Сны» паводле Іагана Вольфганга Гётэ; Брэсцкі абласны тэатр лялек — «Самазванец» паводле трагедыі Аляксандра Пушкіна «Барыс Гадуноў»; Магілёўскі абласны тэатр лялек — «Гамлет» Уільяма Шэкспіра; Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» — «Шматочкі па закуточках» Рыгора Остэра. «Малы і Карлсан» са «Шматочкамі па закуточках» намінаваліся таксама на прэмію за лепшы спектакль для дзяцей.
Калі на конкурсных паказах творы паўсталі ў шэраг, такія розныя, таленавітыя, нечаканыя, зрабілася зразумелым: у нашай краіне з’явіўся новы тэатральны кірунак. Гэта ўжо не той лялечны тэатр, з якім шмат хто асвойтаўся з дзяцінства. Не, лялькі нікуды не зніклі, але да іх далучыліся маскі, драматычная ігра, элементы оперы і мюзіклу. Своеасаблівы «тэатр next», што здымае міжвідавыя абмежаванні, рассоўвае граніцы звыклых стыляў і жанраў, мае якасна іншы ўзровень творчае свабоды. Гэта новая мастацкая з’ява, якую ўтвараюць рэжысёры, артысты, сцэнографы розных пакаленняў.
Яе карані — у сістэме навучання лялечнікаў. Як вядома, тэатральная адукацыя нашай краіны грунтуецца на метадах псіхалагічнага тэатра: на занятках з лялечнікамі яны натуральна дадаюцца да тэхнікі лялечнай анімацыі і прыёмаў тэатра масак.
Конкурс паказаў: усё больш відавочным робіцца імкненне візуалізаваць вобразную сістэму спектакля. Літаратура, тэкст, дыялогі адсоўваюцца на другі план, вербальныя вобразы перакладаюцца на колер, святло, пластыку, музыку. Дзеянне робіцца сціслым, дынамічным, яркім. Часам сцэнографы выступаюць суаўтарамі рэжысёраў — гэта адно з наступстваў узмацнення візуалізацыі, што асабліва заўважна ў работах Валерыя Рачкоўскага і Аляксандра Вахрамеева.
Рэжысёр Аляксей Ляляўскі паказаў «Ладдзю роспачы» і «Самазванца». Пастановачная гісторыя аповесці Уладзіміра Караткевіча досыць багатая, бо трагічны, напружаны сюжэт — пасмяротнае падарожжа шляхціца Гервасія Вылівахі — лёгка ператвараецца ў сцэнічнае дзеянне. Спектакль распавядае пра ўсёпераможную прагу да жыцця, пра пераадоленне смерці, пра адвечнасць і моц чалавечага духу. Вабіць і музычнае рашэнне на падставе знакамітага паланэза Агінскага «Развітанне з Радзімай». ...Ладдзя сплывае ўсё далей, у палац Смерці, у край забыцця, мелодыя нібы згасае, распадаючыся на фразы, ноты, асобныя гукі, на атамы гукаў. Музычная выява прыгажосці растае, кантрастуе са сцэнаграфічным вобразам. Дэкарацыйнае асяроддзе спектакля лаканічнае і манахромнае, прастора сцэны пустая, на заднім плане — сцяна, якая адсвечвае цьмяным металічным бляскам: вакзал, ангар альбо зала чакання. Смерць герояў рэжысёр і мастак вырашаюць менавіта як сыход, як збор у дарогу; персанажы з’яўляюцца ў дарожных гарнітурах, з валізкамі і торбамі. Усіх пералічваюць, шыхтуюць, прапускаюць па чарзе ў іншы, ужо незямны свет.
Аўтары «Ладдзі роспачы» знайшлі шмат выразных дэталяў загадкавага, нерэальнага прамежку між жыццём і смерцю: белыя апранахі спадарожнікаў, асветленыя німбы над іхнімі галовамі, чырвоныя камзолы пякельных служкаў, павуцінне Арахны, якая выпівае з вандроўнікаў памяць пра зямное жыццё...
У трактоўцы Аляксеем Ляляўскім пушкінскай трагедыі «Самазванец» на першы план вылучаецца прага ўлады і права на яе. Лёсы герояў сведчаць: можна прабіцца да вяршыні магутнасці — і распляжыцца пад цяжарам улады. І Гадуноў, і Атрэп’еў паўстаюць самазванцамі. Абодва прабіваюцца на царскую пасаду злачынствамі і падманам. Зіхатлівы царскі вянец перакідаецца падраным аблавухам, а бармы — скрываўленай мешкавінай.
У «Самазванцы» цудоўны акцёрскі ансамбль. Артысты ствараюць яркія запамінальныя вобразы і ў галоўных ролях, і ў эпізодах: Уладзімір Тэвасян (Барыс Гадуноў), Раман Пархач (Грышка Атрэп’еў), Іван Герасевіч (Пімен, юрод Міколка).
Гэтыя дзве пастаноўкі зрабіліся лідарамі, заваявалі асноўныя прызы конкурсу. «Ладдзю роспачы» прызналі лепшым спекталем у праграме тэатраў лялек, Аляксей Ляляўскі атрымаў прыз за лепшую рэжысуру, выканаўцы галоўных роляў Дзмітрый Рачкоўскі (Гервасій Выліваха) і Уладзімір Тэвасян падзялілі ўзнагароду ў намінацыі «Лепшая акцёрская работа».
Сцэнаграфію абодвух спектакляў, створаную Валерыем Рачкоўскім, таксама назвалі лепшай. Гэты цудоўны мастак пайшоў з жыцця ў студзені 2014 года. Ягоныя апошнія работы сведчаць: сышоў ён ад нас да прыкрасці зарана і ў росквіце свайго таленту.
Спектаклі майстроў старэйшага пакалення (Аляксея Ляляўскага, Алега Жугжды, Валерыя Рачкоўскага, Аляксандра Вахрамеева) і маладой генерацыі (Ігара Казакова, Аляксандра Янушкевіча, Таццяны Нерсісян) супернічалі нароўні. Асабліва ярка гэта выявілася ў «Гамлеце» Уільяма Шэкспіра, пастаўленага Ігарам Казаковым, з дэкарацыямі, касцюмамі, лялькамі, маскамі Аляксандра Вахрамеева.
Адважыцца на ўвасабленне знакамітай трагедыі — свайго роду тэатральны подзвіг. Не толькі таму, што твор супярэчлівы, складаны і таямнічы, але і таму, что за стагоддзі сцэнічнай гісторыі набыў бясконцую колькасць інтэрпрэтацый, вырашэнняў, трактовак. Прачытаць яго па-новаму амаль немагчыма. Аднак магілёўцы прачыталі! З дзіўнай і неспасціжнай адвагай яны адкінулі тэатральныя стэрэатыпы і сыгралі трагедыю ў духу дэль артэ.
Нягледзячы на нечаканасць, трактоўку нельга назваць абсалютна вар’яцкай. Шэкспір пакідае для яе ўсе падставы — у сюжэце, характарах, стылі дыялогаў. У Шэкспіраву эпоху італьянскія трупы, якія ігралі камедыю масак, набылі папулярнасць па ўсёй Еўропе. Яны часцяком гастралявалі ў Англіі, і малады Шэкспір, безумоўна, быў знаёмы з іх творчасцю. Уплыў камедыі масак можна заўважыць у канструкцыі Шэкспіравага сюжэту: ёсць пара закаханых — Гамлет і Афелія, ёсць упарты бацька, які супраць гэтага кахання, — Палоній. Нават імя ягонае мае падабенства з аналагічным персанажам дэль артэ — старым Панталонэ. Але замест гісторыі кахання ў «Гамлеце» разгортваецца гісторыя помсты. Клаўдзій выступае не супернікам па любоўным трохкутніку, але ўзурпатарам трона. Замест вясёлых слуг, што дапамагаюць закаханым, узнікаюць злавесныя Разенкранц і Гільдэнстэрн. Шэкспір вывернуў канон навыварат, пусціў у сюжэт дэль артэ ўладалюбцаў, здраднікаў, забойцаў. Вядома, гэта ж не камедыя, а трагедыя масак!
Больш пэўна — трагікамедыя. Гамлет у выкананні Юрыя Дзівакова смешны і сумны адначасова, чымсьці нагадвае Арлекіна ў касцюме Бэтмэна. Артысты і пастаноўшчыкі робяць акцэнт на эксцэнтрычнасці героеў, своеасаблівым шэкспіраўскім гумары, гульні словаў, прапануючы незвычайны, парадаксальны погляд на знакамітую трагедыю.
Трыумфатар мінулай Нацыянальнай тэатральнай прэміі Алег Жугжда прывёз на конкурс спектакль «Фаўст. Сны», які запомніўся цікавым рашэннем вобраза Мефістофеля ў выкананні Ларысы Мікуліч. Спакушаючы доктара Фаўста, пякельны правадыр мяняе аблічча то на мужчынскае, то на жаночае. Праўда, усё ягоныя хітрыкі спатыкаюцца аб абы-
якавасць ды флегматычнасць Фаўста. Ні тэмпераментнаму Мефістофелю, ні прыўкраснай Алене, ні пяшчотнай Маргарыце цягам усяго дзеяння не пашчасціла пазбавіць Фаўста душэўнай раўнавагі. Артыст Аляксандр Шаўкаплясаў існаваў на ўзроўні фабулы, а не сюжэту, паведамляў гледачу пра дзівосныя прыгоды свайго героя, але, падобна, не надта верыў у іх сам.
Два конкурсныя спектаклі для дзяцей — «Шматочкі па закуточках» ды «Малы і Карлсан» — увасоблены рэжысёрам Аляксандрам Янушкевічам і мастачкай Таццянай Нерсісян. Абодва зроблены з цудоўным веданнем дзіцячай псіхалогіі і ў традыцыйнай манеры: «Шматочкі...» — у тэхніцы лялечнай анімацыі, «Малы і Карлсан» — з прыёмамі тэатра масак. Абодва дынамічныя, вясёлыя, у меру дыдактычныя, маюць цікавыя акцёрскія працы. Аляксандр Янушкевіч атрымаў прыз за лепшую рэжысёрскую работу ў спектаклі для дзяцей.
Яшчэ адной асаблівасцю Нацыянальнай тэатральнай прэміі 2014 года была змена конкурсных умоваў і ў нейкай меры — канцэпцыі. На пачатку ў склад журы ўваходзілі прадстаўнікі ўсіх тэатраў краіны, журналісты, тэатразнаўцы, драматургі, педагогі, музыкі. Усё было дэмакратычна, і конкурс быў адзіны. У ім нароўні бралі ўдзел тэатры вялікія і маленькія, сталічныя і правінцыйныя, драматычныя, музычныя, лялечныя. Варта заўважыць: толькі на конкурсах Нацыянальнай прэміі 2011 і 2012 гадоў тэатральны працэс краіны паўставаў цалкам, панарамна, без выняткаў. Паўната карціны давала магчымасць вызначыць агульныя тэндэнцыі, убачыць моманты стагнацыі, вызначыць вектары далейшага развіцця. Каму і навошта спатрэбілася драбніць і без таго невялікае беларускае тэатральнае поле? Конкурс падзялілі на секцыі драмы, музычных і лялечных тэатраў. Паказы ішлі паралельна, карціну цалкам было не пабачыць. Удвая павялічылася колькасць прызоў, але ў намінацыях музычнага тэатра, оперы і балета конкурс практычна знік. Журы скарацілася, у ім амаль не засталося прадстаўнікоў абласных і муніцыпальных тэатраў, дый журы таксама падзялілі на секцыі. Між тым удзел у журы прадстаўнікоў усіх тэатраў краіны надаваў прызам асаблівае вагі: прызнанне ўсебеларускай тэатральнай грамады, усяго прафесійнага цэху.
Вядома, нават са змененай канцэпцыяй Нацыянальная прэмія 2014 зрабілася тэатральным святам. Але свята тое было ўсё ж для вузкага кола асоб.
Галіна АЛІСЕЙЧЫК