Восеньскі бомбінг у Мінску

№ 12 (381) 01.12.2014 - 31.12.2014 г

Фестываль стрыт-арту «Vulica Brazil»
Феерыя фестывалю вулічнага мастацтва, арганізаванага пры ўдзеле амбасады Бразіліі, закранула сцены мінскіх будынкаў, пакінула свой след на плошчы Якуба Коласа і выплюхнулася ў памяшканні Цэнтра сучасных мастацтваў і галерэі «Ў».

 

Імпрэза мела некалькі кірункаў: сумесная праца бразільскіх і беларускіх аўтараў на гарадскіх мурах, выстава ў Цэнтры сучасных мастацтваў, роспіс сцен у дзіцячым доме горада Узда, лекцыі і воркшопы, прэзентацыя макетаў бразільска-беларускага горада, архітэктарам якога выступіў Андрэй Бусел, інсталяцыя на плошчы Якуба Коласа, дзе творцы эксперыментавалі з асацыяцыямі -- трансфармавалі візуальныя ўражанні дзвюх краін. Стрыт-арт -- гэта мастацтва прасторавай экспансіі, якое імкнецца захапіць як мага больш маштабныя ўчасткі горада, пазначыць іх тэгамі, абсурднымі надпісамі і псеўда- або антырэкламай. Стрыт-арт урываецца ў гарадскую тапаграфію і выкарыстоўвае два супрацьлеглыя метады асваення прасторы. Тэхніка муралаў, якая развівалася ў 1930-я гады Давідам Сікейрасам, Хасэ Ароска і Дыега Рыверам, а на пачатку ХХ стагоддзя вывастрылася бразільскім дуэтам «Os Gеmeos», Бэнксі і Шэпардам Фэйры, дазваляе захопліваць шырокія гарадскія зоны. Праца мураліста, безумоўна, патрабуе вялікіх часавых укладанняў, аб’ёмных выдаткаў расходнага матэрыялу і калі не матэрыяльную падтрымку, то хоць бы юрыдычны дазвол (ці як мінімум -- неўмяшанне) з боку гарадскіх уладаў.

На мінскай вуліцы Кастрычніцкай, дом 16, супрацоўнічалі мастакі Ражэрыа Фернандэс з Белу-Арызонці і Яўген Cowek з Ліды. Яны падобна ставяцца да выяўленчага абгрунтавання стрыт-арту, яго дэталізацыі і прыўнясення ў яго гістарычнага і фальклорнага настрояў. На доме 22 па вуліцы Фабрычнай працавалі Цінья (Сан-Паўлу) і Яўген Mutus (Пінск), там можна і цяпер пабачыць сацыяльныя сюжэты на тэмы матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, беднасці і безвыходнасці дзяцей з абдзеленых сем’яў.

Нягледзячы на свае інтэрнацыяналісцкія амбіцыі, стрыт-арт валодае выразнымі нацыянальнымі асаблівасцямі. Напрыклад, яго лацінаамерыканская (або каліфарнійская) версія злучае традыцыйную этнакультурную сімволіку з эмблемамі постіндустрыяльнага грамадства спажывання, ствараючы нечаканы гібрыд лакальнага і глабальнага. У сваю чаргу еўрапейская (асабліва берлінская) лінія даследуе антрапалагічныя вымярэнні гарадской прасторы. У Сан-Паўлу кожны год на працягу месяца праходзіць фестываль «Graffiti Fine Art Biennial», у якім апошнім разам прынялі ўдзел лепшыя майстры стрыт-арту з адзінаццаці краін свету. Бразільскія мастакі вылучаюцца сваімі яркімі каларыстычнымі рашэннямі, манументальнымі сродкамі абагульнення і з’яўляюцца сусветна вядомымі зоркамі, што прадстаўляюць як раёны, кварталы і гета, так і дзяржаўныя музеі і камерцыйныя галерэі.

Выстава ў Цэнтры сучасных мастацтваў аб’яднала не толькі дзве краіны, якія ляжаць па розныя бакі акіяна, але і саміх беларускіх мастакоў -- каля дваццаці творцаў, многія з якіх зрабілі ўласныя экспазіцыі. Паколькі задача стрыт-арту не столькі паставіць дыягназ сучаснасці, колькі самому стаць сучаснасцю, вулічныя мастакі немінуча сутыкаюцца з дыялектыкай «бягучага моманту» і «праекта сучаснасці». У нулявыя, калі мадэрнісцкі праект сябе практычна вычарпаў або прынамсі апынуўся ў крызіснай фазе, «бягучы момант» з яго прагматыкай і патрабаваннямі выпадае ці супрацьстаіць яму. Стрыт-арт звернуты менавіта да гэтага «бягучага моманту», улічвае яго кан’юнктуру і падкрэслівае суверэнны характар. Дакладней, стрыт-арт мае намер стаць вычарпальнай рэпрэзентацыяй «бягучага моманту», а гэта відаць у экспазіцыі гістарычнага зрэзу класічнай школы графіці, што прадэманстравалі праз здымкі і інсталяцыі ў адным выставачным пакоі Ілля NT (Брэст), Алесь Юшчанка (Полацк), Frikos (Мінск).

Адну з найбольш працаёмкіх тэхнік стрыт-арту -- трафарэтную -- выкарыстаў у сваім трыпціху і ў лекцыі Сяргей Izum з Ліды. Канцэптуальнымі выставачнымі плошчамі і гульнёй з успрыманнем парадаваў шэраг мастакоў. Так, Сяргей Паўлавец з Маладзечна ўвасобіў галоўную iдэю экспазiцыi -- cэнс слова «графiцi», сёння i раней. Адна сцяна выставачнай залы была пафарбавана ў чорны колер. На ёй размясціліся яркiя лiтары, што сiмвалiзавалі мiнулае стрыт-арту: у свеце не icнавала нiчога, акрамя вулiцы i балончыкаў з фарбай. Сцяна насупраць, пафарбаваная ў яркiя колеры, увасабляла сучаснасць: графiцi захапiла ўвесь свет, але сэнс яго ўжо страчаны. Дэталi адсутнiчалі: лiтары тыя самыя, але на iх месцы -- чорныя дзіркі.

Тэматыка твораў мастака Cowek з Ліды самабытная і ўнікальная: ён распавядае пра старажытную беларускую міфалогію, народныя казкі, прыродныя матывы і вобразы. Разам з Ражэрыа Фернандэсам Cowek прадэманстраваў розныя тэхнікі праз серыю «Чатыры сезоны года».

Адной з самых выбітных і нестандартных экспазіцый стаў праект RGB (Мінск), дзе творца, эксперыментуючы з гіпсам, зрабіў цэлую мураваную сцяну «Езус Хрыстус» пра сэнс жыцця, веры і галоўных словаў у жыцці кожнага чалавека.

Мастак Kontra з Мінска развіваецца ў розных тэхніках і напрамках: графічны дызайн, стрыт-арт, класічнае графіці, інсталяцыі. Акрамя шрыфтавых кампазіцый, хуткім экспромтам у яго з’яўляюцца і казачныя вобразы і персанажы. Апошнім часам Kontra робіць акцэнт на працы па загадзя падрыхтаваных макетах у стылі палі-трыангуляцый. Яго праекты грунтуюцца на беларускай культуры і вобразах ці ператвараюцца ў абстракцыі і стылізацыі -- суаднясенне геаметрычных формаў з сусветам вакол нас. На выставе можна было пабачыць яго інсталяцыю «Супермаркет».

Здзівіла экспазіцыя Hаde з Оршы, які заўсёды імкнуўся збалансаваць акадэмічныя веды, вобразы сваіх персанажаў і стылізаваныя сюжэты. Крок улева -- гэта ўжо ілюстрацыя, крок управа -- жывапісная работа. Мастак вельмі холадна ставіцца да статычных кампазіцый, любую ілюстрацыю або паўнавартасную працу імкнецца зрабіць у максімальнай дынаміцы. Усё -- ад героя да асяроддзя -- павінна быць у руху. Такім чынам, паводле яго разумення, адлюстроўваецца жыццё і сюжэта, і персанажа. Hаde пачынаў з традыцыйнага малюнка і жывапісу, працягнуў аэраграфіяй і роспісам цацак. Пазней «пад руку» трапілі і сцены розных памераў, аж да пяціпавярховікаў.

Міхась Мішук з Мінска вядомы сваімі маштабнымі партрэтамі і своеасаблівай гульнёй з прасторай свайго горада: гэта і выявы дзяўчын з галовамі жывёл, стракозы і вадалазы на рацэ Свіслач.

Ulysses Nevmer з Гомеля прадэманстравала як сваю пяшчоту і дзявоцкасць праз вобраз доўгіх прыгожых валасоў, так і моц вулічнага выказвання -- праз тэхніку выканання і выбар манахромнасці ў вырашэнні працы.

 

Да выставы ў ЦСМ былі падрыхтаваны шматлікія лекцыі і прэзентацыі, творчыя сустрэчы і майстар-класы, дзе можна было бліжэй пазнаёміцца з бразільскімі мастакамі, паглядзець і абмеркаваць фільмы пра вулічнае мастацтва, паспрабаваць сябе ў ролі гарадскога актывіста. І галоўнае для нашых рэалій -- даведацца пра гісторыю беларускага стрыт-арту, бо многія памылкова думаюць, што яна вядзе адлік з нядаўняга часу. Дадзены праект прадэманстраваў: стрыт-арт немагчыма злавіць на фальшы, ён не прэтэндуе на якасць, меру яго мастацкасці вызначае выключна глядач. Творцы выйшлі за рамкі агульнапрызнаных правілаў, адмовіліся ад крытыкаў, зрабілі са звычайных людзей экспертаў і чакаюць толькі іх ацэнак. І хоць карані тутэйшага стрыт-арту карацейшыя за нью-ёркскія, нашы мастакі не саступаюць заакіянскім калегам у вастрыні і яркасці сюжэтаў, нестандартнасці мыслення і скіраванасці ў сучаснасць.

Каміла ЯНУШКЕВІЧ