Такім чынам, яшчэ не ўсталяваны і нават не адабраны помнік несумненна паўплываў на тутэйшы манументальны дыскурс. Магчыма, і не істотна, як будзе выглядаць бронзавая карова-пераможца, бо галоўнае ўжо здарылася — адбылося галоснае абмеркаванне сучаснай гарадской скульптуры, што выдатна! Нарэшце мы дачакаліся адкрытай размовы. Ну колькі можна ўжо было спадзявацца на заангажаваных у манументалцы высокакваліфікаваных экспертаў і адміністратараў, якія ўпарта абыходзіліся з гарадскімі прасторай і скульптурай выключна паводле свайго ўласнага разумення?
Няварта падзяляць водгукі на пазітыўныя і негатыўныя — у абодвух выпадках конкурс пашырае сваю прысутнасць у медыяпрасторы, захопліваючы ўвагу ўсё большай колькасці грамадзян і правакуючы іх на ўласныя думкі. Так, навіна атрымала шырокую прэсу і, зразумела, плынь каментароў, у тым ліку ў сацыяльных сетках. Самы распаўсюджаны з якіх, калі абстрагавацца ад формы (часцяком даволі грубай), быў: «Навошта?». Адказ замоўцы — Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта — лаканічна сфармуляваны ва «Умовах конкурсу». З іх вынікае асноўная мэта: «Увекавечанне хатняй жывёлы, якая адыгрывае важную ролю ў забеспячэнні дабрабыту беларусаў, шляхам устаноўкі помніка карове».
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, агульная колькасць беларускіх кароў на 2015 год складае 1 534 000 галоў у гаспадарках усіх катэгорый. Ці забяспечваюць гэтыя паўтара мільёна жывёл дабрабыт беларусаў? Адказ надасць помніку сэнс. У 1996 кароў у краіне было 2 137 000. Калі гэтыя лічбы пра нешта сведчаць, гучанне патэнцыйнага помніка можа быць нават трагічным. З іншага боку, колькасць птушак з 1996 па бягучы год узрасла — з 26.4 да 48.2 мільёнаў галоў. Ці азначае гэтае, што нам патрэбны помнік курчаку? Не, статыстыка тут не дапаможа...
Пах і смак сырадою, абуджэнне пад заваконныя пошчакі пугі, мычанне каровак і меланхалічна-гучнае пастухоўскае «Куды пайшла?» — такія ўтульныя вясковыя ўспаміны з дзяцінства амаль у кожнага з нас (толькі не трэба тут высакалоба казаць, што ніколі на вёсцы не бывалі, нават у бабулі ці ў вандроўцы). Нічога дрэннага ў гэтым няма: помнік карове — цалкам пазітыўны праект. Але не варта забывацца, хто ініцыюе яго стварэнне, хто мае правы на пераўтварэнні гарадской прасторы. Так, кіруючыя супольнасці пры дапамозе манументальнай скульптуры імкнуцца манументалізаваць свае сімвалічныя каштоўнасці. Хіба карова — рэлевантны сімвал для нашай эліты?
Дзякую віртуальным сябрам за прыўкрасны тэрмін «аграманументальная прапаганда». Дарэчы, ён прымяняльны не толькі да нашае каровы...
Наступнае пытанне — месца ўсталявання будучага манумента. Дзеля гэтага была абрана плошча перад Камароўскім рынкам. Верагодна, шэрагі з ялавічынай у будынку на заднім плане будуць неяк карэляваць з абліччам хатняй жывёлы, але нельга не адзначыць празмерную шчыльнасць скульптуры на квадратны метр гэтай параўнальна невялікай пляцоўкі. Тут ужо маецца шматузроўневы фантан з бронзавымі гусямі працы Уладзіміра Жбанава, ягоныя ж інтэрактыўныя «Конь і верабей» (у суаўтарстве з Аляксандрам Тухто), «Дама з сабачкам» і «Фатограф», а таксама «Гандлярка семкамі» Алега Купрыянава. Справа нават не ў перанасычэнні месца помнікамі, а ў нейкай какафоніі ўзаемавыключальных сэнсаў і стылістык, якія яны нясуць. І вось усунуць сюды яшчэ й каровіну тэму? Напэўна, гэта самы лепшы спосаб яе знівеляваць — і ўнесці, у дадатак, яшчэ большую сумятню ў і без таго складана-эклектычны кавалак Мінска.
У прынцыпе, можна паспрабаваць канцэптуалізаваць і гэтае не вельмі ўдалае месца. «Вікіпедыя» падкідвае шэраг цікавых камароўскіх кантэкстаў: гістарычнае балота з камарамі (ну так, вядома), палігон для палётаў авіятара Утачкіна ў 1911-м, традыцыйная стаянка вандроўнага заапарка ў 1950—1970-х. Толькі ўявіце сабе скульптуру каровы, напрыклад, у аэраплане! Але нават калі новы помнік і будзе выдатна кантэкстуалізаваны, гэта ўсё роўна не адмяняе папярэдні тэзіс аб неабгрунтаваным нагрувашчанні скульптурных мэсэджаў у адной асобна ўзятай кропцы сталіцы.
Яшчэ пытанне: якім будзе помнік па форме? Няма сэнсу пладзіць анатамічна-дакладныя выявы ў постсацрэалістычным ключы — іх паналеплена безліч. Наш помнік мусіць быць арыгінальным, беларускім, мінскім.
У сувязі з гэтым — пытаннечка пра матэрыялы і тэхнікі выканання. Ці не надышоў час адмовіцца ад традыцыйных бронзы/ліцця на карысць якіх-небудзь новых варыянтаў, няхай нават хай-тэку?
Мае сэнс звярнуцца да прататыпаў, бо ва ўсім свеце існуе мноства мастацкіх кароў. Адразу прыгадваюцца творы такіх сучасных аўтараў, як Алег Кулік, Тауна Кангра і Міна Акіджурка, кожны з іх зрабіў адпаведныя — і выдатныя — скульптурныя выказванні. Нельга не прыгадаць «Парад кароў», прыдуманы ў 1998-м годзе Паскалем Кнапам, майстрам з Цюрыха, дзе падзея здарылася ўпершыню. Прынцып «Парада» такі: арганізатары выдаюць белых і аднолькавых пластыкавых кароў вядучым лакальным мастакам і тыя іх распісваюць (ці яшчэ неяк артыстычна апрацоўваюць) у сваёй манеры. Каровы нейкі час «жывуць» на гарадскіх вуліцах, а потым іх прадаюць з аўкцыёна, што дае сродкі на далейшыя вандраванні. «Параду» было наканавана стаць найбуйнейшым міжнародным арт-праектам. Нью-Ёрк, Сідней, Токіа, Лондан, Стакгольм, Брусэль, Варшава — колькасць гарадоў-удзельнікаў сёння набліжаецца да сотні. Кожная другая натхняльная фотка дзіўных мастацкіх кароў у Інтэрнэце — з гэтага праекта.
Бронзавыя каровы, што вальготна разлягліся на траўцы ў цяні хмарачосаў, — напамін пра руральнае мінулае цэнтра мегаполіса — у Таронта (1985, мастак Джо Фафард). Шалёная, у добрым сэнсе, карова ўдала трансфармуецца ў фантан — «Ku(h)riosum» (1987) вядомага скульптара з Нямеччыны Юргена Герца. Помнік «Карове пастара» (1979, аўтар Стэфан Хорт), гераіні жартоўнай народнай песенькі, збірае ў Швэрын натоўпы турыстаў... І гэта толькі некалькі прыкладаў таго, як можа «працаваць» удалы помнік карове.
Хочацца быць аптымістам і спадзявацца, што дзякуючы конкурсу Мінск займее падобны — ці не падобны, але настолькі ж значны — лэнд-марк. Толькі нешта падказвае: няўдалае месца і традыцыйна закрыты працэс адбору дасць нам банальна-праўдападобнае парнакапытнае са звыклай бронзы — чарговы дэкаратыўны элемент архітэктурнага асяроддзя. Як, уласна, і выглядае мінская гарадская скульптура апошніх гадоў. Звычайная справа...
Напрыканцы — пра цалкам слушныя галасы катэгарычных праціўнікаў гэтага помніка, маўляў, «нам патрэбны помнік Быкаву, а не карове». На маё меркаванне, дзіўна дамагацца аднаго, прыніжаючы ўсё астатняе. Дойдзе справа і да нашых герояў. Насамрэч гэта розныя рэчы — афіцыйны, гістарычна ангажаваны манумент і атрактыўная скульптура. Калі зараз ёсць сродкі і замоўца на карову — няхай будзе карова.
P.S. Пакуль нумар рыхтаваўся да друку, былі абвешчаныя вынікі конкурсу. Прэс-служба Мінгарвыканкама паведаміла, што з 27 пададзеных прац кампетэнтнае журы з вядомых (але чамусьці не названых) беларускіх скульптараў і архітэктараў прызнала лепшым эскізны праект Мікалая Байрачнага.
Нечаканасці не здарылася, бо перамагла бронзавая, натуралістычныя, крыху дэкаратывізаваная карова. З невялічкім элементам інтэрактыўнасці — бронзавым зэдлікам, на які можна будзе прысесці, каб, патузаўшы металічнае каровіна вымя, адчуць сябе даяркай ці даярам. Можна будзе так і сфатаграфавацца, сказаўшы «выыыыымя»!
Быццам функцыя новага помніка — сімвалічнае «асяляньванне» гарадскіх жыхароў і нагадванне новапрыбылым гараджанам пра іх вясковыя карані...