Эвалюцыя зроку

№ 11 (380) 01.11.2014 - 30.11.2014 г

Выстава жывапісу Рыгора Несцерава «Імкненне да абсалюту»
Замест уступу — прытча. На ўзгорку перад вялікім горадам сядзеў мастак і маляваў яго з вышыні. Падарожныя бачылі творцу штодзень і штогод на тым самым месцы з незавершанай карцінай, бо мастак пісаў яе зноў і зноў, пакуль праходзіла яго жыццё.

Ён ужо зусім пасівеў і згорбіўся над мальбертам, калі адзін цікаўны пілігрым, што даўно назіраў за дзіваком, спытаў, чаму той ніяк не скончыць працу. На гэта майстра адказаў, што ў яго ёсць мара перанесці на палатно кожную дробязь штодзённага руху горада. Але гэта немагчыма. «Пакуль я напружана працую і не гляджу вакол, рэальнасць мяняецца, і калі я зноў падымаю вочы ад карціны, перада мной ужо іншы горад! Даводзіцца маляваць нанава...» «Калі падымаеш вочы... — задумаўся пілігрым. — Слухай! Кінь бясконца чапляцца за няўстойлівы пейзаж, вазьмі люстэрка і намалюй свае вочы! Яны бачылі горад з усімі яго зменамі, так? Складзі разам усе гэтыя вобразы і атрымаеш патрэбнае табе імгненне. Яго адбітак — у тваіх вачах...»

Сэнс прытчы адсылае да аднаго з прызначэнняў мастацтва — спараджаць летапісы часу, таго гістарычнага асяродку, у якім існуе аўтар. Час, у якім ён творыць, і месца, дзе ён жыве і самавыяўляецца, майструюць самога творцу. Гэты ўзаемны працэс з кірункам на дасканаласць і замацаванасць выніку атрымоўвае, такім чынам, аўтафіксацыю — яго сведчаннямі і каштоўнымі набыткамі становяцца творы мастацтва. Яны ёсць і летапісамі, і аўтабіяграфіямі. Адной з вяршынь гэтага працэсу з’яўляецца кропка, дзе погляд праз сябе на сусвет набывае ідэальную збалансаванасць, раўнапраўны саўдзел двух позіркаў — вонкавага і ўнутранага.

У адрозненне ад шляху рэвалюцыі, хуткага, але дэструктыўнага, што раптоўным выбухам неасцярожна забівае і калечыць сваіх жа прыхільнікаў, шлях эвалюцыі марудны і больш працаёмкі. Ён не падыходзіць нецярпліваму чалавеку, але ўласцівы прыродзе: яна не бунтуе, не робіць над сабой гвалт, а перараджаецца на лепшае. Сапраўдныя мастакі — блізкія да прыроды людзі, яны маюць талент сузірання, вучацца ў яе і творчасцю будуюць масток паміж памяркоўным, мудрым духам стыхіі і неспакойнай душой чалавека.

Такім творцам з’яўляецца Рыгор Несцераў. Эвалюцыя яго мастакоўскага зроку адбываецца ўжо пяцьдзясят год — столькі доўжыцца яго прафесійная дзейнасць. Лідар аб’яднання мастакоў «Арцель», прызнаны беларускі жывапісец нарадзіўся ў 1939 годзе, у 1967-м скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, сённяшнюю Акадэмію мастацтваў. Рыгор Несцераў з’яўляецца сведкам падзей другой паловы XX стагоддзя, злому грамадска-палітычнага ладу, спробаў захавання былога пачатку і развіцця XXI стагоддзя з яго ўласнымі глабальнымі і лакальнымі драмамі. Змены часоў і настрояў у беларускім грамадстве, у мастакоўскіх колах на радзіме і за яе межамі мастак перажываў асабіста. Яго працы неаднародныя па форме і змесце, кожная выдае сваю прыналежнасць да пэўнага часу, выканана ў характэрнай для яго на тым этапе стылістыцы і мае агульна-гістарычную і аўтарска-ўзроставую пазнаку.

Збор прац трох перыядаў творчасці склаў персанальную выставу з назвай, што адсылае да тэрміналогіі ўсходніх духоўных вучэнняў — «Імкненне да абсалюту». Дарэчы, гэта першая выстава, якая прэзентуецца ў новаспечанай галерэі «ДК» Кацярыны Давыдавай. Невялікая (крыху больш за 100 кв. м.) для экспазіцый зала не ў стане ўмясціць маштабны праект: карцін магло быць больш. Абяцанае Несцеравым супрацьпастаўленне частак выставы ператварылася ў іх барацьбу за месца, бы ў крамнай чарзе па дэфіцытны прадукт. Аднак задуму варта ўхваліць, бо сапраўды цікава было аглядаць працы дваццаці-, трыццаці-, саракагадовай даўніны, параўноўваць з сучаснымі творамі Несцерава, здзіўляцца таму, што ва ўсіх адзін аўтар, адсочваць агульнае, аналізаваць змены...

Падчас адкрыцця выставы Рыгор Несцераў расказаў: «Прадставіць тры этапы маёй творчасці — ідэя арганізатараў. Самы ранні — 1960—1970-я гады — рэвалюцыйны. У Францыі адбывалася студэнцкая рэвалюцыя, у Амерыцы ўспыхвалі негрыцянскія бунты, у Маскве — дысідэнты і Бульдозерная выстава. Мінск таксама не застаўся ўбаку, і ў маіх працах гэтыя настроі ўвасобіліся. Пасля былі расчараванні і надышоў так званы “брэжнеўскі застой”. Мае нацюрморты 1980-х — вынік страты веры ў ідэалы юнацтва, спроба абаперціся на простае жыццё, на прозу і быт, на рэаліі паўсядзённасці. А вось творы апошніх гадоў увасабляюць пераход ад вузкага паняцця рэалізму да больш шырокага яго разумення, да рэчаіснасці, падуладнай вечнасці, цэламу, гармоніі, адрынутай XX стагоддзем. Гэта тое, што я цяпер спрабую адрадзіць, у чым, можа, не супадаю з пануючымі ў сучасным мастацтве тэндэнцыямі».

Храналагічна этапы тры, але насамрэч выстава выглядала выразна падзеленай на працы мінулага стагоддзя і новыя творы — падагульненне папярэдніх знаходак і іх працяг.

Карціны перыяду «другога авангарду» (1960—1970-я) — пошук арыгінальнай формы ў форме, лаканічнага акцэнту, кароткага, ёмістага выказвання ў экспрэсіўным вобразе. Сканцэнтраванасць, напружанасць розуму, рух...

Наступны этап характарызуе засяроджанасць на знаёмым, на немудрагелістай, чыстай прыгажосці звыклых рэчаў. Нацюрморты з серыі «Прыняцце рэальнасці» (1980-я) перадаюць настрой штылю пасля бурлення эмоцый маладосці. Аголеныя жоўты і чырвоны сцішыліся да паўтонавых бэжавага і барвовага, адценняў шэрага і карычневага. Плакатнасць саступае рытмічнаму, фатаграфічнаму жывапісу: рассыпаная на дошках бульба, галінка з гронкамі рабіны, нібы расколіна, вертыкальна «праразае» кадр, пэндзлі выдаткавалі полымя і адпачываюць на стале.

Сённяшні перыяд творчасці — нібы цёплы, лагодны вечар. Белая смуга — быццам вэлюм, накінуты на сусвет, размыла контуры матэрыяльнага, дазволіла патануць мімалётнаму ў вечным, зліла іх у адно і пазбавіла межаў. Чалавечая постаць тут часцей адзінокая, маленькая, але не згубленая ў вялізным абшары, а клапатліва агорнутая абсалютам («Святло поўні», «Перліна»). Гэта напамін пра тое, што мы не выгнаны з раю, проста часова страцілі зрок. Мы заўсёды можам вярнуцца. Імкнуцца да абсалюту не забаронена.

Метафізіка вобразаў несцераўскіх прац апошніх гадоў не пужае складанасцю і незразумеласцю, крыштальны тонкі сэнс, здаецца, магчыма ўдыхнуць, стаць назаўжды свабодным. Нічога лішняга: мяккае мігценне святла, нетаропкія водныя хвалі, велічны паветраны купал і жывыя істоты, што існуюць у пяшчоце і спагадзе.

За творамі хаваецца філасофская канцэпцыя, на аснове якой Рыгор Несцераў выбудаваў уласную тэорыю заканамернасцей храналогіі развіцця мастацтва. Цытата з яго кнігі «Гадзіннік гісторыі» — нібы падсумаванне творчых пошукаў, эвалюцыі яго зроку: «Гісторыя чалавецтва павінна разглядацца як жыццё аднаго арганізма, а жыццё індывіда — як здзяйсненне жыцця ўсяго чалавецтва».

Паліна ПІТКЕВІЧ