Вынікі III Нацыянальнай тэатральнай прэміі я буду разглядаць датычна драматычнага тэатра. Яны выклікалі жывы розгалас у тэатральным асяроддзі. Пераможцы, натуральна, святкавалі, астатнія, што таксама натуральна, журыліся... Але апошніх, а гэта ў пераважнай большасці рэжысёры, супакойвае амбітнае перакананне: журы не здолела зразумець іх пастановачныя задумы і рэвалюцыйныя навацыі. Гэта я ўсвядоміў на «круглым стале» па выніках прэміі, калі некаторыя паважаныя дзеячы даводзілі неабходнасць вярнуцца да саматужнай «ноу-хау» — так званай «тэатральнай акадэміі», якая існавала на двух папярэдніх конкурсах.
Самае пазітыўнае і перспектыўнае ўражанне ад конкурсу (калі меркаваць, што ён — люстэрка ўсяго айчыннага тэатра) — высокі агульны мастацкі ўзровень нашай драматычнай сцэны. Перадусім яго вызначыў зварот да нацыянальнай і сусветнай класічнай спадчыны, яе таленавітае ўвасабленне сродкамі і прыёмамі вынаходлівай рэжысуры, сцэнаграфіі, музыкі і высокапрафесійнае акцёрскае выкананне.
Абласныя тэатры аказаліся канкурэнтаздольнымі ў творчым спаборніцтве з вядучымі сталічнымі калектывамі. Зразумела: бюджэт спектакля не гарантуе мастацкай якасці. Асабліва выразным паўстае прыклад дзвюх спробаў (і, натуральна, бюджэтаў) сцэнічнага ўвасаблення літаратурнай спадчыны Адама Міцкевіча.
Прэмія засведчыла: у нас сфармаваўся шматлікі і кваліфікаваны рэжысёрскі корпус, які здольны вырашаць многія творчыя (і не толькі) задачы. Трэба прыгадаць Барыса Луцэнку, Саўлюса Варнаса і Валерыя Анісенку (іх пастаноўкі былі сярод пераможцаў), Мікалая Пінігіна (яго спектакль «Пан Тадэвуш» стаў першым прачытаннем паэмы Міцкевіча на айчыннай сцэне), Генадзя Мушперта (ён прадставіў змястоўную інтэрпрэтацыю драмы Торнтана Уайлдэра «Наш гарадок»), Аляксандра Гарцуева (рэжысёр паспрабаваў радыкальна асучасніць «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы), Цімафея Ільеўскага (яго ўвасабленне драмы Джэрома Сэлінджэра «Над прорваю ў жыце» вылучаецца самастойным позіркам на актуальныя праблемы моладзі), Марыну Дудараву (яе «Снежная каралева» паводле казкі Андэрсена перамагла ў намінацыях «Лепшы спектакль для дзяцей» і «Лепшая акцёрская работа»). Да майстроў айчыннай рэжысуры дадам і маладога, але ўжо спрактыкаванага Алега Кірэева — яго зварот да камедыі Кандрата Крапівы «Хто смяецца апошнім» меў важкі творчы вынік: выдатны акцёрскі ансамбль.
Большасць дзяржаўных драматычных тэатраў мае моцны акцёрскі склад. На перамогу ў намінацыі «Лепшая акцёрская работа» мелі творчае права Аляксандр Кашпераў і Уладзімір Мішчанчук («Хто смяецца апошнім»), Тамара Скварцова і Анжаліка Баркоўская («Пахавайце мяне пад плінтусам»), Анатоль Бараннік («Над прорваю ў жыце»), Алена Крыванос («Фрэкен Жулі»), Уладзімір Глотаў («Аракул?..»), Людміла Сідаркевіч, Валянцін Салаўёў і Вольга Скварцова («Раскіданае гняздо»), Раман Падаляка («Дзяды»).
Сучасная тэатральная прастора Беларусі стала больш разнастайнай: акрамя дзяржаўных рэпертуарных тэатраў глядацкую ўвагу прыцягваюць і прыватныя тэатры і антрэпрызы — Сучасны мастацкі тэатр, Тэатр Ч і інш.
Адначасова трэці конкурс выявіў шэраг праблем: крызіс сучаснай нацыянальнай драматургіі (адсюль і хранічны недахоп на сцэне актуальнай праблематыкі); адсутнасць выразнай творчай ініцыятывы маладой рэжысуры (вучнёўскія лабараторныя вопыты ў РТБД перспектыўных вынікаў пакуль не даюць); выпадковасць рэпертуарнай палітыкі многіх калектываў, дакладней — іх мастацкіх кіраўнікоў; няздольнасць большасці беларускіх творцаў да інавацыйнай праектнай дзейнасці ў тэатральнай справе; пэўная «закрытасць» ад крытыкі, што пазбаўляе тэатральны працэс аб’ектыўнай ацэнкі і самаўсведамлення. Дадамо сюды і адсутнасць безумоўнага і аўтарытэтнага лідара, асобы, якая вызначыла б не толькі ўзровень драматычнага тэатра, але і яго грамадскую значнасць. Вядома, вялікія майстры не ўзнікаюць паводле загадаў і ўказаў. Яны выхоўваюцца на спрадвечных ідэалах нацыянальнай культуры і мастацтва, фармуюцца ва ўмовах творчай свабоды.
Вызначальная задача сённяшняга тэатра — заставацца вольнай прасторай гуманістычнага мастацтва. Я перакананы: беларускі драматычны тэатр здольны быць патрэбным і карысным для свайго сучасніка. Але і тэатр мае патрэбу ў сістэмнай падтрымцы з боку дзяржавы, грамадства, асобнага чалавека. Рэгулярнае правядзенне Нацыянальнай тэатральнай прэміі можа быць адным з эфектыўных сродкаў дзяржаўнай і грамадскай падтрымкі сцэнічнага мастацтва, яго таленавітых і самаахвярных майстроў.
Фармат правядзення наступных прэмій вымагае далейшага ўдасканалення. Некаторыя прапановы (у тым ліку і вельмі слушныя!) ужо прагучалі. Але будаўніцтва трэба пачынаць з падмурка. Таму ў самы бліжэйшы час варта стварыць асобную і пастаянную дырэкцыю Нацыянальнай тэатральнай прэміі, якая, паводле прыкладу расійскай «Залатой маскі», будзе займацца арганізацыяй гэтага творчага конкурсу. Калі да справы падысці крэатыўна, яна можа ператварыцца ў свое-
асаблівы генератар новых творчых ідэй, праектаў, эксперыментаў, якія будуць сілкаваць нацыянальную культуру.
Такая дырэкцыя можа быць створана на базе Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Зразумела, пры адпаведнай фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы. Разумею, гэта вельмі складана зрабіць у наш час, але калі ён быў простым для дзеячаў айчыннага сцэнічнага мастацтва?..
Рычард СМОЛЬСКІ