Гэтым разам прайшло без анекдотаў.
Дэвіз фэсту насцярожваў: «Тадэвуш Рэйтан vs. Пане Каханку: мастацтва вайны з аб’ектыўнасцю». Досыць сціплая гісторыя беларускага авангарду натхняе даследчыкаў і культуртрэгераў на самыя розныя выкрунтасы ў рэчышчы пазбаўлення ад нацыянальных комплексаў. Ды і на фоне дыскусій кшталту «наш ці не наш Малевіч» ход думкі куратараў выглядае прынамсі арыгінальным. Пакорпаўшыся ў нетрах айчыннай гісторыі, яны без праблем знайшлі там пару прыдатных персанажаў ды аб’явілі іх прадвеснікамі беларускага перформансу. Прызабыты герой Рэйтан выступае ў якасці антытэзы самаму імпазантнаму з Радзівілаў, якога ў прэс-рэлізе небеспадстаўна назвалі «фрыкам».
Тадэвушу Рэйтану і быў прысвечаны выступ «Механёраў культуры». Алесь Родзін і Зміцер Юркевіч, ядро групы, прыкладаюць усе магчымыя высілкі для ўвекавечвання гэтай постаці. Але ў перформансе замест партрэтнага адлюстравання рэальных асоб гледачы і выпадковыя мінакі пабачылі фантасмагарычныя постаці, што паўсталі аднекуль з нетраў калектыўнага несвядомага
Перформанс групы «Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk» утрымліваў досыць банальную алегорыю: эга — абалонка, што аддзяляе асобу ад знешняга свету. Скульптар Павел Вайніцкі ўвасобіў тую абалонку ў выглядзе жалезнай клеткі, абвешанай пярэстымі лапікамі тканіны. Але самым цікавым быў менавіта спосаб функцыянавання гэтага скульптурнага твора. Нешта сферападобнае з грукатам скацілася па стромкай лесвіцы Цэнтра, даставіўшы ўніз перформера Іллю Сіна. Наўздзіў для прысутных, ён выбраўся з шара без відавочных пашкоджанняў.
Акцёр і мастак Юрка Дзівакоў у сваім праекце «ROT» прэпараваў працэс гераізацыі. Аўтар прасуе кашулю, апранае порткі, прымярае на сябе маску Маякоўскага, страляецца за шырмай, пэцкаючы падлогу бутафорскай крывёю, а неўзабаве ператвараецца ў аўкцыяніста, які прадае «тую самую» кашулю Маякоўскага — спярша адну, а потым і яшчэ адну, «тую самую»... Эвалюцыя ад паўсядзённасці (праз гераізм) да цынізму адбываецца літаральна за 10-15 хвілін і з адной дзейнай асобай.
Канстанцін Мужаў, чыю дзею «№3 тэхналогія кахання» арганізатары небеспадстаўна назвалі «opus magnum», з уласнымі гераінямі абыходзіўся наогул без цырымоній. Узброены мачэтэ мужчына пасёк у капусту пару тузінаў кардонных «дзяўчат сваёй мары», і вызваленую прастору ўмомант запоўнілі дзяўчаты жывыя, між іншым — прафесійныя мадэлі. Дзякуючы відовішчнасці і ўніверсальнасці сваёй тэмы гэты перформанс мог бы з поспехам дэманстравацца не толькі на вузкапрофільным мерапрыемстве.
Маштабнай дзеі, перанасычнай дэкарацыямі і спецэфектамі, наступстваваў камерны праект Вольгі Рагавой «Унутры». Абаяльная аўтарка стварае няўлоўную паэтычную матэрыю з дапамогай самых простых жэстаў і прадметаў. І менавіта ў гэтым праяўляецца чарадзейства перформансу — нараджаць нешта амаль з нічога.
Падобная мінімалістычнасць выяўленчых сродкаў характэрная таксама і для Сяргея Ждановіча, чый перформанс выдатна дапоўніў ягоную ж інсталяцыю, якая ў той самы час выстаўлялася ў ЦСМ. Медытатыўная гульня з ценямі пад гукі варгана стала новым досведам той простасці, што агаляе сутнасць — вельмі актуальна ў наш перанасычаны візуальнымі эфектамі век.
Перформансы Аляксандра Зайцава часам выклікаюць пэўнае неўразуменне публікі. Мастацкай практыцы гэтага аўтара ўласцівы той нонканфармісцкі кшталт герметычнасці, які не інтрыгуе, але адштурхоўвае. Аднак гэтым разам унутраныя інтэнцыі знайшлі бадай дасканалае мастацкае ўвасабленне. Чалавек балансуе ў паветры на падпаленых вяроўках. Калі адна з іх перагарае, цела абрынаецца долу. Эпіграф дзеі быў узяты з Таркоўскага: няведанне моманту ўласнай смерці робіць нас несмяротнымі.
Апрача ўласна перформансаў, фестывальная праграма ўтрымлівала імправізацыйныя музычныя выступы Віктара Сямашкі, Уладзіслава Бубна, гурта «Masque Noir» і «ISN», а таксама (перасячэнне з «Suma Sumarum») упершыню дэманстраванае відэа першага ў Беларусі фэсту перформансу, які адбыўся ў «Шостай лініі» ў далёкім 1997-м. Публіка магла пераканацца: за прамінулыя гады сутнасна нічога не змянілася. Беларускі перформанс быў і ёсць надзвычай аўтарскім і суб’ектным, што замінае хоць якой яго сістэматызацыі ды вызначэнню трэндаў. Менавіта гэтым ён і цікавы.
Алена РУДАЯ