На мяжы 1980-90-х набегла і адхлынула хваля новых тэатраў, якія, у духу абвешчанай «перабудовы», спрабавалі арганізаваць сваю дзейнасць паводле «гасразліку», «самаакупнасці» і «самафінансавання». З некалькіх сотняў тэатраў-студый да сёння дажылі толькі тыя, што патрапілі займець дзяржаўны (пераважна муніцыпальны) статус і адпаведныя датацыі — значна скарочаныя ў параўнанні з «гладкімі» савецкімі гадамі. Зрэшты, колішняя «гладкасць» вынікала з дзяржаўнай палітыкі: мастацтва разглядалася як ідэалагічная прылада, якую трэба было ўтрымліваць добра «падмазанай». «Вы прыйшлі вучыцца ў ідэалагічную ВНУ» — ледзь не першая тэза, агучаная маім адналеткам, якія паступілі ў Кіеўскі тэатральны інстытут пры канцы «застою» ў 1980-я. Самую ж alma mater тагачасныя студэнты іранічна звалі «драмгуртком пры кафедры марксізму»...
Надышоў іншы час, і дзяржаўная ідэалогія знікла. Намаганні аднавіць гэты панятак на пачатку 2000-х былі непаслядоўнымі, але ўрэшце вызначылі вяртанне да нейкіх вытокаў нацыянальнай культуры. Падтрымаць актуальнае мастацтва, паставіць яго на сучасныя рэйкі ізноў не выпала. Праз адсутнасць уласнай культурнай палітыкі адпаведныя «лакуны» агрэсіўна запаўняліся звонку (СМІ, тэле- і кінапрадукцыя, тэатральныя гастролі і г.д.).
Шматгадовыя «мантры» пра тое, як трэба пазбыцца «рэшткавага прынцыпу фінансавання культуры» і перайсці нарэшце на «кантрактную сістэму», усё яшчэ застаюцца агульнымі словамі: канцэпцыя развіцця культуры Украіны ў ХХІ стагоддзі дагэтуль не распрацаваная — гучаць толькі дэкларацыі (так, дэкларатыўны і не прапануе пэўных механізмаў рэалізацыі «Закон Украіны пра тэатры і тэатральную справу», прыняты ў 2005-м). Дзіва што: за дваццаць чатыры гады існавання Украіны як незалежнай дзяржавы сама пасада міністра культуры паслядоўна «пабачыла» дванаццаць чалавек плюс аднаго «выканаўцу абавязкаў» у статусе доўгачасовага. То-бок знаходжанне пры справе аднаго міністра ў сярэднім доўжылася трохі больш за паўтара года. Увесь час мяняліся і структура Міністэрства, і ягоная назва…
Сёння ў падначаленні Міністэрства знаходзяцца толькі нацыянальныя ўстановы культуры (тэатраў падобнага кшталту — дзесяць), на рэальную жыццядзейнасць іншых (абласных, муніцыпальных) яно практычна не ўплывае, хіба нагадвае пра сябе на розных юбілейных імпрэзах і дае свой «дах» жадаючым (часта зусім без грашовага падмацавання).
У агульных рысах сістэма тэатраў незалежнай Украіны практычных зменаў не ўведала, і волі для капітальнага рамонту, з заменай перакрыццяў, а не касметычным паднаўленнем, пакуль што не знаходзіцца. Паказальна: у складзе камісіі па рэфармаванні тэатральнай сферы, створанай нядаўна, — шматгадовыя дзейныя кіраўнікі тэатраў, якраз і зацікаўленыя захаваць існуючы парадак, паколькі менавіта гэты парадак шмат у якіх выпадках забяспечыў ім такія «ўежныя» пасады.
Такім чынам, пераважная бальшыня тэатраў Украіны — дзяржаўныя. Прыватныя амаль не выжываюць праз адсутнасць нарматыўнай базы, бо не прыняты змены ў заканадаўстве, адпаведныя Указу Прэзідэнта «Пра льготы па падаткаабкладанні добраахвотных ахвяраванняў юрыдычных і фізічных асобаў» ад 1995 года; у дачыненні да тэатраў практычна не дзейнічае «Закон Украіны пра асноватворныя прынцыпы непрыбытковасці ў сферы культуры» ад 2001 года.
Толькі ў Кіеве зніклі «Атэлье 16» з адметным рэпертуарам (Бертальт Брэхт, Вудзі Ален, Барыс Віян, Жан-Поль Сартр, Карла Гоцы, Сэмюэль Бэкет, Оскар Уайльд і інш.) і моладзевы «Адкрыты погляд», арыентаваны на сучасную драму (абодва актыўна працавалі ў 2010-х). Антрэпрыз — калі не лічыць паўпадпольныя з «чосам» па курортных гарадах — усяго дзве-тры, яны возяць па краіне спектаклі з украінскімі «зоркамі» (Адай Рогаўцавай, Анатолем Хасцікоевым, Багданам Бенюком, Наталляй Сумскай). Праўда, апошнім часам антрэпрызных спектакляў пабольшала (з удзелам артыстаў, вядомых па серыялах і тэлеперадачах) — часткова таму, што шыхты расійскіх гастралёраў моцна прарэдзіліся. Але некамерцыйнай антрэпрызы праектнага кшталту практычна няма...
Хранічнымі застаюцца ўсе «хваробы», уласцівыя рэпертуарным тэатрам: незбалансаванасць і шаноўны век труп з перавагай баласту, якога ў існуючай сістэме (тыпавыя штатныя расклады, «ураўнілаўка») пазбыцца немагчыма; пажыццёвасць мастацкага кіраўніцтва, брак сучаснага менеджменту. Тое, што неабходна ўвесці тэрміновыя, абмежаваныя па часе кантракты, на словах прызнаецца ўсімі і даўно, але на практыцы тармозіцца праз немагчымасць (ці нежаданне) распрацаваць сістэму сацыяльных засцерагальнікаў і пасаў бяспекі. У выніку кровазварот украінскага тэатра пакутуе на трамбоз, бо кадры і ідэі не пасоўваюцца. Пра што можна казаць, калі бальшыня кіраўнікоў тэатраў для дзяцей і моладзі, а таксама тэатраў лялек ужо даўно дасягнулі пенсійнага ўзросту і перасягнулі яго? Спробам уліць тым жа лялечнікам «свежую кроў» супрацьстаіць устойлівы архаічны побыт. Сваіх тэатраў не маюць лялечнікі Міхась Урыцкі і Маргарыта Назаранка, рэжысёры драматычнага Аляксей Лісавец, Дзмітрый Багамазаў, Юрый Адзінокі, Віталь Дзенісенка, Міраслаў Грынішын, Максім Галенка, рэжысёрска-балетмайстарскі тандэм Кацярыны Сцепанковай і Аляксея Склярэнкі — то-бок тыя, хто ўвесь час навідавоку ў адмыслоўцаў і гледачоў.
Па сённяшнім часе нават творчая дзейнасць карыфеяў украінскай сцэны, мастацкіх кіраўнікоў і дырэктараў, якія адзначылі па семдзесят гадоў з дня нараджэння, — ілюстрацыя вядомай тэзы пра тое, што старыя генералы заўсёды рыхтуюцца да мінулай вайны.
У такой сітуацыі кожны варты зрух айчыннага тэатра робіцца вынікам асабістай ініцыятывы таленавітых людзей. Чарнігаву пашэнціла з Андрэем Бакіравым, Луцку — з Пятром Ласціўкам, Роўна — з Уладзімірам Петрывым, Марыупалю — з Анатолем Лешчанкам, Харкаву — з Аксанай Дзмітрыевай, Аляксандрам Каўшуном, Сцяпанам Пасечнікам, Івана-Франкоўску — з Расціславам Дзяржыпільскім. Можна павітаць рашэнне кіеўскіх улад даручыць мастацкае кіраўніцтва маладым рэжысёрам Андрэю Сіўцу (Малады тэатр) і Станіславу Жыркову («Залатыя вароты»), таксама можна вітаць, што менавіта Станіслаў Маісееў варты таго, каб узначаліць першую сцэну краіны — Тэатр імя Івана Франко... Але ж літаральна на суседніх вуліцах працягваюць існаваць запаведнікі, куды свежае тэатральнае паветра не трапляе. Сумны прыклад — Харкаўскі рускі драматычны тэатр імя Аляксандра Пушкіна: 36 гадоў яго ачольваў Аляксандр Барсягян, пасля ягонай смерці (у 2011 годзе) змяніліся два мастацкія кіраўнікі з акцёраў пенсійнага веку; намаганні запрасіць рэжысёраў збоку засталіся без поспеху, а рэпертуар разжыўся чарговым Рэем Куні, пятым па ліку...
Хіба адзіная ініцыятыва, паспяхова ажыццёўленая за межамі дзяржаўных тэатраў, звязана з актуальнай айчыннай драматургіяй: конкурсы п’ес і сцэнічныя чытанні сталі ледзь не самым модным фарматам для тэатральнай моладзі і зацікаўленых гледачоў.
З 2010 года партал «Тeatre» і цэнтр «Тэкст» ладзяць фэст-конкурс «Тыдзень актуальнай п’есы» ў Кіеве; у Львове праходзіць конкурс п’ес «Драма.UA», якому спадарожнічае міжнародны фестываль. У 2012 годзе адбыўся першы Міжнародны тэатральны фэст «Дакумент», у 2013-м ягоная геаграфія пашырылася да Кіева, Львова, Адэсы, Харкава і Херсона. У абласным тэатры існуе сталая «Чаркаская тэатральная лабараторыя» (кіраўнік — Сяргей Праскурня) з мэтай творчага ўз’яднання маладых рэжысёраў і драматургаў. У 2014-м набыў розгаласу праект «Тэатр сучаснага драматурга», ажыццёўлены Львоўскім тэатрам імя Леся Курбаса на чале з Уладзімірам Кучынскім. З «новай драмай» актыўна працуюць і розныя недзяржаўныя тэатральныя калектывы (з тых, што існуюць на базе Харкаўскага дома акцёра імя Леся Сердзюка). Летась у Львове адкрыта Першая сцэна сучаснай драматургіі «Драма.UA», на якой, дарэчы, ужо пастаўлены «Лондан» беларуса Максіма Дасько.
На жаль, усе гэтыя праекты як бы замыкаюцца на сабе, у сваю чаргу дзяржаўны тэатр не мае аніякіх стымулаў для пастановак сучасных п’ес. Калі не браць пад увагу нешматлікія выключэнні (Львоўскі тэатр імя Лесі Украінкі, пры якім працуе Першая сцэна, Нацыянальны драматычны тэатр імя Івана Франко, Чаркаскі тэатр імя Тараса Шаўчэнкі, Кіеўскі Малады тэатр, які адчыніў мікрасцэну для маладых рэжысёраў, драматургаў і акцёраў), сучасны ўкраінскі тэатр і сучасная ўкраінская драматургія дагэтуль амаль не займелі месцаў для сустрэчы. Амаль — бо недзяржаўная грамадская арганізацыя «Тэатральная платформа» зладзіла ўжо тры штогадовыя фэсты маладой украінскай рэжысуры!
Менавіта вакол гэтых ініцыятываў, а таксама міжнародных праектаў (такіх як тэатральная праграма Брытанскай Рады і Польскага Інстытута) утварылася кола маладых рэжысёраў, сярод іх — Тамара Трунова, Станіслаў Жыркоў, Павел Юраў, Андрэй Май, Алена Роман, Арэст Пастух, Антон Раманаў...
...Падзеі апошніх паўтара гадоў адсунулі тэатральныя праблемы ад грамадскай увагі. На бягучы момант толькі пачалася перарэгістрацыя і насычэнне кадрамі Луганскага ўкраінскага тэатра; бальшыня тэатраў, пакінутых у Данецкім і Луганскім рэгіёнах, паволі выжываюць, працуючы зрэдчас і толькі ўдзень…
Цікавасць да тэатра ва Украіне «рэвалюцыйнай» зімой 2013-14 гадоў саслабла, але ў бягучым сезоне ўзмацнілася. Тэатры працуюць як мае быць — толькі ў Кіеве за 2014 год з’явілася больш за восемдзесят прэм’ер; у 300-тысячным Марыупалі ўсю леташнюю восень ігралі на аншлагах, нягледзячы на сыход дзевятнаццаці (!) артыстаў выпусцілі тры прэм’еры, на падыходзе яшчэ дзве, у афішы трыццаць спектакляў на месяц.
Але не пакідае адчуванне, што тэатр Украіны разгубіўся. Спробы хуткага рэагавання на грамадскія падзеі (накшталт дакументальных «Дзённікаў Майдану» на малой сцэне Тэатра імя Івана Франко і мноства п’ес пра Майдан і Данбас, якія бяруць удзел у драматургічных конкурсах і чытаннях) пакуль што па-мастацку не пераконваюць. Тэатры, што пры канцы 1980-х радасна пазбываліся ўціску ідэалагічнага і рэпертуарнага, сёння апынуліся па-за дзяржаўнай замовай і пад вымогамі касы, часцяком не здолелі (ці не схацелі) разумецца з гледачом не толькі праз камедыі ці меладрамы, але і праз хваравітыя пытанні рэальнага жыцця.
Пошук свайго месца ў зменлівай сацыяльнай рэальнасці, «перазагрузка» дыялогу з гледачом — бадай самая надзённая задача для айчыннага тэатра. Ці магчыма ажыццявіць яе не толькі ў пэўным спектаклі пэўнага рэжысёра з асобнага тэатра, а цалкам, не «пабіўшы» пры гэтым кадравыя, юрыдычныя, эканамічныя «гаршкі»?..
P.S. І ўласна пра тэатр. Калі замахнуцца на нейкі рэйтынг спектакляў сімптаматычных, праграмных, у ім апынуцца «Вій 2.0» Наталлі Варажбіт (Bilyts Art Center, Кіеў, рэжысёр Максім Галенка), «…п’еса Шэкспіра дванаццатая ноч сыграная акцёрамі далёкай ад Англіі краіны якія і не ведалі ніколі слоў Шэкспіра…» КЛІМа (Тэатр імя Леся Курбаса, Львоў, рэжысёр Яўген Худзык), Шэкспірава «Камедыя памылак» (Чарнігаўскі абласны тэатр імя Тараса Шаўчэнкі, рэжысёр Андрэй Бакіраў), «Апіскін. Фама!» паводле Фёдара Дастаеўскага ў пастаноўцы Аляксея Лісаўца (Тэатр драмы і камедыі, Кіеў), «Та не однаково мені…» паводле Тараса Шаўчэнкі (Роўненскі тэатр, пастаноўка Уладзіміра Петрыва), «Вітаем, твае прусакі!» па п’есе Алега Багаева (Данецкі абласны тэатр, Марыупаль, рэжысёр Анатоль Леўчанка) і «Сталкеры» паводле Паўла Ар’е (Малады тэатр, Кіеў, рэжысёр Станіслаў Жыркоў).
Ганна ЛІПКОЎСКАЯ (Кіеў)