Сум па крылах

№ 12 (381) 01.12.2014 - 31.12.2014 г

«Анджэй Струміла. Жывапіс»
Прафесар Анджэй Струміла з’яўляецца найвядомейшым творцам не толькі ў Польшчы, але і ў свеце. Яго называюць чалавекам Рэнесансу, жывым класікам польскага мастацтва. Жывапісец, ілюстратар, фатограф, скульптар, графік, паэт і вандроўнік, актыўны дзеяч у галіне развіцця культуры і аховы ландшафту паўночна-ўсходняй Польшчы... Здаецца, няма такой арт-сферы, дзе Струміла не пакінуў свайго непаўторнага следу.

 

 

Анджэй Струміла нарадзіўся 23 кастрычніка 1927 года ў Вільні. Навучаўся ў Дзяржаўнай вышэйшай школе выяўленчых мастацтваў у Лодзі пад кіраўніцтвам Уладзіслава Стрэміньскага і ў Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Кракаве. Фатаграфуе з 1945 года, апублікаваў некалькі зборнікаў вершаў, а таксама шматлікія кнігі аб прыродзе і культуры. Стварыў калекцыю мастацтва і матэрыяльнай культуры Далёкага і Блізкага Усходу для этнаграфічнага музея ў Кракаве і Музей Азіі і Ціхага акіяна ў Варшаве.

Даследчыкі апісваюць творчасць Струмілы як вялізны мастацкі дзённік, занатоўкі з якога, своеасаблівыя разважанні і медытацыі над быццём, паўстаюць у выглядзе жывапісных карцін, графічных твораў, скульптур, плакатаў, кніжных ілюстрацый. У шэрагу інтарэсаў майстра -- выставачная дзейнасць (архітэктура і графіка), тэлевізійная і тэатральная сцэнаграфія, графіка (афармленне кніг, каталогаў, плакатаў), кніжная ілюстрацыя, эсэістыка і публіцыстыка. Творца цікавіцца дызайнам прасторы (фарміраваннем краявіду), з’яўляецца ініцыятарам, арганізатарам і куратарам шматлікіх выстаў і пленэраў.

Струміла называе сябе «ўніверсальным дылетантам», а таксама жыхаром Вялікага Княства Літоўскага. Разам з Чэславам Мілашам і Томасам Венцловам ён стаў адным з ініцыятараў і аўтарам канцэпцыі «Кнігі Вялікага Княства Літоўскага» -- выдадзенага ў 2009 годзе тома эсэ дваццаці аўтараў з Польшчы, Беларусі і Літвы.

Выстаўка «Анджэй Струміла. Жывапіс» у Мінску трэцяя па ліку. Да горада аўтар ставіцца з асаблівым пачуццём, бо адсюль паходзілі і тут жылі яго дзед, бацька, настаўнік Уладзіслаў Стрэміньскі. Каля 100 прэзентаваных прац сталі сведчаннем працяглага -- амаль 70-гадовага -- творчага шляху майстра, філасофскім асэнсаваннем мудрасці і трагедыі быцця. Сам аўтар піша: «Маё мастацтва змяшчаецца паміж сузіраннем цішыні такіх элементарных знакаў, як кропка, круг, квадрат, ромб або крыж, і крыкам матэрыі, якую сілком раздзіраюць».

Калі аналізуеш работы розных дзесяцігоддзяў, такія як «Малюнак і яго партрэт» (1970), «Блакітны ромб» (2011), «Заслона» (2009), «Матэрыя з лініяй» (2009), становіцца відавочным, што Струміла пераняў эстафету польскага авангарда. У творах майстра адчувальная пераемнасць традыцый у эксперыментальным жывапісе, філасофскі кірунак. Аўтарская сістэма вобразнасці -- манументальная, што характэрна для асобы, талерантнай да розных культур, якая спрабуе спасцігнуць нешта значнае ў гэтым свеце. Усё, што робіць Анджэй Струміла, выклікае давер. У сваіх жывапісных творах мастак падводзіць гледача да роздуму пра формы супрацоўніцтва прыроды і рацыяналістычных разлікаў чалавека.

У працах «Мандала мужчыны»(1990), «Мандала жанчыны» (1990), «Апошні суд» (2009), «Чорная матэрыя» (2011), «Чырвоны малюнак (кітайскія раздзяленні)» (2011), відавочныя сляды захаплення рэлігіяй і філасофіяй Усходу. Мы бачым, як на досвед знакамітага «ўнізму» Стрэміньскага і каларыстаў кракаўскай школы літаральна накладваюцца каліграфія, сімвал, лапідарнае скарачэнне і дасягненні культур з непараўнальна доўгай (у адрозненне ад Еўропы) гісторыяй, з якімі аўтар пазнаёміўся падчас шматлікіх падарожжаў па Усходзе.

«Маляванне ў вігерскім кляштары» (1980), «Маляванае над Віграмі» (2008), «Краявід з-над возера Язёрак» (2008) -- гэтыя пейзажы Сувальшчыны, адной з найбольш непаўторных і жывапісных мясцін Польшчы, сведчаць аб непераадольным натхненні і цікаўнасці майстра да дзікай прыроды. Яны ўвасабляюць вобраз мясцін польска-беларуска-літоўскага памежжа, дзе выкрышталізаваўся талент Анджэя Струмілы.

Цэнтральнай структурнай дамінантай экспазіцыі сталі працы, якія з’яўляюцца часткай праграмных жывапісных цыклаў, створаных за апошнія 30 год.

Тэксты Бібліі на працягу стагоддзяў натхнялі многіх творцаў, у тым ліку кампазітараў, паэтаў і мастакоў. Серыя «Псалмы» (1988), што была створана для Белай сінагогі ў Сейнах, складаецца з васямнаццаці буйных палотнаў, прысвечаных даследаванню яўрэйскай культурнай традыцыі. Яны ілюструюць выбраныя часткі Старога Запавету ў перакладзе знакамітага паэта Чэслава Мілаша. Гэтым цыклам Струміла не толькі праводзіць відавочныя паралелі паміж спрадвечным бядотным становішчам яўрэяў і іх гісторыяй у ХХ стагоддзі. Серыя таксама з'яўляецца метафізічным увасабленнем лёсу кожнага чалавека. Аўтар згадвае: «Зімовыя ночы ў Мацьковай Рудзе вельмі доўгія. Я чытаў, выбіраў псалмы і радкі, рабіў накіды. Са 150 псалмоў засталося 18 тэм. Столькі, колькі было скрынь пад вокнамі сінагогі. Я выбіраў псалмы, арыентуючыся не толькі на іх драматургію, раўнацэнную лёсу маіх сучаснікаў яўрэяў, але таксама і на вобразнасць маёй фантазіі. Я пазбягаў калектыўных сцэн. Акрамя двухаблічнага святара, сплеценай пары, уратаваных і праклятых людзей, чалавек паказаны самотным. Яго дапаўняюць атрыбуты і прастора. Гэта ўсё, на што я быў здольны. Чалавек застаўся не пазначаным ні расай, ні эпохай. Ён стаіць голы і сляпы паміж сонцам і месяцам, паўсталы -- як і яны -- з вогненнай магмы. Псаломшчык пытаецца: “Госпадзе! Што ёсць чалавек, што пра яго Ты ведаеш, і сын чалавечы, як на яго зважаеш?” (Пс. 144, 3). І гэтым пытаннем заканчваецца цыкл».

Серыя «Апакаліпсіс» (1993) уяўляе сабой дванаццаць карцін, частка з якіх -- «Апакаліпсіс -- Новы Іерусалім», «Апакаліпсіс -- Трон уладара Вавілона», «Апакаліпсіс -- Саранча паводле Святога Яна», «Апакаліпсіс -- Апафеоз Касцёла», «Апакаліпсіс -- Анёл» -- таксама прадстаўлена ў экспазіцыі. «Дванаццаць камянёў фундаменту Новага Ерусаліма -- гэта дванаццаць літар, -- тлумачыць Анджэй Струміла сэнс твора “Апакаліпсіс -- Новы Іерусалім”. -- Дванаццаць вялікіх літар -- гэта дванаццаць намаляваных сюжэтаў. Я мусіў бы назваць гэтую працу mysterium fascynous альбо mysterium tremendum -- аповед пра нашыя страхі, далікатнасць чалавечай прыроды і самоту па Новым Ерусаліме».

Для абодвух біблейскіх цыклаў Струмілы характэрныя ілюстратыўнасць і драматызм, перавага цёмнай каляровай палітры і экспрэсіўны малюнак.

Кожны твор -- аўтарскі вопыт адкрыцця, звязанага з інтэнсіўным перажываннем Боскай прысутнасці, выразны і метафарычны расповед пра дзею стварэння і сэнс чалавечага існавання.

Вертыкальны вобраз у творах Анджэя Струмілы -- гэта матэрыялізацыя чалавечай вертыкалі, фрэскававай традыцыі шэрагу святых. Можна адзначыць, што карціна такога фармату адлюстроўвае постаць аўтара, які стаіць перад ёй падчас працы і тым самым бярэ на сябе ролю своеасаблівай алюзіі аўтабіяграфіі мастака. Гэта таксама ў поўнай меры датычыцца і твораў з цыклу «Палёт» і «Галовы», над якімі мастак працуе апошнія гады.

У невялікім уступе да мінскай экспазіцыі Струміла так акрэслівае сутнасць і накірунак свайго мастацтва на дадзеным этапе: «Можна ісці ва ўсіх напрамках. Кожны крок складаны. З аднаго боку, ёсць спакуса да напоўненай барочным багаццем форм касмічнай мандалы, а з іншага -- голад простасці і аскетызм мінімалізму. Усё больш мне падабаюцца белыя малюнкі майго першага Майстра і чорныя квадраты Малевіча. Я хацеў бы ўцячы ад звычайнай рэчаіснасці. Я сумую па крылах і ідэальным знаку».

 

Выстава была прымеркавана да дваццацігоддзя дзейнасці Польскага інстытута ў Мінску. Паводле слоў дырэктара, пані Уршулі Дарашэўскай, экспазіцыя стала ўвасабленнем таго мастацтва, якое збліжае народы Беларусі і Польшчы.

Андрэй ЯНКОЎСКІ