У 2014-м выканала галоўную ролю ў фільме «Племя» ўкраінскага рэжысёра Міраслава Слабашпіцкага. Карціна атрымала «золата» і «срэбра» на ХХІ Міжнародным кінафестывалі «Лістапад» у Мінску, тры прызы «Тыдня крытыкі» на фестывалі ў Канах у 2014 годзе, Гран-пры Nespresso, прэмію «Адкрыццё» і грант ад фонду Gan, прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі за лепшы дэбют, Гран-пры і прызы МКФ у Лондане, Лос-Анджэлесе, Філадэльфіі, Дэнверы, Мілане, Ерэване — усяго каля 40 узнагарод. У 2015-м Яна стала сябрам Еўрапейскай кінаакадэміі. Цяпер дзяўчына здымаецца ў фільме «L’Enigme du Desir: Ма Меre, Ма Меre, Ма Меre» рэжысёра Пола Амлена, а таксама працуе над уласным праектам «Калы».
Яна з дзяцінства марыла стаць актрысай. Маці пачала вучыць яе маляванню, таму што вельмі хацела, каб дачка прысвяціла сябе творчасці. У 2010-м Яна паступіла ў каледж, дзе займалася танцамі, пісала карціны, наведвала гурток пантамімы. У 2013-м дзяўчына даведалася пра набор акцёраў у прафесійны тэатр для глухіх «Вясёлка» і паехала ў Кіеў. Праслухоўванне не прайшла, але Яну заўважыў Міраслаў Слабашпіцкі, які шукаў глухіх акцёраў для фільма «Племя», запрасіў на кастынг. Калі ёй далі галоўную ролю, шчасцю не было межаў. Дзякуючы стужцы «Жыццё Адэль» Абдэлаціфа Кешыша змянілася стаўленне Яны Новікавай да ролі: дзяўчына перастала баяцца занадта адкрыта выяўляць пачуцці.
Праца непрафесійных акцёраў з абмежаванымі магчымасцямі, але з неабмежаваным талентам уражвае. Рэжысёр здолеў дамагчыся непадробных эмоцый, тэмпераменту і характарнай пэўнасці. Упершыню фільм «Племя» быў паказаны на «Тыдні крытыкі» ў 2014 годзе ў Канах і выйграў тры прызы. Аўдыторыя і кінакрытыкі адзначылі выступ Яны і яе «незабыўны, варты высокай хвалы талент».
— Я люблю кіно больш за ўсё на свеце, — прызнаецца Яна. — Вельмі хачу вывучаць акцёрскае майстэрства, але няма дзе: у Беларусі для глухіх акцёраў школы не існуе. Так што пакуль вучуся сама. Вывучаю англійскую мову, гляджу фільмы, чытаю кнігі.
Яна лічыць, што прызнанне Еўрапейскай кінаакадэміі стала для яе вялікімі адчыненымі дзвярыма, за якімі — таямнічы свет мастацтва.
9 пытанняў:
Апошняя кніга, якую вы прачыталі.
— «Кіно паміж пеклам і раем» Аляксандра Міты. Па ёй я вучуся, як можна напісаць сцэнар або здымаць фільм.
•
Працы якога мастака заўсёды прыцягваюць вашу ўвагу?
— Мяне захапляюць талент, унікальная тэхніка святлаценю Леанарда да Вінчы. «Мона Ліза» асаблівая, таму што прыгожая нават без броваў, гэта для мяне дзіўна. Уражана пачуццямі і глыбокім сэнсам карцін Ван Гога.
•
З кім з дзеячаў мастацтва вам хацелася б шчыра пагутарыць сам-насам?
— Мне б хацелася пагаварыць з нашымі дзеячамі мастацтва пра тое, чаму ў Беларусі няма акцёрскай альбо рэжысёрскай адукацыі для глухіх. У Парыжы, Кіеве гэта ёсць. А вось у Беларусі, калі ты глухі, у цябе будучыні ў мастацтве няма.
•
Якія падзеі, рэчы, асобы паўплывалі на вашу дзейнасць?
— Маё самае вялікае дасягненне — фільм «Племя». Калі б не Міраслаў Слабашпіцкі, я не стала б актрысай. Ён вывеў мяне з ценю на святло, даў шанец непрафесійным глухім акцёрам.
•
Назавіце тры рэчы, якія вы абавязкова ўзялі б з сабой у падарожжа.
— Кніга, блакнот з ручкай, сонечныя акуляры.
•
Ці ёсць у вас нейкі любімы выраз, афарызм, якія дапамагаюць вам
у працы?
— «Калі ты дамогся поспеху, цябе будуць акружаць няшчырыя сябры і сапраўдныя ворагі. Усё роўна дамагайся поспеху».
•
З якім акцёрам ці актрысай вам хацелася б сфатаграфавацца?
— З Адэль Экзаркопулас, Леа Сейду, Кейт Уінслет, Анджалінай Джалі. Таксама з Чжан Гын Сокам, Полам Уэслі, Іэнам Сомерхолдэрам.
•
Які сайт адчыняецца першым, калі вы заходзіце ў Інтэрнэт?
— «Фэйсбук».
•
Казачнае пытанне: назавіце тры свае жаданні залатой рыбцы.
— Загадала жаданні... Я веру, што яны здзейсняцца толькі тады, калі я буду маўчаць.