Разарваць рамкі несвабоды

№ 11 (380) 01.11.2014 - 30.11.2014 г

Старыя айчынныя драматычныя тэксты маюць сімпатычныя асаблівасці. У іх ёсць выразны сюжэт, матывацыя ўчынкаў, блізкія нам па даходах і ладзе жыцця людзі. Прыйдзе глядач на такі спектакль і адразу адчуе, што вакол усе свае. Цяпер у новых п’ес іншая эстэтыка. Яе добра засвойвае тэатральная моладзь. Сярэдняе і старэйшае пакаленні настальгічна ўздыхаюць і сумуюць. Па чым? Па яснасці.

Расійскім аўтарам Пятром Гладзіліным, вельмі папулярным у канцы мінулага стагоддзя, зацікавіліся і ў Беларусі. У гэтым сезоне яго п’еса з’явілася ў Гродна. Цяпер у Маладзечна. На пастаноўку «Афінскіх вечароў» Мінскі абласны драматычны тэатр запрасіў з Віцебска Валерыя Анісенку. Мэтр прызнаўся, што раней з п’есай не быў знаёмы. Калі прачытаў, знайшоў у ёй мноства вартасцей і з энтузіязмам узяўся за працу. Радасці дадалі маладзечанскія акцёры — сваёй зацікаўленасцю, уменнем працаваць і вырашаць складаныя задачы.

У простай сямейнай гісторыі пяць дзейных асоб: бабуля, маці, бацька, васямнаццацігадовая дачка і яе каханы, якому строгі бацька не жадае аддаць дачку ў жонкі. Уласна, вакол гэтай сітуацыі і развіваюцца галоўныя страсці.

Анісенка прыдумаў лірычнае і дасціпнае вырашэнне п’есы. Ён нібыта піша акварэльнымі фарбамі. Усё лёгкае і паветранае, без побытавых падрабязнасцей і нагрувашчаных дэкарацый. Пяць крэслаў на колцах раз’язджаюць па сцэне, пазначаюць месца дзеяння. Валерый Анісенка не ставіў задачу разбурыць прастору тэатральнага Маладзечна і каго-небудзь здзівіць. Выключна праз акцёраў ён пераканальна распавядае пра тое, як у сямейным жыцці можна перакрочыць праз свае ўнутраныя праблемы і набыць гармонію. Магчыма, свет гэтай сям’і невялікі. Але вельмі паказальны. Акцёры быццам выйшлі з глядзельнай залы, а потым вярнуліся ў неба, пры гэтым зрабіліся больш разумнымі па волі драматурга, больш блізкімі і зразумелымі па волі рэжысёра.

Дый сапраўды, навошта такой простай і празрыстай п’есе якое-небудзь постмадэрнісцкае прачытанне? Анісенка распрацоўвае сцэнічную карціну праўдзівасці чалавечых пачуццяў. Нечакана з пагаслымі сафітамі і брэхам сабак урываецца ў спектакль тэма сталінскіх рэпрэсій. Нагода мізэрная — усяго толькі дваранскае паходжанне бабулі, народжанай Растапчыной. Банальную драматургічную сітуацыю можна было б і адкінуць, але тады відавочна збяднеў бы вобраз бабулі Ганны Паўлаўны. Можна было б прыбраць са спектакля крыху зацягнуты эпізод выпрабавання жаніха Антона на вечнае каханне. Тады зніклі б некаторыя цікавыя моманты ігры двух акцёраў. Рэжысёр пакідае ўсё як ёсць і паказвае сябе ўмельцам камерных рашэнняў, хоць ён вядомы ў тэатральным свеце як майстра эпічных палотнаў.

Мне думаецца, што ў «Афінскіх вечарах» акцёрам дыхаецца лёгка. Яны іграюць з задавальненнем. Зала гэта адчувае і з удзячнасцю адгукаецца. Задума спектакля не ўзятая з прасторы па-над п’есай, а здабытая з уважлівага прачытання тэксту, прапушчаная праз выканаўцаў. І нават кінаверсія «Афінскіх вечароў» ніякім чынам не паўплывала на рэжысёра.

Спектакль пражываецца ў адзіным інтанацыйным ключы, з арганічнасцю псіхалагічнага тэатра. П’еса і сцэнічны твор далучаны да мінулага часу, калі мараль была строгая і вывераная бацькамі. Яны ўнушалі свайму нашчадку, што спачатку трэба дасягнуць паўналецця, скончыць інстытут, сцвердзіцца ў прафесіі і толькі потым думаць пра шлюб і нараджэнне дзіцяці. Парушэнне такой паслядоўнасці ўяўляецца Барысу Алегавічу і Людміле Сяргееўне крахам усіх іх намаганняў. Паводле тэксту менавіта бацька — галоўны кансерватар у доме. Кансерватар з самымі лепшымі намерамі. Але ж мяккі і абаяльны акцёр Сяргей Карзей, які заўсёды пераканальны ў характарных камедыйных ролях, у гэтым спектаклі падаецца проста ўпартым. Ён быццам прыхаваў драматычны тэмперамент, а магчыма, яго, сучаснага чалавека, проста смяшыць наіўная сітуацыя. Адданая жонка, Людміла Сяргееўна, у выкананні Ірыны Камышавай не выглядае паслухмянай падпявалай мужа. Яна хутчэй разгубленая, ні ў чым не ўпэўненая, мітусіцца паміж роднымі людзьмі, то набліжае іх, то адштурхоўвае. Мяняе акуляры і ніяк не можа разгледзець такую простую сітуацыю, пакуль жаласліва не прызнаецца: ёй вельмі хочацца паняньчыць маленькага ўнука. Няхай народзіцца. Усё астатняе як-небудзь уладкуецца.

Не магу пакуль знайсці адэкватных добрых слоў для прадстаўнікоў маладога пакалення — Аляксандры Грасевіч і Паўла Святохі. У Грасевіч гэта першая роля, і, як кожны дэбют, яна трымаецца на прыроджанай натуральнасці. Павел Святоха занадта малады для чалавека з жыццёвым вопытам. Ягоны герой Антон падобны да бесшабашнага Рамэа. Усё звязанае ў п’есе з талентам Антона, маладога кампазітара, застаецца ўбаку. Такому Антону даверыць лёс страшнавата.

І вось, нарэшце, Ганна Паўлаўна Растапчына — інтэлектуалка ў выкананні Алены Рахмангулавай паўстае сапраўдным рухавіком падзей. Надзвычай лёгка яна заваёўвае сімпатыі публікі. Буйныя, выразныя рысы твару, высакародная сівізна. Усё, што робіць гэты персанаж, пазначана гумарам, унутраным драматызмам і добрай самаіроніяй. Алена Рахмангулава напаўняе вобраз бабулі радасцю, спакоем, упэўненасцю, што ўсе жыццёвыя праблемы можна лёгка разруліць, калі ставіцца адзін да аднаго з любоўю. Яна не акцэнтуе ўвагу на трагічных падзеях уласнага жыцця. Распавядае пра іх, каб даць зразумець — усё можна перажыць, вытрымаць. З любой сітуацыі знайсці выйсце.

Фінал «Афінскіх вечароў» сентыментальны. Юная музыкантка, шчаслівая маладая маці Наташанька, ідзе на паклон у цёмную глядзельную залу. На ўсю моц гучыць Першы канцэрт для фартэпіяна з аркестрам Пятра Чайкоўскага. Твор занадта вядомы і занадта класічны, заўсёды выклікае эмоцыі. Ён трапляе проста ў сэрца і душу, завяршае строгі, пафасна ўзвышаны вобраз сцэнічнага твора, нараджае захапленне ад трыумфу справядлівасці. Напэўна, гэты імпульс сёння неабходны нашым людзям, якія стаміліся ад вымушанасці падпарадкоўвацца, ісці на кампрамісы і перарабляць уласную прыроду пад абставіны. Увогуле музыка ў гэтым спектаклі, як і ва ўсіх тых, што афармляе Аляксандр Крыштафовіч, — гэта частка сцэнічнай мовы, яе бясслоўнае сэнсавае гучанне. Часам за кароткі тэрмін напісаць штосьці арыгінальнае кампазітару цяжка. Лягчэй стварыць гукавы асяродак з якаснага падбору. Крыштафовіч умее задаць танальнасць і настрой. Не заўважыць, не пачуць, не адчуць яго музычнае афармленне немагчыма. Нават пры падборы яго талент пазнавальны.

Калісьці вялікі Міхаіл Бахцін прыдумаў паняцце «сутворчасць разумеючых». Тут усё так і было. Рамантычны свет, духоўнасць асобы, мастацкі вопыт майстроў. У выніку намалявалася яшчэ адно звяно цікавага ланцуга творчых падзей маленькага і блізкага Маладзечна.