Што лічыць найбольш яркімі і значнымі падзеямі музычнага 2014 года? Калі звярнуць увагу на філарманічную прастору, дык гэта найперш міжнародныя форумы «Уладзімір Співакоў запрашае» і фестываль Юрыя Башмета. У сферы харэаграфіі бясспрэчнае лідарства мае, на маю думку, форум «Балетнае лета ў Вялікім», які сёлета адбыўся ўпершыню. Колькі слоў пра новыя пастаноўкі. Можна доўга спрачацца наконт таго, якая ступень эстэтычнай навізны і мастацкіх адкрыццяў увасоблена ў прэм’ерах опер «Рыгалета» і «Пікавая дама», балетах «Жар-птушка» і «Лаўрэнсія». Але яны выклікалі ў грамадстве розгалас і гарачыя спрэчкі. Справакавалі новы віток цікавасці да саміх жанраў, тэатра і ягоных салістаў. А ў выніку сталіся падзеямі культурнага жыцця.
А цяпер да тэндэнцый. На мой погляд, іх дзве — найбольш прыкметных і відавочных. І яны цесна звязаны адна з адной. Першая. Беларускае тэатральна-музычнае мастацтва ў асобах салістаў оперы, артыстаў балета, інструменталістаў упэўнена крочыць па ўсім свеце. Нашы выканаўцы паступова заваёўваюць усё новыя мастацкія тэрыторыі, усё больш прэстыжныя канцэртныя пляцоўкі, тэатры і аркестры.
Аксана Волкава спявае Кармэн не толькі ў Мінску, але і ў Бразіліі, Кітаі і Японіі. (У інтэрнэце пабачыла нечаканыя кадры: апанаваны страсцю кітайскі Хазэ горача абдымае беларускую Кармэн.) У мінулым сезоне наша мецца-сапрана выконвала ў «Метраполітэн-оперы» партыю Вольгі ў «Яўгене Анегіне». У новым сезоне, які распачаўся ў «Метраполітэн» восенню, увасабляе Санетку ў оперы «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (рэжысёр Грэм Вік). Барытон Ілья Сільчукоў выйшаў у фінал прэстыжнага тэлепраекту «Вялікая опера» расійскага канала «Культура». У журы праекта — спявачкі-зоркі Алена Абразцова і Галіна Калініна, мастацкі кіраўнік «Гелікон-оперы» Дзмітрый Бертман і знакаміты менеджар Іаан Холендэр.
Вялікі тэатр Расіі ўжо не ўпершыню «фрахтуе» Эдуарда Мартынюка, яго апошняя па часе партыя Самазванца ў «Барысе Гадунове». На той жа сцэне Юрый Гарадзецкі спявае партыю Феранда ў моцартаўскай оперы «Так робяць усе жанчыны». (Выснова: або ў велізарнай Расіі тэнараў катастрафічна не хапае, калі нашы ў такой ступені запатрабаваныя, або мінскія салісты лепшыя за ўласна маскоўскіх). Таццяну Траццяк запрасілі ў далёкі Іркуцк, дзе яна выконвае адну з галоўных партый у оперы «Вертэр» Жуля Маснэ. Вячаслаў Воліч дырыжыруе спектаклямі ў Маскоўскім музычным тэатры імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі.
Кацярына Алейнік сёлета ў маі завяршыла свой вашынгтонскі кантракт, а цяпер яе актыўна запрашае Нацыянальная опера «Эстонія»: балерына нядаўна выконвала там галоўную партыю ў «Спячай красуні». У той жа трупе як запрошаны саліст выступае Дзяніс Клімук, чый творчы лёс апошнія сезоны звязаны з Тэатрам Барыса Эйфмана. Самае цікавае, што Дзяніс танцуе ў Таліне класіку — разам з нашай былой салісткай Аленай Шкатула (цяпер вядучай балерынай трупы). А ў Мінску Клімука бачылі танцоўшчыкам выключна сучаснага рэпертуару, а не рамантычным прынцам. Прыклады можна доўжыць. Бо ім няма канца.
Пра другую тэндэнцыю. Сёлетні тэатральны сезон засведчыў, што рэжысёры-пастаноўшчыкі і балетмайстры амаль усіх музычных прэм’ер — асобы, запрошаныя з іншых краін. Калі «Жар-птушка», дык гэта расіянін Андрыс Ліепа. Калі «Лаўрэнсія», дык грузінка Ніна Ананіяшвілі. «Рыгалета» — эстонец Неэме Кунінгас. «Пікавая дама» — балгарын Пламен Карталаў.
Падобную тэндэнцыю можна разглядаць па-рознаму. Як неабходнае ўмацаванне культурных і тэатральных сувязяў. Як, натуральна, жаданне прадставіць публіцы розныя рэжысёрскія стылі, почыркі і манеры. А можна і як недахоп уласных «раскручаных» кадраў, малалікасць рэжысёраў музычнага тэатра? Ёсць яшчэ і падтэкст. Маўляў, чужых любім болей, чым сваіх. Хтосьці скажа, што ўсё гэта выпадковасць. Бо нашы пастаноўшчыкі актыўна працуюць і ў бліжэйшы час мы пабачым шэраг іх новых прац. Оперны форум адкрыўся прэм’ерай «Паяцаў» у пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ. Вясной будзе прадстаўлена ягоная версія «Царскай нявесты». У чэрвені зробімся сведкамі таго, як Галіна Галкоўская інтэрпрэтавала «Кармэн».
А размову я скончыла б на іранічнай ноце. Таму, хто падводзіць вынікі года, не трэба перабольшваць значнасць уласных высноў. Сфармуляваныя крытыкам, яны шмат у чым — суб’ектыўны погляд. У якім, праўда, адлюстроўваецца сітуацыя аб’ектыўная. Тэндэнцыя — рэч мо і не прыдуманая, але прывідная, у нечым ілюзорная. Як і музычна-тэатральны вобраз. Закрылася заслона — і ён знік, застаўшыся ў свядомасці гледача-слухача. Таму вельмі цікава: у наступным, 2015 годзе тэатральная рэальнасць умацуе гэтыя ж напрамкі? Або нязмушана і віртуозна іх абвергне?
Таццяна МУШЫНСКАЯ
МЕРКАВАННІ
Надзея Бунцэвіч:
На музычнай мапе Беларусі 2014-ы не пакінуў, як мне падалося, прынцыпова новых паваротаў нацыянальна-гістарычнага маштабу. Але яркія падзеі былі. І сярод іх — удзел знанага саліста Ільі Сільчукова ў міжнародным праекце «Вялікая опера» расійскага тэлеканала «Культура». Спявак заняў там 3-е месца, але выхад у фінал варты многага. Нашы рэжысёры не заўсёды бачаць у ім свайго героя, які будзе аднолькава добра спяваць і скакаць. Можа, па бегу ды акрабатычным выкрунтасам у школе на ўроках фізкультуры ў Сільчукова і не было выдатных ацэнак, затое па інтэнсіўнасці творчага росту пасля заканчэння Акадэміі музыкі ён відавочна наперадзе. І тое, як спяваў у праекце цягам двух месяцаў, — пераканаўчае пацверджанне. Ніякага «таннага» эпатажу, усё ўзважана і выверана да апошняй дробязі, як і мае быць у высокай класіцы. І пры тым што ні нумар — уласнае прачытанне, данесенае самім тэмбрам голасу, выразнасцю эмацыйна-сэнсавых спеўных інтанацый.
Што ж да станоўчых тэндэнцый, дык гэта заўважная актывізацыя кампазітарскай моладзі. Тут і Асацыяцыя маладых беларускіх кампазітараў пры Саюзе музычных дзеячаў — з усёй разгалінаванасцю ды крэатыўнасцю яе праектаў, і аб’яднанне «Мастацкі націск», што ладзіць канцэртную серыю «Новая камерная музыка», выпускае ноты і кампакт-дыскі.
Сярод расчараванняў — вынікі Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў музычных намінацыях. Няўжо «прынцыпова» наўмыснай безальтэрнатыўнасцю, закладзенай ужо Палажэннем аб правядзенні конкурсу, вырашылі настроіць супраць опер, балетаў і мюзіклаў усю агромністую тэатральную грамадскасць?
Святлана Гуткоўская:
Харэаграфічнае мастацтва ў Беларусі ў апошні час характарызуецца шматвектарнасцю развіцця. Творы ўзнікаюць у шырокай жанравай амплітудзе — ад спектакляў, вырашаных сродкамі класічнага танца, да балетаў на матэрыяле contemporary dance; ад нумароў у традыцыях народна-сцэнічнай харэаграфіі да кампазіцый сінтэтычнага характару. Апошнія ўключаюць, акрамя танцавальных, элементы цыркавога мастацтва, гімнастыкі, акрабатыкі ў злучэнні з аўдыё- і візуальнымі эфектамі.
У сферы сучаснай харэаграфіі адбываецца перыяд назапашвання, відавочная тэндэнцыя да новых адкрыццяў. Невыпадкова ў фінал XXVII Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску выйшлі сем твораў беларускіх балетмайстраў (два апынуліся сярод пераможцаў). Такога яшчэ не было, і гэта надзвычайны вынік. Спецыяльнай прэміяй экспертнай рады «За ўнёсак у развіццё беларускага contemporary dance» была адзначана Вольга Скварцова — мастацкі кіраўнік мінскай «SKVO’S Dance Сompany», спецыяльную прэмію журы «За таленавіты дэбют» атрымаў малады харэограф Валянцін Ісакаў з Гомеля. Не абыходзіць галіну сучаснага танца і Вялікі тэатр. Улетку прайшоў балетны фестываль, у межах якога беларуская публіка працягнула знаёмства з шэдэўрамі Джорджа Баланчына і іншых сусветна вядомых балетмайстраў. Восенню адбыўся вечар сучаснай харэаграфіі з пастаноўкамі знакамітага Раду Паклітару, якога Беларусь дагэтуль па праве лічыць сваім.
Адной з прыкмет мінулага года сталі юбілейныя канцэрты вядучых калектываў, якія прадстаўляюць жанр народна-сцэнічнай харэаграфіі. Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі — старэйшы прафесійны калектыў — адзначыў 55-годдзе. Беларускі харэаграфічны ансамбль «Харошкі» адсвяткаваў 40 гадоў з часу свайго стварэння, з нагоды чаго паказаў серыю канцэртаў.
Але ёсць і нагода для неспакою. Нельга не адзначыць, што нашы маладыя балетмайстры ўсё радзей звяртаюцца непасрэдна да мовы беларускага танца. Мовы, сфармаванай ва ўлонні народнай творчасці, якая развівалася на працягу вякоў і здабыла ў XX стагоддзі яркія сцэнічныя формы і разнастайнасць жанраў. У лепшым выпадку нам дэманструюць яе стылізацыю.
Святлана Берасцень:
Непаўторныя адметнасці: доўгачаканы фартэпіянны турнір «Мінск-2014»; першыя гастролі нашага Музычнага тэатра ў Екацярынбургу. Перамога кампазітара Аляксандра Літвіноўскага на «Ortus», міжнародным спаборніцтве новай музыкі ў ЗША; конкурсныя поспехі тэнара Паўла Пятрова; прарыў Ільі Сільчукова ў фінал тэлепраекта «Вялікая опера» на расійскім канале «Культура». Гучанне танга пад кіраўніцтвам 90-гадовага маэстра-юбіляра Міхася Солапава на яго творчым вечары; трохгадзінны канцэрт у гонар музыказнаўцы і асветніцы Іны Зубрыч...
Хранічныя непрыемнаці: для ўсіх акадэмічных жанраў няма Нацыянальнай музычнай прэміі. Практычна па-за ўвагай грамадства апынулася сімфанічная і камерна-аркестравая творчасць беларускіх кампазітараў — яе няма ў рэпертуарным актыве выканаўцаў, прэм’еры ладзяцца «для адчэпнага», айчынныя класікі амаль забытыя. Страчана былая сістэма выхавання дзяцей на ўзорах класічнай музычнай культуры і падрыхтоўкі дасведчанай публікі; працу па арганізацыі гледача ўскладаюць на выканаўцаў, якія не па сваёй волі ператвараюцца ў саматужных «камерсантаў» і вымушаны распаўсюджваць білеты на ўласныя выступленні, а калі запоўніць залу не ўдаецца, дык адмяняць канцэрт. Усцешвае, што апошнім часам у выпусках тэленавін пачала часцей з’яўляцца інфармацыя са сферы акадэмічнага мастацтва.
Вольга Баршчова:
Найбольш моцныя ўражанні ў сыходзячым годзе ў мяне звязаныя з выступленнямі асобных выканаўцаў у бягучых спектаклях і на вечарынах у камернай зале Вялікага тэатра Беларусі. У гэтым сэнсе нельга казаць пра падзеі ці пра тэндэнцыі, але адзначу бясспрэчны факт: галоўнае багацце беларускага Вялікага — гэта яго салісты. Новыя балетныя пастаноўкі «Жар-птушка» і «Лаўрэнсiя» пацвердзілі, што пакуль тэатр робіць стаўку на відовішчнасць і рэканструкцыі ў традыцыйным рэчышчы, а не знаходзіцца ў пошуку свежых эстэтычных рашэнняў.
Наталля Ганул:
Самае моцнае ўражанне на працягу тэатральнага года пакінулі спектаклі «Undergrоud» і «Жанчыны ў Рэ міноры» ў пастаноўцы Раду Паклітару («Кіеў мадэрн-балет»). Пранізліва, шматмерна, таленавіта! Падобная ломка акадэмічных стэрэатыпаў — у пазітыўным сэнсе — адбылася і на шэрагу камерных канцэртаў. Гэта «Тэорыя струн» цымбалісткі Веранікі Прадзед і праект ансамбля салістаў «Партыта», якія прадставілі цыкл вечароў барочнай музыкі. Хацелася б, каб у новым годзе і нашы оперныя і харэаграфічныя пастаноўкі былі прасякнуты здаровым духам эксперымента, пошукамі індывідуальнай мовы і сутыкненнем розных стыляў.