«Шостая лінія» праіснавала ў Мінску з 1992 па 1998 год па адрасе вуліца Якуба Коласа, 14 (9-ы корпус БДПА). Узнікла ў выніку ініцыятывы Уладзіміра Садко, дырэктара акцыянернага таварыства «Белтэхналогія», і групы мастакоў. У першыя гады дырэктарамі «Шостай лініі» былі Алесь Тарановіч і Ігар Ермакоў. З 1994 па 1996-ы — Алена Дарашэвіч, з 1996 па
1998-ы — Ірына Бігдай. У 1994—1996-м галерэю курыравалі Ігар Кашкурэвіч, у 1996—1998-м — Вольга Капёнкіна.
Пра шляхі рэалізацыі выставы «Suma Sumarum» расказала яго куратар Ірына Бігдай: «Ад чыста архіўнага праекта, мінаючы рэканструкцыю, мы прыйшлі да погляду “ў будучыню”. Работа над канцэпцыяй працягвалася да апошняга дня перад адкрыццём: добрая выстава — заўсёды акцыя. Кожны аўтар, што далучаўся да праекта, узнікаў містычным чынам і невыпадкова — ён прыўносіў новы сэнс, выказванне ў гутарку, якая пачыналася са слоў: “Верагодна, трэба зрабіць выставу”. Дзякую ўсім, хто прамаўляў свае рэплікі, не чакаючы маёй. Каб на тое была мая куратарская воля, я б зрабіла гэты праект бясконцай, перманентнай акцыяй — як размову, да якой падключаюцца ўсё новыя і новыя ўдзельнікі».
За шэсць гадоў у галерэі «Шостая лінія» адбылося каля пяцідзесяці выстаў, акцый і перформансаў. Многія новыя формы сучасных практык былі апрабаваны менавіта тут. Як гэта ўсё адбілася на беларускім арце, на саміх творцах, што змянілася ў нашым мастацтве з таго часу?
Мы вырашылі працягнуць дыскусію і папрасілі мастакоў — удзельнікаў праекта, а таксама апошняга дырэктара галерэі Ірыну Бігдай адказаць на тры пытанні:
1. Як досвед працы з галерэяй «Шостая лінія» паўплываў на вашую далейшую творчасць? Што дало гэтае супрацоўніцтва?
2. Як змянілася беларускае мастацтва з часоў існавання галерэі і да гэтага часу?
3. Чаму галерэю «Шостая лінія» сёння немагчыма адрадзіць (ці ўсё ж магчыма)? Якія структуры, інстытуцыі замянілі «Шостую лінію» (выконваюць падобныя функцыі)?
Алесь Тарановіч
1. Зразумеў: з мастакамі немагчыма рабіць агульныя справы.
2. Мастацтва здрабнела, не стала знакавых постацей.
3. Галерэю адрадзіць немагчыма, таму што няма больш такога, як я, што працаваў бы без грошай.
Алесь Родзін (Мінск, Берлін)
1. Распачаў працу галерэі Алесь Тарановіч, якому прапанавалі памяшканне ў БДПА. Мы сябравалі, і ён спытаў, ці падтрымаю я яго. Безумоўна!
Узнікненню галерэі паспрыяў час перамен. Нарэшце з’явілася пляцоўка, дзе стала магчыма рэалізаваць самыя неверагодныя ідэі, бо кожны дырэктар, які там працаваў, дазваляў мастакам ладзіць уласныя выставы. На той час гэта было адзінае месца з сістэмнай, выверанай мастацкай палітыкай. Для мяне галерэя стала стартавай пляцоўкай, дзе я зразумеў, што магу насамрэч рабіць. Пасля выставы ў «Шостай лініі» мяне запрасілі ў Галандыю, потым у Берлін, там я дванаццаць гадоў пражыў у «Тахелесе». Гэта таксама цэнтр незалежнага мастацтва, хутчэй нават маргінальнага, што прыцягвала вялікую колькасць гледачоў з усяго свету.
2. Кардынальна тут мала што змянілася, мастацтва развівалася даволі паступова. Паўстала шмат месцаў, дзе можна паказваць усё, што пажадаеш. Напрыклад, мы са Змітром Юркевічам некалькі гадоў ладзілі фестывалі «Дах», на якіх узнаўлялі атмасферу «Тахелеса» — раскрытых творчых майстэрняў.
Што да тэндэнцый... Сёння ўвогуле складана вынайсці нешта новае. Я даўно жыву на Захадзе, таму ў нашым беларускім сучасным мастацтве бачу шмат аналогій, запазычванняў. Арыгінальнай была віцебская школа пачатку мінулага стагоддзя. Цяпер у Еўропе і Амерыцы з’яўляецца багата тэхналагічных відаў мастацтва, мы — другасныя, не паспяваем за гэтым імклівым развіццём. Але маем і моцны бок: нашы рукатворныя рэчы вылучаюцца гуманістычнасцю і дасціпнасцю. Створанае сваімі рукамі сёння цэніцца. Чаму я маю там поспех? Бо за плячыма ў мяне моцная школа, і замежнікаў ставіць у тупік тое, што можна традыцыйнымі сродкамі зрабіць сучасны твор.
3. Галерэю ўзнавіць магчыма: на базе архіва, які захаваўся. Няхай з’явіцца яшчэ адна арт-кропка. У мастацтве ў адну раку можна ўваходзіць і выходзіць па некалькі разоў. Творцаў у нас шмат, а для іх выказванняў не стае эксперыментальных месцаў.
Цімафей Ізотаў (Масква)
1. Супрацоўніцтва з галерэяй «Шостая лінія» ніяк не паўплывала на маю далейшую творчасць. Аднак у мяне з’явіўся досвед публічнага выступу.
2. Галерэя нарадзілася з агульнай цікавасці да іншага мастацтва, якая ўзнікла ў канцы 1980-х і пачатку 1990-х гадоў. Гэтая з’ява была звязана з пачаткам распаду СССР. На тэрыторыі саюзнай рэспублікі існавала група нефармальных мастакоў спелага ўзросту, якія не выстаўляліся на афіцыйныя пляцоўкі. Паўстала неабходнасць альтэрнатыўнай прасторы. Да тых творцаў падцягнулася моладзь. Галерэя выконвала ролю сучасных лофтаў, фабрык і гаражоў. Маладыя мастакі сталі выязджаць на Захад у пошуках самарэалізацыі. Часы, калі новае, эксперыментальнае мастацтва выклікала масавую цікаўнасць, прайшлі разам з «Шостай лініяй». Пачуццё шчырасці, значнасці знікла. Сёння contemporary art абслугоўвае невялікі інтарэс буржуазнага грамадства.
3. Галерэю «Шостая лінія» немагчыма адрадзіць, таму што змяніліся час і людзі.
Ігар Цішын (Брусэль)
1. Я ўдзельнічаў толькі ў адной калектыўнай выставе ў галерэі. У 1990-я шукаў месца, дзе мог бы зладзіць сваю экспазіцыю, але прастора «Шостай лініі» не вельмі мне падыходзіла. Таму я рабіў нешта на вуліцы, у агародзе, у хляве ці ў доме №36 на вуліцы Чарвякова. І гэтаму дому я хацеў даць назву галерэя «Сёмая лінія». Але назваў усё ж такі «Сёмы чарвяк». Чарвяк — гэта таксама лінія.
2. Мастацтва змяняецца заўсёды. У нас з’явіліся новыя моцныя аўтары. І больш старэйшыя раскрыліся за гэтыя гады па-новаму. Адбыўся шэраг выдатных выстаў. Але хацеў бы сказаць пра тое, што і ў сучаснае мастацтва пранікае некаторая прыгажосць — «красивость». Аўтары хочуць падабацца гледачу і прадавацца «за дорага», такія намеры часта перашкаджаюць творчасці. У апошнія пятнаццаць гадоў часам заўважаю некаторую «мафіёзнасць» у арганізацыі выстаў, калі некага не бяруць на выставы з асабістых меркаванняў. І наадварот: некага бяруць паводле тых жа крытэрыяў. Можна таксама адзначыць, што арт-крытыкі баяцца мастакоў. Напрыклад, зараз кажу тое, што павінны гаварыць арт-крытыкі. Я ведаю, як можна крытыкаваць мяне, мог бы нават падказаць каму-небудзь. І радуе, што выяўляюцца часам нервы ў мастацкай супольнасці, кагосьці лаюць, кагосьці крытыкуюць, у прыватнасці — выставу «Suma Sumarum», гэта вельмі важна.
3. Калі нехта зробіць новую галерэю з назвай «Шостая лінія», што ў гэтым дрэннага? Хай будуць і 7-я, і 8-я, і 9-я лініі. І чым больш будзе мастацкiх структур, тым лепш. Яны могуць быць розныя і сваёй «рознасцю» будуць дапамагаць адна адной.
Артур Клінаў
1. У 1995 годзе пасля працы ў бізнэсе я вяртаўся ў мастацтва і ў галерэі «Шостая лінія» правёў вельмі важны і эпахальны для мяне праект — «Смерць піянера-3».
2. Змены за гэты час у беларускім мастацтве адбыліся істотныя і, мяркую, у лепшы бок. Пачала складацца інфраструктура сучаснага арту. «Шостая лінія» была першай спробай, сёння структура выбудоўваецца з розных бакоў — з боку дзяржавы і шляхам прыватных ініцыятыў. І працэс гэты пастаянна паскараецца.
3. Адрадзіць можна брэнд, назву, а атмасферу, дух і тое няўлоўнае, што было ў 1990-я, ужо не адродзіш. Рака часу паплыла далей. У мінулае ўжо не вернемся.
Сяргей Ждановіч
1. З галерэяй «Шостая лінія» вырасла цэлае пакаленне мастакоў, бо яна была нечым большым, чым выставачнай пляцоўкай. Сюды прыходзілі не толькі паглядзець экспазіцыю, але і паразмаўляць і падзяліцца навінамі. Менавіта там можна было пазнаёміцца з актуальнымі плынямі арту і яго прадстаўнікамі. «Шостая лінія» задавала тэндэнцыі: «інсталяцыя», «перформанс», «мультымедыя», «мастацкая акцыя» паступова ўваходзілі ў лексікон іншых мастацкіх галерэй.
Як мастак я сфармаваўся і набіраў досвед і базіс менавіта падчас дзейнасці «Шостай лініі».
2. Пасля закрыцця галерэі выставачная актыўнасць назіралася на іншых пляцоўках, на рэгіянальных і замежных фестывалях, аднак такога запалу і драйву ўжо не мела. Ці змаглі іншыя галерэі замяніць «Шостую...»? Упэўнены, што не. У кожнай з іх свая гісторыя стварэння і развіцця, аўдыторыя і ў рэшце рэшт — статус. Калі ў вашым горадзе няма метро, то трамвай яго заменіць толькі часткова.
Паступова мяняўся час, змяняліся і ігракі арт-сцэны. На агульную сітуацыю паўплывала і тое, што вялікая колькасць творцаў з’ехала за мяжу. Узровень візуальнай культуры і выставачная практыка, валоданне актуальнай інфармацыяй, адукацыя ў сферы сучаснага мастацтва — гэта тыя відавочныя праблемы, што ўзніклі і назапасіліся ў перыяд творчага зацішша. Так, час змяніўся, але ў гісторыі ўсё заўсёды паўтараецца, і важна не дапускаць адны і тыя ж памылкі на яе новым вітку...
3. Ці варта адрадзіць «Шостую лінію»? Чаму б не?! Яна стала часткай нашай гісторыі і гарадской культуры, але мемуары і настальгія не заменяць практычнай галерэйнай дзейнасці. Амбіцыі і патэнцыял засталіся, дык у чым справа?..
Безумоўна, гэта будзе зусім іншая галерэя, з добрай гісторыяй, але з новай лініяй развіцця. «Сёмая лінія»?
Андрэй Вараб’ёў
1. У 1996 годзе ў «Шостай лініі» адбылася дэманстрацыя маёй першай, як я лічу, вялікай працы «Апісанне жыцця Андрэя Вараб’ёва, ад нараджэння да гэтага дня». Упершыню я змог распавесці пра сябе, упершыню адчуў рэакцыю публікі.
2. Наконт зменаў у сучасным беларускім мастацтве мне цяжка разважаць, яно зараз вельмі рознае.
3. Ці можна адрадзіць?.. Анягож не?! Безумоўна, нішто нельга стварыць абсалютна ў тым жа выглядзе, часы змяняюцца, і добра. Але няхай сабе існуе «Шостая...», і новых здабыткаў, рэалізацый і поспехаў усім нам!
Вольга Сазыкіна
1. Дачыненні з галерэяй былі для мяне не толькі супрацоўніцтвам, найперш — сутворчасцю. Пэўны этап у дзейнасці «Шостай лініі» пачаўся з выставы «Цэбар». Ідэя была такая: непасрэдна ў зале галерэі ўзнаўляліся майстэрні мастака. Людміла Русава працавала над сваёй вялікай карцінай, Ігар Кашкурэвіч пісаў валікам, нешта рабіў Віктар Пятроў, нешта — Міхась Нудноў. І надалей у мастакоў, што працавалі з «Шостай...», былі вельмі блізкія кантакты. Лінія майго жыцця была ўключана ў жыццё галерэі. Можна было туды проста прыйсці, заўсёды там нешта распачыналася і з’яўлялася магчымасць падключыцца. Да таго, што сесці ў куточку галерэі і пафарбаваць...
2. Гэта тэма глыбокага мастацтвазнаўчага даследавання, якім неабходна заняцца ў бліжэйшы час.
3. Часы цяпер іншыя, і ў такой форме, як яна існавала, «Шостую лінію» нельга адрадзіць. Аднак можна пачаць рабіць нешта іншае. Персанажы памяняліся, і ментальнасць нашая таксама змянілася. Аднак ніхто ўжо дармовых залаў не дасць.
Канстанцін Селіханаў
1. Практычна досвед супрацоўніцтва з галерэяй у мяне невялікі: куратар Надзея Кароткіна запрасіла мяне ў свой праект, у выніку чаго я пазнаёміўся з Валодзем Парфянком. І дзякуючы апошняму натуральна перайшоў з адной парадыгмы да нечага больш захапляльнага. «Шостая лінія» была вельмі адкрытай пляцоўкай. Нельга сказаць пра наяўнасць у яе дзейнасці дакладнай канцэпцыі ці стратэгіі: гэта быў час прыблізных арыенціраў. Адны аўтары былі зачараваныя нямецкімі гарызонтамі, іншыя распрацоўвалі гарадскі фальклор ці псеўдаміфы. Лідарамі былі ўсе — вельмі рамантычная, але ніяк не прагматычная канцэпцыя. Распачыналася свята татальнага эксперыменту, менавіта свята. «Шостая лінія» таму спрыяла.
2. З часам энтузіязм, энергія перайшлі ў спакойную плынь. Частка мастакоў з’ехала ці змяніла род заняткаў. Адбываўся натуральны працэс падзелу паводле жыццёвых інтарэсаў. Інфармаванасць і цвярозы погляд на жыццё дазвалялі творцу пранікаць у сутнасць рэчаў і больш ясна фармуляваць свае ідэі. Групоўкі, высакамернасць, прагматызм — усё гэта выяўляецца больш відавочна. Але галоўнае застаецца: многае, калі не ўсё, па-ранейшаму ствараецца рукамі мастакоў, іх рашучасцю.
3. «Шостая лінія» ніколі не была толькі галерэяй. Яна выконвала вялікую колькасць неабходных культурнаму таварыству функцый, галоўная з якой — прасоўванне новага і таму ўразлівага мастацтва. Калі ўстанова зможа браць на сябе такога кшталту немагчымыя задачы, то калі ласка. Аднак варта памятаць, што час герояў-адзіночак прайшоў.
Ірына Бігдай
1. Праца ў «Шостай...» зрабіла мяне той, кім я ёсць. Свой досвед арганізацыі мерапрыемстваў і прасоўвання культурных некамерцыйных падзей я з поспехам ужывала спачатку ў журналісцкай практыцы, потым у PR-дзейнасці ў бізнэс-сектары.
2. Пра змены мне цяжка казаць аб’ектыўна, таму што гэтыя 16 гадоў я была па-за кантэкстам сучаснага беларускага мастацтва. Розніца паміж тым, што я цяпер бачу ў Мінску, і тым, што было тут у 1990-я, — няма шчырасці, творчай сумленнасці, драйва, якія былі тады. Але затое часцей сталі з’яўляцца прыгожыя каталогі, афішы, прэс-рэлізы і паралельныя праграмы ў кантэксце праектаў. Пакаванне культурных мерапрыемстваў значна палепшылася — усе ведаюць, як павінна быць. Але мне часам бракуе ў гэтым душы і нейкага стрыжня. Не чапляе.
3. Адрадзіць «Шостую лінію» магчыма. І я дакладна ведаю, што для гэтага трэба. Але ці будзе гэта зроблена — пытанне адкрытае.
Функцыі «Шостай лініі» ў нейкай ступені сумесна выконваюць музеі і галерэі, якія прэзентуюць сучаснае мастацтва. Але прыватныя інстытуцыі не могуць сабе дазволіць выбудоўваць ясную выставачную канцэпцыю па эканамічных чынніках: ім трэба адбіваць камерцыйную арэнду сваіх нават невялікіх пляцовак, часта гэта кампраміс. А супрацоўнікам дзяржаўных устаноў бракуе ўнутранай матывацыі рабіць сваю справу на належным узроўні, не зважаючы на нізкую зарплату.