Што ў іх агульнага? Нетрывіяльнасць і філасафічнасць назваў. «Вецер часу ў календарах» — праграма дзяржэкзамену па сцэнічным танцы ў акцёраў драматычнага тэатра і кіно. Студэнты Акадэміі мастацтваў (педагог — народны артыст Беларусі Віктар Саркісьян, курс прафесара Лідзіі Манаковай) прэзентавалі яе на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. «Усё рытмічна ў Сусвеце» — праграма выпускнога іспыту па дысцыпліне «мастацтва балетмайстра». Дыпломнікі-завочнікі (мастацкі кіраўнік — прафесар Святлана Гуткоўская) з Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў дэманстравалі ўласныя здабыткі на сцэне Маладзёжнага тэатра эстрады.
Падобныя праекты карыстаюцца вялікай папулярнасцю. За іх не трэба агітаваць. На іх з задавальненнем прыходзяць маладыя гледачы, навучэнцы, прафесійныя артысты, крытыкі. Бо ў студэнцкіх працах (або выканаўцаў, або балетмайстраў) заўжды прысутнічае імпэт і драйв. Адчуваецца захопленасць — прафесіяй, танцам, пластычным пошукам. Радасць адкрыцця свету, подых маладосці.
Спачатку пра першы праект. Харэаграфічныя нумары, паказаныя ў 2-х аддзяленнях, падаліся надзіва разнастайнымі. Таму вядомаму беларускаму танцоўшчыку Віктару Саркісьяну можна выказаць толькі рэспект! Выдатна, калі са сценаў Акадэміі будучыя артысты тэатра і кіно выходзяць падрыхтаванымі. На сучаснай драматычнай сцэне ўсё больш спектакляў менавіта музычных. Здольнасць свабодна рухацца, ахарактарызаваць героя не толькі праз голас, тэкст п’есы, аблічча, але і праз пластыку, робіцца часткай прафесіі.
У праграме былі і экзерсіс ля станка, шмат масавых кампазіцый — «Танга», «Рок-н-рол», «Стэп», «Цыганскі», «Ірландскі», «Купалле». Не заўсёды можна было паверыць, што гэта будучыя артысты драматычнага тэатра і яны змалку не займаліся танцам.
Не меншы інтарэс гледачоў выклікалі шматлікія дуэтныя кампазіцыі («Пазнай мяне ў натоўпе», «Прыпынак па патрабаванні», «Люблю Івана», «Перасяброўства/недакаханне»). У іх багата вынаходлівасці, фантазіі, гумару. Неспадзяваных мізансцэн, за якімі паўстаюць характары, адносіны, псіхалогія. Асабліва запомніўся нечаканай драматургіяй нумар «Па старонках жыцця» і яго выканаўцы Дыяна Камінская і Эрык Абрамовіч, надзіва выразныя танцоры. За іх будучым творчым лёсам хочацца сачыць.
Другая праграма атрымалася больш відовішчнай. Відаць, за кошт выкарыстання відэапраекцый і размаітага сцэнічнага адзення. Але найперш дзякуючы розным накірункам танца (народны, эстрадны, класічная і аўтарская харэаграфія). Амаль два дзясяткі нумароў былі ўвасоблены Ансамблем кафедры харэаграфіі, а таксама калектывамі з Магілёва, Пінска, нават Верцялішак з Гродзеншчыны, якія спецыяльна прыехалі ў сталіцу, каб прэзентаваць мініяцюры сваіх кіраўнікоў. На прапановы адгукнуліся і артысты акадэмічных балетных труп.
Многія кампазіцыі варта аналізаваць асобна. Дынамічнасцю прывабліваў нумар «Жыж — валадар вогненнай стыхіі». Камедыйнасцю і нечаканымі сюжэтнымі паваротамі — «Шымель». Жывасцю — «Каваль» і «Магія расы». Асабліва хацелася б адзначыць вынаходлівую мініяцюру «Самавар-чык», прыдуманую Жаннай Лебедзевай. І прасякнуты драматызмам нумар «Авацый шум, на жаль, не доўгі ў нашым жыцці». Ён сведчыў: талентаў вакол шмат, ім важна знайсці адзін аднаго. Мініяцюра, пастаўленая і выкананая Іванам Савенкавым, салістам нашага Вялікага тэатра, пераконвала: ён — асоба перспектыўная і ў яго шмат незапатрабаваных здольнасцей.
Выпускны экзамен падкрэсліў: прафесія балетмайстра — насамрэч мастацтва, занятак прэстыжны і запатрабаваны. Багацце фантазіі маладых пастаноўшчыкаў дае заруку: яны будуць рухацца далей. А значыць, мініяцюры і нумары ў іх пастаноўцы мы яшчэ ўбачым. Калі завяршаюцца падобныя праекты і, акрылены юначай энергіяй, выходзіш з залы, заўжды шкадуеш, што такія дзеі — з’ява аднаразовая. Так, студэнцкую творчасць нельга «ставіць на паток» і тыражаваць (хоць свае напрацоўкі маладыя балетмайстры могуць потым развіваць і ўзбагачаць у калектывах, дзе працуюць). Але мне заўсёды цікава: ці могуць прафесійныя выканаўцы ставіцца да кожнага свайго выхаду на сцэну з такім жа імпэтам, як дыпломнікі або студэнты?