Табакоў і Зудзіна прынеслі апошнюю ахвяру

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

У МХТ імя А.П.Чэхава Юрый Яромін паставіў «Апошнюю ахвяру» па п’есе А.Астроўскага з Алегам Табаковым і Марынай Зудзінай у галоўных ролях. Гэты спектакль -- удача тэатра.

 /i/content/pi/mast/6/144/Tabakov1.jpg
 А.Табакоў (Прыбыткаў), М.Зудзіна (Юлія).
«Апошняя ахвяра» -- спектакль грунтоўны, ён, так бы мовіць, дыхае роўна, з доўгімі паўзамі. Ю.Яромін, які незадоўга да гэтага выпусціў правальную прэм’еру ў РАМТе -- нібы сказаўшы акцёрам: «Пайшлі туды, не ведаю куды» (і яны, канешне, пайшлі) -- тут спрацаваў якасна і выразна. І ўсе ведалі, куды ідуць і чаго шукаюць -- нават у сцэнах масавых.
Як амаль заўсёды ў Астроўскага, галоўным пабуджальным матывам, самаахвярнай (і часта безадказнай) страсцю герояў з’яўляюцца грошы. Ёсць і перажыткі мінулага, якія пра каханне ляпечуць, -- у прыватнасці, гераіня Марыны Зудзінай Юлія Тугіна. А Прыбыткаў (Алег Табакоў) -- дзялок буйны, закаханы ў Тугіну, і ён вельмі добра ведае, які капітал патрабуецца для набыцця шчасця. Ён не памыляецца. Яромін стварае жорсткую структуру -- па рытме і вонкавым абліччы, і адчуваецца ў спектаклі не тое каб асуджанасць усіх герояў, а непазбежны жыццёвы шлях, які ім давядзецца прайсці, і шлях невясёлы. Паспяховых не будзе, шчаслівых не будзе -- хтосьці не зможа сябе прадаць, хтосьці прадасца больш танна, чым разлічваў, ды толькі калі і ўдасца выгадна ўкласці сваё цела, дык і тут радасці будзе мала. А той, хто купляе, ужо і ілюзіі ўсялякія страціў, проста і паважна спажывае тое, што выклікае апетыт.
Адзінае, што ў спектаклі МХТ нагадвае аб прасторы, дзе не так душна, -- музыка. На сцэне то рэстаран, то дом Юліі Паўлаўны, то кабінет Прыбыткава (Алег Табакоў). Рэжысёр і акцёры мудрагеліць не сталі. Напрыклад, калі гераіні Зудзінай паведамляюць пра здраду жаніха, гучыць музыка сумная і пасля паўзы чуецца голас Зудзінай: «Як жа так?» -- усё гэта дзейнічае на залу безадмоўна. Бог з імі, з навацыямі; у рэшце рэшт, сумленная акцёрская ігра, несамаўлюбёная рэжысура -- ужо амаль падзея. І калі адчыняюцца дзверы дома Юліі Паўлаўны, чуваць -- за сценамі завея, і калі прыходзяць з вуліцы, дык страсаюць з адзення снег. Над сцэнай справа -- фотаздымкі заснежанай Масквы, яны змяняюцца раз-пораз. Гэтыя фотаздымкі, асвятляльныя колы над сцэнай і абстрактная карціна, якая вісіць у кабінеце Прыбыткава, -- адзіныя прыкметы тэатра, скажам груба, умоўнага. Астатняе -- сумленна, выразна і шчыра. Без забаў.
 /i/content/pi/mast/6/144/Tabakov2.jpg

 А.Табакоў (Прыбыткаў).


Алег Табакоў іграе ролю гаспадара жыцця вельмі пераканальна, інакш і быць не магло. Прыхільнасць Прыбыткава да Тугінай, аднак, выбівае яго з сядла: калі яна падыходзіць да яго, ён інстынктыўна яе абдымае, яна адскоквае -- і ягоная рука ловіць яе шалік. Хоць, канешне, сантыментам у жыцці Прыбыткава месца адведзена няшмат. Толькі па раскладзе, толькі з ветлівасці. І таму імгненні, калі ён раптам падпарадкоўваецца пачуццям, уражваюць.
Трактоўка Алега Табакова іншая, чым, скажам, у Масквіна, які на сцэне МХАТа сыграў Прыбыткава. Гэта быў высакародны, з сівізной, джэнтльмен, амаль што выратавальнік Тугінай. У спектаклі Яроміна, дзе адбываецца вытанчанае і ветлівае ўзаемапажыранне, Прыбыткаў цудоўна «рыфмуецца» з жыццём, якое кіпіць наўкол: ніякага дысанансу, ён проста выконвае вядучую партыю. Наўкол: Лука Дзергачоў (Раман Кірылаў) -- маленькі і мізэрны, здаецца, ягонае месца -- у некага за пазухай, але ж надта ён несамавіты, ніхто яго за пазуху не возьме; Салай Салтаныч (Ігар Залатавіцкі) -- драбнейшы за Прыбыткава, не гаспадар жыцця, а хутчэй гаспадарок, але таксама маху не дасць; Вадзім Дульчын (Сяргей Калеснікаў) -- прыгажун, сэрцаед, мітусіцца ў пошуках багатай жонкі; Ірына Лаўраўна (Дар’я Юрская), закаханая ў Дульчына шчыра і палка -- але да той секунды, калі даведваецца, што прыгажун не багаты... І яшчэ нейкія пустагаловыя фаты, хлуслівыя цётухны, закаханыя ўдовы -- кожны, хоць і нядоўга стаіць на сцэне, уносіць сваю лепту ў стварэнне гэтага асяродка.
У спектаклі адчувальны асаблівы лёс -- ён хатняй, кухоннай уласцівасці, але ад гэтага не менш жорсткі: ажэнішся з багатым (багатай), а калі не атрымаецца, локці кусаць будзеш, усхліпваючы на людзях пра высакародства сваё. Або заварушыцца сумленне, нягоднікам быць неяк моташна стане, а хвілін праз дзесяць -- гітару ў рукі, цыгарэту ў зубы і бунт скончаны.
 /i/content/pi/mast/6/144/Tabakov3.jpg
 М.Зудзіна (Юлія), С.Калеснікаў (Дульчын).
Меерхольд, які паставіў Астроўскага ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя, вызваліў сцэну ад бытавых падрабязнасцей яшчэ і таму, што хацеў пазбегнуць апраўдання герояў драматурга ладам жыцця, які б выяўляўся ў дапасаванасці рэчаў адна да адной, іх злучанасці -- маўляў, не ўчора пачалося, не заўтра скончыцца, ты толькі жывая пастава сярод гэтых шафаў ды крэслаў. Гэта значыць ён меўся, апрача іншых задач, знішчыць аналогію «лёс -- быт» (або «лёс -- уклад») і зрабіць акцэнт на волі чалавека. Па апошніх спектаклях паводле п’ес Астроўскага, у тым ліку па спектаклі МХТ, і не скажаш, што волевыяўленне магчыма.
Фіналы п’ес Астроўскага вельмі часта псеўдашчаслівыя. Герояў раптам асыпае грашовы дождж; хтосьці дасягае мэты -- невысокай, але сваёй; або раптам у галоўным героі зноў прачнецца сумленне і ён паабяцае адрадзіцца для сумленнага жыцця. Але гэтыя фіналы, па сутнасці, такія ж сумныя, як, скажам, развязкі «Навальніцы» або «Беспасажніцы». Выпадковы грашовы дождж мог бы праліцца зусім над іншымі людзьмі, а значыць, недзе гэтыя ападкі не выпалі і пра шчасце там гаварыць марна. Такога роду выпадковасць не адмяняе парадку рэчаў і размеркавання сіл, а толькі падкрэслівае іх. Таму гэтак часта ў Астроўскага: чым больш радасны фінал, тым больш сумны. Канец спектакля Яроміна пазбаўлены нават гэтай дваістасці. Прыбыткаў і Тугіна сыходзяць са сцэны, і на экране мы бачым іх твары буйным планам. Потым -- толькі твар Тугінай. Яна цяпер ведае праўду, але, як кажуць, «праўда -- добра, а шчасце -- лепш». Апошняя ахвяра Тугінай у тым, што яна гэтай праўдзе жыцця падпарадкоўваецца. А яе былы жаніх даводзіць, што працягне пошукі багатай нявесты. Знойдзе.
Газета. 17 снежня 2003г.