У оперы сапернічалі (акцэнтую!) «Рыгалета» Джузэпэ Вердзі і «Лятучы галандзец» Рыхарда Вагнера. Наяўнасць канкурэнцыі нараджала інтрыгу: хто будзе пераможцам? Тэатр вылучаў «Рыгалета» як лепшую пастаноўку, а ў «Галандцы» — выкананне Станіславам Трыфанавым галоўнай партыі. У выніку ўсё атрымалася наадварот!
«Лятучы галандзец», яго рэжысёр Ханс Іахім Фрай і Станіслаў Трыфанаў забралі ўсе тры оперныя прызы. Абедзве пастаноўкі яркія самі па сабе. Вядома, змагаліся, не Вердзі з Вагнерам — сапернічалі спектаклі. Але... супастаўленне выявіла: «Галандзец» пастаўлены з большым густам. Ён больш стыльны дзякуючы рэжысуры, мінімалістычнай сцэнаграфіі, а галоўнае — дзякуючы моцнаму ансамблю: Станіслаў Трыфанаў, Анастасія Масквіна, Эдуард Мартынюк. Кожны з іх варты захаплення, бо дэманструе высокі ўзровень вакальнай культуры, моц і прыгажосць голасу. Вагнераўскія партытуры патрабуюць ад выканаўцаў моцнай гукавой плыні, здольнасці не згубіцца ў «шчыльным» аркестры. А вагнераўскія спевакі — асаблівая каста ў опернай іерархіі. Шмат гадоў лічылася: у нас такіх няма. І таму на пастаноўку Вагнера няма чаго разлічваць. Але ж высветлілася, што ёсць! І яшчэ колькі!
Наконт «Рыгалета» уражанні больш супярэчлівыя. Ідэальна, калі ў спектаклі, што паказваецца журы і публіцы, удзельнічаюць артысты, якія працавалі з рэжысёрам. Калі камісія глядзела «Рыгалета» на дыску, там меўся адзін склад спевакоў, а на жывым выступе — іншы. Лепей, каб яны не мяняліся. Запрошаны саліст-гастралёр дае магчымасць заявіць большую цану, выклікае дадатковы інтарэс да тэатра. У дадатак Тэймураз Гугушвілі — улюбёнец публікі. Яго бязмежныя вакальныя магчымасці, нягледзячы на сур’ёзны ўзрост, ніхто не ставіць пад сумненне. Але Герцаг павінен быць хоць бы сярэдняга ўзросту. Тады яго цынізм, разбэшчанасць успрымаюцца як ігра маладых сіл ці... праява павышанага гарманальнага фону. Калі ён выглядае як тата Джыльды, у эмацыйна-сэнсавай канструкцыі штосьці непапраўна мяняецца.
Цяпер пра «Вітаўта» і «Соф’ю Гальшанскую». Абодва спектаклі сабралі букеты ўзнагарод. У «Соф’і» — тры прызы («Лепшы спектакль у музычным тэатры», Міхаіл Кавальчык — «Лепшы рэжысёр», Антон Заянчкоўскі — «Лепшы акцёр»). «Вітаўт» наогул выявіўся рэкардсменам. Акрамя меркаваных дыпломаў («Лепшы спектакль балета», Юрый Траян — «Лепшы харэограф», Ганна Хітрова — «Лепшая выканаўца»), дадаўся яшчэ адзін прыз — «Лепшы беларускі спектакль». Апошняя намінацыя з’яўлялася агульнай для драмы, лялек і музыкі. На такі вынік не ў апошнюю чаргу паўплывала нацыянальная скіраванасць, зварот да гістарычнай тэматыкі і відовішчнасць. Многія сябры журы галасавалі за іх таму, што ўбачылі нарэшце ўвасобленую мару. Твор айчыннага кампазітара набыў годнае і маштабнае ажыццяўленне.
А цяпер прапановы, якія датычаць правядзення наступных прэмій. У драме і ляльках канкурэнцыя ва ўсіх намінацыях была вельмі моцная. Часам 5-6 пастановак змагаліся за перамогу. І журы мусіла выбіраць найлепшую працу, але сярод моцных, не ведаючы, каму аддаць перавагу. А «Вітаўт» і «Гальшанская» перамаглі, так бы мовіць, безаль-
тэрнатыўна. І над гэтым варта падумаць. Стасункі паміж прадстаўнікамі розных відаў тэатральнага мастацтва не будуць добрымі, калі маюцца розныя ўмовы для творчага спаборніцтва. Кіраўніцтва тэатраў можна зразумець, яно хацела спрагназаваць перамогу канкрэтнай пастаноўкі. Тым больш, калі гэта нацыянальныя спектаклі, якія ад пачатку ствараліся (зразумела, у пакутах і сумненнях) у саміх калектывах і ў супрацоўніцтве кампазітара з імі.
Але адкуль чакаць канкурэнтаў? Думаю, гэта спектаклі і тых самых калектываў, і тэатральных структур, якія паступова сталеюць. Магчыма, у «Тэрыторыі мюзікла», трупе Анастасіі Грыненка, у бліжэйшы час з’явяцца новыя работы. Мо сам Музычны тэатр палічыць мэтазгодным вылучыць дзве вартыя працы. У Палажэнні аб прэміі павінен быць пункт: змаганне ў пэўнай намінацыі не можа быць безальтэрнатыўным. Іначай ідэя саперніцтва ставіцца пад сумненне.
На «круглым стале», што ладзіўся ў Купалаўскім тэатры праз дзень пасля ўрачыстага фіналу і ўручэння ўзнагарод, гучала шмат прапаноў. Ёсць сэнс падумаць над намінацыяй «Лепшы дырыжор», бо ад ягонай працы шмат залежыць у музычным спектаклі. Пасля аб’яўлення вынікаў у інтэрнэце мноства гарачых эмоцый выклікала тая акалічнасць, што абыдзенымі ўвагай і павагай апынуліся кампазітары, якія звычайна працуюць над парты-
турай два-тры гады. Такая намінацыя, бясспрэчна, павінна быць. Вядома, у такую намінацыю не трэба вылучаць класікаў, якія адышлі ў лепшы свет, лепей — рэальных і жывых творцаў. І вядома, беларускіх. Без музыкі Вячаслава Кузняцова «Вітаўт» не быў бы тым спектаклем, якім атрымаўся. Па агульным меркаванні яго партытура — самы моцны складнік пастаноўкі. Але... Па ўмовах Палажэння, калі тэатр атрымаў прэмію за лепшы спектакль, яна дзеліцца паміж пяццю стваральнікамі, чый унёсак лічыцца самым вялікім. Атрымліваецца, кампазітар «пралятае».
Відавочна, намінацыя «Лепшы сцэнограф» павінна быць не адна на ўсе віды і накірункі тэатра. І таму, што сучаснае жыццё і тэатр усё больш візуалізуюцца, выяўленчы складнік становіцца больш істотным. Апошнім разам у фінал выйшлі дзве кандыдатуры, і абедзве годныя. Эрнст Гейдэбрэхт, сцэнограф «Вітаўта», і Валерый Рачкоўскі (які нядаўна пайшоў з жыцця), сцэнограф шэрагу лялечных спектакляў. Аб’яднанае журы прагаласавала за Рачкоўскага. У такім рашэнні быў і маральны чыннік, і прызнанне высокіх прафесійных якасцей мастака.
Неаднойчы была агучана прапанова падзяліць намінацыю «Лепшая работа артыста ў спектаклі...» (удакладню: усіх відаў і жанраў тэатра) на дзве — «Лепшая мужчынская роля» і «Лепшая жаночая роля». За гэта можна прагаласаваць абедзвюма рукамі. Ёсць сумненні, ці слушна ўводзіць намінацыі «За лепшы акцёрскі ансамбль» і «Лепшы выканаўца ролі другога плана». Бо класны спектакль немагчымы без ансамбля і творчага ўзаемаразумення.
Летась не было ніводнай музычнай пастаноўкі, адрасаванай дзецям. Так, калектывам больш актуальнае і важнае прызнанне грамадскасцю велізарнай працы, зробленай падчас нараджэння сцэнічнага твора для дарослай публікі.
У намінацыі «Лепшы дзіцячы спектакль» змагаліся «Снежная каралева» Тэатра беларускай арміі і дзве лялечныя пастаноўкі. Гэта сведчанне, што няма вялікай колькасці работ, якія тэатры лічаць смелымі, новымі, арыгінальнымі.
Некаторыя праблемы правядзення нашай тэатральнай прэміі звязаны з тым, што яе структура шмат у чым скапіявана з расійскай «Залатой маскі». Але Беларусь і Расію наўрад ці можна супастаўляць па колькасці тэатраў, па інтэнсіўнасці прэм’ер, разнастайнасці назваў і рэжысёраў. Агромністыя каталогі «Маскі» я гартала неаднойчы. І заўжды адчувала татальную зайздрасць. Бо там асобна існуюць «спектакль вялікай формы» і «спектакль малой формы», асобна — аперэта і мюзікл. Не кажучы пра разнастайнасць намінацый у оперы і балеце. Пакуль мы не можам мець столькі разгалінаванняў. Масіў узнікае ў драме і ляльках, а музычных тэатраў у нас мала. Але ў любым выпадку павінна існаваць правіла, калі загадзя аб’яўляецца, якія артысты і ў якіх пастаноўках вылучаны, што не дазваляе потым адвольна мяняць выканаўцаў.
Зразумела, у няпростых эканамічных умовах колькасць намінацый не можа быць бязмежнай. Але для многіх творцаў усё ж невымерна больш прынцыповы момант грамадскага прызнання, чым эканамічны складнік. Таму істотней справядлівасць у вызначэнні таго, чый унёсак у тэатральную справу больш важкі, чым магчымасць узбагачэння.
Цудоўна, што такая прэмія ў нас існуе. Яна — каталізатар далейшага развіцця тэатральнай справы. Наяўнасць яе танізуе і калектывы ўвогуле, і пастаноўшчыкаў з выканаўцамі. Вядома, працэс удасканалення не мае мяжы. Спадзяюся, некаторыя ідэі і прапановы аўтара будуць улічаны падчас падрыхтоўкі чацвёртай па ліку Нацыянальнай прэміі, якая пройдзе ў 2016-м. Як будзе выглядаць тэатральны ландшафт праз два гады? Сёння наўрад ці хто-небудзь ведае.
А наступная прэмія — яна ўсё і пакажа...