Польскі джаз на радзіме Чэслава Немэна

№ 12 (381) 01.12.2014 - 31.12.2014 г

Трыо Артура Дудкевіча. Цэнтр культуры вёскі Васілішкі, Шчучынскі раён
Здаўна лічылася, што джаз -- праява культуры гарадской. Уявіць сабе канцэрт джазавай музыкі ў вёсцы здавалася б, немагчыма. Тым не менш у канцы кастрычніка джазавае трыа польскага піяніста Артура Дудкевіча выступіла ў Цэнтры культуры вёскі Васілішкі.

Гэты незвычайны для айчыннай глыбінкі канцэрт мае сваю гісторыю. У 2009-м Артур Дудкевіч, які быў асабіста знаёмы з выдатным музыкантам Чэславам Немэнам, запісаў і выдаў альбом «Немэн. Імправізацыі», куды ўвайшлі ягоныя інструментальныя прачытанні некаторых твораў са спадчыны кампазітара і спевака. У 2011-м гэтая праграма прагучала са сцэны Дзяржаўнай філармоніі ў Мінску, і тады ж Дудкевіч выказаў жаданне паказаць яе на радзіме свайго славутага земляка. Радзіма Немэна -- Старыя Васілішкі, невялічкая вёска, а вось у суседніх Васілішках маецца вельмі прыстойны Цэнтр культуры, дзе правядзенне гэтага канцэрта было цалкам магчымай справай. Ініцыятыву Польскага інстытута ў Мінску падтрымалі ў Шчучынскім райвыканкаме. Мясцовыя ўлады зладзілі добрую рэкламу і нават арганізавалі прыезд на канцэрт вучняў і педагогаў дзіцячых музычных школ раёна, што, безумоўна, было надзвычай карысна ў першую чаргу для дзяцей. Сапраўды, дзе яшчэ і калі яны здолеюць пачуць канцэрт музыкантаў, якія ў розны час працавалі з многімі славутымі джазмэнамі з усяго свету.

Ажно да самага пачатку існавала інтрыга: як публіка будзе ўспрымаць насамрэч складаную музыку, у якой, па словах Артура Дудкевіча, ад уласна песень Немэна прысутнічае найбольш 5-7 адсоткаў, а рэшта -- гэта імправізацыя. Аднак ужо падчас выканання другой п’есы, заснаванай на песні «Аднаго сэрца», прагучалі апладысменты: слухачы такі пазналі музыку! І чым далей, тым больш актыўна яны рэагавалі на кожнае сола не толькі піяніста, але і барабаншчыка Лукаша Жыты і кантрабасіста Міхала Бараньскага. Выступленне працягвалася больш за гадзіну, тым не менш напрыканцы аўдыторыя запрасіла джазмэнаў сыграць на «біс».

Імправізацыям на тэмы музычных твораў Чэслава Немэна папярэднічаў выступ артыстаў мясцовай самадзейнасці. Прагучалі песні земляка, быў паказаны спектакль, які распавядаў пра юнацкія гады ўраджэнца Старых Васілішак. Спектакль суправаджалі малюнкі-імправізацыі маладой мастачкі з Гродна Веранікі Паплаўскай, якая на планшэце з дапамогай пяска аднаўляла мясцовыя краявіды, стварала партрэты Немэна з розных гадоў ягонага жыцця.

Зладжаны прыём, успрыманне няпростай музыкі шчыра здзівілі польскіх музыкаў. Ужо вярнуўшыся ў Польшчу, Артур Дудкевіч даслаў свае словы ўдзячнасці:

«Знаходжуся пад вялікім уражаннем ад візіта ў месца, дзе нарадзіўся Чэслаў Немэн. Убачыўшы прыроду, прыгожыя краявіды, прастору, адчуўшы гасціннасць жыхароў Васілішак, я зразумеў, што выхавала адчувальнасць музыканта, і праз гэта больш паглыбіўся ў яго творчасць. Я ўсцешаны, што сустрэў групу людзей, гэтак зацікаўленых асобай вялікага артыста. Прысвячэнне, запал і адданасць спадарыні Веры Савінай і спадара Уладзіміра Сянюты -- людзей, якія пазнаёмілі нас з культавым месцам, домам-музеем, -- заслугоўваюць найвышэйшага прызнання. Я даведаўся шмат цікавых рэчаў пра юнацтва Чэслава Немэна. Група фанатаў-валанцёраў з Мінска, іх веданне творчасці Немэна і клопат пра захаванне памяці аб ім -- гэта было для мяне ўзрушэннем».

Гісторыя з домам-музеем Чэслава Немэна ў Старых Васілішках выдатна ілюструе тое, як адна падзея ў культурным жыцці цягне за сабой другую, трэцюю. Усё часцей аўтобусы з польскімі турыстамі, якія раней праставалі ў Навагрудак да Адама Міцкевіча, заязджаюць у Старыя Васілішкі. Недзе ў лютым, цалкам магчыма проста да дня нараджэння Немэна, у мясцовым касцёле пасля рэстаўрацыі павінен загучаць арган. Цягам ужо некалькіх гадоў у Васілішках ладзіцца конкурс на лепшае выкананне песень з рэпертуару земляка. Пры доме-музеі створана апякунчая рада, якую ачоліла журналістка Вера Савіна, суаўтар сцэнарыя фільма «Дзіўны гэты свет». Дырэктар дома-музея Уладзімір Сянюта сярод іншага дбае пра тое, каб адну з вуліц у Васілішках назвалі ў гонар Немэна.

 

А ў паветры лунае ідэя адносна таго, каб менавіта Васілішкі зрабіліся месцам правядзення міжнароднага фестывалю, прысвечанага памяці Чэслава Немэна -- музыканта і мастака, чыя творчасць паўплывала на станаўленне не аднаго пакалення людзей у розных краінах. Прадумовы для гэтага прынамсі ёсць.

Дзмітрый ПАДБЯРЭЗСКІ