Прагрэс неабходны і карысны, але не ў тым выпадку, калі тэхнічны складнік пачынае ўзвышацца над складнікам творчым. Вялікі плюс мабільнага кіно ў тым, што пры мінімальным бюджэце, а часам наогул пры яго адсутнасці, нават аматар можа дазволіць сабе зняць трэйлер да ігравога фільма працягласцю ў некалькі хвілін. І калі за недахопам ды заўважным непрафесіяналізмам прабліскваюць творчы патэнцыял і нестандартнае мысленне, дык тое неабходна ўспрымаць як нагоду для пошуку сапраўдных талентаў.
Большасць удзельнікаў фестывалю паставіла сабе наўмысна высокую планку, спрабуючы браць за ўзор вядомыя творы заходняга кінематографа. Не ўсё і не ва ўсіх атрымалася. Але фактам застаецца тое, што ніхто не ўзяўся капіяваць фільмы Пташука, Турава, Рубінчыка альбо іншых дзеячаў беларускага кіно.
Так, аўтар лепшага трэйлера ў жанры хорар «6 душ» Дзяніс Судзінко выдатна запазычыў вобраз дзяўчынкі-прывіда з доўгімі валасамі, які засяляе замежныя фільмы жахаў (узяць хаця б вядомы «Званок»). Здані пераследуюць кіроўцу аўтобуса, па віне якога загінула шэсць юных душ.
Віталь Яворскі атрымаў прыз за лепшы мантаж крымінальнай камедыі «Фартовы трус», бо стварыў хвацкі замес са «Жмурак» і «Брата» Аляксея Балабанава з дынамікай, уласцівай хутчэй фільмам Гая Рычы. На хвалі шанцавання малады авантурыст Кеша трапляе ў пастку мафіі. Прайграўшы ўсё, уключна з нявестай, ён звяртаецца па дапамогу да свайго неразумнага брата Сямёна...
Недалёка ад гэтай стылістыкі адышоў і лепшы трэйлер у жанры баевіка — «Кур’ер» Міхаіла Пархоменкі. Абраная аўтарамі беларуская мова — гэта, бадай, адзінае беларускае, што ёсць у творы пра таленавітага раварыста, які за вялікія грошы ўзяўся даставіць пасылку. Але ён нават не ўяўляў, у якую небяспечную авантуру патрапіў... Нічога не нагадвае?
Ці яшчэ. Што можа быць больш смешнае за прыгоды двух няўдачнікаў? Лепшы трэйлер у жанры камедыі, «Bellioner’s» Дзяніса Зосіка распавядае пра двух звычайных хлопцаў, якія па волі лёсу трапляюць пад раздачу мафіі, а таму вырашаюць абрабаваць інкасатарскі аўтамабіль... Тут не варта паглыбляцца ў недахопы, звязаныя з недастатковымі прафесійным досведам і ведамі. Іншае пытанне: ці будзе такі пачатковец развівацца і ўдасканальвацца, укладаць грошы і час у адукацыю адмысловую, кінематаграфічную? Большасць пераможцаў фестывалю якраз аматары, якія маюць дыплом па спадарожных спецыяльнасцях накшталт дызайну або ў лепшым выпадку досвед працы ў сферы рэкламы. Але ў любой справе важней імкненне крочыць наперад і не спыняцца на дасягнутым.
Фэст нагадваў агляд студэнцкіх прац кінематаграфічнай ВНУ, а трэйлеры збольшага былі падобныя да эцюдаў. Кароткія работы, знятыя на мабільныя тэлефоны, дыхалі жыццём і захоплівалі адсутнасцю пэўных рамак.
Аўтар лепшага трэйлера ў жанры меладрамы, Ганна Дзевіч абрала для сваёй працы «Кропкі судакранання» даволі складаную форму, вырашыўшы злучыць разам мастацкае кіно і анімацыю. Праз незвычайную хваробу сон для Арцёма становіцца прыгодай: кожны раз засынаючы, ён не ведае, дзе прачнецца... Сюжэт адсылае да фільмаў «Жонка вандроўніка ў часе» Роберта Швентке ці «Спадар Ніхто» Жака ван Дормеля. Стылістычна ж трэйлер бліжэй да стужкі Мішэля Гандры «Навука сну»: тыя ж рамантычныя вобразы, падобныя прыёмы ўжывання анімацыі. Такі пакет супадзенняў ужо выклікае павагу. Рэжысёр твора — выхаванка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Але ж хочацца запытаць: а дзе іншыя студэнты і выпускнікі знакамітай навучальнай установы? Куды яны знікаюць? Чаму мы не бачым іх работ?
У эпоху папулярнасці трылераў, жахаў і слязлівых меладрам непадробную радасць выклікае той факт, што найбольшая колькасць фестывальных работ была ў жанры драмы, гэтак аблюбаваным аўтарскім кінематографам.
Так, меладрама «Крок» атрымала прыз у намінацыі «Подых Бацькаўшчыны». Максім Таранкоў паведаў гiсторыю пра тое, як немагчымае аб’яднала людзей. І тое, што немагчымае можа здейсніцца, меладрама па-беларуску з мілагучнай музыкай даводзіць яшчэ раз.
Лепшы трэйлер у жанры драмы «Пачуць Парыж і памерці» Леаніда Пашкоўскага распавядае пра сям’ю акцёраў з правінцыйнага тэатра, якія не могуць ажыццявіць мару іх сляпога сына: звазіць яго ў Парыж. І яны знаходзяць рашэнне: інсцэнаваць французскую сталіцу ў сваім горадзе з дапамогай тэатральнай трупы. Але ў хлопчыка таксама быў падрыхтаваны ўласны план... Што ж, у дадзеным выпадку напрошваўся яшчэ і прыз за лепшы сцэнар, калі б такі быў прадугледжаны арганізатарамі.
Арыгінальнай ідэяй вызначыўся і трэйлер пад назвай «Reckoner», які знаёміць з гісторыяй жыцця чалавека-калькулятара, за што яго аўтар Андрэй Ляўковіч быў адзначаны прызам. Выдатны вобраз, актуальны для нашага свету, падначаленага лічбам, а не пачуццям.
Спецыяльны прыз рэжысёра Канстанціна Фама атрымала містычная меладрама «Легенда аб старым парку» Арцёма Ліцагевіча. Па словах сябраў журы, трэйлер з’яўляецца гатовай гісторыяй, якую можна запускаць у вытворчасць. У яе аснове — нацыянальны сюжэт паводле старадаўняй легенды.
І напрыканцы — Гран-пры: «Ціхая песня» Вольгі Зенавай. Вобразы, музыка, пералівы з кадра ў кадр, плаўнае цячэнне... Малюнак быццам плыве ўслед за адзінокім пісьменнікам, які хаваецца ад свету ў сваіх успамінах пра дзяўчыну, што змяніла яго жыццё. І хацелася апладзіраваць бясконцай гармоніі на экране, калі б вобразы былі не толькі прыгожыя, але і менш вядомыя. Бо тут і дзяўчына на мосціку над вадой, і валасы па ветры, і чортавае кола... Але ж наступным разам, спадзяюся, убачым непаўторны почырк аўтара, а не Ганны Мелікян ці кагосьці іншага.
Сёлета на конкурс было пададзена 139 трэйлераў. Досыць шмат. Іх аўтары — маладыя, упэўненыя ў сабе, дзёрзкія людзі, якія, безумоўна, маюць творчы патэнцыял. Што не можа не радаваць. Бо, на вялікі жаль, беларускае кіно ў апошнія гады мала чым здзіўляе. Працы ж пераможцаў фестывалю «Smartfilm» выклікалі добрую ўсмешку і шчырую цікавасць. І ўзнікла надзея: а можа, пройдзе час, і менавіта гэтыя людзі нас узрушаць?
Прыз — заўсёды аванс. І кожны вырашае самастойна, як ім скарыстацца. Бо нават калі ты аматар, градус адказнасці ніхто не змяншаў, а таму трэба дакладна ўяўляць, навошта ты гэта робіш і куды вядзе твой шлях. Можна спыніцца на ўзроўні хоўм-відэа, а можна вучыцца, удасканальвацца і ствараць сапраўднае кіно. І судзейства на ўзроўні «падабаецца — не падабаецца» зусім таму не спрыяе. Добра, што падчас фестывалю прайшлі майстар-класы Андрэя Кудзіненкі, Ігара Сукманава і іншых. Але, думаю, найвялікшая была б карысць, калі б яны адбыліся пасля форуму і менавіта як праца над памылкамі. І галоўнае. Хочацца верыць, што ў нашай краіне будзе больш фестываляў і конкурсаў, дзе маладыя кінематаграфісты атрымаюць магчымасць вучыцца ў прафесіяналаў кінаіндустрыі з Беларусі і замежжа, а таксама змогуць паказаць сябе і свой талент.
Кацярына ЛЯВОНАВА