Оптыка фэсту

№ 12 (381) 01.12.2014 - 31.12.2014 г

«Месяц фатаграфіі ў Мінску»
Гэтая восень была нечакана насычанай: акрамя тэатральнага і кінафорумаў у Мінску ўпершыню адбыўся міжнародны фатаграфічны фестываль. Варта толькі было з'явіцца ініцыятару -- Андрэю Лянкевічу -- ды сабраць каманду прафесіяналаў (Святлана Кашуба, Юлія Дарашкевіч, Вольга Мжэльская, Вольга Бубіч, Максім Сарычаў і іншыя). У праграму ўвайшло каля дзясятка выстаў, лекцыі і прэзентацыі кніг. Напрыканцы была прысуджана ўласная фотапрэмiя «Прафота».

 

 

Мы папрасілі двух экспертаў прааналізаваць «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Ганна Самарская, каардынатар праектаў з боку Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, была непасрэдна ўлучана ў арганізацыю «Месяца». Фотакрытык Любоў Гаўрылюк назірала за ўсім звонку.

 

Пра стасункі і інстытуцыі

Любоў Гаўрылюк: Да з'яўлення такога міжнароднага фэсту, як «Месяц фатаграфіі», падштурхнула неабходнасць надінстытуцыянальных стасункаў: прафесіяналам і публіцы ўжо недастаткова ранейшых лакальных кантактаў. Паўстае жаданне выйсці на новы ўзровень -- збіраецца матываваная каманда і прыцягваюцца ўсе зацікаўленыя: прафесійныя супольнасці, дзяржаўныя структуры, арт-пляцоўкі і навучальныя ўстановы, СМІ, міжнародныя арганізацыі, экспертныя групы, валанцёры і спонсарскія рэсурсы.

З іншага боку, ніякім мясцовым супольнасцям не хопіць уласных сіл і творчага патэнцыялу, каб пастаянна забяспечваць прыток новых мастацкіх ідэй і імёнаў. Ніякі інтэрнэт не дапаможа існаваць і развівацца ва ўмовах рэальнай канкурэнцыі. Гэта разумеюць усе, хто займаўся «Месяцам фатаграфіі ў Мінску» і імкнуўся пашырыць спіс культурных падзей для публікі і рамкі супрацоўніцтва для прафесіяналаў. У выніку мы ўбачылі шэраг міжнародных праектаў: расійскіх, нямецкіх, латышскіх, польскіх і беларускіх аўтараў, экспазіцыю фіналістаў міжнароднага конкурсу «FotoEvidence», фестываляў «Vois off», «Grand Prix Lodz Fotofestival», агенцтва «Panos Pictures» і ў дадатак -- уласны конкурс «Прафота». Ці ёсць і тут патэнцыял для далейшага равіцця? Несумненны. Гэтая ніша, думаю, не запаўняльная ў прынцыпе, нават калі б мы гаварылі пра Нью-Ёрк ці Парыж.

Але ці атрымала падзея разуменне і аддачу ў нашых фатографаў, у людзей, звязаных са сферай культуры? Ці не здараецца так, што арганізатары прывозяць выставачныя і суправаджальныя праекты, разнастайныя паводле тэм, стылю і жанру, але «спажыўцы» ўсёй гэтай раскошы абмяжоўваюцца мінімумам знаёмых персанажаў? Калі паставіць пытанне больш сур'ёзна: што для нас змяняе «Месяц фатаграфіі» і ці змяняе штосьці ўвогуле? Ці ўплывае на фатаграфічнае асяроддзе? Якім чынам? Ці мы самі аналізуем гэтае мастацтва, ці разумеем праблемы ў яго развіцці і адпаведна -- ці шукаем нейкія сродкі для іх вырашэння?

Ганна Самарская: Сапраўды, прынцыповай задачай «Месяца фатаграфіі ў Мінску» было не на словах, а на справе аб'яднаць сталічнае арт-поле. Пры гэтым задзейнічаць самыя розныя пляцоўкі горада -- ад Цэнтра сучаснага мастацтва і дзяржаўных музеяў да невялікіх прыватных арт-прастораў -- «Ў», «Цэх», «Балкі»... Ініцыятарам праекта выступіў фатограф і менеджар культуры Андрэй Лянкевіч. Камандзе арганізатараў было важна заявіць пра сябе, стварыць гучную і маштабную падзею, каб задаць належны высокі ўзровень культурных ініцыятыў у горадзе. Усё задуманае, на мой погляд, нам удалося ажыццявіць. Ускосным пацвярджэннем гэтаму стане статыстычная зводка па колькасці ахопленай аўдыторыі, у тым ліку праз СМІ. Рэпартажы пра «Месяц фатаграфіі» былі паказаны на кожным з рэгіянальных тэлеканалаў і на інтэрнэт-парталах. Напрыклад, інтэрв'ю з Марцінам Парам на tut.by атрымала каласальную колькасць праглядаў, каля 100 тысяч. І мы тут аналізуем не нейкую разавую акцыю, а цэлы месяц мерапрыемстваў і падзей: цікавасць з боку шырокай аўдыторыі існавала на працягу ўсяго гэтага перыяду. Вядома ж, былі моманты пэўнага згасання інтарэсу або спаду наведванняў, што, верагодна, было звязана з вялікай колькасцю падзей, шчыльнасцю графіка мерапрыемстваў -- адкрыццяў выстаў, лекцый, сустрэч і прэзентацый... Пры пабудове праграмы фэсту ў наступным годзе мы ўлічым гэты момант, але ў цэлым наш «Месяц» здолеў утрымаць высокі ўзровень цікавасці наведнікаў.

Ад многіх гасцей сталіцы ці тых, хто ў Мінску бывае час ад часу, я чула наступнае: «Месяц фатаграфіі» -- гэта падзея! Цяпер ужо ў нікога язык не павернецца сказаць, што ў нас нічога не адбываецца.

Калі казаць пра культурнага спажыўца, то, напэўна, толькі каля дзесяці адсоткаў ад усяго насельніцтва горада цікавяцца і наведваюць усе знакавыя культурныя падзеі сталіцы. Вядома ж, аўдыторыя «Месяца» -- не толькі фатографы. Мы прынцыпова не стваралі спецыялізаванага мерапрыемства, замкнёнага на адну групу інтарэсаў і людзей. Канешне, мы ўлічвалі тое, што фатаграфічныя выставы і падзеі, звязаныя з тэмай фатаграфіі, найперш будуць цікавыя тым, хто непасрэдна займаецца гэтай справай. Але было прынцыпова важна ўзяць пад увагу шырокае кола гледачоў: можна сказаць, мы працавалі для тых, каму цікава бавіць свой вольны час праз наведванне культурных падзей, для тых, у кім гарыць запал пазнаваць новае.

Менавіта таму мы асэнсавана зладзілі гучнае адкрыццё ў фармаце вечарынкі ў самым папулярным на сёння сярод моладзі клубе-бары «Хуліган», дзе, як прынята лічыць, праходзяць самыя яркія «тусоўкі». Кульмінацыйным момантам адкрыцця стала выступленне драйвавага гурта «Drum Ecstasy». І мы не лічым гэта танным піярам: выходзячы на культурна-забаўляльную пляцоўку клуба «Хуліган», мы атрымалі магчымасць прыцягнуць новую для нас аўдыторыю, якая звычайна не наведвае нашы мерапрыемствы.

 

Новы досвед

Любоў Гаўрылюк: Тое, пра што вы кажаце, можна акрэсліць як новы досвед. Яго было шмат?

Ганны Самарская: Вядома! Як любая значная падзея, «Месяц фатаграфіі ў Мінску» выхоўвае свайго гледача і стварае сваю аўдыторыю! Аднак пра масавыя і якасныя змены ў свядомасці нашых наведнікаў мы зможам казаць толькі праз некалькі гадоў дзейнасці фестывалю.

Далей. Ужо сёння відавочна, што гэты фестываль даў вельмі паказальныя прыклады высокага ўзроўню выставачных і куратарскіх рашэнняў. Большую частку экспазіцый стваралі прыезджыя куратары, яны ж прывозілі і ўсталёўвалі выставы, у выніку міжнародны куратарскі досвед быў прэзентаваны тут і, адпаведна, менавіта прыклады працы гэтых міжнародных спецыялістаў усталявалі пэўны ўзровень (і досыць высокі, паводле меркаванняў мясцовых арт-менеджараў) падачы і прэзентацыі сучасных фатаграфічных праектаў.

Важна, што не любая выстава магла патрапіць у праграму «Месяца», якая складалася асэнсавана. Кожная з прадстаўленых экспазіцый прайшла пільны адбор і за кожнай стаіць дакладнае абгрунтаванне неабходнасці быць уключанай у агульны шэраг.

 

Незавершаная фатаграфія: тэмы, тэндэнцыі

Любоў Гаўрылюк: Для «Месяца...» не было вызначана адзінай тэмы. Мяркую, што гэта цалкам дапушчальны варыянт, тым больш для першага разу. Але нельга не адзначыць некалькі тэндэнцый у той фатаграфіі, якую мы ўбачылі.

Напрыклад, я не магу назваць расійскую выставу «Не[свое]часовае» фатаграфічнай. Гэта была мая першая рэакцыя, і пазней я ўвесь час спрабавала ў думках сябе праверыць: усё здалося цікавым, але фатаграфіі адведзена мінімальная роля. Гэта нават менш, чым дакументацыя. І калі б былі тэхнічна больш простыя сродкі зафіксаваць тое, што адбываецца, аўтары імі скарысталіся б. З іншага боку, канцэптуальна праект выглядаў вельмі цэласным, былі добрыя і актуальныя для нас тэксты, выдатнае даследаванне соцыякультурных праблем... Але калі фатаграфія пойдзе па гэтым шляху, стане проста дапаможным сродкам, падпарадкаваным пэўнай задачы, будзе вельмі шкада. Успомніце ўрокі літаратуры: раман «Яўген Анегін» раскрывае тэму... Ды нічога ён не раскрывае! Мастацтва не заточана на тэму, гэта вульгарнае ўяўленне пра творцу і яго працу! Мне здаецца, пазіцыя «Не[свое]часовае» -- гэта адна з граняў сучаснай фатаграфіі, але я ўпэўненая, што не адзіны яе напрамак развіцця.

А вы што скажаце?

Ганна Самарская: Наконт агульнай тэмы для такіх вялікіх міжнародных падзей, як фестываль фатаграфіі, верагодна, яна і не патрэбна? Можа, яна будзе абмяжоўваць магчымы спектр цікавых праектаў?

Калі казаць пра ідэю «Месяца фатаграфіі ў Мінску», то яна ўключала ў сябе правядзенне выстаў як беларускіх фатографаў, так і прэзентацыю ўсіх нашых суседзяў: сучасная латышская фатаграфія «Sense of place» (Арніс Балкус, Алніс Стакле і Рэйніс Хофманіс), два польскія праекты -- этнаграфічна-даследчы «Albom.pl» (вынік беларуска-польскага мастацкага даследавання) і выстава сучаснай эксперыментальнай маладой фатаграфіі «Akomodacja», падтрыманыя Польскім інстытутам у Мінску. А яшчэ -- доўгачаканая выстава сучаснай расійскай фатаграфіі «Не[свое]часовае», прэзентацыі кнігі-праекта «Tulips» канадска-літоўскага фатографа Эндру Мікшыса, вельмі значная экспазіцыя -- выстава класіка нямецкай фатаграфіі Арно Фішара, а таксама творчая сустрэча з фотарэпарцёрамі, якія здымаюць украінскія падзеі.

Беларуская фатаграфія была прадстаўлена праз працы некалькіх пакаленняў аўтараў. Мэтры ў трохчасткавым праекце арт-групы «Беларускі клімат» (куратар Вольга Рыбчынская), выставе-рэканструкцыі «Мы» вядомага айчыннага фотарэпарцёра Сяргея Брушко і яго сына Дзмітрыя, якая прэзентавалася ў трамваі, у экспазіцыі творчага аб'яднання «Фотамастацтва» «Сем» (куратар Марына Бацюкова) гучалі такія імёны, як Ігар Саўчанка і Андрэй Шчукін. На гэтай жа выставе былі работы маладога аўтара Элана Лыскова, якога можна назваць адкрыццём года. На фестывалі шырока прэзентавалася маладая беларуская фатаграфія, у праектах Музея сучаснага мастацтва: «Апошні візіт» Віктара Гіліцкага, «Кунсткамера» Аляксандра Веледзімовіча, «Рэканструкцыя №1» Аляксея Шлыка. Удалося прывезці выставу падлеткавай фатаграфіі: фотаклуб «Мінск» арганізаваў экспазіцыю юных удзельнікаў валожынскага фотаклуба. Атрымліваецца, мы закранулі шматгранны і вельмі разнастайны «кавалак» нашай фатаграфіі.

Што тычыцца такіх выстаў, як «Не[свое]часовае», якія адкрываюць новую старонку ў спрэчцы (што, на мой погляд, крыху зацягнулася) лакальнай беларускай фотасупольнасці пра тое, што ёсць ці што мы можам лічыць фатаграфіяй... Гэты праект увабраў у сябе трынаццаць аўтарскіх экспазіцый, увасобленых не праз здымкі, стройна развешаныя ў рамачках па сценах на ўзроўні вачэй. Хутчэй, гаворка ідзе пра фатаграфічны водбліск у кожнай з прадстаўленых серый: што ёсць фатаграфічнае і як сёння мы можам яго разумець. Гэта тыя фармулёўкі, на якія я б прапаноўвала сёння нам звярнуць увагу. І калі для артыстычнай прасторы нашых суседзяў дадзеныя пытанні ўжо не з'яўляюцца тэмай для размовы, то мы ўсё яшчэ вяртаемся да абмеркавання: «А ці фотаздымак гэта?».

Адным з асабліва прыемных бонусаў «Месяца» стала выстава па выніках прэміі арт- і дакументальнай фатаграфіі «Прафота», на якой (у якасці куратара Андрэй Лянкевіч запрасіў Ганну Шпакаву з Расіі) мы выявілі маладую генерацыю беларускіх аўтараў, неабыякавых да сацыяльных праектаў, дзе фатаграфія з'яўляецца сродкам выражэння ідэі і інструментам для даследавання.

Любоў Гаўрылюк: Калі я вас правільна зразумела, стратэгія «Месяца» фармулюецца прыкладна як «Беларусь і crossover».

У нашым абмеркаванні важна закрануць і тэму памяці. Гэта хрэстаматыйная, я б нават сказала -- эталонная праблематыка для айчыннай фатаграфіі і актуальная сёння тэндэнцыя ў сусветным мастацтве. Яна траўматычна вырашаецца і ў «Апошнім візіце» Віктара Гіліцкага, і ў польскім «Albom.pl.» -- праектах, якія сталі свайго кшталту полюсамі ў асэнсаванні і ўвасабленні гэтай тэмы памяці.

Візуальная мова дзвюх выстаў вельмі адрозніваецца! Як і форма і падача матэрыялу -- ад класічнай, нават олдскульнай у нашага аўтара да выразна даследчых падыходаў у польскага куратара. Прычым у абодвух праектах -- паўнавартасная арт-фатаграфія ў дакументальным стылі, абсалютна карэктная, чорна-белая. У першым выпадку -- павольны аповед і суперажыванне, у другім -- у згорнутым, зачаткавым стане можна назіраць сучасныя падыходы: рэпартаж, «фатаграфія для дакумента», «калядныя паштоўкі», цытаты з піктарэалізма, двайны партрэт, нават намёкі на будучага Ігара Саўчанку.

Зусім розны наратыў: монагісторыя і поліфанія з мястэчак; зрэз аднаго моманту жыцця з выразным кантэкстам і наадварот -- ад XIX стагоддзя да 50-х гадоў XX, а эпоху глядач дабудоўвае сам, аднаўляе мяжы, лёсы. Цікава, што частка фатографаў у гэтым праекце прадстаўлена цэлымі архівамі, практычна прафесійнымі, хтосьці -- разрознена, ананімна; ёсць негатывы, а ёсць пацёртыя адбіткі з дэфектамі. Думаю, «Апошні візіт» і «Albom. pl» -- прыклады сапраўды рознай ужо не фатаграфічнай, а куратарскай оптыкі (Вольга Рыбчынская, Уршуля Даброўска).

...Там сорак тры хатнія «валізкі», у агародзе, на антрэсолях, -- так і ўспамінаецца Пітэр Грынуэй з «валізкай Тульса Люпера».

 

Сапраўдны брытанец

Любоў Гаўрылюк: Мяркую, што запрашэнне спецыяльнага госця -- добры тон для любога фэсту. У гэтай справе важная нечаканасць, калі госцем становіцца знакамітасць зусім іншай фармацыі, цікавая сваім творчым падыходам і вопытам, на першы погляд староннім. Але адбываецца адкрыццё, «хімія», якая дае моцны імпульс для ўсіх, хто чуе і бачыць пасіянарыяў.

Спецыяльным госцем «Месяца фатаграфіі» быў Марцін Пар -- знакаміты брытанскі фатограф, куратар і калекцыянер фотакніг, які прыехаў у Мінск на адзін дзень. Зладзіўшы сабе адпачынак, Пар уважліва вывучыў фотаальбомы ў кнігарні «Ў» і пагуляў па горадзе разам з удзельнікамі праекта «Curatorial lab». Экскурсію правёў мастак Міхаіл Гулін: наша пярэстая польска-беларуская кампанія наведала вытворчую майстэрню Мастацкага камбіната, тэрыторыю завода «Гарызонт» і трамвайнага дэпо, якія толькі ў марах мастакоў могуць стаць галерэйнымі прасторамі, і яшчэ двары двухпавярховай вуліцы Кісялёва, чый лёс таксама не пакідае месца для ілюзій. Мінск паказаў сябе з найлепшага боку: раскошная восень, залепленыя графіці на плошчы Перамогі і кава навынас з гістарычнай будачкі -- назваць яе кавярняй, на жаль, не магу. Такі вось атрымаўся адмысловы шпацыр. Марцін Пар трымаўся вельмі дэмакратычна і добразычліва, але, вядома, на дыстанцыі. Моўнага бар'ера ў нас не было, але ніхто і не чапляўся да яго з роспытамі -- мы далі яму магчымасць проста адпачыць.

А ўвечары была лекцыя ў перапоўненай канферэнц-зале Інстытута Гётэ. З тым жа гумарам і на той жа дыстанцыі Пар прадставіў серыі, знаёмыя па інтэрнэце і альбомах: «Пляж», «Супермаркет», «Турызм», «Аўтапартрэты». Пытанні публікі былі досыць традыцыйныя. На класіку жанру -- «Якой камерай вы здымаеце?» -- Пар адказаў лаканічна: «Вы можаце здымаць любой -- гэта не вырашыць вашых праблем».

Прыезд Марціна Пара -- ініцыятыва і заслуга Андрэя Лянкевіча, які ўжо некалькі гадоў хацеў запрасіць у Мінск менавіта яго. Увечары таго ж дня замежны маэстра павітаў мінчан на афіцыйным адкрыцці «Месяца» ў клубе «Хуліган». Падобна было не да пратакольнага ўшанавання, а да оўпэн-эйра з півам, электроннай музыкай і шматгалосым хорам. Цяпер гэта стане легендай.

Ганна Самарская: Сапраўды, візіт Марціна Пара -- падзея, вішанька на фестывальным торце! Гэтак вельмі стратэгічна вывераны і прадуманы ход, які, з аднаго боку, дадае медыйнасці, з іншага -- выводзіць фестываль на міжнародны ўзровень праз вядомыя ва ўсім фатаграфічным і мастацкім свеце імёны. І гэта яшчэ адна з таемных, але прынцыпова важных задач «Месяца» -- упісаць Мінск у сусветную культурна-геаграфічную карту фотападзей.

 

Суправаджэнне, якое больш, чым адукацыйны праект

Любоў Гаўрылюк: Чаго мы чакаем ад суправаджальнай праграмы фестывалю? Думаю, стасункаў на мове агульнай візуальнай культуры. І гэта сучасная культура, сучасная мова. Для фотабізнесу, рэкламы, дызайну і іншых прыкладных рэчаў ёсць іншыя фарматы.

А вось фестывальныя стасункі... Дзве прэзентацыі мне здаліся знакавымі ў той час, калі аналітычныя рэсурсы па фатаграфіі зачыняюцца, а тыя, што засталіся, можна пералічыць па пальцах, Аляксандра Салдатава запачаткоўвае «Imbalance». Папяровыя выданні ў нас наогул на вагу золата, і сярод іх -- кніга Людмілы Хмяльніцкай «Жыгімонт Юркоўскі -- фатограф з Віцебска». Не проста падрабязнае даследаванне жыцця творцы, але аднаўленне гістарычнага шляху фатаграфіі, яго беларускай галіны. І вядома, гэта ўклад у асэнсаванне ідэнтычнасці, якая падтрымана рэальнымі фактамі, жыццём таленавітага чалавека, і гэта не здагадкі, не ідэалогія, якую лёгка павярнуць у любы бок. Кніга падрыхтавана ў серыі «Кнігарня Дома Шагала» выдавецтвам «Чатыры чвэрці» і ўяўляе сабой вынікі скрупулёзнага вывучэння архіваў. Акрамя ўласна біяграфіі і кар'еры фатографа, аўтара цікавіла сацыяльнае асяроддзе другой паловы XIX стагоддзя, настаўнікі і вучні, калегі і канкурэнты, падрабязнасці грамадскай (у гарадской думе) і прафесійнай працы і, вядома, само вынаходніцтва Юркоўскага -- «імгненны затвор». Першая яго дэманстрацыя прайшла ў 1882 годзе на з'ездзе фатографаў у Маскве, пасля адбылося ўдасканаленне канструкцыі (шторны затвор),што дазваляла поўную свабоду маніпуляцый з оптыкай. Менавіта яго выкарыстала спачатку англійская кампанія, а потым нямецкая «Герц» -- і пад імем дапрацаваўшага яго аўстрыйца Отамара Аншута затвор увайшоў у гісторыю стварэння фотаапарата «Leica». З яго пачалася мабільнасць фатографа, магчымасць хуткага кантакту, максімальнага набліжэння да падзей рэальнага, незрэжысаванага жыцця. Уся цяперашняя стрыт-фатаграфія выйшла, як высвятляецца, з рук Юркоўскага, але яго аўтарства, хоць яно і мае шматлікія дакументальныя пацверджанні, вядомае толькі нямногім гісторыкам фатаграфічнай тэхнікі. Лісты і фатаграфіі, чарцяжы, артыкулы Юркоўскага ў піцерскіх часопісах 1880-х, рэклама і этыкеткі, шырокая альбомная частка робяць навуковае даследаванне Людмілы Хмяльніцкай дыхтоўным папулярным выданнем.

Што ж тычыцца «Imbalance», гэта цалкам аўтарскі праект -- з канцэпцыяй, планаваннем, адборам візуальнага матэрыялу і рэдакцыяй Аляксандры. Інтэрнэт-часопіс выходзіць паводле правіл перыядычнага выдання: тры выпускі ў год, тры тэмы. У рамках «Месяца» быў прадстаўлены трэці -- «Правінцыя» («Месца і час», «Людзі» -- папярэднія). Кожны раз часопіс збірае беларускіх аўтараў з іх новымі праектамі. У дадатак рэдактарка сама бярэ інтэрв'ю ў фатографаў, чый вопыт ёй падаецца цікавым. Часопіс лаканічны, стыльны, пісьменны, цэласны. Што будзе далей? Падчас прэзентацыі выпускаў гледачы задаюць, як правіла, менавіта такія пытанні.

Ганна Самарская: Калі паглядзець на спіс удзельнікаў «Месяца фатаграфіі ў Мінску», то выявім там яшчэ некалькі шырокавядомых у свеце фатаграфіі імён. Напрыклад, Мацэк Нардбалік, Юрый Козыраў. Лекцыі, прэзентацыі і творчыя сустрэчы фармулявалі суправаджальную праграму «Месяца», у рамках якой глядач мог асабіста пагутарыць з куратарамі і чальцамі праекта, задаць ім прамыя пытанні. Гэтак жа як даведацца пра ўнікальныя факты гісторыі айчыннага фотамастацтва: супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея, даследчык Надзея Саўчанка ў сваёй лекцыі распавядала пра беларускую фатаграфіі перыяду 1919--1945 гадоў. Ветэран фотаклуба «Мінск» Юрый Васільеў у галерэі Акадэміі мастацтваў прачытаў лекцыю пра больш позні перыяд -- 1960--1980-я гады. У нашым музеі праходзіла прэзентацыя кнігі «Жыгімонт Юркоўскі -- фатограф з Віцебску»: аўтар кнігі і дырэктар музея Шагала ў Віцебску Людміла Хмяльніцкая праз сваю працу яшчэ раз засведчыла, што ёсць шмат момантаў у гісторыі беларускай фатаграфіі, якімі мы можам ганарыцца.

 

Гарадская афіша

Любоў Гаўрылюк: «Месяц фатаграфіі» годна вытрымаў сур'ёзную канкурэнцыю ў рамках культурніцкай афішы горада. У гэтыя ж дні праходзіў «Тэарт» -- шэраг найцікавейшых спектакляў, сапраўдных адкрыццяў. Вярнулася пасля летніх вакацый «Еўрапейскае кафэ», Цэнтр сучаснага мастацтва працягнуў прагляды ў кінаклубе «Blow up», правёў прэзентацыю кнігі «Творчая фатаграфія ў Беларусі», прадставіў беларуска-бразільскі праект «Vulica Brazil». Тыдні італьянскага, скандынаўскага і кітайскага кіно таксама прыйшліся на той жа час, які, шчыра кажучы, быў звышнасычаным. Але «Месяц фатаграфіі» нязменна збіраў публіку. Ён стаў падзеяй года і, як вы кажаце, атрымае працяг.

Вяртаючыся да тэмы структуры фестывалю, я прапанавала б правядзенне партфоліа-рэвю. Гэта было на карысць інфармацыйнай супольнасці. І яшчэ хачу спытаць: ад чаго залежыць каляндар «Месяца», бо на сённяшні дзень ніхто, я ўпэўненая, не можа пахваліцца тым, што ўбачыў усё. Гэта было проста немагчыма!

 

Ганна Самарская: Так, сапраўды, сёлета была вельмі высокая шчыльнасць падзей у праграме. Многія мерапрыемствы, як, напрыклад, «Дзень адчыненых дзвярэй» у студыі Канаплёў-Лейдзік, дадаваліся ўжо пасля афіцыйнага абвяшчэння ўсёй праграмы фэсту. Сёння зразумела, што ў наступным годзе структура фестывалю і яго праграмы будуць мадэрнізаваны, мы зададзім пэўны рытм адкрыццяў асноўных праектаў, бо нам важна, каб «Месяц фатаграфіі» стаў месцам сустрэчы прафесіяналаў як з Беларусі, так і з Еўропы. Важна стварыць асяроддзе, у якой ім будзе цікава існаваць і задумваць свае праекты і выставы. Сёння Андрэй Лянкевіч ужо дамаўляецца пра арганізацыю еўрапейскіх і расійскіх выстаў, таксама чакаем куратарскіх рашэнняў з беларускага боку. У наступным годзе будзем адточваць фармат фестывалю.