Сцэна са спектакля. |
Пачынаецца яна ў пекле, дзе Містык, так бы мовіць -- галоўны д’ябал (В.Быкаў), навучае сваіх падапечных чыніць зло і крыўду людзям. «У кожным чалавеку, -- гаворыць ён, -- ёсць дзве існасці: людзі шматаблічныя і пачварныя стварэнні. І часам прыгожы твар чалавека пераўтвараецца ў жудасную звярыную морду -- гэта яго другая, сапраўдная існасць! Рабіце так, каб тое аблічча паказвалася часцей!» Аднойчы жорсткія ўстанаўленні пекла парушае малады д’ябал Рогач (Р.Чарнецкі). Ён праяўляе літасць да аднаго з грэшнікаў, і за гэта Містык высылае яго на зямлю з наказам загладжваць віну -- чыніць зло.
Рогач (у выкананні Р.Чарнецкага) пазнае ўсе таямніцы жыцця. Ён горнецца то ў бок злога, то ў бок добрага, ён разрываецца на часткі ад супярэчлівых пачуццяў. Аднойчы выратоўвае Дубраўку (В.Пляшкевіч), якую абвінавачваюць у вядзьмарстве. Паміж імі ўспыхвае каханне. Добрая душой дзяўчына вучыць героя быць чулым і спагадлівым. Яны разам будуюць дом, але пасланнікі пекла прыходзяць па Рогача і пазбаўляюць яго памяці. Містычная атмасфера спектакля ствараецца пры дапамозе велічнай музыкі, крыху ламанай пластыкі акцёраў. Відэапраектар (кінарэжысёр У.Арлоў), на якім з’яўляюцца твары герояў, разгортваюцца сцэны вайны, узмацняе дзейснасць і аб’ёмнасць мастацкіх сродкаў спектакля.
Другая дзея адбываецца ў каралеўскім палацы, куды трапляе Рогач. Бязлітасная каралева Агата (А.Маланкіна) бярэ яго на службу і паступова робіць сваім палюбоўнікам. Пачынаецца вайна, Рогач становіцца жорсткім і спрытным военачальнікам, які перамагае варожае войска, але не даюць яму спакою рэдкія ўспаміны пра Дубраўку, пра сваё ранейшае жыццё. Каралева, закахаўшыся ў Рогача, загадвае забіць Дубраўку. Тым часам да ўлады прыходзіць Падкова (А.Брухацкі), а каралеву з сынам забіваюць. Фінал у Караткевіча шчаслівы: Дубраўка не загінула, яны з Рогачам застаюцца разам. Але Б.Луцэнка змяніў фінал. Пра гэта і пра іншыя нюансы пастаноўкі Барыс Іванавіч згадзіўся распавесці сам.
Караткевіча я зразумеў так -- ён піша толькі тады, калі яму «баліць». І трэба было зразумець гэты болевы момант «Падання», каб знайсці ключ да пастаноўкі. Д’ябал сустракаецца з чалавецтвам, з ягонымі заганамі, але разам з тым спазнае сапраўднае каханне. І далей па сюжэце ён страчвае памяць і адначасова -- каханую. А потым раптоўна памяць вяртаецца. Сцісла магу сфармуляваць галоўную ідэю так -- выратаванне свету ў каханні, як бы проста гэта ні гучала.
Чаму менавіта такі фінал, чаму змянілі У.Караткевіча?
Р.Чарнецкі (Рогач). |
Б.Л.: Думаю, што шчаслівы фінал Караткевіча -- гэта своеасаблівае патрабаванне часу, у якім жыў аўтар. Гэта быў перыяд адлігі, калі жудасная сталінская эпоха мінула. Я змяніў фінал, доўга шукаў яго, можа і яшчэ буду мяняць. Але калі мы пакінем Рамэо і Джульету жывымі, сістэма кахання зменіцца. У нашым спектаклі -- каханне двух розных «лагераў», добрага і злога. Адзін хоча несці злое і разбуральнае, а другі -- ствараць добрае. Дубраўка ў спектаклі спрабавала «чалавеку з іншай планеты», Рогачу, паказаць сістэму зусім іншых каштоўнасцей, і ёй гэта ўдалося. Але яна страціла яго, таму што, паводле гэтай сістэмы, ён ахвяраваў сабой дзеля кахання і дзеля каханай.
Такім чынам, гэта гісторыя чалавека, які мяняецца пад уздзеяннем кахання, робіцца цалкам іншым, але гэта заканчваецца для яго трагічна?
Б.Л.: Не зусім так. Ведаеце, быў у савецкі час такі спектакль пра чалавека, які адзін застаўся на Фудзіяме, бо астатнія баяліся, што іх там заўважаць. І ЦК партыі сцвярджала, што гэта немагчыма, што з ім, паводле ідэй камунізму, павінны былі застацца яшчэ людзі. І аднойчы адзін крытык сказаў дзіўную рэч: «А я лічу, што на Фудзіяме засталася большасць». «Як большасць? -- запярэчылі яму. -- Адзін застаўся». «Але з гэтым адным -- уся глядзельная зала!» -- парыраваў разумны крытык. Менавіта тая ахвяра, якая прыносіцца ў маім спектаклі дзеля кахання, у трагічным плане -- дзейсная ідэя. І яна мусіць рэалізоўвацца ў жыцці кожнага чалавека, бо людзі павінны не толькі браць, але і аддаваць, нават калі гэта не заканчваецца шчасліва. Канешне, я мог зрабіць і прыгожы фінал, але гэта ўжо крыху іншая сістэма. Ідэя ў тым, што чалавек з іншага лагера спазнае каханне і ахвяруе сабой, каб выратаваць каханую. Мне здаецца, такой ахвярнасці вельмі не хапае ў нашым жыцці.
На якога гледача разлічаны ваш спектакль?
Б.Л.: На розных. Я пагаджуся з Ібсенам, які сказаў: «Ёсць розныя гледачы. Адным патрэбна нешта новае -- новыя ідэі, новыя формы, другім -- цікавы сюжэт, трэці тып -- гэта жанчыны, якія хочуць, каб нешта пра іх паставілі. І я напісаў такую п’есу, дзе ўсе тры катэгорыі будуць задаволены -- “Пер Гюнт”». Я лічу, што і ў маім спектаклі ёсць нязвыклая форма, зразумелая гісторыя і тэма ахвярнага кахання. Але вядома, што кожны зразумее нешта сваё.
* * *
Пасля заканчэння спектакля, калі акцёры выйшлі на паклон, разам з імі выйшаў і Барыс Іванавіч. «Я хачу, каб мы ўсе зараз успомнілі нашага вялікага пісьменніка -- Уладзіміра Караткевіча». На відэапраектары з’явіўся партрэт творцы -- і ўся зала паднялася. Мне падалося, што гэта і быў ключавы момант спектакля.
Крысціна СМОЛЬСКАЯ