У свеце відэа-арт як незалежная мастацкая форма стаў афармляцца ўжо ў канцы 1960-х, калі на рынку сталі даступнымі партатыўныя відэакамеры, а такія мастакі, як Эндзі Уорхал, пачалі выкарыстоўваць іх у сваёй працы.
На постсавецкай прасторы такая тэхніка ў вольным продажы з’явілася дзесьці ў 1990-х, да гэтага творцам прадстаўляліся асобныя магчымасці спрабаваць відэа ў якасці мастацкага сродку. Напрыклад, адно з першых сваіх відэа Андрэй Манастырскі зняў на камеру нямецкай аспіранткі, якая прыехала ў Маскву даследаваць рускую літаратуру. А група «Праметэй» для стварэння сваіх работ выкарыстоўвала тэхніку Казанскага авіяцыйнага інстытута, дзе ўдзельнікі суполкі ў той час працавалі інжынерамі.
Гісторыю відэа-арту можна разгледзець па некалькіх напрамках. Напрыклад, у счэпцы з соцыякультурным кантэкстам, які ўключае ў сябе гісторыю развіцця тэхнічных сродкаў (партатыўныя відэакамеры, персанальныя камп’ютары, магчымасць стварэння віртуальнай рэальнасці і іншае). А можна паслядоўна распавядаць пра творчасць асобных мастакоў, чые імёны асацыююцца з дадзеным кірункам. Аднак для любога з гэтых хадоў найперш неабходна мець перад сабой пэўную колькасць матэрыялу для інтэрпрэтацыі, а гэта значыць — сабраць інфармацыю, сфармаваць архіў, класіфікаваць яго. Менавіта такую задачу — акумуляваць на адной платформе ўвесь даступны грузінскі відэа-арт — і паставілі перад сабой куратары выставы «Georgian Video Art». Ужо больш за год Аляксей Саселія, Галактыён Ерыставі і Гія Спандэрашвілі збіраюць поўнамаштабны архіў грузінскага відэа-арту, які даступны сёння на адкрытай інтэрнэт-платформе videoimage.ge. Выкладзеныя на сайце працы суправаджаюцца сціслай інфармацыяй: імя аўтара, год, тэхніка і хранаметраж. Інтэрпрэтацыю і даследчае апісанне аўтары праекта пакідаюць на водкуп гісторыкаў мастацтва. У Мінск прывезлі адзінаццаць работ апошніх дваццаці пяці гадоў, якія прадстаўляюць тры пакаленні: «піянеры» 1990-х (Кока Рамішвілі, Ніко Цэцхладзэ і Іліко Заўташвілі), «актывісты» 2000-х (Вато Цэрэтэлі, Гія Сумбадзэ, Ніка Мачаідзэ, Сафія Табатадзэ) і маладыя (Гегі Хабурдзанія, Мары Мурадашвілі, Сасо Кумсіашвілі).
Хоць мінская выстава «Georgian Video Art» і мае збольшага ілюстрацыйны характар, яна ўсё роўна становіцца для нас каталізатарам разваг пра стан беларускага відэа-арту. Як і ў пастаноўцы больш фундаментальнага пытання: як відэа-арт адрозніваецца ад іншых формаў відэа-вытворчасці? Такому асэнсаванню паспрыяла праграма мерапрыемстваў, што суправаджала выставу (мадэратар Аляксей Барысёнак) і адкрывала публічную дыскусію пра спецыфіку беларускага відэа-арту. Напрыклад, праз знаёмства з творчасцю брэсцкай групы «Бергамот», якая доўгія гады займаецца відэаперформансамі, або праз прэзентацыю персанальнага архіва матэрыялаў мастацкага жыцця 1980—1990-х Юрыя Ігрушы.
Архіў айчыннага відэа-арту храналагічна не выбудаваны і не прадстаўлены шырокай аўдыторыі. У мяне ствараецца ўражанне, што мы адразу пераскочылі ў тую стадыю, калі беларускія мастакі пачалі выкарыстоўваць відэа для мастацкага выказвання, абыходзячы фазу ўсведамлення самой прыроды дадзенага сродку, паняццяў «відэарэальнасць», «відэамова» і г.д. Гэтая заўвага, вядома ж, тычыцца і мастацтвазнаўчых тэкстаў: няма іх — няма гісторыі мастацтва. Але калі здагадка слушная і творцы ўжываюць відэа толькі ў рамках яго прыкладной прыроды (дакументацыя перформанса або мастацкай акцыі, стварэнне цыклічнай рухомай выявы), то не варта здзіўляцца «прыніжаным» чаканням і малой зацікаўленасці з боку публікі. Бо інструмент для стварэння відэа-арту ў выглядзе мабільнага тэлефона сёння ляжыць у кішэні кожнага другога.
Ганна САМАРСКАЯ