Усмешка для апошняга змагання

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

... Лепей бы нам не мець нагоды для гэтай казкі. «Пацалунак ночы» -- казка пра найноўшы час. Пра наш з вамі. Такому б часу зрабіцца ды заставацца казачным, бо, не сакрэт, сяды-тады яго пабойваюцца нават тыя, хто адасоблены ад сапраўдных падзей тэлевізарам...

 /i/content/pi/mast/6/150/Usmeshka1.jpg
 М.Лявонцьеў (Клаўс), М.Беляковіч (Санта).
Сваю тэатральную казку
«Пацалунак ночы» аўтары стваралі для разумных і дарослых дзяцей (на што звярнулі ўвагу і ў афішы). Бо менавіта гэтым разумным і дарослым неўзабаве дастанецца спадчына ад прадзедаў: сумнеўная слушнасць тэхнагеннай цывілізацыі з выхадам у космас і пошукамі выйсця з сотняў побытавых неўразуменняў -- тых, якія часам маюць уласцівасць набываць маштаб катастрофы. «Пацалунак ночы» з ласкі драматурга Сяргея Кавалёва мае на ўвазе якраз такую -- сусветную экалагічную. (Нашы сучаснікі трымаюць за ўзор адну найноўшую, з кароткай назвай «Чарнобыль».) І прысвячэнне... клоунам, так-так, клоунам нашага свету, якія вымагаюць усмешкі для апошняга змагання.
Уласна, усмешка для апошняга змагання вынікае з рэжысуры Н.Башавай. Ну, не ў тэатры ж абвяшчаць змаганне з энтрапіяй, хоць сабе і сусветнай экалагічнай. Тым больш -- пафасна. Або немым крыкам. Адвечныя пытанні быцця ў спектаклі паўстануць са звычайных інтанацый падлеткаў. Башава падтрымлівае завядзёнку Андрэя Фёдаравіча Андросіка -- кіраўніка ТЮГа да 2003-га, які прапанаваў канцэпцыю Тэатра юнага гледача як тэатра для ўсёй сям’і. У рэчышчы гэтай самай завядзёнкі адну з галоўных роляў рэжысёр даручыла школьніку Міцю Сямёнаву. Гэта значыць, што галоўны герой на сцэне -- раўналетак бальшыні гледачоў. Сціплы, далікатны Міця Сямёнаў пэўны час сілкаваў ролю сваёй узроставай натуральнасцю. Здавалася, што яе выстарчала цалкам. Хлопчык Міця паволі сталеў, а ягоны герой Рыгорка ўсё больш вымагаў сталасці акцёрскай. Бо ролі ўласціва развівацца, і юнак мусіць гэта паказаць. Такім чынам Міця са школьнае лаўкі перасеў на лаўку студэнцкую і паспяхова распачаў свой першы акцёрскі курс у Беларускай акадэміі мастацтваў.
Спектакль пачынаецца з бальнічнае палаты: туды пераводзяць хлопчыка Рыгорку пад наглядам Медыцынскай сястры (у выкананні актрысы Жанны Друцкай яна хавае свой боль і спачуванне за мітуслівасцю). А суседка па палаце, застаўшыся з Рыгоркам сам-насам, паведамляе: дзяцей з гэтай бальніцы ніколі не выпісваюць, бо яны... паміраюць. Хутка бальнічная рэальнасць ды мроі так пераплятаюцца, знітоўваюцца, што ў Рыгоркі з’яўляюцца справы куды больш важныя за чаканне аперацыі. Спакваля дзеянне пераконвае ў тым, як шмат у жыцці хлопчыка залежыць ад яго самога: нават выздараўленне!
Рухавіком дзеяння спектакля зрабіўся дуэт Міці Сямёнава з дасведчаным характарным акцёрам Міхаілам Лявонцьевым, занятым у ролі клоуна Клаўса. Апошні з’яўляецца ў бальніцу да Рыгоркі з вясёлым прадстаўленнем ды падарункамі; Клаўс выпраўляецца з ім у чароўнае падарожжа, якое змяняе і герояў спектакля, і свет вакол іх... Кругі небяспечных падарожных прыгод створаны на ўзор народных казак, дзе кожны круг -- этап сталення, складнік старажытнага абраду ініцыяцыі з абавязковай прысутнасцю ў «іншым свеце» і нават магчымым «спатканнем» з дарагімі нябожчыкамі. Праз такія абрады старасвеччыны юнак часам бываў паранены, зрэдчас мог стацца і фізічна скалечаным, але набываў самастойнасць чалавека дарослага з правам адказнасці. У нашым выпадку хлопчык Рыгорка пазбываецца хваробы праз выпрабаванне сваіх чалавечых якасцей. Спачатку выбар паміж відавочна добрым і відавочна благім просты, але гэтыя паняцці спакваля амаль знітоўваюцца! Рыгорку моцна бракуе жыццёвага досведу, і застаецца «слухацца свайго сэрца»...
 /i/content/pi/mast/6/150/Usmeshka2.jpg

 Ж.Друцкая (Медсястра).


Між тым чароўныя ночы, якія поўняцца прыгодамі, раз-пораз апускаюцца і на бальніцу. Яны выглядаюць зусім звычайна, таму важна іх адпаведнай парою пазнаць, каб не змарнаваць час. Каб паспець здзейсніць вельмі сур’ёзныя ўчынкі. У такую ноч клоун Клаўс са сваёй вясёлай спадарожніцай, белай пацучыхай Сантай, крадком вяртаецца ў бальнічную палату да Рыгоркі, каб аддаць ліхтарык, пра які марыць хлопчык. І проста ў палаце сутыкаецца з русавалосай жанчынай -- тая ўзнікае, каб даць Рыгорку нешта такое, што мусіць яму дапамагчы. Тамсама ўсіх пераймае годная спадарыня ў чорных строях -- па імені Смерць. Там, у бальнічнай палаце, з ласкі персанажаў Міхаіла Лявонцьева і Ларысы Горцавай (Смерць), завязваюцца вузлы і вузельчыкі інтрыгі спектакля. Сама Смерць ведае пра існаванне такога клоуна! «Я вызначаю сваё стаўленне да персанажаў па тым, з якой годнасцю яны ставяцца да непазбежнага», -- сказала неяк у інтэрв’ю актрыса. А стаўленне да такога клоуна нават у Смерці неадназначнае...
Клаўс -- добры чалавек, прыстойны і даверлівы. М.Лявонцьеў далікатна даводзіць аўдыторыі, што душэўнасць, прыстойнасць, спагадлівасць ягонага персанажа маглі абараніць хіба цвёрды характар, абачлівасць і цвярозы розум. Але вучоны -- а менавіта вучоным-вынаходнікам быў Клаўс -- і ўявіць не мог, якой бядзе, якому гору могуць слугаваць ягоныя адкрыцці. Класічная драма Фаўста паўтараецца найноўшым чынам у найноўшым часе.
Акцёр усміхаецца і не націскае на драматычны бок ролі; драма персанажа прыхаваная, але ад першага выхаду Клаўса на сцэну за ім адчуваецца нейкая няўлоўная віна. У манеры рухацца, размаўляць, прадстаўляць нумары сваёй вясёлай праграмы, кантактаваць з хворымі дзецьмі. Глядацкую аўдыторыю ён тым часам далікатна рыхтуе да нейкай страшнай праўды, -- а пасля таго, як гэтая праўда высвятляецца, з Клаўса нібыта здымаецца цяжкі гнёт. Ён выпростваецца ў літаральным сэнсе: здаецца, нават ростам робіцца вышэйшы. У гаворцы з’яўляецца ўпэўненасць, вінаватую ўсмешку змяняе здаровы рогат, і -- галоўнае! -- акцёр ясна выяўляе, што наперадзе -- выйсце! Выйсце з прыгнёту віны, з разгубленасці, пазбаўленне ад шоку здрады, а для малога, якім Клаўс апякуецца, -- выйсце з хваробы! А менавіта выздараўлення для дзяцей дамагаецца герой Лявонцьева на працягу ўсяго дзеяння. Ён ахвяруе ўласным жыццём, ахвяра -- цана пазбаўлення Клаўса ад памылак даверлівасці. Але мэта -- жыццё і здароўе дзіцяці -- настолькі вялікая, што ахвяра Клаўса не ўспрымаецца фатальна і змрочна.
 /i/content/pi/mast/6/150/Usmeshka3.jpg
 Д.Арцюкоўскі (Хвароба), Д.Сямёнаў (Рыгорка).
Перад гледачамі -- як пэўныя персанажы -- паўстаюць увасабленні Матчынай любові (Маці Рыгоркі -- Раіса Астрадзінава), Смерці (Ларыса Горцава), Хваробы (Дзяніс Арцюкоўскі), Міласэрнасці (Медсястра -- Жанна Друцкая), Даравання (Вартавы Райскага саду -- Уладзімір Іваноў). Яны пераконваюць і справай, і словам, а вось у персанажаў Івана Ушакевіча, Васіля Немца і Марыі Беляковіч (гэтую ж ролю адметна выконвала і Кацярына Купчанка) з усіх рэплік -- хіба «шы-шы» ды «шы-шы-шы». Між тым пацукі адмыслова выяўляюць характары, пачуцці і нават добрую волю; вядуць у спектаклі неадназначныя і вельмі важныя партыі паразумення і суіснавання жывога. І да ўсяго яны смешныя! Такія смешныя, што нават Смерць прымушаюць усміхнуцца.
Наогул рэжысёрскае вырашэнне спектакля ўражвае ўзроўнем гаворкі пра тое, что вызначае чалавечае жыццё: пра каханне, нараджэнне, смерць, зло, дабро; пра шматаблічнасць гэтых паняццяў, пра цяжар выбару і адказнасці за ўчынкі; пра веліч і любоў Таго, хто стварыў і падтрымлівае свет. Не боязь чарговай катастрофы, а цуд жыцця і яго ратавання кіравалі рэжысёрам і яе вырашэннямі. Адпаведна ўспрымаюцца і сцэнаграфія В.Грыцаевай, і вобразная пластыка (перадусім такіх фантастычных персанажаў, як Двухгаловы і Чатырохрукі, Хвароба, Малпа), і дакладны музычны шэраг (кампазітар А.Атрашкевіч).
Спектакль «Пацалунак ночы» вяртае да высновы Любові Мазалеўскай, заснавальніцы Беларускага тэатра юнага гледача: «У нас -- тэатр будучага...», але прымушае разумець яе па-новаму. Будучае -- гэта тыя юныя, што прыходзяць на спектаклі сёння і робяць з іх свае высновы. Каб без пафасу і гарлапанства паспець здзейсніць вельмі сур’ёзныя ўчынкі -- настолькі сур’ёзныя, што ніхто не спытае, ці дарос ты да іх і ці гатовы за іх адказваць.Спектакль «Пацалунак ночы» Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача атрымаў 1-ю прэмію за рэжысуру на 9-м Тэлевізійна-тэатральным фестывалі «Ажыўшая казка» ў Маскве.

Жанна ЛАШКЕВІЧ