Сонца з патрэбнага боку...

№ 11 (380) 01.11.2014 - 30.11.2014 г

Дзяніс Раманюк пра абавязкі і творчыя амбіцыі
На сайце Дзяніса Раманюка я знайшла наступную фразу: «Працуе як выдавец, фатограф, дызайнер, этнограф і мастак». Часта дастаткова мець у сваім CV толькі адно падобнае вызначэнне, каб адчуваць сябе запатрабаваным у нашай арт-прасторы. Тут жа іх пяць. Пяць прафесій, пяць прызванняў. Маецца шостае, з якога мы і пачалі нашу гутарку. Пра яго згадваеш, як толькі трапляеш у майстэрню Дзяніса: гэта фактычна некранутае месца працы Міхася Раманюка. Таксама этнографа, таксама мастака. «З 1997 года працягвае справу свайго бацькі, прафесара Міхася Раманюка, па вывучэнні народнай культуры і этнаграфіі беларусаў. Ладзіць дзясяткі экспедыцый па тэрыторыі ўсёй Беларусі» — гэта зноў з сайта Дзяніса Раманюка.

«Я не мог не прыўнесці сюды сляды сваёй прысутнасці», — кажа Дзяніс пра майстэрню, і гэта праўда. На ўваходзе — вялікі стэнд са шматлікімі ўзнагародамі на кніжных конкурсах. Дзяніс — знаны кніжнік, кнігавыдавец. Вакол кнігі сёння закручваецца яго творчая біяграфія. Пра гэтае высокае і выкшталцонае мастацтва мы галоўным чынам і вялі гаворку...

Майстэрня засталася ад твайго бацькі — Міхася Раманюка. Тут яго рэчы, паперы, творы на сценах нібы і не перавешваліся. Ты захаваў абстаноўку — атрымліваецца, гэта больш мемарыяльнае памяшканне, чым месца тваёй працы.

— Без пытанняў, гэта — майстэрня Міхася Раманюка. Я прынцыпова нічога не мяняў. Усё, што вісела на сценах, засталося амаль такім жа. Выключэнні: я памясціў свой фотапартрэт з бацькам, зроблены ў экспедыцыі, а жонка Аста — мой здымак Вільні з пазнавальным для нас месцам, мы якраз непадалёку ад яго жылі. Усё.

Гэтая майстэрня, па сутнасці, метафара таго, чым ты зараз займаешся: працягваеш незавершаныя бацькавы праекты?

— Так, можа быць. Хацелася б рабіць больш. Я сам чалавек творчы і маю ўласныя амбіцыі. Таму існуе катастрафічная праблема: хочацца зрабіць сваё, а трэба бацькава, разумею, што яго справы важнейшыя.

Якія бацькавы пачынанні ты ўжо завяршыў?

— Выдаў кнігі пра крыжы, пра строі. Зараз хачу зрабіць рэмікс «Беларускага народнага адзення» — выдавецкага хіта 1981 года. Бацька памёр у 1997-м, уяўляеш, колькі яшчэ гадоў ён фатаграфаў, збіраў і класіфікаваў строі. Таму трэба з улікам гэтага матэрыялу і на іншым паліграфічным узроўні зрабіць новую кнігу. Сёння я ўжо за ўласныя сродкі адсканаваў каляровы архіў: усе бацькавы слайды адлічбаваны ў прафесійнай лабараторыі ў Літве. Пачынаю працу над макетам.

Як атрымалася, што ты перастаў займацца графікай? Ты ж закончыў Віленскую акадэмію, распачынаў навучанне ў нашай...

— Так, з беларускай Акадэміі мастацтваў мяне выкінулі. З чацвёртага курса станковай графікі. Тады я паступіў у Віленскую, прычым адбылося гэта ў апошнія дні Савецкага Саюза.

Што да перамены роду заняткаў... Памёр бацька, і пасля яго застаўся архіў. Ён пакінуў практычна завершаны альбом «Беларускія народныя крыжы», які прасіў падрыхтаваць да друку. Чым я і стаў займацца. Але ў некаторых главах не было здымкаў. Стаў гэтыя прабелы запаўняць. Я ўдзельнічаў у многіх экспедыцыях з бацькам і памятаў, якія кадры не былі зроблены ў розных месцах. Пачаў ездзіць і фатаграфаваць.

Я, праўда, здымаў і датуль, працаваў побач з бацькам у фоталабараторыі. Аднак як творчасць гэта не ўспрымаў. Першым маім арт-праектам была старая Вільня, бо пасля абвяшчэння Літвой незалежнасці ў сталіцы распачаўся глабальны еўрарэмонт. З натуральнай, этнаграфічнай, абшарпанай Вільню сталі рабіць глянцавай — тынкаваць, бяліць, фарбаваць. На маіх вачах горад пачаў губляць душу, сваю адметнасць. Верагодна, я маю асаблівы бацькаў ген, бо імкнуся зафіксаваць усё, што знікае. Віленская серыя стала першай маёй сур’ёзнай працай у якасці фатографа. Праз год пасля сканчэння тамтэйшай акадэміі ў мінскім Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбылася мая выстава «Аўтапартрэт на фоне Вільні».

Выдаўцом ты яшчэ тады не быў?

— Не, але ўжо пачаў рыхтаваць «Беларускія народныя крыжы», ездзіць у экспедыцыі і рабіць фатаграфіі, якія дадаваў у кнігу. Пасля я падрыхтаваў альбом, выдаў яго, прывёз, зрабіў сур’ёзную прэзентацыю і атрымаў на конкурсе кнігі тры вышэйшыя ўзнагароды.

І зразумеў, што гэта тваё...

— Зразумеў, што мне гэта цікава.

Дык вось, чаму я перастаў быць графікам... Мне здаецца, што ўсё выяўленчае мастацтва займаецца паўторамі: мы ўсе іграем джаз, адну і тую ж мелодыю, толькі кожны са сваімі нюансамі. І стаць яшчэ адным графікам сярод тысячы іншых... Рабіць кнігі падавалася важней. І нікому не трэба тлумачыць, што кожная такая кніга — унікальная. Асабліва — спадчына Міхася Раманюка, нацыянальны здабытак. Калі я быў мастаком, існавала праблема пошуку кліента. Яго трэба было прымусіць прыйсці ў майстэрню, станцаваць перад ім, як Сяргей Харэўскі кажа, танец з пёрамі. Гарбата, пірожныя, каньяк. А ён яшчэ нічога і не набудзе. Гэта прыніжэнне. Ты ўвесь час павінен даказваць, што твой твор круты і таму столькі каштуе. А тут нікому нічога не трэба тлумачыць. Усе разумеюць, што гэта каштоўнасць. Мая задача — надаць форму матэрыялу. І што для мяне асабліва важна: я зарабляю грошы па спецыяльнасці. Выдавецкая справа і фатаграфія — праца па спецыяльнасці.

У час, калі рабіў кнігу пра крыжы і віленскі праект, я маляваў. Так проста гэту справу не кінеш, столькі ж вучыўся: мастацкая школа, інтэрнат, акадэмія. Прыходзіў у бацькаву майстэрню, працаваў і выстаўляўся як графік.

Пасля «Крыжоў» выдаў аўтарскі альбом «Беларусь»...

Ты мэтанакіравана робіш фатаграфіі для кожнага альбома ці тэма праступае паступова?

— Тады я проста здымаў, што мне падабалася, так набраліся фатаграфіі на пэўныя тэмы. «Беларусь» з’явілася праз два гады пасля «Крыжоў». Кніга пра ўсё, у мяне не было ўласнага архіва, таму я браў і фотаздымкі сяброў, але ідэя, тэксты, макет — мае. Выданне мела камерцыйны поспех, зразумела, пра мастацтва рэч не ішла. Тут знакавыя вобразы: Нясвіж, Нарач, саломка, веткаўскі абраз, народны строй.

Праз год, у 2003-м, выдаў бацькавы малюнкі, зрабіў кнігу «Беларускія народныя строі». Невялікі падарункавы альбомчык, за які атрымаў вышэйшыя ўзнагароды на конкурсах кнігі, у тым ліку і ў Маскве. Мне як творчаму чалавеку гэта было прыемна.

Тады я і перастаў маляваць: кнігамі займацца стала цікавей. Пачаў фатаграфаваць ужо з разуменнем таго, што раблю гэта для нейкага выдання. Прыйшло ўсведамленне, што мой твор — гэта кніга. Аўтарская кніга. Тое, што я раблю, успрымаю шырэй — як вобраз жыцця. Мне падабаецца сафарыць па Беларусі, фатаграфаваць краявіды.

Ідэальная фатаграфія для цябе гэта што? Што павінна скласціся, каб здымак патрапіў у кнігу?

— Мая фатаграфія — не канцэптуальная. Гэта тое, што мы бачым. Пасярэдніка быць не павінна: глядач і здымак.

Пасярэднік — гэта твой погляд, усё ж ты расстаўляеш акцэнты, выбіраеш рамку для краявіду.

— Рамку — так. Мне важна, каб чалавек адкрыў кнігу і ўбачыў прыгожы здымак. І гэта я шукаю — месца, стан, вобраз. Правільны час дня, асвятленне, патрэбную пару года.

Прыязджаю і чакаю. Па пяць-дзесяць разоў магу наведваць адно і тое ж месца, пакуль не злаўлю тое, што мне трэба: яно павінна раскрыцца ў сваёй максімальнай прыгажосці. Нешта адкрываецца табе вясной, а нешта ўвосень, адно атрымаецца з туманам, іншае з разлівам. Занатоўваю, калі на яго звярнуць увагу: захад, світанак. Сонца павінна быць з патрэбнага боку. Не заўжды ўгадваю, прыязджаю яшчэ раз. Стаіць у прыгожым месцы груша, але без квецені, тады прыеду вясной, калі заквітнее. Ці ўвосень, калі плады з’яўляюцца...

Ты робіш выбар як графік...

— Малюю, так.

Цікава, калі б ты графіку не кінуў, што б з табой адбывалася...

— Не ўяўляю, сам пра гэта думаў. Як мастак кнігі я дамогся таго, што раблю тое, што лічу патрэбным. Ніхто не радзіць мне, якая павінна быць вокладка ці шрыфт, што прыбраць ці дадаць з фотаздымкаў. Гэта самае вялікае маё задавальненне: рабіць так, як хачу.

Добра, што там у нас далей?..

— Далей: у 2003 годзе я — не памятаю, чаму і як — трапіў у чарнобыльскую зону. Яна тады не была так ізалявана ад выпадковых наведнікаў, як цяпер. Заехаў у бацькаву вёску, дзе я да Чарнобыля школьнікам праводзіў лета. Бегаў басанож па траве, грыбы, ягады, рыбалка — увесь набор дзіцячага шчасця. І трапіў у неверагодныя джунглі. Перажыў гэту трагедыю праз сябе: Чарнобыль стаў рэальнасцю. Пакуль не атрымаў такі ўдар токам — не асэнсаваў. І я вырашыў падняць гэту тэму праз кнігу. Пачаў здымаць. Тады ж падлічыў: у 2006-м — праз тры гады — будзе 20-годдзе Чарнобыля, што магло б гэтаму альбому аблегчыць нараджэнне. Паставіў сабе мэту, і тры гады без перапынку працаваў. А трэба было адзняць, падабраць фатаграфіі, напісаць тэксты, зрабіць макет і знайсці грошы. І ўсё гэта я рабіў, жывучы ў Вільні. І зрабіў: атрымаў Гран-пры ў Маскве і вышэйшыя ўзнагароды на нацыянальным конкурсе. Для мяне гэта самая важная кніга, і гэта — сапраўды — канцэптуальны высокамастацкі твор.

У кнігі тры аўтары, бо я разумеў, што адзін не выцягну. Не здымаў я дзяцей у анкалогіі, Анатоль Кляшчук зрабіў гэта неверагодным чынам. Здымкі прыроды — Ігара Бышнёва.

Акрамя закладзенай канцэпцыі, у кнізе ёсць гісторыя, якая развіваецца...

— Так, гэта не проста фотаальбом. Першая глава — «Прырода» — пачатак. Наступныя — «Народ», «Гісторыя» і «Чалавек», той, хто пакутуе найбольш. Для прыроды Чарнобыль — падарунак, яна вярнула сабе назад усё некалі забранае. Тэма раскрываецца і праз здымкі, і праз тэксты, напісаныя мной, Бышнёвым і Клешчуком — кожны пра свой раздзел. І праз кампазіцыю кніжных разваротаў. Вось ткала жанчына ручнік, і зараз ён у закінутай хаце — такія здымкі на правай і на левай старонках. Здымак ссохлай бярозы і дзіцячая ручка ў анкалогіі, розныя наборы сімвалаў паўстаюць адначасова. Запіс брагінскай метэастанцыі, калі зафіксаваны выбух. Як людзі там жылі — архіўныя здымкі, некаторыя — перад выбухам за некалькі дзён. Знайшоў нават вяселлі таго дня (а гэта была субота). Першыя публікацыі ў прэсе. Ліквідацыя. Адмыслова рабіў фатаграфіі людзей, якія там нарадзіліся ў дні чарнобыльскай аварыі. І напрыканцы — квітнее сад, чакае чалавека.

Пасля доўга не мог нічога пачаць. Неўзабаве выдаў прыгожы альбомчык пра поры года на Беларусі.

Як у гэтым альбоме вырашаны развароты! Вялікі здымак і як працяг гісторыі — невялікі аб’ект буйным планам. Дасканала паводле фармальнай кампазіцыі.

— Так, выдавецтвы гэтым не «грузяцца».

Той факт, што я адначасова і фатограф, і аўтар кнігі, дае мне вялікія магчымасці для творчасці. Вось адна і тая ж рака Піна — здымак на левай старонцы зроблены з аднаго берага, на правай — з супрацьлеглага.

Пасля я заўважыў, што маю шмат прыгожых кадраў з вадой, выкарыстаў зацяганы штамп «сінявокая Беларусь» і напоўніў яго візуальным зместам. Падчас макетавання зразумеў, што патрэбны тэксты. Я хачу, каб атрымлівалася нейкая гісторыя, не проста стаўлю кадр за кадрам, а так, каб наступная старонка перагортвалася асэнсавана. Напрыклад, я сфатаграфаваў кабылу з жарабяткам на востраве, але як яны туды трапілі — у кіламетровы разліў на выспе? Аказваецца, да таго, як разлілося Дняпро, цяжарная кабыла збегла, нарадзіла, і цяпер гадуюцца абое сабе на волі.

Я б сказала, што твае фотагісторыі ў гэтай кнізе — кінематаграфічныя. Не адчуваеш абмежаванні кадра?

— Розныя сітуацыі ў кадр трапляюць. У фатографа можа быць велізарны тэкст і малюсенькі здымак. Захапляюся Ігарам Саўчанкам: убачыш яго фотаздымкі без тэксту — нават увагі на іх не звернеш, але калі прачытаеш подпіс, усё робіцца асэнсаваным.

А ў яго яшчэ ёсць тэксты без здымкаў. Апісанні месца, стану, ледзь не кірунку погляду — вербальнае фатаграфаванне ў чыстым выглядзе. Памятаю, ты як фатограф удзельнічаў у выставах галерэі «Nova» канцэптуальнымі творамі...

— Так, даволі смелымі. Верагодна, гэта быў адзіны выпадак у дзейнасці галерэі, калі мой здымак не рашыліся паказаць.

Бо занадта радыкальная ідэя была ў тваіх «ню». Вось такі ён, Дзяніс Раманюк, — крэатыўны фатограф, эстэт і выбітны майстар кнігі!

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва