Ён — асоба маштабная. Тэрыторыя яго творчасці агромністая. Пра гэта сведчаць і оперы-прыпавесці «Джардана Бруна», «Матухна Кураж», «Візіт дамы», камедыйная дылогія «Юбілей» і «Мядзведзь» (яны пастаўлены ў Мінску, Маскве, Каўнасе, Кішынёве). І музыка, напісаная кампазітарам больш як да 60 спектакляў і 20 фільмаў.
Але Картэс — яшчэ і грамадская асоба. На пачатку 1990-х, зрабіўшыся дырэктарам Тэатра оперы і балета, потым мастацкім кіраўніком беларускай оперы, ён ажыццявіў немагчымае. Вывез оперныя пастаноўкі на міжнародныя фестывалі. У той час трывалы статус «выязнога» меў выключна балет. Опера знаходзілася ў яго ценю, лічылася «непад’ёмнай» і ў замежжы мала запатрабаванай. У такім прарыве Сяргею Альбертавічу дапамагалі любоў да жанру, аўтарытэт творцы... і веданне моў, якое дазваляла свабодна кантактаваць з імпрэсарыа розных краін.
Сяргей Картэс выклікае нязменную сімпатыю тых, хто ведае яго зблізку ці здаля. Акрэсліць псіхалагічны партрэт? Выключнае пачуццё гумару і неверагодная добразычлівасць. Ніякай «бронзы» і маніі велічы. Погляд на свет расхінуты і амаль па-дзіцячы наіўны. Лічу, менавіта наіўнасць ды ідэалістычная вера ў высакародства суразмоўцы таемным чынам настройваюць на гэтую ж хвалю тых, хто з ім супрацоўнічае. Далікатнасць правакуе такія ж пачуцці — у адказ. Стасункі з кампазітарам паўплывалі на многіх творцаў. Мо таму столькі цёплых і душэўных слоў прагучала на вечарыне ў малой зале Белдзяржфілармоніі? Рэжысёр Барыс Луцэнка згадваў, што заўжды (яшчэ ў савецкія часы) марыў сустрэць у Мінску замежніка. І сустрэў — у асобе Картэса. Калі яны пачалі разам працаваць над кінастужкай «Раскіданае гняздо». Таямнічы і загадкавы флёр чалавека, які гадаваўся ў замежжы, думаю, суправаджае Сяргея Альбертавіча ўсё жыццё. Ён нарадзіўся ў Чылі. Маці — руская, бацька — аргенцінец. Так бы мовіць, «лацінаамерыканскія» гены адлюстраваліся ў больш высокім градусе эмоцый. Яны прысутнічаюць у ягонай музыцы, у пачуццёвасці твораў. Наогул у самой вастрыні ўспрымання рэчаіснасці.
Барытон Уладзімір Пятроў, адзін з лепшых беларускіх оперных спевакоў, згадаў: менавіта Картэс запрасіў яго на працу ў Тэатр оперы. Зразумела, такія прапановы прынцыпова мяняюць лёс выканаўцы і яго жыццёвыя далягляды. Галіна Галкоўская распавяла: падчас замежнай вандроўкі ў Швейцарыю мастацкі кіраўнік даручыў ёй быць рэжысёрам шэрагу фестывальных мерапрыемстваў. Ігар Алоўнікаў падзяліўся ўражаннямі ад V Мінскага міжнароднага конкурсу піяністаў, дзе фрагменты з балета Картэса «Апошні інка» аказаліся ў ліку самых запатрабаваных.
Цяпер падрабязней пра новыя праекты. Першы з іх, «Я ўдзячны лёсу...», ладзіўся ў Малой зале філармоніі ды сабраў усю музычную грамадскасць сталіцы. Два вялізныя аддзяленні ўспрымаліся лёгка. Што найперш вабіць у падобных імпрэзах? Паказ новага і агляд таго, што напісана даўно, але не страціла актуальнасці. Напрыклад, Музыка для струнных, якую выконвалі Дзяржаўны камерны аркестр і дырыжор Андрэй Галанаў, з’явілася ў 1960-х дзякуючы таму, што твор кампазітару замовіў Юрый Цырук. У праграме прэзентаваліся творы розных дзесяцігоддзяў, але важна, што ў іх не адчувалася прыкмет эстэтычнай састарэласці, прыналежнасці эпосе, якая сышла.
Спеўную плынь вечарыны ўвасаблялі вакальныя цыклы і асобныя опусы на словы Янкі Купалы, Гарсія Лоркі, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна. У інтэрпрэтацыі вядомых салістаў — Уладзіміра Пятрова, Таццяны Траццяк. Адной з эмацыйных кульмінацый стаўся фрагмент з оперы «Матухна Кураж». Верыш: гэта сапраўды Кураж (Наталля Акініна). Хмурая і заклапочаная, у вопратцы сялянкі, абірае бульбу для вячэры. Гэта сапраўды Івета (Анастасія Масквіна), яе заўжды вясёлая сяброўка, апранутая «па-гарадскому», з бутэлечкай у рыдыкюлі.
Некаму брутальным і празмерна гучным падаўся выступ фолк-панк гурта «Dzieciuki», які спецыяльна прыехаў на вечарыну з Гродна, каб выканаць песню «А хто там ідзе?» з «Раскіданага гнязда». Але кампазітар заўжды быў схільны да эксперыментаў, таму ўсё ўспрынялося дарэчным.
Інструментальныя творы прываблівалі экспрэсіўнасцю і пластычнасцю мовы. Гэта датычыла і опусаў для фартэпіяна сола (у Наталлі Котавай і Ігара Алоўнікава), флейты сола («Легенда», прысвечаная памяці жонкі). І «Тарантэлы» з музыкі да спектакля «Карчмарка», якую ўвасобіў ансамбль флейтыстаў «Сірынкс». Імклівы, сонечны, віртуозны твор асабіста я ўспрымаю як псіхалагічны партрэт самога Картэса. Наогул у яго музыцы шмат вытанчанай гарэзнасці і амаль юначай радасці жыцця.
Цяпер наконт прэм’еры «Хто я?», паказанай Нацыянальным тэатрам оперы і балета. У далёкім 1990-м на сцэне Вялікага тэатра Гаваны адбыўся паказ балета «Апошні інка». Картэс напісаў гэтую музыку па заказе Алісіі Алонса, мастацкай кіраўніцы Нацыянальнага балета Кубы. Той спектакль быў пра лёс інкаў, росквіт і пагібель магутнай імперыі. Калі нашы харэографы Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў звярнуліся да партытуры, дык палічылі: наўрад ці такі сюжэт актуальны для беларусаў. Таму балет набыў іншыя змест і назву.
Пасля прэм’еры давялося пачуць, што тэма натоўпу і асобы, якая супрацьстаіць безаблічнай масе, тэма маскі і сутнасці, іх складаных дачыненняў ёсць і ў папярэдніх працах пастаноўшчыкаў, напрыклад, у «Зале чакання». Так. Але ў новым спектаклі прываблівае яркасць партытуры, створаная аркестрам і дырыжорам Алегам Лесуном. Музыка не тыпова балетная, шматслойная, у ёй багата ўнутранага напружання, нават экстатычнасці. Вабіць загадкавасць календара-кола, асноўнага фрагмента сцэнаграфіі Аляксандра Касцючэнкі. Складаны харэаграфічны малюнак пераканаўча ўвасоблены салістамі Марынай Вежнавец (Дзяўчына) і Юрыем Кавалёвым (Юнак).
Галоўнае — у спектаклі «Хто я?» ёсць глыбокая ўнутраная адпаведнасць экспрэсіўнасці музыкі, вастрыні пластычнага выяўлення эмацыйнаму стану выканаўцаў. Балет трымае ў напружанні на працягу ўсёй дзеі, калі сочыш за развіццём падзей і адносін. Дзятко і Кузняцоў як харэографы нарэшце атрымалі вялікую сцэну. Вежнавец і Кавалёў, артысты бязмежных магчымасцей, для якіх апошняе дзесяцігоддзе нічога новага зусім не ставілася, станцавалі прэм’еру. Музыка балета, напісаная 25 гадоў таму, успрымаецца актуальнай і сучаснай.
У другой дзеі юбілейнай вечарыны прэзентавалася опера «Мядзведзь» (паводле Чэхава). Твор мае немалую сцэнічную гісторыю. Першы паказ адбыўся на сцэне філармоніі ў 2009-м. У 2011-м твор Картэса з’явіўся на афішы камернай залы імя Александроўскай. І вось трэцяя версія.
У першым, філарманічным «Мядзведзі» панавала радасць знаёмства з сачыненнем, неверагодна арыгінальным і дасціпным на ўсіх узроўнях. Сюжэтным, музычным, тэмбральным, вакальна-выканаўчым. Камерная зала ў нечым збядняла ўяўленні пра музыку, але дазваляла зблізку пабачыць твары, міміку і выдатную ігру спевакоў — Станіслава Трыфанава, Алены Бундзелевай, Юрыя Балацько. У трэцяй версіі выканаўцы тыя ж. Разам з рэжысёрам Галінай Галкоўскай яны зрабілі ўсё, каб «прыстасаваць» оперу да памераў сцэны (вялікія кулісы, «выгарадка», «тэатр ценяў», пластычныя эпізоды). Нядаўняе ўвасабленне «Мядзведзя» дало магчымасць вярнуцца да партытуры, напісанай для вялікага сімфанічнага аркестра. Толькі, здаецца, усё-такі існуе пэўная ўнутраная супярэчнасць паміж камерным па сутнасці творам і памерамі пляцоўкі. Будынак тэатра ідэальны для манументальнай «Аіды» ці масавых балетных сцэн. Праблема і ў тым, што сцэны ў нас або велізарныя, або камерныя. А «залатой сярэдзіны» (згадаем тэатр Барыса Пакроўскага), як заўжды, не хапае. Думаю, заўвагі не перашкодзяць слухачу і гледачу атрымаць асалоду ад наступных паказаў. Парадуемся: адразу два сачыненні айчыннага кампазітара з’явіліся на афішы. Іх у нас так мала! Можна пералічыць на пальцах. Нават адной рукі...