Выстава была прымеркавана да 75-годдзя Нацыянальнага мастацкага музея і з’яўляецца своеасаблівай справаздачай аддзела рэстаўрацыйных майстэрняў. Тут працуюць дзевятнаццаць спецыялістаў. Што трымае чалавека ў гэтай прафесіі? На маю думку — гістарычны інтарэс, эстэтычнае пачуццё і маральны абавязак. У аснове — асаблівы азарт старацеля, першаадкрывальніка. Прывяду прыклад. Мы ўзялі з захавання чатыры абразы з вёскі Хоўхлава Маладзечанскага раёна — настолькі брудныя, што не было відаць малюнка. Пачалі іх раскрываць, і выявіўся смелы жывапіс, які сёння можна параўнаць з авангардам пачатку ХХ стагоддзя! Я згадаў, што гадоў дваццаць пяць — трыццаць таму ўжо займаўся адной іконай з гэтай вёскі. Вёска вядомая з ХV стагоддзя, а ў ХVІ там шэсць гадоў жыў і працаваў Сымон Будны. Акрэсліваецца стылістычны дыяпазон гэтых абразоў — ад заходнееўрапейскіх кірункаў да мясцовай школы. Росшукі настолькі захапілі мяне, што калі б я быў мастацтвазнаўцам, то адразу б заняўся вывучэннем гэтай вёскі і твораў, зробленых у ёй. Без нашых высілкаў увесь гэты скарб ляжаў бы запылены ў запасніках, аднак праца рэстаўратара дае магчымасць яго атрыбутаваць.
Для мяне як куратара было важна прадэманстраваць тое, што схавана ў музейных запасніках, тыя рэчы, якія пры іншых умовах глядач не мае магчымасці пабачыць. Мы працуем, раскрываем нейкі артэфакт, пасля вяртаем яго на далейшае захаванне, пакуль прыйдзе час і які-небудзь мастацтвазнаўца возьме і атрыбутуе гэты твор. Тады ён стане прадметам публікацыі ці тэматычнай выставы. Я адмыслова даў экспазіцыі найменне рэстаўрацыйнай, бо гэта дазволіла мне прадэманстраваць неатрыбутаваныя рэчы, назвы якіх невядомыя або, магчыма, зменяцца, як гэта бывае ў працэсе нашай работы, калі раскрываецца слой за слоем і праяўляюцца выява і надпісы.
На выставе прадстаўлены не столькі вынік, колькі сам працэс — як адзін з момантаў быцця помнікаў мастацтва і штодзённага жыцця музея. Ніхто не займаўся адмысловым адборам твораў: прадметы былі ўзяты са сталоў нашых рэстаўратараў, пасля паказу яны зноў вернуцца туды.
На пачатку экспазіцыі быў размешчаны стэнд у гонар майго калегі Пятра Журбея, яму ж прысвечана і інсталяцыя, дзе паказаны нашы прылады працы. У гэтай зале знаходзяцца аб’екты, зробленыя ім самім ці ў супрацы са мной, а таксама рэчы, адрэстаўраваныя Аляксандрам Тарасікам яшчэ ў той час, калі майстэрні ў музеі толькі ствараліся.
Артэфакты старажытнага мастацтва за стагоддзі свайго існавання становяцца сведкамі велізарнай колькасці падзей. Да таго ж яны — непасрэдныя ўдзельнікі як асабістай, так і агульначалавечай гісторыі, якая часта наносіць рарытэтам, здавалася б, непапраўныя страты. На выставе поруч з экспанатамі былі размешчаны стэнды з фотафіксацыяй рэстаўрацыйнай працы на кожнай стадыі. Гэты матэрыял знаходзіцца ў базе даных, і калі спатрэбіцца, мы зможам паказаць увесь працэс узнаўлення кожнага артэфакта.
У некаторых творах мы захоўваем сляды рэстаўрацыйных работ, пазначаючы страчаныя слаі. У нашай прафесіі існуюць пэўныя непарушныя правілы. Першае — абарачальнасць матэрыялу. Другое — недатыкальнасць аўтарскага слою. Прыкладаем усе намаганні для таго, каб раскрыць арыгінал. Рэстаўратар заўсёды мусіць рабіць эстэтычны выбар. Кожны з нас успрымае аб’ект па-свойму, аднак неабходна ўмець падавіць уласныя творчыя амбіцыі і працаваць на тое, каб з хаосу наслаенняў праявілася першапачатковая задума. Мы карыстаемся тымі ж інструментамі, што і аўтар арыгінала.
Аркадзь ШПУНТ