У апошнім конкурсе прынялі ўдзел 49 піяністаў з 10 краін. Нягледзячы на маладосць (сярэдні ўзрост 22—23 гады), за плячамі практычна ў кожнага — некалькі спаборніцтваў, званні лаўрэатаў і дыпламантаў, стыпендыятаў розных фондаў па падтрымцы талентаў. Міжнароднае журы пад старшынствам народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава складалася з мэтраў фартэпіяннага мастацтва, якія прадстаўлялі музычныя ВНУ сваіх краін — Арменіі, Беларусі, Латвіі, Літвы, Расіі.
Асабліва прыемна, што ўсе туры адбываліся ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі, гэта дазволіла пашырыць кола слухачоў. А публікі на ўсіх конкурсных праслухоўваннях было нямала. Цікавасць да музычных турніраў нарадзілася ў далёкія часы і дагэтуль не страціла сваёй актуальнасці. Безумоўна, конкурс — гэта выпрабаванне не толькі прафесійных якасцей, выканальніцкай волі, але і нервовай сістэмы, праверка яе на трываласць. На некага атмасфера суперніцтва дзейнічае прыгнятальна, іншага ж, наадварот, стымулюе.
Конкурс у сферы мастацтва, у адрозненне ад спартыўных спаборніцтваў, не мае відавочных бясспрэчных доказаў перавагі аднаго ўдзельніка над іншым. Здавалася б, галоўны чыннік — дакладнасць выканання паводле аўтарскага, кампазітарскага тэксту, ігра без памылак і збояў. Аднак нават калі ўсё сыграна быццам удала, гэтага недастаткова, каб скарыць розум і сэрца слухачоў і журы. Якія ж тады крытэрыі ацэнкі выканаўцы, што прывядзе яго да поспеху?
Буйны конкурс у трох турах прадугледжвае, што піяніст павінен выявіць сябе рознабакова: прадэманстраваць віртуознасць, тонкасць і разнастайнасць гукавядзення, валоданне рознымі музычнымі стылямі. Задача «Мінск—2014» у тым, каб выявіць выканаўцаў шматгранных, таленавітых, неардынарных. Нетрывіяльная праграма гэтаму спрыяе.
У 1-м туры выконваўся класічны твор (па ўмовах гэта не павінна быць саната), два віртуозныя мастацкія эцюды і твор беларускага кампазітара з асобнага пераліку. Ідэя прапагандаваць айчынную фартэпіянную музыку сталася для конкурсу традыцыйнай. Гэтым разам фаварытам канкурсантаў зрабіўся Паланэз рэ мінор Станіслава Манюшкі. Прагучала мноства інтэрпрэтацый фартэпіянных транскрыпцый айчыннай сімфанічнай і сцэнічнай музыкі, напісаных старшынёй журы Ігарам Алоўнікавым. Музыкант заснаваў уласны прыз за лепшае выкананне сваёй транскрыпцыі, які быў уручаны лаўрэату III прэміі конкурсу Ганне Грот (Расія). Піяністка іграла два фрагменты з балета «Апошні інка» Сяргея Картэса — Ігара Алоўнікава. Раяль пад яе пальцамі перадаваў моц сімфанічнага аркестра, выкананне вылучалася яркім артыстызмам і тэатральнасцю, што дазволіла канкурсантцы бліскуча ўвасобіць жанр фартэпіяннай транскрыпцыі.
Складанае акустычнае асяроддзе, у якое трапляюць выканаўцы, іграючы ў незнаёмай зале, патрабуе дапамогі звонку. Добра, калі побач ёсць настаўнік, які можа падказаць нюансы педалізацыі, гукавога балансу. А калі яго няма? І тут пэўныя цяжкасці для канкурсантаў былі звязаны з выкананнем класікі. Нярэдка яна гучала залішне «рамантызаванай» з-за злоўжывання педальнай тэхнікай і занадта вялікім захапленнем crescendo і diminuendo, гэта не ўласціва сачыненням таго перыяду. Але былі выпадкі вельмі ўдалыя, калі выканаўца «трапляў у стыль». Тут хацелася б адзначыць выкананне дыпламантам конкурсу Віталём Старыкавым (Расія) Aндантэ з варыяцыямі фа мінор Ёзафа Гайдна, бо піяніст стварыў надзіва арыгінальную інтэрпрэтацыю класіка. «Буру і націск» музыкі Людвіга ван Бетховена (Пятнаццаць варыяцый з фугай, опус 35), выразны пругкі рытм і валоданне формай твора як адзіным цэлым прадэманстраваў у сваёй ігры лаўрэат II прэміі Аляксандр Данілаў (Беларусь). А вось у трактоўцы эцюдаў часам заўважалася тэндэнцыя абіраць вельмі хуткія тэмпы.
Здараліся на конкурсе яркія моманты, калі хуткасць ігры выводзіла твор на новы ўзровень і дазваляла пачуць яго ў нязвыклым і новым гучанні, якое здзіўляла і ўражвала. Такімі якасцямі было адзначана выкананне Эцюда опус 10 №7 Фрыдэрыка Шапэна Дзінай Івановай (Расія) і «Кампанелы» Феранца Ліста дыпламантам конкурсу Анатолем Касцючэнкам (Украіна). Цікава, што сярод эцюдаў найбольш часта на конкурсе выконваўся актаўны Эцюд сі мінор опус 25 №10 Шапэна. У плане інтэрпрэтацыі асаблівую цікавасць уяўляла яго лірычная сярэдняя частка, дзе кожны канкурсант тлумачыў поліфанічную фактуру па-свойму. Хтосьці аддаў перавагу больш абагульненай ігры, хтосьці шчодра смакаваў лініі падгалоскаў, высвятляючы, падобна пражэктару, розныя іх правядзенні.
У 1-м туры быў прадстаўлены розны выканальніцкі ўзровень удзельнікаў, паколькі ў конкурсе традыцыйна няма ўступнага ўнёску і адбору па аўдыя- і відэазапісах. У 2-гі тур журы адабрала 19 удзельнікаў, значыць, крыху больш траціны ад агульнага ліку. Выканаўцам быў дадзены карт-бланш у выбары праграмы, дарэчы, даволі працяглай — 45-50 хвілін па рэгламенце. Ва ўмовах спаборніцтва і хвалявання гэта далёка не лёгкае выпрабаванне! Рэпертуар быў, з аднаго боку, прадказальны: прагучалі такія конкурсныя хіты, як «Начны Гаспар» Марыса Равеля і «Ісламей» Мілія Балакірава. Але разам з тым былі выкананы цікавыя і рэдкія для конкурсаў сачыненні: Першая саната Сяргея Рахманінава, 24 прэлюдыі Шапэна.
Некалькі канкурсантаў абралі такое складанае канцэптуальнае сачыненне, як Саната сі мінор Ліста. А вось сучаснай музыкі авангарднага кірунку прадстаўлена не было. Такія опусы пакуль вельмі мала інтэграваны ў цяперашні рэпертуар фартэпіяннай школы постсавецкай прасторы. Вялікім тэмпераментам вызначалася ігра лаўрэата II прэміі конкурсу Рамана Касякова (Расія). Гэта выяўлялася і ў трактоўцы малых форм (Накцюрн і Вальс-скерца Пятра Чайкоўскага), і ў буйным сачыненні (Першая саната Рахманінава). Велізарны дыяпазон градацый гуку ад найтонкага piano да грандыёзнага forte надавалі яго інтэрпрэтацыі асаблівы магнетызм.
Менавіта тое самае «валоданне гукам» і сведчыць пра адметнасць. Часам некаторыя канкурсанты прымушалі слухачоў забыцца, што раяль — гэта інструмент з малаточкавай механікай. У кампазітарскім тэксце закладзена вялікая разнастайнасць трактовак твора. І ад піяніста часам патрабуецца пераадолець стэрэатыпы гукавога вобраза, па-новаму зірнуць на сачыненне, угледзецца ў тэкст. «Кантактуйце болей з партытурамі, чым з віртуозамі», — пісаў у сваіх незабыўных «Жыццёвых правілах для музыкантаў» Роберт Шуман. Свежая трактоўка сачынення, свежы погляд, які прымушае слухаць, праява ўласнай індывідуальнасці сталі тымі крытэрыямі, якімі кіравалася журы падчас адбору фіналістаў.
Дзякуючы таму, што некаторыя творы ў праграмах піяністаў супадалі, можна было прасачыць за тым, як адрозніваюцца іх трактоўкі, прычым нярэдка «па гарачых слядах». У гэтым плане адмысловым чынам была пабудавана праграма апошняга конкурснага дня, дзе быў выкананы чатыры разы запар Першы канцэрт Чайкоўскага. Як адзначыў Юрый Гільдзюк, адзін з сябраў журы, мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі, «такім чынам мы пачалі святкаваць будучы 155-гадовы юбілей Чайкоўскага».
У 3-м туры конкурсу музыканты павінны былі выконваць канцэрт для фартэпіяна з аркестрам. Тут ад піяніста патрабуюцца не толькі якасці добрага саліста, але і здольнасць чуйна слухаць аркестр, іграць у ансамблі. Не ўсе фіналісты змаглі прадэманстраваць гэтыя якасці. Часам піяністу, які мае ўласную канцэпцыю, што адрозніваецца ад традыцыйнай, складана прыстасавацца да аркестра, які заключае ў сабе абагульняючы пачатак і дыктуе пэўныя правілы выканання. У такіх выпадках патрабуецца больш рэпетыцый, а ва ўмовах конкурсу, калі часу на сыгрыванне мала, гэта амаль недасяжна. І тым не менш фінал атрымаўся яркім і выразным. Дзівосную арганічнасць у стасунках з аркестрам прадэманстраваў лаўрэат I прэміі конкурсу Андрэй Іваноў (Беларусь), які выканаў Першы канцэрт Чайкоўскага. Яркасць ігры ў сольныя моманты і ўменне зліцца з аркестрам, сысці на другі план, не страціўшы пры гэтым патрэбнага гукавога балансу, дазволілі выявіць у ім выдатнага ансамбліста. Віртуознасць была ў яго не мэтай, а сродкам. Выразнасць фактуры, фразіроўкі і ўсіх выканальніцкіх намераў музыканта дазволілі стварыць інтэрпрэтацыю, у якой існуе вялікая ступень аб’ектыўнасці.
У дзень закрыцця конкурсу ў зале быў аншлаг. У заключных прамовах Юрый Гільдзюк і Ігар Алоўнікаў адзначылі, што ўзровень апошняга спаборніцтва у параўнанні з папярэднім значна ўзрос. На цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў, апроч конкурсных прэмій, былі ўручаны спецыяльныя прызы: Аляксандру Данілаву ад кафедры спецыяльнага фартэпіяна як лепшаму на конкурсе студэнту Акадэміі музыкі і Алене Кавалевіч ад Беларускага саюза музычных дзеячаў як самай маладой удзельніцы турніра. У заключным канцэрце ігралі ўсе фіналісты — тыя, хто атрымаў званні дыпламантаў і лаўрэатаў. І на сцэну яны выходзілі ўжо ў сваім новым статусе.
Ірына ГАРБУШЫНА