Мастак любіць працаваць серыямі. У іх ёсць пачатак і, здаецца, не прадбачыцца канца, бо яны адкрытыя ў будучыню і падпарадкаваныя адной магістральнай тэме, да якой майстар здольны вяртацца зноў і зноў.
Гэта датычыцца карцін вядомага цыклу «Персанажы», які Іван Семілетаў працягвае не адзін год. У іх творца шукае новыя варыянты ўвасаблення твару і чалавечай фігуры. Сам аўтар называе працэс узнікнення гэтых работ «кіраванай выпадковасцю». Вытанчаны, схільны да мінімалізму мастак і майстар фармальнай кампазіцыі, ён безупынна адточвае свой метад.
Для Івана Семілетава нават сапсаваная рэч мае свой, «непрыгожы» для тых, хто чакае ад яе карысці, твар. Вызваліўшыся ад навязанага прызначэння, прадмет ці механізм набывае іншую — уласную — якасць. Імкненне аўтара прааналізаваць аголеную сутнасць рэчаў відавочнае і ў працах з цыклу «Схаваныя ўзаемадзеянні».
Найбольшым адкрыццём выставы стала для гледача знаёмства з новай серыяй майстра «Зменлівасць адлюстравання», асновай для якой сталі дзіцячыя малюнкі, вобразы з кніг, раптам знойдзеныя ці падгледжаныя ў жыцці накіды.
Семілетаў працуе з філасофскай катэгорыяй часу, даследуючы сродкамі жывапісу сферы несвядомага ды ірацыянальнага. Кожны твор цыклу з’яўляецца спробай візуальна прадставіць у двухмерных каардынатах палатна немагчымае — працяг плыні імгнення.
У трыпціху «Зменлівасць адлюстравання» мастак прапануе нашай увазе — як прастору свабоднай асацыяцыі — сваю эксперыментальную варыятыўнасць успрымання аднаго і таго ж падгледжанага некалі сюжэта. Прастора і час у кожным з трох адлюстраванняў губляюць бачныя, «правільныя» межы — усё цячэ, усё скажаецца, ссоўваецца, расплываецца.
Працы з паліпціха «Зменлівасць памяці» прысвечаны дэканструкцыі складаных працэсаў — зрэзаў памяці, ад якіх праз пэўны адрэзак часу ў кожнага з нас непазбежна застаюцца толькі найбольш эмацыйна завостраныя пазлы-аскепкі. Менавіта па гэтых работах адчуваецца, наколькі аўтару блізкая драматычная творчасць выдатнага англійскага жывапісца XX стагоддзя Фрэнсіса Бэкана.
Час ёсць і яго няма. Стаіць, як той салдат у карціне «Паміж часам». Ідзе. Ляціць альбо бяжыць. Уся справа ў адчуванні назіральніка. І яго стане. Мо таму блакітны колер, колер спакою і раўнавагі, вытанчанай філасофіі і артыстызму, прыйшоўся найбольш даспадобы майстру, каб праз святланосныя адценні максімальна выразіць празрыстую адхіленасць ад нас застылага моманту.
Уступаючы ў прапанаваны дыялог з кожнай з гэтых карцін, міжволі страчваеш адчуванне рэальнасці. Сутнасць немагчымасці ўзнікае з падсвядомасці і афармляецца ў выглядзе фразы-аксюмарону, якую раптам пачынаеш успрымаць амаль фізічна — «застыласць руху».
Навукоўцы сведчаць: усе працэсы ў нашым Сусвеце, які і пачаўся з Вялікага выбуху, непазбежна вядуць да энтрапіі. А таму ў кожнае імгненне мы жывем у стане і атачэнні выпадкова злучаных на нейкі час элементаў, што пастаянна імкнуцца адасобіцца адзін ад аднаго. І па сутнасці мы самі — выпадковыя часткі гэтых выпадковых злучэнняў.
Як сапраўдны творца Іван Семілетаў выхоплівае з хаосу небыцця аскепкі сэнсаў, фігур і рэчаў, каб надаць ім непаўторны сэнс. А таксама каб яшчэ раз напомніць нам: нішто не знікае.
Паводле Семілетава, мастак — гэта рэтранслятар. Ён услухоўваецца. Углядаецца. Адчувае і дзеліцца. Прапускае праз сябе энергіі космасу...
Ад новай серыі ўзнікае трывалае адчуванне свабоды. Той свабоды, калі форма — адзенне зместу. Калі вобраз і думка творцы вольна развіваюцца менавіта ў дадзеным шматзначным кантэксце.
Згодна з меркаваннем Семілетава, самае цяжкае для мастака ўвогуле — разняволіць розум і вырвацца з клеткі стылявой сістэмы. Іван Семілетаў адносіцца да тых, каму гэтая няпростая метамарфоза раз за разам паспяхова ўдаецца.
Андрэй ЯНКОЎСКІ