Каму навальніца?

№ 12 (381) 01.12.2014 - 31.12.2014 г

«Навальніца » Аляксандра Астроўскага ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы
Спектакль«Навальніца» зрабіўся на дзіва асабістым, амаль інтымным выказваннем маладога рэжысёра Дзяніса Фёдарава.

 

Гэта не першая брэсцкая пастаноўка выпускніка Беларускай акадэміі мастацтваў і ўсё ж, нягледзячы на добразычлівыя водгукі крытыкаў, здаецца, што ў прафесіі Фёдараву існаваць няпроста. Атмасфера духоўнай клаўстрафобіі, узноўленая рэжысёрам на сцэне, як бы транслюе яго ўласны псіхалагічны стан.

Гледачу таксама няпроста прыходзіцца. Я б параіла паставіць на афішы 18+. Гэты спектакль -- не ілюстрацыя да школьнай праграмы, ён не пра пераможцу Кацярыну, не пра бунтароў Варвару і Кудраша, не пра гнеўнага выкрывальніка Кулігіна, не пра свежую сілу навальніцы, а пра ўсемагутнае, усёпрыгнятальнае цёмнае царства.

Сцэнаграфічны вобраз, створаны мастаком Паўлам Варошкам, скупы і зразумелы. Замест плота ў глыбіні сцэны глухая жалезная заслона «да неба». У верхнім левым куце ззяе дзірка. На высокіх драбінах невыразная жаночая постаць: гэта маленькая бабулька ўглядаецца ў чарнату пралому. Пустую сцэну паступова запаўняюць героі. Павольна, па адным выходзяць яны, позіркі іх таксама прыкутыя да дзіркі, але пакрысе броўнаўскі рух замірае, усе спыняюцца, утыкаюцца ілбамі ў жалезны плот. Цяжэнная шматзначнасць статуарных мізансцэн робіцца ў гэтым спектаклі адрознай рысай рэжысёрскага маўлення Дзяніса Фёдарава.

Мастак і рэжысёр стварылі адмысловы вобраз цёмнага царства, зусім не маляўнічы горад Калінаў. Хараство волжскіх прастораў Кулігіну бачыцца... у глядельнай зале. Месца жыхарства герояў пазбаўлена чарадзейства жывой прыроды: ні лістка, ні птушынага гоману, ні дзіцячых галасоў, ні промняў святла. Усё пуста, стэрыльна, змрочна. Нават акустычнае аздабленне спектакля аскетычнае да мяжы: замест музыкі -- тупы немеладычны грукат барабанаў (так забаўляюцца Кудраш і Шапкін) ды тужлівае завыванне дудачкі (гэта Фяклуша музыцыруе). Тут нават песень не спяваюць. Гавораць усе ціха, манатонна, нейкімі «шапатлівымі» галасамі. Жанчыны апранутыя ў строгія сукенкі манаскага колеру. Мужчыны -- падобна. Нават дыхтоўныя боты і белыя кашулі на маладых хлопцах выглядаюць строга, як уніформа.

Героі спектакля жывуць быццам у царстве-дзяржаве за сямю запорамі. Тут горад-зона, дом-астрог. Дый ці свабода за плотам -- пытанне! Мяркуючы па тым, што Ціхан (Вячаслаў Цыцкоўскі) накіроўваецца туды гуляць да непрытомнасці, а Барыс -- у высылку, нічога добрага за гэтай сцяной няма. Хіба што яшчэ адзін плот -- круцейшы. Вандроўніца Фяклуша (Тамара Маісеенка) распавядае пра дзікіх насельнікаў «замагільнага свету» -- «басурманаў» ды пра людзей з сабачымі галовамі не таму, што сама бачыла: «Я па сваёй нямогласці далёка не хадзіла; а чуць -- шмат чула..» Там, у праломе, знікаюць уцекачы Варвара з Кудрашом. Ці на волю?

Апрача знешніх запораў, кожны персанаж заключаны ва ўнутраны астрог-лёс. Візуальна ён уяўляе сабой нейкае кола сансары, у якім перыядычна круцяцца героі. Выкатываюць яго на сцэну дзве «белачкі» Варвара (Наталля Вераб’ёва) і Кацярына (Кацярына Яцкавец). Варвара абжывала гэтую канструкцыю з дзяцінства і то гарэзіць, як на арэлях, то гушкаецца, як у гамаку. Гэтае кола лёсу перакотваюць, перакульваюць, цягнуць як нязносны цяжар амаль усе героі спектакля, апрача Фяклушы. У закупоранай прасторы сцэнічнага Калінава толькі ёй камфортна, як мышцы ў норцы. Пасля выкрывальнага маналогу Кулігіна пра жорсткія норавы горада камічным кантрастам гучыць узрушаны маналог маленькай бабулькі ў вялізных валёнках: «Ха-раство, мілая, ха-раство! Прыгажосць дзіўная! Дый што казаць! На запаветнай зямлі жывяце! І купецтва ўсё народ набожны, дабрадзейнасцямі многімі ўпрыгожаны! Шчадротамі і міласцінамі многімі!»

«Шчадротамі і міласцінамі» набітая торба жабрачкі -- гэта стружкі, якія жменямі сыпле Кабаніха. Набожная купчыха гаворыць і сыпле -- агульнай плынню, а Фяклуша збірае -- і ў торбу, а Глаша гэтымі стружкамі даверху набівае дарожныя чамаданы Ціхана. З такім багажом і накіруецца ў Маскву сынок. Шмат стружак напілуе, наточа са сваіх хатніх Кабаніха, на ўсіх хопіць і суседзям дастанецца.

У замкнёнай прасторы цёмнага царства адбываецца нейкая дзіўная аберацыя з часам. Ён спыніўся і згарнуўся сярод гэткага кругазвароту перараджэнняў, у якім існуюць героі спектакля. Тут мінулае самкнулася з будучыняй, будучыня перакулілася ў мінулае. У гэтае сіло патрапіла Кацярына, дакладней -- дзве Кацярыны.

Рэжысёр Дзяніс Фёдараў уводзіць у спектакль зусім нечаканы персанаж. Жанчыну можна назваць «сталая Кацярына». Прыгожая, сівая, з чорным шалем на плячах, яна з’яўляецца побач з маладой гераіняй у першым вялікім маналогу -- «Чаму людзі не лётаюць?». Паступова перахоплівае рэплікі ў маладой і распавядае пра шчаслівае дзіцінства, пра радаснае жыццё ў дзявоцтве. Знаёмы са школьных гадоў «праграмны» маналог гучыць у вуснах Веры Давыдзенка свежа, напоўнены асаблівым настальгічным сэнсам. «Чаму людзі не лётаюць?» -- расхінае яна чорныя апаленыя крылы сваёй хусткі, і ўгадваецца ў ёй Кацярына, якая не памерла, а засталася жыць. Такая Кацярына, далібог, трагічней за тую, што абірае іншы шлях. Маладая гераіня яшчэ раз сустрэнецца са сваёй «магчымай будучыняй» у кульмінацыйнай сцэне з ключом. Унутраны маналог-барацьба ператвараецца тут у лёсавызначальную спрэчку. Маладая выбірае ключ, сталая -- ідзе прэч.

Вера Давыдзенка з’яўляецца на сцэне яшчэ раз у вобразе вар’яткі Пані. Ды загадка застаецца неразгаданай: ці то рэжысёр не знайшоў выканаўцу на ролю звар’яцелай, ці то наўмысна накрэсліў зусім безнадзейную перспектыву «нераскаянай» Кацярыне. Выбірай, маўляў, дзяўчына: быць табе звар’яцелай Пані або юродзівай Фяклушай -- і адно гарачка, і другое балячка. І як бы ні гарэзнічала Варвара ў коле сансары, быць бы ёй, калі б не Кудраш, матчынай копіяй. Бо тут, дома, іншага шляху няма, а там, за плотам -- невядома.

Што за чалавек Кудраш (Дзяніс Сарока) -- сказаць цяжка. Рэжысёр Фёдараў тэкст п’есы ўсё ж купіраваў, маладому герою пакінуў столькі выхадаў, каб той паспеў з Варварай пацалавацца ды ўмыкнуць дзяўчыну ў далячынь невядомую. Кудраш і Шапкін увогуле падобныя, як сіямскія блізняты: высокія ды статныя, у меру гарэзлівыя, яны з’яўляюцца то там, то сям, слоў у іх мала, дзеяння, па сутнасці, ніякага, таму і атрымаліся героі з нявызначынымі характарамі. Не пашанцавала і Глашы, яна -- простафункцыя.

Тыя героі, якім крыху болей пашанцавала з характарамі, трапілі ў пастку прапанаваных абставін: у багне застойнага цёмнага царства нішто не жыве і не прарастае. Куды ўвайшоў, адтуль і выйшаў; якім ўвайшоў, такім і выйшаў. Ніводзін характар не дадзены ў развіцці: Варвара гуляе, Ціхан скараецца, Кабаніха ўсіх точыць, Дзікі буяніць. Усе добрасумленна дэкламуюць тэкст. Кулігін, напрыклад, маналог «Жорсткія норавы ў нашым горадзе» паўтарае тройчы і ўсё роўна не пераконвае. Ёсць у гэтым царстве-дзяржаве тупая змарнаванасць, бессэнсоўнае, бездухоўнае гібенне і асуджанасць. Жорсткасці -- няма.

Жорсткасць -- гэта сіла. Сілы няма ні ў кога, усе ахвяры. Рэжысёр не пярэчыць. Тамара Ляўчук іграе сваю Кабаніху, як завяшчаў Станіслаўскі, -- шукае, дзе ў злодзеі ёсць дабрыня, і знаходзіць: любіць дзяцей па-свойму, выхоўвае, як умее. Точыць, стружку здымае, патрабуе паслушэнства, цудоўна ведае, што ніхто яе не слухаецца, і не перажывае з гэтай нагоды. Адказаць на пытанне: «Чаго яна хоча?» -- немагчыма. Такое ўражанне, што і ў гераіні, і ў актрысы адна задача: старанна ўзнавіць тэкст, а там будзе, як будзе. У рэшце рэшт, тут кожны сам за сябе: і кожны вобраз, і кожны акцёр.

У спектаклі няма ансамбля, але самае цікавае, што пры такой трактоўцы ён і не патрэбны. Бо няма ні канфлікту, ні барацьбы, і зноў -- удача! Няма -- таму што не можа быць, усе асуджаныя з першых хвілін  на сцэне. Ёсць, праўда, супрацьстаянне жыццёвых пазіцый, іх вызначаюць Кабаніха і Кулігін. Абодва з’яўляюцца ідэалагічнымі праціўнікамі, яна -- «кансерватар», ён -- «прагрэсіст». Яна ведае дзве кнігі -- Біблію і «Дамастрой», ён яўна начытаны. Кулігін -- бадай што адзіны адукаваны чалавек у гэтым свеце невукаў. Герой Сяргея Пяткевіча выклікае сімпатыю яшчэ і таму, што ён наіўна бескарыслівы. Марыць зрабіць перпетуум-мобіле, прадаць яго англічанам, а мільённы ганарар выдаткаваць «на карысць грамадства». Што за цуд!

Яўнай рэжысёрскай няўдачай, думаю, з’яўляецца выбар Багдана Хоміка на ролю Барыса. Невысокі, хударлявы, інфантыльны, побач з прыгажунамі Кудрашом і Шапкіным ён відавочна прайграе. Варта зірнуць на ўсіх іх бабскім ацэначным вокам і здзівіцца: што Кацярына ў Барысе знайшла? Яшчэ адной загадкай мучылася я да канца спектакля: чаму Барыс з’яўляецца на сцэне ў мяху?

Уявіце сабе: выходзіць на сцэну «мумія». Чалавек, галава якога заматана ў аб’ёмны кавалак тканіны, ідзе, падае, узнімаецца, хістаецца, як п’яны, праз некалькі крокаў зноў падае. Яго асцярожна падымаюць Кудраш, Шапкін і Кулігін, размотваюць кокан-мех, зусім не здзіўляюцца, а ўважліва выслухоўваюць першы маналог Барыса пра тое, як ён жыў раней і як яму жывецца цяпер у дзядзькі… А потым напрыканцы спектакля, калі бязвольны Барыс пакорліва сігае ў дзірку і знікае ў цемры, Кацярына раптам знаходзіць пад драбінамі гэты аб’ёмны рулон тканіны, раскручвае яго і гледачы бачаць... парашут! Сапраўдны, са стропамі, з усімі неабходнымі раменьчыкамі... Выгукаючы словы апошняга маналогу, бязлітасна скарочанага рэжысёрам, дзяўчына разгортвае лёгкі шоўк, махае ім, як крыламі, бегае па сцэне, тканіна прыгожа надзімаецца, але не больш за тое. Калі ўрэшце гераіня разумее, што палёт не адбудзецца, яна захутваецца ў парашут, зацягвае стропы на шыі і ператвараецца... у мумію. Невідушчая і вырачаная Кацярына накіроўваецца за кулісы.

Заслона захінаецца, а думка пачынае ліхаманкава працаваць. Дык вось аказваецца што! Барыс і Кацярына -- прышэльцы. Я ж увесь спектакль думала, што! яны гэткія ж, як усе, -- пакорлівыя ахвяры цёмнага царства. Ды дзе там! Ён -- дэсантнік-парашутыст, закінуты да дзядзькі праз плот сваёй сям’і, а яна, відаць, не разумела, куды дэсантавалася... замуж. Вось і сустрэліся дзве адзіноты. Ну і прыдумшчык гэты Дзяніс Фёдараў! Мабыць, ён таксама дэсантнік.

Вера ШЭЛЕСТ