Сярод дрэў і птушак

№ 2 (383) 01.02.2015 - 28.02.2015 г

«Збіраючы растачонае» Алены Сысун
Выстава Алены Сысун «Збіраючы растачонае» праходзіла ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Доўгачаканая і адначасова неспадзяваная сустрэча з аўтарам пасля 25-гадовай адсутнасці — погляд з мінулага і погляд у мінулае...

Алена Сысун нарадзілася ў 1966 годзе ва Украіне. Навучалася ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.Глебава (педагог па малюнку Ігар Цішын).

На выставе пагутарылі арт-крытык Вольга Рыбчынская і мастак, удзельнік арт-групы «Беларускі клімат» Ігар Корзун.

ВЯРТАННЕ

Ігар Корзун: Я даведаўся, што Лена пакажа ў Музеі свае працы, і вельмі ўзрушыўся. Бо памятаю адчуванні, калі бачыў яе творы і чуў, як яна спявала. Ці спявае Алена цяпер — не ведаю. Пэўна, так, але ўжо нешта іншае. І нават калі я пачуў Бьёрк, не быў моцна здзіўлены, таму што да гэтага слухаў птушыны спеў Алены Сысун. Яна ўмела спяваць са словамі і без, магла праспяваць шурпатасць сцен, дакрануўшыся да іх, гладкасць і цеплыню каменя, трымаючы яго ў руках... Потым паступова мастачка стала знікаць з поля зроку. Мы не былі з ёй нават у прыяцельскіх стасунках; так атрымалася, што паміж намі існавала дыстанцыя. Але я назіраў за яе творчасцю. І ўспаміны нікуды не падзеліся.

Вольга Рыбчынская: Ты ішоў сюды па страчанае, забытае пачуццё з мінулага? Настальгію?

Ігар Корзун: Настальгія — не, тыя пачуцці — не мінулае, а сучаснасць. Хваля ўспамінаў толькі асвяжыла старыя адчуванні. Мастачка знікла з майго жыцця, і мне захацелася, каб яна вярнулася. Захацелася згадаць, як жадаў спадабацца Лене ў той час. Выстава захапіла: сёння актуальныя рысачкі, швы і кавалкі тканіны — усё гэта так нагадвае веснавую сенажаць.

У канструкцыі малюнка, на мой погляд, прысутнічае класічны мадэрн. Па кампазіцыі, балансе, колеравым рашэнні. Тыповая гама: прыглушаная, мяккая, з нейкай ледзь прыкметнай пластыкай лапікаў — неўраўнаважаных, яны перацякаюць адзін у адзін. Ёсць тут трохі эклектыкі, запраўленай класіцызмам.

Вольга Рыбчынская: Асобныя працы мне нават нагадваюць эпатажныя эксперыменты дада, калажы кубістаў. Магчыма, справа ў сечаных лініях, у фактурах, створаных фрагментамі тканін, гафтам, дафарбоўкай, даклейкай элементаў.

Ігар Корзун: Тое, што вынайшла Алена, я не бачыў больш нідзе. Гэта не лапікавая коўдра, а алоўкавая графіка, створаная праз сцяжок швейнай машыны. Спачатку не разумееш, чаму зроблена так знарочыста, а потым паволі пачынаеш адкрываць для сябе новую пластыку. І ўсё становіцца зразумела — як з «Адамам і Евай». Сапраўды, тую гісторыю цяпер толькі так і можна паказаць! Словаў у той час было мала, паспрабуй двума-трыма распавесці пра падзею, свой унутраны стан. Так і тут: праз некалькі вобразаў ствараецца вялікі сюжэт. Па­дзея ў творах Алены змяшчаецца ў іншы матэрыяльны кантэйнер, абсалютна нефарматны для старой гісторыі: тэкстыльны.

КАНТЭКСТЫ

Вольга Рыбчынская: Дарэчы, пра кантэкст. Мне здаецца, што раней у чалавека была большая патрэба ў сузіральнасці. Чаму творы выставы кадуюцца для цябе ў выяву веснавой сенажаці? Бо гэта — бяс­концы, бязмежны ландшафт, як у сваім кантэкстуальным полі, так і па патэнцыяле гэтай сузіральнасці.

Ігар Корзун: Да таго, як чалавек пакаш­таваў плод з Дрэва пазнання, ён не мог нават усвядоміць розніцу паміж дабром і ліхам, паміж чорным і белым, цёплым і гарачым. Сюжэт можна зразумець не літаральна, а як метафару і спробу перадаць нам інфармацыю пра тое, што тады людзі не ўмелі аналізаваць, у нас не было гэтага навыку. І ў нейкі момант ён паўстаў. З раю мы не былі выгнаны, мы былі адпушчаны, як з дзіцячага садка.

Вольга Рыбчынская: Адлучыліся ад навакольнага свету, перасталі атаясамліваць сябе з прыродай. Навучыліся наладжваць сувязі іншым чынам...

Ігар Корзун: Не ўмелі выбудоўваць камунікацыю, і раптам усё мяняецца: мы разумеем, што ёсць правая рука, ёсць левая. Пытаемся, чаму яны аднолькавыя, але розныя? У нашым жыцці, калі ты пачынаеш задумвацца над чымсьці банальным з пункту гледжання вялікай колькасці людзей, цябе спыняюць: навошта ты сабе галаву тлуміш, займіся справай. Можа, таму з нашага жыцця знікла важная рэч — радасць пазнання, самая галоўная ўласцівасць чалавека.

«СІЛА МАЙГО ЧАСУ»

Вольга Рыбчынская: Для мяне «Збіраючы растачонае» па-за кантэкстам часу. Аўтар нават не памятае, калі той ці іншы твор быў зроблены. Для яе гэтыя 25 гадоў — не погляд назад, а штосьці іншае. На адкрыцці Алена казала, што жыве сярод дрэў і птушак.

Ігар Корзун: У мяне ёсць прыяцель, які на пытанне «Як жывеш, Алесь?» адказвае сур'ёзна: «Я жыву сярод музыкі і кніг». Тут тое ж самае. Чалавек сыходзіць са свету, дзе створана прастора зносін, замацаваны катэгорыі каштоўнасцей, лагістычныя камунікатыўныя ланцужкі. Ён пакідае гэта, і ўсё неабходна выбудоўваць нанова. Каб упарадкаваць эмацыйны фон, інакш гэтыя перажыванні могуць прынесці пагібель, чалавек пачынае або ненавідзець той свет і бачыць у ім толькі кепскае, або забудзе яго. Вось Сысун абрала для сябе такую прыладу — забыванне.

Дзеля таго, каб шыпы мінулага жыцця не паранілі тваю душу, іх трэба зрэзаць. Ці зрабіць яшчэ больш вострымі, каб ужо цалкам адрынуць.

Вольга Рыбчынская: А табе не здаецца, што гэтыя шыпы, як ты кажаш, пераўтварыліся ў яе працы? Асабліва — у абстрактныя выявы. Гэта — спосаб жыць з шыпамі.

Ігар Корзун: Гэта стыгматы, дадатковая крыніца пакуты. Яны створаны для таго, каб больш ярка…

Вольга Рыбчынская: ...не ўспамінаць.

Ігар Корзун: Добра сказана: «Больш ярка не ўспамінаць». Можа быць, менавіта так. Саладзей пакутаваць.

Вольга Рыбчынская: Тады пра што гэтая выстава?

Ігар Корзун: Для мяне «Збіраючы растачонае» — сцвярджэнне сілы майго часу. Таго, калі мы ўсе былі на кані, з шашкай нагала. Вось гэтая выстава зрабіла крок з мінулага, яна, як ледакол, разбурыла лёд на паверхні. Я прыйшоў сюды з масай прадчуванняў. Але галоўнае — убачыў сілу і актуальнасць.

Вольга Рыбчынская: Ты казаў пра форму выказвання і яго змест. Васіль Кандзінскі пра абстрактнае мастацтва пісаў, што існуе столькі ж мёртвых трохкутнікаў, колькі мёртвых коней ці зайцоў. Сапраўды: калі няма жывога зместу, то няма і жывой формы.

Ігар Корзун: Ёсць такі заклік, не ведаю — мастакоўскі ці будыйскі: «Забі ў сабе сябе». Творцы часта з гэтым сутыкаюцца. Мастацтва можа стаць такой прыладай. Самае геніяльнае адбываецца на ўзроўні суб'ектыўнага ў той момант, калі майстар спрабуе вырвацца.

Вольга Рыбчынская: На гэтай выставе мы таксама можам бачыць спробу вы­рвацца.

 

Ігар Корзун: Сыход у скіт і маўчанне на працягу 25-ці гадоў – сапраўдны жэст! Выдатны 25-гадовы перформанс!