Казкі для маленькіх (і) дарослых

№ 11 (380) 01.11.2014 - 30.11.2014 г

Выстава Ганны Сілівончык «Шыварат-навыварат»
«Шыварат-навыварат» Ганны Сілівончык -- гэта была вандроўка па-за межамі рэальных месца і часу, фантастычнае падарожжа з аднаго ірэальнага свету ў іншы, быццам на борце міжзорнага карабля з адтулінамі ілюмінатараў там, дзе вісяць карціны.

Амаль адначасова, з розніцай у нейкія паўгадзіны, у мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адкрыліся дзве выставы настолькі палярных тэматык, стыляў і энергетык, што пазбегнуць перцэптыўнага дысанансу было цяжка. Тыя, хто прыйшоў паглядзець работы польскага графіка Януша Акермана, выкананыя ў тэхніцы каляровага лінарыту, ды падзівіцца рэзкай і агрэсіўнай выразнасці ліній, з абцякальнага хаосу якіх выплываюць гратэскавыя чалавечыя целы, пачварна-дзікарскія ўмоўныя твары ці часткі неспакойных, падманліва застылых нацюрмортаў, выпадкова аказаліся зацягнутымі ў вір зачараванага натоўпу, што цыркуляваў па трох залах выставы «Шыварат-навыварат» маладой беларускай мастачкі Ганны Сілівончык. Па залах — толькі вонкава. Насамрэч гэта была вандроўка па-за межамі рэальных месца і часу, фантастычнае падарожжа з аднаго ірэальнага свету ў іншы, быццам на борце міжзорнага карабля з адтулінамі ілюмінатараў там, дзе вісяць карціны. Іншымі словамі, усе мы слухалі, а дакладней — глядзелі казку. А можа, некалькі казак, бо для кожнага быў свой лік.

Тут трэба прыпыніцца і вызначыць, ці правільна будзе лічыць казкай толькі мастацкі тэкст, занатаваны на старонках дзіцячай кніжкі або распаведзены як прынада для сну ў патрэбнай атмасферы вечаровай зацішнасці? Для нечага, што ўзнікае, як напой варажбіткі, з зёлак міфа, фальклора і індывідуальнай фантазіі, такое азначэнне будзе несправядліва вузкім. Канешне, казка найперш успрымаецца як літаратурны жанр, аднак яму нішто не замінае ў выніку творчых метамарфоз пераўвасобіцца ў жанр уласна мастацкі, жывапісны, дзе малюнак пераадольвае прывычную дапаможную ролю ілюстрацыі да тэксту і стае паўнавартасным сродкам аповеду. Казка — гэта гісторыя. І ўжо не так істотна, з дапамогай чаго яна расказана. Дарэчы, гэты аспект залежыць ад аўтара, то-бок — ад казачніка.

Некаторым казкам патрэбна папярэдняя так званая казка пра казачніка. З яе і пачнем. Тым больш, яна ледзь не самая цікавая, бо асоба казачніцы — мастачкі Ганны Сілівончык — шматгранная. «Столькі жыцця, столькі эмоцый у Ганны! Такая яна фантастычная мастачка, што ёй цесна толькі ў адным накірунку», — слушна выказаўся намеснік дырэктара Цэнтра сучасных мастацтваў Дзяніс Барсукоў падчас адкрыцця выставы «Шыварат-навыварат». Аўтарка піша не толькі карціны, але і лірычныя, лёгкія вершы і казачныя мініяцюры. Ужо ўбачылі свет кнігі, створаныя мастачкай у суаўтарстве з дзіцячай пісьменніцай Аленай Масла — зборнік народных песень, калыханак і прыказак «Дзе Купала начавала», са спявачкай Наталляй Фаўставай — «Калыханкі для ўсёй сям’і». На хвалі запатрабаванасці Ганна Сілівончык выдала дзве цалкам уласныя кніжкі — «Вялікія сакрэты» і «Шчаслівы выпадак». У нечым падобная сітуацыя склалася і ў мультыплікацыі: аднойчы папрацавала на кінастудыі «Беларусьфільм» мастаком-пастаноўшчыкам (мультфільм «Мышка»), не задаволілася творчай несвабодай, залежнасцю ад калектыўнай думкі і ўзялася за ажыццяўленне ўласных анімацыйных праектаў, зняла кароценькі мультфільм «Дарэчы, пра птушачак» і рыхтуе мульт-экранізацыю сваёй вясёлай міні-гісторыі з крыху сумным, «дарослым» падтэкстам — «Казка пра тат». Да таго ж разам з мужам, мастаком-пейзажыстам Васілём Пешкуном, і дачкой арганізавала сямейны ценявы тэатр «Веліструхен», у пастаноўках якога таксама «ажылі» і распавядаюць пра свае дзівосныя прыгоды персанажы з карцін і малюнкаў Ганны Сілівончык. А што тычыцца выстаў, дык у творчай скарбонцы толькі персанальных налічваюцца дзясяткі, прычым праведзеных і ў Беларусі, і ў замежных краінах.

Чарговую выставу з гуллівай назвай «Шыварат-навыварат» можна параўнаць са з’явай адмысловай дысперсіі: прамень агульнай канцэпцыі прайшоў праз прызму арганізатарскай задумы і рассеяўся на тры асобныя — акурат па колькасці экспазіцыйных залаў. Сілівончык тлумачыць: «У мяне ёсць працы супрацьлеглых тэматык, бо не люблю аднастайнасці, пераскокваю з тэмы на тэму. Калі такія працы перамяшаць, атрымаецца вінегрэт, успрымаць які будзе складана. Паколькі выстава ў галерэі “Універсітэт культуры” вялікая, то прыйшлося аформіць іх асобнымі групамі. У кожнай з трох залаў ёсць галоўная тэма са сваімі сюжэтамі. У першай зале — стыхія вады і паветра, у другой — ілюстрацыі да “Маленькага прынца” Сэнт-Экзюперы, а ў трэцяй — працы, прысвечаныя тэме больш дарослай, каханню, мужчыну і жанчыне».

Выклікаць у гледача адпаведны абранай тэме настрой і ўзмацніць уздзеянне жывапісу дапамагалі інсталяцыі. Са столі першай залы звешваліся якары і рыбалоўныя кручкі («падчэплівалі» ўвагу наведніка), на падлозе знаходзіліся чорна-белыя аплікацыі — выявы рыба-птушак з тварамі людзей і жывёл, а эмаляваны таз на зэдліку дэманстраваў аб’ёмную мадэль зямнога шара (прамежкавы варыянт круглай і плоскай Зямлі) з сусветнай мапай, малюнкам геаграфічных каардынат і папяровым караблікам на паверхні. Далей глядач трапляў у каралеўства Маленькага прынца: рыба-птушкі змяняліся галактычнымі сузор’ямі, а праз пакой па дыяганалі цягнулася «сцяна» са старых газет, што хавала за сабой палову ілюстрацый. Трэба паслядоўна зазірнуць у прарэзаныя ў «сцяне» акенцы, каб апынуцца спадарожнікам Маленькага летуценніка і падгледзець за жыццём на суседніх планетах.

Але, у адрозненне ад Маленькага прынца, мы сталеем, таму развітваемся з ім і пераходзім у «дарослую» залу, дзе, узнятая Амурам на трон, верхаводзіць Жанчына. Яна загадкава, «джакондава» ўсміхаецца ў вобразе драпежнай, спакуслівай ліскі («Паляванне на ліс»); вопытнага стралка з мушкетам, стрэл якога трапляе «дакладна ў сэрца»; асістэнткі фокусніка, што памянялася з ім ролямі і ўпотайкі падрыхтавала пілу для асаблівага выступу («Ілюзія кахання»); какеткі перад люстэркам, якая дастала з шафы з уборамі і кавалерамі новую сукенку і прыкладае да сябе: ці пасуе? («Абноўкі»). Тая ж Жанчына-маці са спакойнай клапатлівасцю апякуецца сваім даражэнькім птушаняткам — мужчынам («Мае птушаняты»). І гэта зноў яна, Каханая, перад расстаннем з любым у хвіліну маўчання безабаронна і пакорліва туліцца да яго пляча («Бывай»).

Хтосьці, як даследчыцца творчасці Ганны Сілівончык мастацтвазнаўца Вольга Наскова, адхіне заслону таемнага і ўбачыць выставу як цыркавое трукацтва, спрыт жэстаў ілюзіяніста, жывапісную эквілібрыстыку, апынецца ў палоне рознакаляровага свята, што дорыць радасць і смех, убачыць шоу на любы густ. Для мяне ж выстава застанецца пляцоўкай тэатра ці то ценяў, ці то драмы з неверагодна прыгожымі дэкарацыямі, з рэальнымі, зямнымі акцёрамі ў казачных касцюмах і грыме, акцёрамі, якія бясконца граюць у забаўляльных п’есах з тонкім гумарам і сур’ёзнай глыбокай думкай.

І фінальны штрых. У працах, «выцягнутых» з розных праектаў і творчых перыядаў, спалучыўся кантрапункт тэм з еднасцю дасканалага жывапіснага стылю, дзе пануюць насычаны колер і тонка выпісаная дробязь, а прастора карціны адначасова здаецца паветрана-бязважкай і шчыльна запоўненай. У дэкаратыўнасці элементаў, багацці вытанчаных узораў і лінейнасці кампазіцыі адгадваецца ўплыў эстэтыкі мадэрну, якая праектуецца на казачныя і фальклорныя вобразы, асіміляваныя з народжанымі ўяўленнем мастачкі. Вольга Наскова адзначае падабенства яе жывапіснай манеры і фантастычнага рэалізму Марка Шагала, але творы Ганны таксама могуць быць блізкімі — шчырасцю, жаноцкасцю — і да «райскай» іканаграфіі маляваных дываноў Алены Кіш. Усё ж прамых аналагаў стылістыцы і сістэме вобразаў Ганны Сілівончык няма.

Здараецца, што чалавек нараджаецца, каб быць правадніком цудадзейнага, незвычайнага — усяго, што ёсць адметнасцю, каштоўнасцю дзяцінства і чаго не хапае ў дарослым жыцці, каб адчуць простае шчасце, якое патрабуе толькі ўважлівай цікаўнасці і ўмення здзіўляцца звыклым рэчам і з’явам, патрабуе вяртання ўнутранага інтуітыўнага зроку, пазбаўленага хваравітага крытыцызму, бачання без аптычных скажэнняў, як без ружовага, так і без шэрага шкла, з заменай скептычнага і цынічнага стаўлення на іранічна-лагоднае, у меру паблажлівае да недахопаў чалавека і сусвету.

Менавіта такія майстры-казачнікі, як Ганна Сілівончык, — незаменныя людзі ў справе рэдуцыравання гэтага складанага алгарытму шчасця, што дасягаецца шляхам творчасці, прыдумвання твораў-канцэнтрацый, дзе сабраны разам і бесканфліктна суіснуюць лепшыя вобразы з мінулага, дзяцінства і пасталелай сучаснасці. Прычым гэтыя вобразы лёгка счытваюцца, яны даступныя самаму шырокаму колу ўспрымальнікаў, але адначасова захоўваюць арыгінальнасць, комплекснасць, таму няма пагроз адназначнага іх тлумачэння.

Паліна ПІТКЕВІЧ