Ад Свіслачы да Сены

№ 11 (380) 01.11.2014 - 30.11.2014 г

«Падарожжа з Парыжа ў Нясвіж» Ірыны Котавай
Ірына Котава — мастак з багатымі парыжска-мінскімі творчымі повязямі. Сёлета ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» быў паказаны яе праект «Падарожжа з Парыжа ў Нясвіж», які выклікаў шмат уражанняў. Ён мае сваю перадгісторыю.

У 2002 годзе Ірына Котава скончыла аддзяленне графікі Беларускай акадэміі мастацтваў, пасля атрымала дыплом ліцэнзіята Свята-Сергіеўскага праваслаўнага багаслоўскага інстытута ў Парыжы. Абараніла магістарскую дысертацыю ў галіне гісторыі мастацтваў Практычнай школы вышэйшых даследаванняў універсітэта Сарбона. Стала сябрам тамтэйшага саюза мастакоў. Яе працы экспанаваліся ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, галерэях Францыі, Італіі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Канады і ЗША. Дакументальны фільм «Уяўны Парыж» (Белтэлерадыёкампанія, рэжысёр Сяргей Кацьер), прысвечаны беларускай мастачцы, стаў лаўрэатам ХХI Міжнароднага кінафоруму «Залаты Віцязь».

У Нясвіжы мінчанка Ірына Котава праводзіла летні час у сваякоў, узбагачалася ўражаннямі ад архітэктурнага і прыроднага асяроддзя, якое ў гэтым горадзе з’яўляецца адзіным і гарманічным цэлым. Падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў прыязджала туды на пленэры, малявала архітэктурныя кампазіцыі з палацам Радзівілаў. Пазней велічны вобраз легендарнага нясвіжскага палаца дапамог ёй адчуць атмасферу розных гістарычных эпох і паглыбіцца ў свет тонкіх паэтычных перажыванняў.

У Парыжы Ірына стварыла пейзажныя серыі «Уяўны Парыж», «Над стрэхамі Парыжа», «Манмартр», «У Люксембургскім садзе». У 2011-м яна разам з вядомым французскім пісьменнікам і публіцыстам Крыстофам Левалуа наведала Нясвіж. Яны ўбачылі, як хутка ідуць рэстаўрацыйныя работы, як велічны замак набывае святочны выгляд, па эстэтычнай унікальнасці супастаўны з Версалем. У Ірыны і Крыстофа ўзнікла жаданне рэалізаваць тут свае творчыя ідэі. У 2013-м падчас сустрэчы ў Пасольстве Беларусі ў Францыі Ірына атрымала запрашэнне правесці ў гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» арт-праект. Цягам некалькіх месяцаў Ірына вывучала архітэктурныя асаблівасці адрэстаўраванага палаца, малявала яго знешні выгляд і старадаўнія інтэр’еры.

Больш за шэсцьдзясят твораў Ірыны Котавай, прадстаўленых у выніковай экспазіцыі, былі выкананы пераважна ў тэхніцы пастэлі. Яны раскрываюць назву выставы, дазваляючы гледачу здзейсніць мастацкае падарожжа са сталіцы Францыі ў старадаўнюю культурную сталіцу Беларусі — Нясвіж. Чатырнаццаць прац — гэта новая аўтарская серыя, прысвечаная Нясвіжскаму палацава-паркаваму ансамблю, яна была створана непасрэдна на месцы.

Адметнасцю выставы стаў музычна-літаратурна-мастацкі перформанс, што адбыўся падчас адкрыцця. У ім удзельнічалі Ірына Котава, Крыстоф Левалуа, музыканты Галіна Мацюкова (флейта-траверса, Мінск) і Дзмітрый Зубаў (клавесін, Санкт-Пецярбург). Удзельнікі перформансу аб’ядналі свае здольнасці і таленты, каб музыка ўвасобілася ў лініі, колеры і слове, каб малюнак і ноты сталі паэзіяй, а друкаванае слова загучала новай мелодыяй і адбілася ў карціне. Усе кампазіцыі, створаныя Ірынай Котавай падчас перформансу, былі выкліканы ўражаннем ад архітэктурнага асяроддзя Парыжа і Нясвіжа. Упершыню гэты ўнікальны інтэрактыўны спектакль быў паказаны ў Парыжы ў студзені 2014 года, дзе атрымаў пазітыўныя водгукі і прэсы, і публікі. Адкрыццё нясвіжскага арт-эксперымента засведчыла, што беларускія гледачы з задавальненнем успрымаюць неардынарны пошук, настоены на густоўным спалучэнні традыцый і наватарства. Ініцыятыву правядзення такога фэсту падтрымалі Пасольства Рэспублікі Францыі ў Рэспубліцы Беларусь і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі пры чынным удзеле нашага Міністэрства культуры. Гэта надало мастацкім намаганням значны міжнародны фармат і стварыла адпаведны міжнародны рэзананс.

Яўген ШУНЕЙКА