Прафесар, спецыяліст па тэорыі дакументальнага кіно Майкл Рынаў распавёў, што ў ЗША кінашколы пачалі распаўсюджвацца і квітнець з 1960-х — менавіта ў гэтыя часы спецыяльную адукацыю атрымлівалі такія творцы, як Фрэнсіс Форд Копала, Джордж Лукас, Марцін Скарсэзэ. Большасць школ сканцэнтравана ў Лос-Анджэлесе і Нью-Ёрку — там размяшчаецца мноства прадпрыемстваў па кінавытворчасці. Такія школы выкарыстоўваюць даволі стандартныя падыходы ў навучанні, ствараючы для сваіх студэнтаў адмысловую прастору, дзе можна рабіць памылкі і атрымліваць патрэбныя прафесійныя навыкі. Адрозненне ад беларускай сістэмы адукацыі ў тым, што амерыканскія кінашколы з’яўляюцца часткай вялікіх універсітэтаў, таму студэнты маюць магчымасць выкарыстоўваць рэсурсы іншых факультэтаў. У асноўным па прафесію ў сферы кіно прыходзяць 18-гадовыя падлеткі, якія мараць пра славу і хочуць быць «як Сцівен Спілберг» ці «як Спайк Лі». Але, верагодней за ўсё, яны зоймуцца прадзюсаваннем ці агучкай і не будуць рабіць уласныя праекты.
Жан-Мішэль Дзісар, што прэзентаваў у Беларусі сваю першую рэжысёрскую працу «Я вывучаю Амерыку», эміграваў з Францыі ў ЗША ва ўзросце 16 год. Ён вучыўся ў Нью-Ёркскім універсітэце, дзе кінаадукацыя арыентавана менавіта на падрыхтоўку рэжысёраў і мае сапраўдны «дух» незалежнага кіно — у адрозненне ад Лос-Анджэлеса, камерцыйнага вытворчага гіганта.
«Я вывучаю Амерыку» — пра год у незвычайнай амерыканскай школе для дзяцей-эмігрантаў. Пяць падлеткаў пераадольваюць культурныя, псіхалагічныя, моўныя бар’еры на шляху да станаўлення грамадзянамі. Жан-Мішэль натхнёна кажа, што сёння, калі сусвет стаў меншы, мы эмігруем кожны дзень. Любы чалавек можа паглядзець фільмы з усёй гісторыі сусветнага кінематографа і нешта з іх «скрасці» (у самым лепшым сэнсе гэтага слова). Але, атрымаўшы доступ да такой колькасці матэрыялу, чалавек павінен вырашыць, што з гэтым зрабіць, як уключыць яго ў сваю мастацкую дзейнасць. Майкл Рынаў параўноўвае стыль Жана-Мішэля з дакументалістыкай «новай хвалі» — творчасцю Жана Руша. Гэты падыход сам Дзісар апісвае як «рабіць фільм з людзьмі, а не пра людзей». Паходжанне рэжысёра дазваляе не «красці лепшае» са скарбніцы французскага кінематографа, а ўсяго толькі «быць французам».
Новы маштаб дакументальнасці ў кінематографе, паводле меркавання Жана-Мішэля Дзісара, адкрылі амерыканскія тэлевізійныя серыялы апошняга дзесяцігоддзя, якія паказваюць амерыканцам сапраўдную Амерыку. Напрыклад, серыял канала HBO «Аранжавы — гэта новы чорны» распавядае пра жыццё жанчын-вязняў у амерыканскіх турмах. А ў сцэнар «Клана Сапрана» ўводзіліся карэктывы з улікам тых падзей, якія адбываліся насамрэч. Нават фактычна не з’яўляючыся дакументальным кіно, гэтыя творы атакуюць рэальнасць.
Гібрыднасць — таксама прыкмета сучаснай «дакументальнасці», адзначае Майкл Рынаў. У 1960—70-я ў дакументальным кіно ЗША было распаўсюджана чыстае сузіранне, назіранне літаральна за ўсім: ніякага закадравага голасу, ніякіх інтэрв’ю — толькі позірк. Потым прыйшла мода на фільмы з інтэрв’ю і «размаўляючымі галовамі» — у такіх стужках аўтары імкнуліся раскрыць псіхалогію герояў. Цяпер цяжка знайсці чыстыя прыклады гэтых двух полюсаў дакументалістыкі. Выкарыстоўваюцца ўсе магчымасці, каб гібрыдызаваць стужку, зрабіць яе форму больш складанай — нават выключна анімацыйныя творы могуць быць дакументальнымі. Напрыклад, «Вальс з Башырам» пра Ліванскую вайну 1982 года выкарыстоўвае ўсе рэсурсы мультыплікацыі, не губляючы сваёй сувязі з рэальнасцю. Частка фільма «Я вывучаю Амерыку» таксама анімацыйная — гэта стварае падвойную дакументальнасць, бо гісторыю пра ўласнае падарожжа ў ЗША праз пустэльню навучэнец школы для эмігрантаў «Лафает» Брэндан зрабіў сам у тэхніцы стоп-моўшн.
Майкл Рынаў апошні раз пісаў пра рэальнасць у дакументальным кіно ажно дваццаць гадоў таму і параўноўваў «нерэальнасць» мастацкага ўвасаблення з «ненатуральнасцю» чалавечай мовы. Мы не можам пазбегнуць ужывання «тропаў» у маўленні. Чалавек не мае магчымасці размаўляць толькі фактамі, ён выкарыстоўвае фігуральнасць. Калі адбываецца мантаж ці вызначаецца вугал здымак, аўтар робіць выбар. Але кожны выбар — гэта адыход ад уласна рэальнасці і яе творчая апрацоўка.
Ліна МЯДЗВЕДЗЕВА