«Лілея, сэрцу дарагая»

№ 10 (379) 01.10.2014 - 31.10.2014 г

Вобраз Стэфаніі Радзівіл
У лістападзе 2012 года мы выявілі раней невядомую калекцыю партрэтаў прадстаўнікоў роду князёў Радзівілаў у зборы палаца Шылінгсфюрст (Германія), якая належыць князю Канстанціну Гагенлоэ. Галоўнай мэтай нашых пошукаў быў партрэт князёўны Стэфаніі, дзеці якой у ХІХ стагоддзі сталі ўладальнікамі Мірскага замка. Дачка Стэфаніі Марыя Гагенлоэ ў 1891 годзе прадала яго князю Міхаілу Святаполк-Мірскаму, што стала пачаткам новага перыяду ў гісторыі архітэктурнай перліны. Князёўна Марыя перавезла калекцыю партрэтаў сваіх продкаў з маёнтка Веркі пад Вільняй у маёнтак мужа ў Германіі, дзе творы захоўваюцца і сёння.

Графіня Стэфанія Караліна Эмілія Луіза Валерыя Вітгенштэйн (1809—1832) з роду князёў Радзівілаў пражыла вельмі кароткае жыццё — 22 гады. Доўгі час лічылася, што захаваўся толькі адзіны яе партрэт, намаляваны рукой Аляксандра Пушкіна на палях рукапісу «Яўгена Анегіна». Аднак няма пэўнасці ў тым, што на малюнку — Стэфанія Радзівіл.

Болей за стагоддзе даследчыкам не быў вядомы знешні выгляд гэтай дамы пушкінскай пары, адной з самых багатых нявест свайго часу, фрэйліны імператрыцы Марыі Фёдараўны, якая была траюраднай сястрой яе бабулі Сафіі Радзівіл з князёў Турн-і-Таксіс. Шлюб Стэфаніі са Львом Пятровічам Вітгенштэйнам стаў прычынай пераходу вялізнай часткі радзівілаўскай спадчыны ў рукі іх агульных дзяцей: сына Пятра і дачкі Марыі.

Мемуарысты не згадваюць ні дзіўных учынкаў Стэфаніі, ні эпатажу ў паводзінах. Яна наогул магла не трапіць на старонкі ўспамінаў, каб не яе лепшая сяброўка па Кацярынінскім інстытуце шляхетных дзяўчат — Аляксандра Расэт (у шлюбе Смірнова). Таленавітая мемуарыстка, набліжаная да імператарскай сям’і, сяброўка многіх знакамітых расійскіх літаратараў таго часу, яна шмат згадвала Стэфанію і падрабязна апісала абставіны яе шлюбу. Гэтыя мемуары садзейнічаюць і атрыбуцыі партрэтаў Стэфаніі.

Смірнова-Расэт адзначала яе лёгкае стаўленне да грошай, што тлумачыцца асаблівасцямі паходжання і адсутнасцю нагляду дарослых за яе выдаткамі. Са слоў маці Стэфанію апісвала дачка Смірновай-Расэт Вольга — у прадмове да аднаго з выданняў яе мемуараў. Некалькі згадак павінны былі паказаць розніцу паміж гэтымі велікасвецкімі сяброўкамі: «У дзявятым выпуску было тры дэбютанткі. Князёўна Стэфанія Радзівіл, з якой мая маці сябравала з сямі гадоў: яны больш за сем год прасядзелі на інстытуцкай лаўцы. Лянівая, арыгінальная, палкая, прастадушная і праўдзівая, з высакароднымі парывамі — маладая Радзівіл была любімай сяброўкай маёй маці; яна, са свайго боку, плаціла ёй сяброўствам і поўным даверам. Імператрыца іх крыху песціла, з дзяцінства ведаючы, і назвала абедзвюх дзяўчат «неразлучнымі»... Стэфанія Радзівіл была высокая, стройная, вельмі прыгожая, грацыёзная...»

Смірнова-Расэт і іншыя сучаснікі кажуць, што князёўна Стэфанія была бландзінкай. У 2013 годзе на выставе 
ў Санкт-Пецярбургу быў упершыню прадэманстраваны невядомы раней партрэт, які належыць пэндзлю Карла Брулова. Партрэт знаходзіцца ў прыватным расійскім зборы, быў набыты на аўкцыёне «Сотбіс» 30 лістапада 2012 года. Не выклікае сумнення аўтарства Брулова, аднак жанчына на партрэце мае чорныя валасы, што ніяк не супадае з апісаннем Стэфаніі ў мемуарах сучаснікаў. На той момант гэта было адзінае вядомае нам адлюстраванне Стэфаніі, акрамя невыразнага малюнка Пушкіна. Пасля выяўлення калекцыі партрэтаў у Шылінгсфюрсце мы можам сцвярджаць, што на карціне пэндзля Брулова сапраўды Стэфанія, але ўвасобленая 
ў адпаведнасці з яго асабістым уяўленнем аб прыгажосці. Вядома, што ўлюбёным тыпажом мастака былі брунеткі 
ў італьянскім духу.

Расійскі даследчык, супрацоўнік Рускага музея ў Пецярбургу Рыгор Галдоўскі выказаў меркаванне, што знаёмства Стэфаніі з Карлам Бруловым адбылося не раней за сярэдзіну 1829 года падчас знаходжання ў Рыме. У красавіку—маі 1832-га іх кантакты былі найбольш інтэнсіўнымі. 12 мая 1832 года Леў Вітгенштэйн у сваім лісце просіць даслаць карціну ў Ліворна, а не ў Фларэнцыю, дзе ў той час знаходзілася графская сям’я. Верагодна, размова ідзе менавіта пра палатно Брулова.

Іншыя навукоўцы, што займаліся гісторыяй роду Вітгенштэйнаў, таксама рабілі спробы ідэнтыфікаваць выяву Стэфаніі. Расійская даследчыца Ала Краско, аўтар кнігі «Забытый герой войны 1812 года генерал-фельдмаршал П.Х.Витгенштейн», змясціла ў гэтым выданні партрэты, якія яна палічыла выявай Льва Вітгенштэйна і Стэфаніі. Аўтарка сумнявалася ў атрыбуцыі, аднак давярала меркаванню ўладальнікаў партрэтаў — нашчадкаў Льва Вітгенштэйна ад другога шлюбу, прадстаўнікоў сям’і Кіджы. Зусім выпадкова нам удалося атрыбутаваць партрэты. Гэта выявы прынца Нідэрландаў Хендрыка Аранскага-Насау (1820—1879) і яго жонкі прынцэсы Амаліі (1830—1872). Нават па вопратцы і прычосках партрэтаваных відавочна, што яны адпавядаюць модзе больш позняй, чым была ў 30-я гады ХІХ стагоддзя. Да Расіі гэтая пара мела непасрэднае дачыненне: маці прынца Хендрыка — Ганна Паўлаўна, дачка імператара Паўла І. Такім чынам, прынц Хендрык даводзіўся імператрыцы Марыі Фёдараўне ўнукам, а значыць, быў далёкім родзічам князёўны Стэфаніі.

У калекцыі палаца Шылінгсфюрст прадстаўлена некалькі выяў Стэфаніі. Самая ранняя — дзіцячы партрэцік, створаны, хутчэй за ўсё, рукой мастака-аматара. На адваротным баку пазначана прозвішча — Юндзіл. У гісторыі беларускага і польскага мастацтва мяжы XVIII — XIX стагоддзяў імя такога мастака не сустракаецца. Выкажам версію, што гэта быў адзін з родзічаў Стэфаніі з боку яе бабулі Ганны Мараўскай, народжанай Юндзіл. Гісторыя сям’і Юндзілаў даследавана слаба. Калі князёўна стала дарослай, яна, можна меркаваць, не падтрымлівала з імі адносінаў. Аднак ва ўзросце двух-чатырох гадоў Стэфанія магла апынуцца ў каго-небудзь з родзічаў з боку маці. У 1811—1813 гадах князь Дамінік знаходзіўся на службе ў французскім войску, яго жонка шмат вандравала, у тым ліку ў Вену, дзе рос іх старэйшы, пазашлюбны сын Аляксандр. Апублікаваныя даследаванні і дакументы не кажуць аб тым, дзе знаходзілася дзяўчынка. Неабходна вывучыць перапіску яе бацькоў гэтага перыяду, што дапаможа высветліць і імя мастака, і кім ён даводзіўся сваёй мадэлі.

Рысы твару князёўны, якія мы бачым на дзіцячым партрэце, праглядваюць і на іншых выявах, якія захоўваюцца ў палацы Шылінгсфюрст — партрэтах і мармуровым бюсце, выстаўленым у заходняй галерэі. Мініяцюры знаходзяцца ў прыватных апартаментах і для агляду турыстамі не даступны.

Ва ўспамінах Смірновай-Расэт чытаем, што ў Дрысненскі маёнтак паслалі «партрэт Стэфаніі, en pied (у поўны рост) і куфры з пасагам». Карціны ў калекцыі палаца Шылінгсфюрст няма, але мемуары Смірновай-Расэт дапамагаюць разабрацца з выяўленымі намі партрэтамі і мініяцюрамі. Адна з мініяцюр прадстаўляе Стэфанію ў белай вясельнай сукенцы і вэлюме. Смірнова-Расэт згадвае: «Вяселле было прызначана пратэстанцкім, у канцы лютага, у палацы, у прысутнасці імператарскага двара і ўсіх фрэйлін, якія былі ўсе ў белым, і нявеста ў белым кісейным. Пасля накінулі на яе цудоўны салоп на чорна-бурай лісіцы, пакрыты атласам».

Авальны пагрудны партрэт у металічнай раме, аўтар якога застаецца невядомым, знаходзіцца ў прыватных пакоях палаца. Бачны толькі край чырвонай сукенкі з белымі карункамі, шыю ўпрыгожвае тонкая нізка чырвоных караляў. Цёмна-русыя валасы дзяўчыны завітыя ў адпаведнасці з модай 1830-х гадоў, прычоску завяршае бант з валасоў. Такую ж самую фрызуру мы сустракаем на парадных партрэтах многіх прадстаўніц вышэйшага свету і імператарскай сям’і — будучай імператрыцы Аляксандры Фёдараўны, вялікай князёўны Ганны Паўлаўны і многіх іншых дам, а таксама і на астатніх партрэтах Стэфаніі. Такім жа чынам валасы ўбраны на мініяцюры, размешчанай на сцяне маленькага музычнага салона ў палацы Шылінгсфюрст, дзе стаіць раяль, на якім іграў Ферэнц Ліст. Яшчэ болей падобная да партрэта ў металічнай раме мініяцюра, на якой Стэфанія намалявана ў карычневай аксамітнай сукенцы.

Партрэты цалкам адпавядаюць тым апісанням знешнасці Стэфаніі, што пакінулі сучаснікі: русыя валасы і светлыя (блакітныя, шэрыя або светла-карыя) вочы. Багатая іканаграфія Стэфаніі захавалася ў палацы Шылінгсфюрст і дае вычарпальныя адказы на многія пытанні, аднак і ставіць новыя. Адным з такіх стала пытанне, дзе знаходзіліся партрэты Стэфаніі да таго моманту, як трапілі ў Шылінгсфюрст.

25 ліпеня 1873 года было зроблена апісанне кватэры Вітгенштэйнаў у Пецярбургу (адрас не вядомы). У кватэры было шэсць пакояў: зала, кабінет, туалетны кабінет, спальня, канцылярыя і пакой камердынера, дзе размяшчалася даволі шмат твораў мастацтва: фотаздымкаў, бюстаў, жывапісных палотнаў, акварэляў і гравюр. У кабінеце згадваецца «портрет масляный кн. Радзивил». Верагодна, гэта быў адзін з партрэтаў Стэфаніі. Складана выявіць, які.

На старым здымку 1890 года, які быў прадстаўлены нам князем Канстанцінам Гагенлоэ, бачым адзін са шматлікіх пакояў палаца ў Верках, дзе на сценах размяшчаліся многія партрэты Стэфаніі, выяўленыя намі ў Шылінгсфюрсце бюст. Пад здымкам подпіс па-французску: «Werki. Cabinet die rez de chassee».

Знешні выгляд гэтага пакоя дазваляе зрабіць некаторыя цікавыя высновы. Хутчэй за ўсё, дзеці Стэфаніі мелі культ маці. Доказам гэтай версіі служыць тое, што сваю малодшую дачку князёўна Марыя назвала Стэфаніяй. Пры гэтым яны выхоўваліся ў поўнай сям’і і мелі добрыя адносіны са сваёй мачахай, пра што сведчыць цёплы тон успамінаў сына князёўны Марыі, Аляксандра Гагенлоэ. Аднак ранняе сіроцтва павінна было накласці значны адбітак на сястру з братам. Менавіта таму ўсе выявы маці так старанна захоўваліся не толькі ў Верках, але і пазней — у Шылінгсфюрсце.

Даследаванне вобраза Стэфаніі знайшло сваё адлюстраванне ў працах расійскіх пушкіністаў, якія на дэталі разабралі творчасць Аляксандра Сяргеевіча. У вершы «Паж, або 1915 год...» паэт згадвае «варшаўскую графіню», у якой навукоўцы ўбачылі Стэфанію Радзівіл. Значнага следу ў творах Пушкіна яна не пакінула, аднак, без сумнення, была сваёй у паэтычным асяроддзі Санкт-Пецярбурга. На яе вянчанні ў касцёле Святой Кацярыны прысутнічаў не толькі Пушкін, але і паэт Іван Казлоў, вядомы нам вершам «Вячэрні звон», што лёг у аснову знакамітага раманса.

Казлоў прысвяціў князёўне Стэфаніі адзін са сваіх вершаў 1925 года, у якім апісваў свежую прыгажосць маладзенькай дзяўчыны. Верш пачынаецца са слоў:

Твоя безоблачная младость

Цветёт пленительной красой;

Ты улыбаешься, как радость,

Ясна и взором и душой.

Відавочна, што заўчасная смерць Стэфаніі моцна ўзрушыла Івана Казлова. У ліпені 1832 года ён напісаў верш «Жалоба», дзе сярод сваіх рана памерлых знаёмых згадвае і графіню Вітгенштэйн:

А твой сбылся волшебный сон,

Младая прелесть, ты имела

Всё то, чем смертный восхищён, —

Богатством, знатностью светлела,

Пленяла милою красой,

И друга по сердцу сыскала,

И тихо, с нежностью святой

Младенца в персях прижимала;

И вянешь ты во блеске дней,

Лилея, сердцу дорогая!..

Увы!.. Как рано перед ней

Открылась тайна гробовая!..

Любовью, радостью дышать...

И в сень подземную скрываться!

Ей страшно было умирать —

Ещё страшнее расставаться...

У абодвух вершах аўтар параўноўвае Стэфанію з лілеяй. У першым вершы яна свеціцца сваім юнацтвам і прыгажосцю. У другім вершы аўтар смуткуе аб «лілеі, сэрцу дарагой», якая заўчасна завяла.

Усе партрэты з’яўляюцца прыжыццёвымі. Толькі бюст быў створаны пасля смерці Стэфаніі. Магчыма, ён быў замоўлены князем Пятром Вітгенштэйнам у 1850-я гады і захоўваўся спачатку ў кабінеце яго пецярбургскай кватэры, дзе згадваецца пад нумарам 62 з агульным подпісам «бюсты белыя мармуровыя княгіні Радзівілі і князя Льва Пятровіча». Пазней быў перавезены з Пецярбурга ў Веркі. Яго можна ўбачыць на здымку пакоя ў веркаўскім палацы — у куце на невялікім століку, побач з ім на сцяне вісеў дзіцячы партрэцік князёўны Стэфаніі.

Партрэты Стэфаніі маглі быць створаны як расійскімі, так і замежнымі мастакамі. Князёўна Стэфанія нарадзілася ў Парыжы, бацькі з ёй зусім маленькай шмат вандравалі па Еўропе. Пасля пераезду ў Санкт-Пецярбург, за мяжу Стэфанія трапіла ўжо толькі пасля свайго вяселля. Апошнія гады жыцця правяла ў Італіі, дзе падтрымлівала адносіны са шматлікімі мастакамі, выхадцамі з Расіі.

На жаль, нам не ўдалося зрабіць навуковае апісанне партрэтаў, выяўленых намі ў Шылінгсфюрстце, — вызначыць іх памеры і высветліць тэхніку выканання. Вялізная калекцыя жывапісу князя Канстанціна Гагенлоэ, малой часткай якой з’яўляюцца партрэты Стэфаніі, яшчэ патрабуе глыбокага аналізу, ажыццявіць які не было магчымасці падчас двух кароткіх візітаў. Высветліць аўтарства мініяцюр таксама складана. Намі акрэслена кола мастакоў-мініяцюрыстаў, якія маглі стаць аўтарамі гэтых карцін, аднак гэтае пытанне яшчэ застаецца адкрытым. Упершыню выявы Стэфаніі былі надрукаваны ў каталогу выставы партрэтаў князёў Радзівілаў з палаца Шылінгсфюрст, якая праводзілася ў Мірскім замку ў маі—лістападзе 2014 года. Мы спадзяемся, што прадстаўленне партрэтаў шырокаму колу спецыялістаў і аматараў будзе садзейнічаць хуткай атрыбуцыі твораў. 

Вольга ПАПКО