На­ві­га­тар у ака­дэ­міч­ным мо­ры

№ 4 (386) 15.04.2015 - 15.04.2015 г

Навукова-папулярнае выданне «Композиторы Беларуси»
Кніга па­ба­чы­ла свет у вы­да­вец­тве «Бе­ла­русь». Том атры­маў­ся прэ­зен­та­бе­ль­ным —ары­гі­на­ль­ны фар­мат, бе­лая па­пе­ра, цвёр­дая вок­лад­ка, са­лід­ныя ты­раж і аб’ём. Яго скла­да­ль­ні­цы, му­зы­каз­наў­цы Тац­ця­на Мды­ва­ні і Ве­ра Гу­дзей-Каш­та­ль­ян, — асо­бы, вя­до­мыя ў на­шай ку­ль­ту­рай пра­сто­ры. Як ішла пра­ца над кні­гай, па­трэб­най усім, хто звя­за­ны з айчын­най му­зы­кай? З які­мі пра­бле­ма­мі су­тык­ну­лі­ся аўта­ры, да якіх вы­сноў пры­йшлі? Пра гэ­та мы гу­та­рым з док­та­рам мас­тац­т­ваз­наў­ства Тац­ця­най Мды­ва­ні.

Больш як 15 гадоў таму вы (разам з музыказнаўцай Раісай Сергіенка) выпусцілі даведнік з такой самай назвай. Скажу шчыра: той кнігай я асабіста карысталася калі не штодня, дык праз дзень. У прафесійных клопатах. Выданне стаяла на палічцы ля пісьмовага стала. Хто, дзе і калі нарадзіўся, у каго вучыўся, якая дакладная назва буйных сачыненняў, на чые словы створана папулярная песня — у даведніку можна было знайсці ўсе адказы. Прайшоў час, скарэктаваў уяўленні пра творцаў і плён іх дзейнасці. Таму першае пытанне. Хто ініцыятар кнігі: выдавецтва або Цэнтр даследавання беларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук, дзе вы працуе?

— Некалькі гадоў таму для «Вышэйшай школы» я падрыхтавала серыю выданняў, прысвечаную сучасным айчынным кампазітарам. З мэтай папулярызаваць нашу акадэмічную музыку. Атрымаўся мультымедыйны праект, дадаткам да кнігі былі дыскі з аўдыя- і відэафрагментамі. У выніку з’явіліся чатыры выпускі, прысвечаныя Сяргею Картэсу, Андрэю Мдывані, Ігару Лучанку і Яўгену Глебаву. Працягам сталася кніга «Композиторы Беларуси», якая выйшла ў выдавецтве «Беларусь». Яна падсумоўвае, з чаго пачыналася прафесійная айчынная музыка, адлюстроўвае працэс да цяперашняга часу. Як ні дзіўна, але вырашальным стымулам для нас як складальнікаў аказаўся палітычны — стварэнне Еўразійскага саюза. Тады патэнцыйна аўтары маюць аўды­торыю ў 170 мільёнаў чалавек.

 

Пра актуальнасць выдання. У краіне існуе мноства харавых, інструментальных калектываў, ан­сам­бляў рознага складу. І ўсім патрэбен рэпертуар, самабытны і каларытны. Але шматлікія выканаўцы не ведаюць, дзе адшукаць новыя ноты. Разгалінаванай структуры (выдавецтва — нотная крама — пакупнік) у нас, на жаль, не існуе. Таму ваш даведнік — яшчэ і навігатар у беларускім музычным моры. Цікава, колькі часу спатрэбілася для падрыхтоўкі ёмістага тома?

— Год, мо крыху болей. У кнізе — толькі сябры Саюза кампазітараў. У дадатак тыя, хто ўвесь час нагадвае пра сябе творчасцю, ладзіць аўтарскія канцэрты, вечарыны.

 

У выданні ёсць невялікі нарыс пра кожнага аўтара, дзе пазначаны на­кірункі яго творчасці і асноўныя здабыткі. Вялікі клопат — сабраць дакладны, вывераны пералік сачы­ненняў, яшчэ і па жанрах. Што было самым складаным у працэсе падрых­тоўкі?

— Назвала б тры асноўныя цяжкасці. Першая звязана непасрэдна з даследчай працай, бо ў кнізе маюцца нарысы пра творцаў ад пачатку існавання Саюза кампазітараў, але ў музыказнаўстве, крытычнай літаратуры пра многіх з іх адсутнічае цэласнае ўяўленне. Падручнікі для музычнай школы ўтрымліваюць асобныя артыкулы пра кампазітараў, але аналіз сачыненняў пэўнага аўтара фрагментарны. Напрыклад, у «рэліктавай» кнізе «Белорусская музыкальная литература» Калерыі Сцепанцэвіч і Георгія Глушчанкі прысутнічаюць партрэтныя нататкі. Вось толькі яны прызначаны для навучэнцаў музычнай школы, а не для студэнтаў. Каб скласці больш-менш поўнае ўяўленне пра айчынную акадэмічную музыку, гэтага недастаткова. Дзе можна знайсці грунтоўны матэрыял пра таго ж Мікалая Аладава, акрамя невялікай кнігі Галіны Куляшовай? А гэта постаць каласальная! Як кампазітар ён не быў да рэшты зразуметы. Раней аналізаваліся толькі тыя яго сачыненні, што існавалі на тэрыторыі сацрэалізму. Але ж Аладаў у сваёй творчасці перайшоў межы афіцыйна дазволенага.

Другая складанасць звязаная з «кампа­зітарскім фактарам». Некаторыя аўта­ры скрупулёзна вядуць спісы таго, што сачынялі. Часам даводзілася думаць за кампазітара. Сутыкаліся з тым, што мэтры забываліся на існаванне ўласных, і нават велізарных, опусаў! У час напісання дзясятага варыянта нарыса і спіса раптам выпадкова выяўляю адзначаны шматлікімі прэміямі твор, які меў агромністы грамадскі рэзананс. Тэлефаную. «У Вас ёсць такое сачыненне?!» — «Ёсць!» — «А ча­му не названа?!» — «Забыў!» І такіх пры­кладаў было мноства. Забывалі пра ўласныя сімфоніі, іх часткі. Называю гэта асаблівасцю кампазітарскай псіхалогіі.

Трэцяя складанасць. Майстры пера­асэн­соўваюць уласную творчасць (напрыклад, Антон Брукнер свае першыя тры сімфоніі ўвогуле знішчыў). І просяць: пра гэты опус не пішыце! Ад згадкі некаторых сваіх песень адмовіўся, напрыклад, Эдуард Ханок. Але ж сачыненне ўжо існуе ў гісторыі музыкі! Што тады рабіць? Складана ісці супраць гістарычнага факта. Аднак нам з Верай Гудзей-Каштальян даводзілася пагаджацца і ўсе спісы твораў узгадняць з аўтарамі.

 

Нарысы і звесткі пра розных кам­пазітараў сабраныя пад адной вок­ладкай. Гэта багацейшы матэрыял для гісторыка, культуролага!  Што істотна змянілася ў структуры жанраў? Якім з іх аддаюць пе­равагу нашы творцы? Не думаю, што цяпер, як у савецкі час, хтосьці натхнёна піша араторыі або кантаты.

— У прадмове да кнігі я імкнулася быць аб’ектыўнай і выклала ўласнае бачанне сучаснай айчыннай музыкі. У тэксце якраз і пазначана, што галоўнай тэндэнцыяй цяперашняй нацыянальнай музыкі з’яўляецца камернізацыя жанраў. Мяркую, гэты працэс звязаны са светаадчуваннем творцы. Увогуле жанр кантаты мабільны і разнастайны, вядомы яшчэ да Баха. Згадаем «Кававую кантату» самога кампазітара або «Карміна Бурана» Карла Орфа. Маштабныя сачыненні ў апошні час змяніліся камернымі кантатамі. Такая, напрыклад, «Зборная суботка» Аляксандра Літвіноўскага. А вось жанр ара­торыі патрабуе мастака-трыбуна. Падобнае сачыненне павінна мець сацыяльнае, грамадзянскае гучанне.

Значныя тэатральна-музычныя тво­ры (такія, як балет «Вітаўт» Вячаслава Кузняцова) вяртаюць нам гістарычную тэму. Гэта актуальна для кампазітара і грамадства, таму можа загучаць па-сапраўднаму. Бо нашы ранейшыя ўяў­ленні пра гісторыю фрагментарныя і не зусім дакладныя. Новае адкрыццё свету знаходзіць адлюстраванне ў буйных сачыненнях. Але ж іх аўтарам трэба мець падобны маштаб, а такіх асоб у нашай музыцы няшмат.

 

Цікава, якія жанры ў бліжэйшы час будуць запатрабаваныя?

— Не буйныя сачыненні. Зразумела, яны будуць стварацца, але ці атрымаюць рэзананс?.. Летась, напрыклад, адбылася прэм’ера сімфоніі Віктара Капыцько. Ён высокапрафесійны кам­пазітар, але чамусьці гучнай падзеі не сталася. Адзін з апошніх твораў Дзмітрыя Смольскага — Пятнаццатая сімфонія, у ёй выкарыстана калажная тэхніка, а сам опус пабудаваны на фрагментах гімна СССР, папулярных песень савецкага часу. Але, на маю дум­ку, сімфонія гэтага ж кампазітара, дзе гучалі вершы Іосіфа Бродскага, больш актуальная. Пачынаючы з часоў Бетховена, сімфонія — жанр, дзе павінна быць тэма! Магутная канцэпцыя. Прычым, каб сачыненне атры­малася маштабным, тэма павінна быць шчымлівай, звернутай да многіх, а сродкі выразнасці — разлічаны не толькі на рафінаваную публіку.

 

Выданне, якое адлюстроўвае творчасць сябраў цэлай суполкі, чытаецца і аналізуецца з асаблівай увагай. І нават прыдзірлівасцю. Некаторыя заўвагі давялося пачуць. Напрыклад, чаму ў ёмістым томе няма нарыса пра Уладзіміра Мулявіна, народнага артыста СССР і сябра Саюза?

— Наконт Уладзіміра Мулявіна. У прадмове да кнігі сказана, што ў цэнтры ўвагі аўтараў — толькі акадэмічная музыка. Эстрадная — па-за полем зро­ку, бо патрабуе спецыяльнага паняційнага апарату. Таму кам­па­зі­та­ры-песеннікі, якія трапілі ў кнігу (Ігар Лучанок, Васіль Раінчык, Ірына Цвяткова, Эдуард Зарыцкі, Эдуард Ханок) з'яўляюцца адначасова і аўтарамі сачыненняў, напісаных у акадэмічных традыцыях. Гэты аспект дакладна акрэс­лены ў прадмове. У Мулявіна та­кіх сачыненяў няма, бо ён не меў вышэйшай музычнай адукацыі. Шкада, але такія крытэрыі адбору...

 

Увогуле музычных даведнікаў у краіне павінна выходзіць шмат. І розных. І колькі б іх ні было, ніводны не зможа даць абсалютна аб'ектыўнай карціны зменлівага і складанага пра­цэсу творчасці. Таму падзяку­ем аўтарам за працу. Даведнік спа­трэбіцца нашаму грамадству на пра­цягу бліжэйшых дзесяці гадоў. Пакуль энтузіясты не зробяць наступны.

Таццяна МДЫВАНІ, Таццяна МУШЫНСКАЯ