Сэнсавая поліфанія

№ 12 (381) 01.12.2014 - 31.12.2014 г

Міжнародны кінафестываль «Лістапад»
«Маладосць на маршы»

Праграма «Маладосць на маршы», якую можна назваць конкурсам кінематаграфічных дэбютаў, цалкам адпавядала сэнсу вядомай прыказкі «маладое піва заўсёды шуміць». Конкурсныя фільмы сапраўды «шумелі» і неслі адчуванне творчай энергіі і вірлівых пошукаў чагосьці новага. Ігар Сукманаў, праграмны дырэктар ігравога кіно «Лістапада», настолькі скрупулёзна і старанна склаў праграму, што ў ёй не аказалася ніводнай прахадной ці «дзяжурнай» карціны. У бліскучай праграме «Маладосці на маршы» знайшлі адлюстраванне некаторыя вектары маладога кінематографа, на якія ўпэўнена можа ўзяць курс і кіно «дарослае». Жанрава-тэматычныя і стылявыя арыенціры пазначаны досыць выразна, прычым у складаным рэалістычна-рамантычным кантэксце. Да таго ж у стужках быў адчувальны невялікі фінансавы складнік -- чым не прыклад беларускаму сінематографу?

Асабіста мяне заваражыла тэма цудаў або пошукаў цуду, якая выразна прагучала ў многіх стужках, галоўным чынам -- на фоне досыць жорсткіх рэалій сучаснага соцыума. Прызнаюся, гэта было крыху нечакана ў фільмах маладога кінематаграфічнага пакалення, якое прынята лічыць прагматычным і рацыянальным. «Цудоўная» тэма раз-пораз прарывалася ў назвах карцін, сюжэтных алюзіях, сімвалічных імёнах герояў. Гэта італьянскі фільм «Цуды» рэжысёра Алічэ Рарвакер, у якім ёсць адсылкі да вядомай казкі Джані Радары «Джэльсаміна ў краіне хлусаў». Гэта герой турэцкага фільма «Карнавал» (рэжысёр Джан Кыльджыоглу) Аліс, імя якога, па задуме аўтараў, прымушае згадаць папулярную казку Льюіса Кэрала. Гэта і дзяўчына Надзея з расійскай карціны «Камбінат “Надзея”» рэжысёра Наталлі Мешчанінавай. На жаль, у выніку цуду не адбываецца. Абаяльная сям’я з італьянскай вёскі стаіць перад пагрозай знікнення, іх пчальнік вымагае шмат працы, а будучыня, мяркуючы па ўсім, належыць больш прадпрымальнаму суседу-мясніку. Турэцкі Аліс застаецца няспелым інфантыльным мужчынам, які не можа зрабіць выбар паміж дзяўчынай і пыласосам фірмы «Карнавал», прадукцыю якой вымушаны прадаваць. Нарэшце, расійская дзяўчына Надзея тоне ў ледзяной вадзе паўночнай ракі, стаўшы ахвярай рэўнасці маладой суперніцы і -- шырэй -- умоў жыцця ў Нарыльску. Чым не сучасная «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета»!

Але трэба адзначыць, што моладзь развенчвае магчымасць і патэнцыял сучасных цудаў не прамалінейна, пакідаючы ў кінаапавяданні семантычную прастору для разважанняў і прысутнасць усё той жа надзеі. Напэўна, гэтае адчуванне ў большай ступені ідзе ад таленавітай рэжысуры і сур'ёзных акцёрскіх работ. Сапраўды, як ацаніць выдатны, амаль сямейны выканаўчы ансамбль у італьянскай стужцы «Цуды» або складаную працу ізраільскай актрысы ў ролі дзяўчыны-аўтысткі ў карціне «Побач з ёй» рэжысёра Асафа Кормана? У выніку журы падтрымала італьянскі фільм. Акцёрскім работам асаблівую ўвагу надавала сябра журы «Маладосці на маршы» Крысціна Флутур, румынская артыстка, уладальніца прыза Канскага кінафестывалю «За лепшую жаночую ролю» ў фільме рэжысёра Крысціяна Мунджыў «За пагоркамі».

Сярод напрамкаў маладога сусветнага кіно кідаюцца ў вочы спробы злучыць прыёмы дакументальнага і ігравога фільмаў -- дзесьці ўдалыя, амаль без «швоў», а часам і знарок непрыхаваныя. Такі «След брытвы», зняты туніскай рэжысёркай Каўсар Бэн Ханья пра гендарныя праблемы ісламскага свету. Тут арганічна спалучаюцца пастановачныя сцэны і інтэрв’ю тых жанчын, якія пацярпелі ад звар’яцелага мужчыны.

Наталля Мешчанінава, рэжысёр карціны «Камбінат “Надзея”», здзейсніла сапраўдны подзвіг, бо зняла стужку на заводах «Нарыльскнікеля», закрытых, па яе словах, для «некампліментарных» ракурсаў. Беспрасветны для моладзі побыт паўночнага прамысловага горада, бясконцая тундра, дакучлівыя пікнікі з шашлыкамі -- усё пададзена ў вострай дакументальнай манеры выхаванкі «Майстэрні Марыны Разбежкінай», вядомага расійскага рэжысёра-дакументаліста. Гэта адзін з лепшых і пранізлівых фільмаў «Лістапада», ён прыцягнуў асаблівую ўвагу члена нашага журы Маркеты Хадусковай (Чэхія-Францыя), якая як дырэктар кінафестываляў мае значны досвед у арт-хаусным кіно.

Дыплом журы з фармулёўкай «За арыгінальны погляд» атрымала карціна амерыканскага рэжысёра іранскага паходжання Аны Лілі Амірпур «Дзяўчына ноччу блукае адна», створаная ў стылі неа-нуар. Да ўсяго, яна мае вострую гендарную тэматыку. У кулуарах форуму стужка атрымала кароткае і ёмістае вызначэнне -- «Дракула ў хіджабе», і гэта цалкам правамерна. Перанесці прыкметы вампірскай сагі ва ўмовы ісламскага побыту -- гэта варта асобнага згадвання ў сусветнай сучаснай фільмаграфіі. Пустынна-начная атмасфера і фаталістычны сюжэт суадносяцца са шматлікімі алюзіямі на вобразы Джэймса Дзіна, фільмы Джыма Джармуша або Леа Каракса. Мабыць, наступная новая хваля іранскага ці іншага кіно знойдзе свае стымулы ў досыць герметычнай прасторы цытавання -- гісторыю гэтага віда мастацтва ўжо нічым не здзівіш.

Адным з адкрыццяў і «шэдэўраў» (цытую Валерыя Тадароўскага) фестывалю стала амерыканская стужка «Апантанасць» рэжысёра Дам’ена Шазэля, якую многія крытыкі называюць перлінай незалежнага кіно. Гісторыя простая: пошукі ўласнага шляху і месцы ў жыцці і мастацтве, канфлікт паміж маладым барабаншчыкам і масцітым дырыжорам. Стасункі Моцарта і Сальеры быццам перанесены ў сучасны кантэкст, у атмасферу джазу. Тут удала супалі ўсе кампаненты: актуальная ідэя, моцны сцэнарый, умелая рэжысура, выдатная акцёрская работа, віртуозны мантаж і бліскучая музычная драматургія. Нездарма фільм атрымаў «бронзу» форуму -- прыз глядацкіх сімпатый.

У нейкім сэнсе палярным да «Апантанасці» стала індыйская стужка «Суд» рэжысёра Чайтаньі Тамханэ, якая атрымала галоўны прыз конкурсу «Маладосць на маршы». Невыпадкова старшыня журы Шон Бэйкер (малады, але ўжо вядомы амерыканскі рэжысёр, фільм якога «Старлетка» быў паспяхова паказаны на мінулым «Лістападзе») прызнаўся, што яго асабістым адкрыццём на фестывалі сталі менавіта карціны «Суд» і «Цуды». У працяг генеральнай стылістычнай лініі маладога кіно ў стужцы «Суд» прысутнічае амаль дакументальная манера здымкаў, ненадакучлівая падача рэчаіснасці, будзённыя рэаліі жыцця з яго сэнсавай поліфанічнасцю. Гаворка ідзе быццам пра індыйскае жыццё ў яго юрыдычным аспекце, але на самай справе гэта мікрамадэль правасуддзя ўсяго свету. Кадры суда выклікалі ў мяне асацыяцыі са сцэнамі з беларускіх фільмаў «Сведка» рэжысёра Валерыя Рыбарава і «Нядзельная ноч» Віктара Турава. Нагадаю: наша журы прысуджае менавіта прыз «За лепшы фільм конкурсу ігравога кіно «Маладосць на маршы» імя Віктара Турава». Можна спадзявацца, што майстар быў бы не супраць такога рашэння міжнароднага кінасходу.

Дакументальнае адлюстраванне пластоў народнага жыцця, побыту і ўмоў існавання герояў (якое ўздымаецца да ўзроўню сацыяльных каментароў і сатыры) і побач з гэтым сінефільскія экзэрсісы на прычтава-абагульненыя сюжэты -- вось полюсы нясумнага кіно маладых аўтараў, якое дае ўражальную панараму сусветнага кінематографа з велізарным тэрытарыяльным ахопам ад Туніса, Ізраіля, Індыі да ЗША, Аўстраліі, Італіі, Расіі. Глядзець яго цікава і пазнавальна -- дай Бог, каб гэты вопыт пайшоў на карысць маладому беларускаму кіно.

Антаніна КАРПІЛАВА