарэзлівасць, узнёслая кантылена і эпічны размах.
Наталля Ганул: І знакаміты пракоф'еўскі До-мажор. Сонечны, каларытны і зусім іншы ў параўнанні з рафінаваным, вытанчаным До-мажорам, у якім напісана саната Брытэна. У такім розным эмацыйным успрыманні адной танальнасці высвечваюцца музычна-стылявыя партрэты кампазітараў.
Аляксей Кісялёў: У працэсе паглыблення ў партытуру для мяне заўсёды важным з'яўляецца яе папярэдні аналіз, гісторыя стварэння. Імкнуся больш падрабязна даведацца пра кантэкст, у якім нараджалася сачыненне, чытаю дзённікі, лісты і ўспаміны кампазітараў, выканаўцаў. Напрыклад, мяне вельмі ўразіў факт, што большую частку сваіх віяланчэльных твораў Брытэн сачыніў менавіта для Растраповіча, натхнёны яго майстэрствам і талентам. Дарэчы, Новы, 1965 год англійскі кампазітар сустракаў на дачы ў Шастаковіча ў кампаніі з Вішнеўскай і Растраповічам. Брытэн складаны для ўспрымання. Я сам «выношваў» гэтую санату больш за тры гады.
Наталля Ганул: Віяланчэльны Брытэн — досыць рэдкая з'ява ў нашых канцэртных праграмах. Англічане, шырокамаштабна святкуючы нядаўняе стагоддзе з дня нараджэння кампазітара, закахана называюць яго «Great Britten». Вы здолелі адчуць адметнасць брытэнаўскай музыкі, падкрэсліць яе глыбокую пачуццёвасць і перадаць дух англійскай культуры. Аляксандр, разам з Аляксеем вы навучаліся ў Лонданскім каралеўскім каледжы. Як часта атрымоўвалася ажыццяўляць сумесныя праекты?
Аляксандр Музыкантаў: Вялікая роля ў адукацыйным працэсе была адведзена канцэртнай практыцы. Таму мы пастаянна ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах, выступалі ў музеях і бібліятэках. Аднойчы нас з Аляксеем запрасілі іграць у тэатры імя Брытэна сачыненні яго настаўніка, англійскага класіка Фрэнка Брыджа. Выконваць у самым сэрцы Англіі самую англійскую музыку — неверагодна адказна.
Наталля Ганул: Аляксей, ваша alter ego — віяланчэль. Яе гучанне аксамітнае, харызматычнае, філіграннае, напоўнена ўнутранай сілай, тонкімі адценнямі, насычана багатай палітрай эмоцый і настрояў.
Аляксей Кісялёў: Нядаўна я набыў у сучаснага французскага майстра ўласны інструмент — копію Гафрылера. Мне падабаецца яе тэмбр, я ўжо іграў на гэтай віяланчэлі разам з Каралеўскім нацыянальным аркестрам Шатландыі канцэрт Эльгара пад кіраўніцтвам маэстра Пітэра Унджана. Тое было невялікае гастрольнае турнэ, і пасля кожнага выступлення, вяртаючыся на машыне дадому, мы актыўна абмяркоўвалі з дырыжорам трактоўку опуса. Незабыўныя дыскусіі і сапраўдныя майстар-класы з выдатным музыкантам! Напрыклад, яго рэпліка: «Я гэты канцэрт нядаўна іграў з Ё-Ё Ма (!), дык вось ён той раздзел інтэрпрэтуе наступным чынам... Але ваша трактоўка мяне таксама вельмі пераконвае». Здаецца, пасля кожнай такой размовы выкананне станавілася ўсё лепшым, што потым пацвердзілася ў водгуках слухачоў і прэсы.
Наталля Ганул: У вас з Аляксандрам атрымаўся раўнапраўны гарманічна-віртуозны дыялог, у якім фартэпіяна неаднаразова прымала на сябе ролю лідара-саліста, з выразнай пластыкай фразіроўкі, узрушальнымі тушэ і аркестравай разнастайнасцю гучання. Аляксандр, якія з нядаўніх мерапрыемстваў аказаліся для вас знакавымі?
Аляксандр Музыкантаў: Мне вельмі блізкае па духу камернае музіцыраванне. У сваіх праектах будую дыялогі паміж кампазітарамі, мастацка-стылявыя паралелі, супрацьпастаўляю і з'ядноўваю розныя эпохі. Да прыкладу, прадстаўляю ў адным канцэрце музычныя разважанні Баха і Брамса, Бетховена і Вагнера. Разам з Мінскім струнным квартэтам выконваў Квінтэт Дворжака. Фартэпіяннае трыа Чайкоўскага інтэрпрэтавалі з Арцёмам Шышковым і Юліяй Ражкоўскай. Са сваімі сябрамі-калегамі па лонданскім каледжы, выдатнымі музыкантамі Соф'яй Гуляк і Аляксеем Чарновым, рабілі вялікі клавірабэнд. Ганаровай госцяй мерапрыемства ў сталічнай філармоніі стала нашая настаўніца Ванэса Латарш, вядучы выкладчык у Вялікабрытаніі, прафесар Каралеўскага каледжа музыкі.
Наталля Ганул: Завяршала праграму вашага мінскага канцэрта Саната Шастаковіча, творчасць якога дае магчымасць адчуць жывую і «ранімую» сутнасць музыканта.
Аляксей Кісялёў: Гэтую санату Шастаковіч напісаў 80 гадоў таму, калі яму было 28. Па сутнасці, мой аднагодак. Мне вельмі хацелася зразумець музычныя думкі кампазітара, асэнсаваць яго погляд на свет, адчуць эмацыйную драматургію опуса.
Аляксандр Музыкантаў: Рыхтуючы канцэрт, мы імкнуліся дасягнуць унутранага кантакту з партытурай, віртуальна сустрэцца з творцамі. Здаецца, атрымалася! А значыць, зададзены імпульс слухач таксама павінен быў улавіць.
Наталля Ганул: Гэта сапраўды так. Пацвярджэнне таму — катарсіс-суперажыванне, захопленыя водгукі і нецярплівае чаканне новых сустрэч з вашым дуэтам.