Яшчэ раз пра выратаванне свету

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

Уладзімір Караткевіч для беларускага тэатра апошнім часам пісьменнік вельмі пажаданы. Купалаўскі тэатр ажыццявіў пастаноўку «Калыскі чатырох чараўніц» (спектакль «Сны аб Беларусі»), на сцэне Тэатра Беларускай арміі ідзе «Вераб’іная ноч», у Коласаўскім тэатры -- «Ладдзя роспачы». Тэатр імя М.Горкага спыніўся на «Паданні аб бедным д’ябле» -- адным з самых ранніх твораў беларускага пісьменніка.

 /i/content/pi/mast/6/146/Pra vyratavanne1.jpg
 Сцэна са спектакля.
Шматтэмнасць, якой насычаны спектакль, робіць сюжэт складаным і неадназначным. Барацьба дабра і зла, усёпераможнае каханне, нечаканыя здрады, нечалавечая жорсткасць, бязлітасная вайна і нават звышнатуральныя з’явы -- усё гэта пераплятаецца і выліваецца ў складаную трохгадзінную дзею.
Пачынаецца яна ў пекле, дзе Містык, так бы мовіць -- галоўны д’ябал (В.Быкаў), навучае сваіх падапечных чыніць зло і крыўду людзям. «У кожным чалавеку, -- гаворыць ён, -- ёсць дзве існасці: людзі шматаблічныя і пачварныя стварэнні. І часам прыгожы твар чалавека пераўтвараецца ў жудасную звярыную морду -- гэта яго другая, сапраўдная існасць! Рабіце так, каб тое аблічча паказвалася часцей!» Аднойчы жорсткія ўстанаўленні пекла парушае малады д’ябал Рогач (Р.Чарнецкі). Ён праяўляе літасць да аднаго з грэшнікаў, і за гэта Містык высылае яго на зямлю з наказам загладжваць віну -- чыніць зло.
Рогач (у выкананні Р.Чарнецкага) пазнае ўсе таямніцы жыцця. Ён горнецца то ў бок злога, то ў бок добрага, ён разрываецца на часткі ад супярэчлівых пачуццяў. Аднойчы выратоўвае Дубраўку (В.Пляшкевіч), якую абвінавачваюць у вядзьмарстве. Паміж імі ўспыхвае каханне. Добрая душой дзяўчына вучыць героя быць чулым і спагадлівым. Яны разам будуюць дом, але пасланнікі пекла прыходзяць па Рогача і пазбаўляюць яго памяці. Містычная атмасфера спектакля ствараецца пры дапамозе велічнай музыкі, крыху ламанай пластыкі акцёраў. Відэапраектар (кінарэжысёр У.Арлоў), на якім з’яўляюцца твары герояў, разгортваюцца сцэны вайны, узмацняе дзейснасць і аб’ёмнасць мастацкіх сродкаў спектакля.
Другая дзея адбываецца ў каралеўскім палацы, куды трапляе Рогач. Бязлітасная каралева Агата (А.Маланкіна) бярэ яго на службу і паступова робіць сваім палюбоўнікам. Пачынаецца вайна, Рогач становіцца жорсткім і спрытным военачальнікам, які перамагае варожае войска, але не даюць яму спакою рэдкія ўспаміны пра Дубраўку, пра сваё ранейшае жыццё. Каралева, закахаўшыся ў Рогача, загадвае забіць Дубраўку. Тым часам да ўлады прыходзіць Падкова (А.Брухацкі), а каралеву з сынам забіваюць. Фінал у Караткевіча шчаслівы: Дубраўка не загінула, яны з Рогачам застаюцца разам. Але Б.Луцэнка змяніў фінал. Пра гэта і пра іншыя нюансы пастаноўкі Барыс Іванавіч згадзіўся распавесці сам.

 /i/content/pi/mast/6/146/Lucenka.jpg
Барыс Іванавіч, чаму абралі менавіта гэты твор У.Караткевіча для пастаноўкі?
Б.Л.: Калі ў мужчыны запытацца, чаму ён выбраў менавіта гэтую жанчыну, ён вам наўрад ці адкажа. Гэта проста лёс. Але ў кожнага рэжысёра, зразумела, ёсць свае прыхільнасці. Дарэчы, гэты матэрыял доўга не публікаваўся. Калісьці рэжысёр Ю.Марухін прапанаваў мне зрабіць з ім фільм па гэтым кінасцэнарыі У.Караткевіча. Вядома, на фільм грошы знайсці было цяжка. Калі чытаў твор, некаторыя сцэны мяне вельмі ўразілі, але я разумеў, што кіно з гэтага не атрымаецца. І ў той жа час не мог даўмецца, як гэта зрабіць у тэатры. Вяртаўся да «Падання» шмат разоў, перачытваў. І вось аднойчы размаўляў з У.Арловым і той сказаў: «У мяне ёсць рукапіс Караткевіча!» Ён прынёс мне рукапіс, дзе рукой Караткевіча, вельмі прыгожым почыркам было напісана: «Паданне аб бедным д’ябле». Я пачаў разважаць аб пераносе кінасцэнарыя на тэатральную сцэну -- вядома, гэта заўсёды складана. Я хацеў зразумець, што менавіта аўтару «балела», калі ён пісаў гэты твор. Я быў знаёмы з Караткевічам і памятаю, як ён аднойчы, паглядзеўшы мой спектакль «Раскіданае гняздо», пачаў танцаваць -- так яму спадабалася!
Караткевіча я зразумеў так -- ён піша толькі тады, калі яму «баліць». І трэба было зразумець гэты болевы момант «Падання», каб знайсці ключ да пастаноўкі. Д’ябал сустракаецца з чалавецтвам, з ягонымі заганамі, але разам з тым спазнае сапраўднае каханне. І далей па сюжэце ён страчвае памяць і адначасова -- каханую. А потым раптоўна памяць вяртаецца. Сцісла магу сфармуляваць галоўную ідэю так -- выратаванне свету ў каханні, як бы проста гэта ні гучала.
Чаму менавіта такі фінал, чаму змянілі У.Караткевіча?
 /i/content/pi/mast/6/146/Pra vyratavanne3.jpg

 Р.Чарнецкі (Рогач).


Б.Л.: Думаю, што шчаслівы фінал Караткевіча -- гэта своеасаблівае патрабаванне часу, у якім жыў аўтар. Гэта быў перыяд адлігі, калі жудасная сталінская эпоха мінула. Я змяніў фінал, доўга шукаў яго, можа і яшчэ буду мяняць. Але калі мы пакінем Рамэо і Джульету жывымі, сістэма кахання зменіцца. У нашым спектаклі -- каханне двух розных «лагераў», добрага і злога. Адзін хоча несці злое і разбуральнае, а другі -- ствараць добрае. Дубраўка ў спектаклі спрабавала «чалавеку з іншай планеты», Рогачу, паказаць сістэму зусім іншых каштоўнасцей, і ёй гэта ўдалося. Але яна страціла яго, таму што, паводле гэтай сістэмы, ён ахвяраваў сабой дзеля кахання і дзеля каханай.
Такім чынам, гэта гісторыя чалавека, які мяняецца пад уздзеяннем кахання, робіцца цалкам іншым, але гэта заканчваецца для яго трагічна?
Б.Л.: Не зусім так. Ведаеце, быў у савецкі час такі спектакль пра чалавека, які адзін застаўся на Фудзіяме, бо астатнія баяліся, што іх там заўважаць. І ЦК партыі сцвярджала, што гэта немагчыма, што з ім, паводле ідэй камунізму, павінны былі застацца яшчэ людзі. І аднойчы адзін крытык сказаў дзіўную рэч: «А я лічу, што на Фудзіяме засталася большасць». «Як большасць? -- запярэчылі яму. -- Адзін застаўся». «Але з гэтым адным -- уся глядзельная зала!» -- парыраваў разумны крытык. Менавіта тая ахвяра, якая прыносіцца ў маім спектаклі дзеля кахання, у трагічным плане -- дзейсная ідэя. І яна мусіць рэалізоўвацца ў жыцці кожнага чалавека, бо людзі павінны не толькі браць, але і аддаваць, нават калі гэта не заканчваецца шчасліва. Канешне, я мог зрабіць і прыгожы фінал, але гэта ўжо крыху іншая сістэма. Ідэя ў тым, што чалавек з іншага лагера спазнае каханне і ахвяруе сабой, каб выратаваць каханую. Мне здаецца, такой ахвярнасці вельмі не хапае ў нашым жыцці.
На якога гледача разлічаны ваш спектакль?
Б.Л.: На розных. Я пагаджуся з Ібсенам, які сказаў: «Ёсць розныя гледачы. Адным патрэбна нешта новае -- новыя ідэі, новыя формы, другім -- цікавы сюжэт, трэці тып -- гэта жанчыны, якія хочуць, каб нешта пра іх паставілі. І я напісаў такую п’есу, дзе ўсе тры катэгорыі будуць задаволены -- “Пер Гюнт”». Я лічу, што і ў маім спектаклі ёсць нязвыклая форма, зразумелая гісторыя і тэма ахвярнага кахання. Але вядома, што кожны зразумее нешта сваё. 

* * *
Пасля заканчэння спектакля, калі акцёры выйшлі на паклон, разам з імі выйшаў і Барыс Іванавіч. «Я хачу, каб мы ўсе зараз успомнілі нашага вялікага пісьменніка -- Уладзіміра Караткевіча». На відэапраектары з’явіўся партрэт творцы -- і ўся зала паднялася. Мне падалося, што гэта і быў ключавы момант спектакля.

Крысціна СМОЛЬСКАЯ