Венскі след у мінскай калекцыі

№ 11 (380) 01.11.2014 - 30.11.2014 г

Спробы атрыбуцыі
На партрэце прадстаўлены мужчына сярэдняга ўзросту, гладка паголены, у завітым парыку, апрануты паводле еўрапейскай моды ў шэры камзол з тонкімі сінімі рыскамі паверх чырвонай камізэлькі, зашпіленай на ўсе гузікі; з-пад рукавоў камзола бачны карункавыя манжэты кашулі, на шыі павязаны гальштук, плечы задрапіраваны сіняй накідкай.

Партрэтаваны выяўлены на фоне мальберта, дзе размешчаны эскіз будучага жывапіснага твора. Рукі ляжаць на альбоме малюнкаў з Рыма, пра што гаворыць тытул на італьянскай мове «Disegnai da Roma. Anno 1750», у правай руцэ — аловак. Усе згаданыя атрыбуты ўказваюць на тое, што чалавек на партрэце з'яўляецца мастаком.

У зборы Нацыянальнага мастацкага музея гэты твор захоўваецца пад нумарам КП-25847. Ён паступіў у 1999 годзе з Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, куды — як прадмет з даваенных фондаў Беларусі — вярнуўся з Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы ў 1988 годзе.

Паводле кнігі паступленняў асноўнага фонду, партрэт памерам 63,5×46,5 мае нявызначанае аўтарства, датуецца сярэдзінай XIX стагоддзя, быў рэстаўраваны ў Маскве.

Упершыню твор быў апублікаваны Надзеяй Высоцкай у альбоме «Жывапіс барока Беларусі», дзе пазначаны як «Партрэт мастака» і датаваны 1750 годам, то-бок — паводле згаданага вышэй надпісу (сам надпіс памылкова прачытаны, як «D. Fesnaї du Roma. Anno 1750»). Тут варта адзначыць, што адзенне партрэтаванага, выяўленыя прадметы, характар жывапісу і матэрыяльныя характарыстыкі твора сапраўды даюць падставу адносіць палатно да сярэдзіны XVIII стагоддзя. Таму, верагодна, дата, запісаная ў музейных дакументах, з’яўляецца памылковай.

Згаданая публікацыя замацавала «Партрэт мастака» ў кантэксце беларускага жывапісу. У музейнай экспазіцыі твор прадстаўлены ў раздзеле старажытнабеларускага мастацтва, сярод партрэтаў, якія адлюстроўваюць самабытныя традыцыі, густы і светапогляд прадстаўнікоў грамадства Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Пазней даследаваннем карціны займалася Вольга Бажэнава. Яна адзначыла характэрныя аўтапартрэтныя рысы, прааналізавала музейную дакументацыю. Меркаваным аўтарам і партрэтаванай асобай даследчыца палічыла нясвіжскага мастака Ксаверыя Дамініка Гескага. У той жа час аўтар атрыбуцыі звярнула ўвагу на значныя адрозненні дадзенага твора ад вядомых аўтапартрэтаў Рэчы Паспалітай сярэдзіны XVIII стагоддзя: «Аўтапартрэты мастакоў Рэчы Паспалітай сярэдзіны XVIII стагоддзя — Мірыса, Чаховіча, Малітора — сканцэнтраваны на ўнутраным псіхалагічным стане (уласны сацыяльны статус іх не цікавіў)».

Незвычайная рэпрэзентатыўнасць «аўтапартрэта Ксаверыя Дамініка Гескага» тлумачылася высокім палажэннем у грамадстве: мастак меў статус прыдворнага ў князёў Радзівілаў. На жаль, іншых партрэтаў Ксаверыя Дамініка Гескага для параўнання няма. Мала вядомая і біяграфія мастака, у прыватнасці дакументальна не пацверджаны факт знаходжання яго ў Італіі.

Наяўныя дакументы сведчаць пра з’яўленне партрэта ў Беларускім дзяржаўным гістарычным музеі каля 1921 года. Аналіз музейных паступленняў 1920-х, праведзены Вольгай Бажэнавай, выявіў, што ў гэты час многія творы перадаваліся з нацыяналізаваных сядзібаў былых Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў. Версіі наконт таго, што твор мог паходзіць з сядзібы Ленскіх у Суле, куды быў прывезены мастаком Зянонам Ленскім з навакольных Стоўбцаў, Нясвіжа ці Слуцка, з’яўляюцца дапушчэннем.

Такім чынам, музейныя дакументы не даюць падставы не толькі звязаць партрэт з іменем нясвіжскага мастака Ксаверыя Дамініка Гескага, але і адназначна аднесці яго да мастацкай спадчыны Рэчы Паспалітай.

У сувязі з гэтым набывае значэнне аналагічны твор, знойдзены намі ў прыватнай галерэі Барыса Вільніцкага ў Вене (Boris Wilnitsky Fine Arts). Па кампазіцыі ён надзвычай блізкі да партрэта са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, супадаюць і памеры. Тым не менш паміж партрэтамі ёсць пэўныя адрозненні, палотны з’яўляюцца варыянтамі. Так, на «мінскім» партрэце за спінай мастака на мальберце размешчаны толькі намечаны эскіз, у той час як на «венскім» — скончаны жывапісны твор (тэарэтычна дадзены факт можа сведчыць пра больш ранняе паходжанне варыянта з беларускага музея). На сайце галерэі Барыса Вільніцкага размешчаны артыкул, які тычыцца атрыбуцыі твора. Аўтар сцвярджае, што на партрэце выяўлены Ігнацый Унтэрбергер (Ignaz Unterberger, 1748—1797) — цірольскі мастак, а ўласна карціна магла быць напісана як ім самім, так і яго старэйшым братам Крыстафам (Christoph Unterberger, 1732—1798). Аднак пераканаўчыя доказы гэтай гіпотэзы не прыводзяцца, а ўвага чытача звяртаецца ў першую чаргу на стылістычнае падабенства з творамі згаданых мастакоў і фізіягнамічную блізкасць выяўленага чалавека са сваякамі Ігнацыя (партрэтаў самога Унтэрбергера, верагодна, не захавалася).

Вернемся да надпісу: «Disegnai da Roma. Anno 1750». На «венскім» варыянце партрэта слова «Disegnai» бачна не цалкам. Надпіс быў прачытаны як «Disegni da Roma» — «малюнкі з Рыма». Дадзеная акалічнасць дала магчымасць сцвярджаць, што аўтарства альбома не абавязкова належыць партрэтаванаму мастаку. Аднак на творы з Нацыянальнага музея слова «Disegnai» чытаецца адназначна. У італьянскай мове [io] disegnai — форма інфінітыва disegnare (маляваць) першай асобы прошлага часу і даслоўна перакладаецца як «[я] намаляваў». Таму, на нашу думку, на абодвух партрэтах мы бачым менавіта аўтара альбома, датаванага 1750 годам. Дадзены атрыбут паказаны мастаком невыпадкова і ўказвае на яго персону (узгадаем, што Ігнацыю Унтэрбергеру на той час было 8 гадоў).

У той жа час адзначым, што кампазіцыя, манера жывапісу, падкрэсленая параднасць, наяўнасць атрыбутаў сапраўды ў вялікай ступені набліжаюць наш твор да аўтапартрэтаў цірольскіх мастакоў. Больш таго, існаванне аналагічнага твора, які не бытаваў на беларускіх землях, з’яўляецца важкім аргументам, што абвяргае папярэднія спробы атрыбуцыі «Партрэта невядомага мастака» са збору Нацыянальнага музея.

Так ці інакш, далейшы пошук партрэтаванай асобы і адначасова аўтара партрэта працягваўся намі менавіта сярод цірольскіх мастакоў сярэдзіны XVIII стагоддзя. У выніку мы пераканаліся, што на партрэце выяўлены Франц Антон Цайлер (Franz Anton Zeiller, 1716—1794) — мастак, які нарадзіўся ў горадзе Ройтэ ў Ціролі, Аўстрыя. Паходзіў з сям’і гандляроў. Бацькі памерлі рана, таму яшчэ ў дзяцінстве хлопец быў узяты ў сям’ю мастака Паўля Цайлера, які адзначыў яго талент як жывапісца. Пасля смерці сваяка Франц Антон пакінуў родны горад і накіраваўся ў Аўсбург, дзе першым яго настаўнікам стаў выбітны мастак нямецка-аўстрыйскага ракако Ёхан Евангеліст Хольцэр. Пазней Цайлер працаваў і навучаўся ў Готфрыда Бернхарда Гёза, за два гады, праведзеныя ў яго майстэрні (1740—1742), здолеў назапасіць дастаткова сродкаў, каб завяршыць навучанне ў Італіі.

Франц Антон Цайлер жыў у Італіі амаль 10 гадоў і з’ехаў на пачатку 1750-х. У гэты час ён працягнуў сваю адукацыю ў Рыме (!), дзе навучаўся ў мастака італьянскага ракако Карада Джаквінта, у асноўным капіруючы творы свайго выкладчыка. Вядома, што па прыбыванні ў вечным горадзе Цайлер склаў «Эцюднік» («Skizzenbuch Franz Anton Zeillers»), які сёння захоўваецца ў Цірольскім нацыянальным музеі Фердынанда ў Інсбруку.

На той факт, што ў творчай біяграфіі мастака прысутнічае працяглы італьянскі перыяд, варта звярнуць асаблівую ўвагу ў сувязі з атрыбуцыяй партрэта. Як адзначалася вышэй, на асабістую прысутнасць партрэтаванага мастака ў Рыме ўказвае альбом малюнкаў («Skizzenbuch»?), які ён трымае ў руках, супадае і час прыбывання Цайлера ў Італіі. Пацвярджае атрыбуцыю і твор жывапісу, на фоне якога выяўлены мастак. Гэта фрагмент падрыхтоўчага кардону для «Катавання Св. Феліцаты» — роспісу касцёла ў бенедыктынскім кляштары Атабойрэн у Баварыі, завершанага Цайлерам у 1758 годзе. Наяўнасць «венскага» варыянта партрэта дазваляе меркаваць, што Цайлер некалькі разоў маляваў сябе на розных этапах стварэння аднаго са сваіх найвыбітнейшых твораў.

Такім чынам, зроблены значны крок у атрыбуцыі «Партрэта невядомага мастака» са збору Нацыянальнага мастацкага музея. Тое, што на ім выяўлены менавіта Франц Антон Цайлер, не выклікае сумневаў. У той жа час яго аўтарства вызначаецца ўскосна, паводле агульнай схемы, уласцівай аўтапартрэту, а таксама на падставе сціплага параўнальнага аналізу — у Нацыянальным музеі Фердынанда ў Інсбруку захоўваецца мініяцюрны аўтапартрэт Цайлера, на якім паголены мастак у завітым парыку, апрануты ў камзол і камізэльку, з накідкай-драпіроўкай на плячах, трымае ў правай руцэ пэндзаль, а ў левай — палітру. Дадзены партрэт вельмі блізкі па кампазіцыі да твораў, разгледжаных у артыкуле.

Станіслаў ЧАВУС