Даведка. Нарадзіўся 10 красавіка 1940 года ў Расіі (Варонежская вобласць, хутар Падгорны). Бацька загінуў на фронце Вялікай Айчыннай вайны. У 1955-м пераехаў да маці ў Гродна. Скончыў гістарычны факультэт (аддзяленне мастацтвазнаўства) Ленінградскага ўніверсітэта. Да 1970-га працаваў у Дзяржаўным мастацкім музеі БССР і ў апараце Міністэрства культуры БССР. З 1970 па 1994 гады — у апараце Саюза мастакоў Беларусі. Амаль 20 гадоў (з перапынкамі) узначальваў творчую секцыю мастацкай крытыкі і мастацтвазнаўства. Неаднаразова выбіраўся членам прэзідыума і праўлення (потым Рады) Саюза мастакоў. Аўтар больш пяцідзесяці кніг, альбомаў, манаграфій, каталогаў. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Двойчы лаўрэат нацыянальнай прэміі «За духоўнае адраджэнне», лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, а таксама многіх узнагарод Беларускага Саюза мастакоў, Беларускага Саюза журналістаў, Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, іншых дзяржаўных і грамадскіх арганізацый. Сёння — рэдактар аддзела і член рэдкалегіі газеты «Культура».
10 пытанняў
Апошняя кніга, якую вы прачыталі.
— «Мая справа» Міхаіла Велера: настальгія па Ленінградскім універсітэце, у якім мы абодва (ён на філфаку, я на гістарычным факультэце) вучыліся ў перыяд заканчэння хрушчоўскай «адлігі».
•
Працы якога мастака заўсёды прыцягваюць вашу ўвагу?
— У розныя перыяды жыцця — розныя мастакі: ад Эль Грэка, Караваджа, Веранэзе да французскіх імпрэсіяністаў, Ван Гога и Амадэа Мадзільяні, нашых Леаніда Шчамялёва, Аляксандра Кішчанкі, Віталя Цвіркі... Спіс можна доўжыць.
•
Якую музыку слухаеце часцей за ўсё?
— У розныя часы жыцця — і музыка была розная, гэтак жа, як змяняліся ў мяне і прыхільнасці ў выяўленчым мастацтве. Люблю джаз, шансон, аргенцінскае танга і музыку Оскара Строка, Луі Армстранга, Ісаака Шварца, песні Пятра Лешчанкі, Уладзіміра Высоцкага, Булата Акуджавы, Уладзіміра Мулявіна, Фёдара Шаляпіна, Фрэдзі Мэрк’юры, Міка Джагера, некаторыя рэчы з вялікай класікі...
•
З кім з дзеячаў мастацтва вам хацелася б шчыра пагутарыць сам-насам?
— З маіх сучаснікаў-творцаў сам-насам я гаварыў з усімі, хто мяне цікавіў. Але самыя запамінальныя дыялогі адбываліся са Шчамялёвым, Савіцкім, Паплаўскім, Цвіркам, Кішчанкам, Анікейчыкам, Азгурам, Чамадуравым, таксама з Мулявіным, Гарбукам, Туравым, Пташуком, Адабаш’янам, Матвеевым.
•
Якія падзеі, рэчы, асобы паўплывалі на вашу дзейнасць?
— Цяжка сказаць. Мабыць, успаміны пра маіх продкаў, асабліва што тычыцца майго дзеда — данскога казака; некаторыя ўніверсітэцкія настаўнікі, у тым ліку Леў Гумілёў, Уладзімір Маўродзін і Міхаіл Каргер, у Мінску — Алена Аладава, некаторыя мае старэйшыя сябры-мастакі. Безумоўна і перш за ўсё — кнігі і фільмы.
•
Назавіце тры рэчы, якія вы абавязкова ўзялі б з сабой у падарожжа.
— Фотаапарат, дыктафон, блакнот з шарыкавай аўтаручкай.
•
Ці ёсць у вас нейкія любімыя выразы, афарызмы, якія дапамагаюць вам
у працы?
— Люблю афарызмы накшталт: «Рух — жыццё; рух да мэты — нармальнае жыццё; рух у невядомае — творчасць»; «Служэнне — муз не выносіць»; «Мастацтва па сваёй прыродзе аб’ектыўнае. Яно развіваецца незалежна ад таго, хто яго не разумее».
•
З якім акцёрам ці актрысай вам хацелася б сфатаграфавацца?
— З тым, з кім я сустракаўся ў жыцці і хто мне падабаўся — я фатаграфаваўся. З замежных акцёраў не пярэчыў бы супраць Пенелопы Крус, Аль Пачына, Джэка Нікалсана, Роберта дэ Ніра. У маладосці сфатаграфаваўся б з Эралам Флінам, Жэрарам Філіпам, Вівьен Лі, Кларкам Гейблам, Керкам Дугласам, Джоні Вайсмюлерам, Раджам Капурам.
•
Які сайт адчыняецца першым, калі вы заходзіце ў Інтэрнэт?
— Звычайна пачынаю дзень з навін:
tut.bу, interfax.ru і інш.
•
Казачнае пытанне: назавіце тры свае жаданні залатой рыбцы.
— У мяне як бы ўсё галоўнае адбылося. А так — каб былі мае родныя і блізкія здаровыя ды шчаслівыя. І каб мая незалежная краіна вызвалілася ад праславутай «памяркоўнасці» і правінцыйнасці.