Гендар і антыгендар
Фільмам адкрыцця фестывалю была «Матывацыя нуль», «чорная камедыя», знятая маладым рэжысёрам Таліяй Лаві па ўласным сцэнары. У Акадэміі мастацтваў «Бецалель» яна вывучала анімацыю і стала мастаком коміксаў, потым з адзнакай скончыла Кінашколу Сэма Шпігеля ў Іерусаліме. Дыпломны фільм Лаві «Замена» атрымаў некалькі міжнародных узнагарод, у тым ліку прыз глядацкіх сімпатый «Берлінале» і першае месца на Мюнхенскім міжнародным фестывалі кароткага метра. Пакуль што тры стужкі паслужнога спіса Лаві — кароткаметражкі, у поўным метры яна дэбютант. «Матывацыя», знятая ў 2014 годзе ў Лабараторыі сцэнарыстаў інстытута «Сандэнс», адразу атрымала Гран-пры V Адэскага МКФ і прыз «За лепшы ігравы фільм» фестывалю «Трайбека» ў Нью-Ёрку.
Ізраільскія рэжысёры здымаюць камедыі з самымі, на першы погляд, некамедыйнымі тэмамі, сюжэтамі і з непрадказальным фіналам. Талія Лаві не стала выключэннем: у яе атрымалася, хутчэй, драма з гратэскам, лірыкай і актуальным гендарным матэрыялам. Дзяўчаты ў арміі — будзёнасць многіх краін свету, але ад гэтага гераіні не перастаюць быць жанчынамі. Матывацыя ў іх не тое каб нулявая, бо служба ў арміі і ўдзел у ваенных канфліктах — прадмет асабістага і сямейнага гонару, абсалютная вартасць для ізраільскага грамадства. Гэта матывацыя базавая, «па змоўчанні». Але вось што ў іх на нулявым узроўні — дык гэта лакіроўка і сціранне індывідуальнасці. Поўная «бязбашаннасць» адной з гераінь (Заар у выкананні Даіны Іўгі), шалёная закаханасць іншай, ажно да суіцыду, слаба асацыююцца са службай як такой. Агульны эмацыйны размах, імпульсіўнасць падтрымліваюць Нэлі Тагар (Дафі) і Шані Кляйн (Афіцэр). Тэмп, у якім знятыя ўсе тры навелы, брутальнасць побыту ў кантрасце з ружовымі дрындушкамі (аператар Ярон Шарф) падкрэсліваюць яркасць дыялогаў і адсутнасць усялякай нівеліроўкі характараў.
І вельмі далікатна паказаныя ў арміі мужчыны: нарада камандзіраў, якім прыносяць гарбату-каву сакратаркі; сцэна звальнення дамы-афіцэра, якая ўсё ж страціла кантроль над сітуацыяй; нарэшце, адна-дзве інтымныя сцэны, справакаваныя дзяўчатамі. «Хацелі раўнапраўя — маеце», — адзіная мужчынская фраза, прамоўленая вельмі акуратна, але з намёкам на пол удзельніц канфліктаў і пастаяннага высвятлення адносін.
Агульны гнеў змяняецца на літасць — таму што мары ажыццяўляюцца. І толькі смерць незваротная: яе інструментам стаў асаблівы канцылярскі стэплер, з дапамогай якога можна павесіць аб’яву нават на бетонную сцяну. Абсалютна жанравае, з неабходнай для гледача дынамікай кіно, і водгук публікі відавочны. Арганізатары запусцілі «Матывацыяй» працэс пазнавання: пра «ізраільскую ваеншчыну» мы ўжо шмат чулі ад савецкіх прапагандыстаў, а вось як яно бывае... Людзі, людзі...
Пагружэнне ў Кнігу
«Заўвага» — зусім іншая. Стужка бліжэй да арт-хаўса, а заяўлена, што вельмі дзіўна, як трагікамедыя. Іосіф Сідар зняў «Заўвагу» ў 2011 годзе па сваім сцэнары. Месца дзеяння карціны — кафедра вывучэння Талмуда Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме і жыццё вакол яе. Жыццё ўласна праходзіць у архетыповым рэчышчы: бацька і сын, творца і спадкаемца, ісціна і прафанацыя. «Заўвага» стала лепшым ізраільскім фільмам і атрымала 9 узнагарод Ізраільскай кінаакадэміі «Афір» (2011), прыз за лепшы сцэнар на Канскім кінафестывалі (2011), дзве намінацыі на «Оскар» (2012).
Калізія разварочваецца як барацьба двух вучоных — бацькі і сына — за прызнанне. Эліэзэр Школьнік — філолаг, які прысвяціў жыццё скрупулёзнаму вывучэнню адной з версій Талмуда. Яго сын Урыэль Школьнік — гісторык, чые працы больш вядомыя і папулярызуюць навуку, развіваючы яе ў культуралагічным кірунку. Іронія лёсу ў тым, што Дзяржпрэмію Ізраіля прысуджаюць не напаўзабытаму фанату Эліэзэру, а Урыэлю. Але здараецца фатальная памылка — з-за агульнага прозвішча пра ўзнагароду паведамляюць старэйшаму Школьніку, віншуюць і бяруць інтэрв’ю ў Эліэзэра. У яго няма практыкі не толькі свецкіх зносін, але і пабытовых: вучоны пагружаны ў сваю справу і паспяхова рухаеццца ў бок аўтызму. Прэтэнзіі да блізкіх, крыўды на калег, усеагульнае неразуменне і... фільм завісае ў маўчанні героя. Са здзіўленнем даведалася, што Школьніка-старэйшага выконвае вядомы ізраільскі комік Шлома Бар-Аба, які вярнуўся ў прафесію дзеля гэтай ролі пасля дваццацігадовай паўзы. Па меркаванні Эліэзэра, вульгарызацыю навукі, а разам з ёй усё нанасное, несапраўднае ў жыцці, увасабляе яго сын Урыэль (Ліёр Ашкеназі), чалавек насамрэч вельмі годны і таксама не надта гаваркі. У выніку абодва даведваюцца праўду, але сын з болем адмаўляецца ад прэміі на карысць бацькі, а бацьку яшчэ трэба зрабіць выбар. І выбар гэты няясны.
Абодва персанажы — не героі. Іх славалюбства, рэўнасць, гнеў стрыманыя амаль да поўнай нематы. Бацькі і дзеці — тэма больш чым традыцыйная. Плюс мінімальная, на мяжы privacy, прастора — вывучэнне рукапісаў Талмуда, мікранюансаў, цікавых вузкаму колу спецыялістаў. Па словах Сідара, «кафедра самая маленькая ва Універсітэце, але вядомая ва ўсім свеце бескампраміснымі метадамі даследаванняў і бязлітасным стаўленнем да памылак. Мне даводзілася чуць гісторыі пра суперніцтва вучоных гэтай кафедры, пра ўпартасць сусветнага маштабу, пра эксцэнтрычных прафесараў... Я палюбіў іх усіх».
Ёсць адчуванне, што ключ да гэтай стужкі ляжыць у сямейным прозвішчы, абодва — Школьнікі, вучні Кнігі, Торы. Адказы — там, а самі мы толькі намагаемся разабрацца ў сваіх жыццях... Ірацыянальным чынам гэта трымае ўсю канструкцыю.
Убаку ад глабальнага свету
І зноў іншы Ізраіль — у стужцы «Запоўніць пустэчу» Рамы Бурштэйн.
Рэжысёр — амерыканка, пераехала жыць у Ізраіль са Злучаных Штатаў, здымала свой паўнаметражны ігравы дэбют з 2006 па 2012-ы і атрымала восем нацыянальных прызоў «Афір».
Фільм паказвае адну з найпрыгажэйшых традыцый іудаізму — сватанне і вяселле. З удзелам рабіна, з перамовамі бацькоў і ашчадным стаўленнем да пачуццяў маладых людзей. Сама Бурштэйн, маці чатырох дзяцей, з любоўю і захапленнем паказвае хасідскі асяродак: у кожным кадры — непрыхаванае любаванне адухоўленымі тварамі, высакароднасцю ўчынкаў. А не толькі незвычайнымі касцюмамі і рытуаламі, на якіх спыніўся б павярхоўны погляд. Аператар Асаф Судры, мастакі Уры Амінаў і Хані Гурэвіч, кампазітар Іцхак Азулай выбудавалі ідэальны свет сям’і. Але ўсё гэта засталося б этнаграфічнай ілюстрацыяй, калі б не трагедыя — смерць адной сястры, і спроба іншай захаваць цэласнасць мікракосмасу, яго гармонію. Выйсці замуж за ўчорашняга зяця — гэта моцнае рашэнне для 18-гадовай Шыры. Клопат сям’і пра дзяўчыну, пра аўдавелага Ёхая і асірацелага малога яскравыя і надзейныя. Дзеці, бацькі, самае блізкае атачэнне — рэжысёр умела сплятае ўсе ніткі. У цэнтры гэтага перапляцення — умоўны, над-сюжэтны чалавек і яго рэлігійныя пачуцці. Іх далікатнасць і крохкасць, старажытныя традыцыі прыводзяць самага далёкага ад рэлігіі гледача да думкі пра тое, што супрацьстаіць глабальнаму сучаснаму свету. З яго хаосам матрыманіяльных зносін у тым ліку. Апошні позірк гераіні — яшчэ адзін імгненны ўсплёск, эмоцыя, звернутая ў будучыню.
Акрамя гэтых трох стужак, фестываль прапанаваў яшчэ два ігравыя («Вельмі дрэнныя хлопцы» Аарона Кешалеса і Навота Папушада, «Падарожжа Ігара і жораваў» Яўгена Румана) і чатыры дакументальныя фільмы. Апошнія патрабуюць асобнай размовы: дакументальнае кіно ў Ізраілі сёння знаходзіцца на пад’ёме і абвастрае праблематыку сацыяльна-палітычнага кантэксту вельмі ўдала. «Хлопцы» — спроба трылеру — паказаліся мне менш цікавымі, хоць стужка атрымала «Залатую камеру» за рэжысёрскі дэбют у Канах. А «Падарожжа Ігара» прадстаўлялася на «Лістападзіку» ў 2013-м, пасля чаго арганізатары нават запрасілі рэжысёра ўзначаліць журы. Мяркую, ізраільскія карціны годна выглядалі б ва ўсіх праграмах нашага фестывалю.
Любоў ГАЎРЫЛЮК